ГАЛАВА́НАЎ (Мікалай Сямёнавіч) (21.1.1891, Масква — 28.8.1953),

рускі дырыжор, піяніст, кампазітар. Нар. арт. СССР (1948). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1914), выкладаў у ёй (праф. у 1925—29, 1943—44). З 1915 у Вял. тэатры ў Маскве (з 1919 дырыжор, з 1948 гал. дырыжор). Адначасова з 1937 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Вял. сімф. аркестра Усесаюзнага радыё. Выдатны інтэрпрэтатар рус. класічных і сучасных опер, нац. сімф. музыкі. Выступаў як акампаніятар з жонкай А.Няжданавай. Кансультант Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940), неаднаразова наведваў Мінск, дырыжыраваў канцэртамі. У 1953 удзельнічаў у падрыхтоўцы 2-й Дэкады бел. мастацтва і л-ры ў Маскве. Аўтар опер, сімф. і хар. твораў, рамансаў і інш. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1950, 1951.

М.С.Галаванаў.

т. 4, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛКО́ЎСКАЯ (Галіна Апанасаўна) (н. 7.4.1938, Мінск),

бел. вучоны ў галіне гідрабіялогіі, заалогіі і папуляцыйнай экалогіі. Д-р біял. н. (1989), праф. (1990). Чл.-кар. Пятроўскай АН (С.-Пецярбург; 1994). Скончыла БДУ (1959). З 1962 у Бел. НДІ рыбнай гаспадаркі, з 1971 у Ін-це заалогіі АН Беларусі. Навук. працы па папуляцыйнай экалогіі і экалаг. фізіялогіі беспазваночных, структуры і функцыянаванні згуртаванняў водных жывёл.

Тв.:

Рост водных животных при переменных температурах. Мн., 1978 (разам з Л.​М.​Сушчэнем);

Эколого-биологические основы массового культивирования коловраток. Мн., 1988 (разам з І.​Ф.​Міцянінай, В.​А.​Галоўчыцам);

Planktonic rotifers and temperature // Hydrobiologia. 1987. № 147;

Oxygen consumption rate in rotifers // Там жа. 1995. № 313—314.

т. 4, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРДЗЕ́ЙЧАЎ (Уладзімір Рыгоравіч) (н. 5.3.1930, г.п. Касторнае Курскай вобл., Расія),

рускі паэт, перакладчык. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага (1957). Друкуецца з 1950. У вершах, прасякнутых тонкім лірызмам і філас. роздумам, апяваецца прыгажосць рус. прыроды, дружба і каханне (зб. «Мікітавы камяні», 1957; «Сваімі словамі», 1964; «Пара чаромхі», 1971; «Мяжа», 1979; «У родным коле», 1984, і інш.). Пераклаў на рус. мову творы А.​Зарыцкага (кн. «Сустрэча з восенню», 1975; з М.​Сідарэнкам), Н.​Гілевіча (зб. «Мой белы дзень», 1980, з П.​Кошалем і С.​Кузняцовай), асобныя вершы бел. паэтаў (зб. «Спасціжэнне», 1990). На бел. мову тв. Гардзейчава пераклалі А.​Вярцінскі, В.​Зуёнак, Лось.

Тв.:

Избранное. М., 1980;

Весна-общественница. М., 1987;

В светающих березах. Воронеж, 1990.

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЦКІ (Пятро Ігнатавіч) (26.6.1919, в. Максімільянаўцы Данецкай вобл., Украіна — 17.3.1997),

украінскі паэт. Скончыў Ужгарадскі ун-т (1956). Друкуецца з 1937. Аўтар зб-каў вершаў «Дружба» (1948), «Мая любоў» (1957), «Вечнае цяпло» (1973), «Асеннія пракосы» (1979), «З дарог жыцця» (1982), «Зачараванне» (1986), у якіх паэтызаваў будні новай сав. рэчаіснасці, прыгажосць і шматграннасць роднай прыроды. Пераклаў на ўкр. мову асобныя творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Астрэйкі, П.​Броўкі, А.​Бялевіча, П.​Глебкі, П.​Прыходзькі, М.​Танка і інш. На бел. мову творы Гарэцкага пераклалі Р.​Барадулін, А.​Вярцінскі, Х.​Жычка, М.​Калачынскі, У.​Паўлаў, П.​Прыходзька, А.​Пысін, Ю.​Свірка, Я.​Семяжон і інш.

Тв.:

Бел. пер. — З дняпроўскіх круч. Мн., 1969.

В.​А.​Чабаненка.

т. 5, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЎРЫН (Юрый Васілевіч) (н. 17.1.1943, г.п. Зіядзін Самаркандскай вобл., Узбекістан),

бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1966), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). Працуе ў галіне манум.-дэкар. мастацтва і жывапісу. Выканаў вітражы для т-ра імя Я.​Коласа ў Віцебску (1988), кінатэатра «Цэнтральны» ў Мінску (1990), будынкаў Прамбудбанка і Нац. банка ў Гомелі (1989), Мін-ва абароны Расіі ў Маскве (1993), размалёўку з рэльефам «Медыцына» для Мінскага мед. ін-та (1996). Жывапісныя творы вылучаюцца арыгінальнасцю сюжэтаў, кампазіцыйнай завершанасцю, лірычнасцю: «Аўтапартрэт» (1976), «Батлейка» (1981), «Песня пра Нёман» (1982), «Ля роднага дома» (1985), «Дыялог» (1989), «Памяці Максіма Багдановіча», «Піраміды ў Гізе» (1991), серыя «Белы бераг» (1995—96) і інш.

Г.​А.​Фатыхава.

Ю.Гаўрын. Дыялог. 1989.

т. 5, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДМАХО́ЎСКІ (Фадзей Уладзіслававіч) (1858, каля г. Пінск — ?),

бел. жывапісец і графік. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1873—77), у Кракаве ў Я.Матэйкі. У 1907 выкладаў арнаментыку ў Вышэйшай школе заахвочвання мастацтваў у Пецярбургу. Пісаў кампазіцыі на гіст. тэмы і пейзажы («Прысяга князя», «Лясная глуш»). Аўтар серыі малюнкаў гербаў бел. гарадоў для «Гербоўніка літоўскага», які публікаваўся ў пач. 20 ст. ў віленскіх час. «Kwartalnik Litewski» («Квартальнік літоўскі») і «Litwa i Rus» («Літва і Русь»). Вядома яго графічная серыя партрэтаў польскіх каралёў (Леха, Крака, Мешкі II, Пяста і інш.), гіст. асоб (Т.​Касцюшкі, Напалеона) і дзеячаў культуры (А.​Міцкевіча і інш.).

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

Л.​Н.​Дробаў.

т. 6, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́РСКІ (Сямён Львовіч) (20.10.1920, Мінск — 14.1.1992),

бел. перакладчык. Канд. філал. н. (1961), дац. (1965). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1947). З 1947 працаваў у БДУ, з 1962 у Мінскім пед. ін-це замежных моў. Друкаваўся з 1957. Перакладаў з англ., франц., ісп. і ням. моў. На бел. мову пераклаў раманы П.​Абрахамса «Вянок для Удома» (1959), І.​Кардэнаса Акуньі «Загадка адной нядзелі» (1979), К.​Маккалаў «Птушкі на цернях» (1988), Дж.​Э.​Стэйнбека «Гронкі гневу» (1993), п’есу Э.​Заля «Наследнікі Рабурдэна» (паст. 1960), аповесці Л.​Рэна «Негр Нобі» (1962), П.​Джойса «Цікі» (1977), Д.​Алонса «У пошуках чорнай чайкі» (1982), зб. казак Г.​Прокапа «Пятае кола» (1980) і інш.

т. 6, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́НАВІЧ ((Домановић) Радоэ) (4.2.1873, Оўсіштэ, каля г. Крагуевац, Сербія — 4.8.1908),

сербскі пісьменнік. Скончыў Белградскі ун-т (1894). За выступленне супраць абсалютызму дынастыі Абрэнавічаў зазнаў ганенні. Раннім аповесцям і апавяданням Д. ўласціва ўвага да побыту жыцця тагачасных горада і вёскі («Дзень нараджэння», «Сны і ява», «На раздарожжы» і інш.). З канца 1890-х г. — пачынальнік сербскай сатыры, стваральнік жанру алегарычна-сатыр. прозы: апавяданні «Не разумею!» (1898), «Кляймо» (1899), «Каралевіч Марка другі раз між сербаў» (1901), аповесць «Страдыя» (1902) і інш. Творы Д. на бел. мову перакладаў І.​Чарота.

Тв.:

Бел. пер. — Сны і ява. Сербская ініцыятыва. Бессардэчныя людзі // Далягляды. Мн., 1979;

Рус. пер. — Повести и рассказы. М., 1956.

І.​Л.​Чарота.

т. 6, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЧУ́К (Вікторыя Яфімаўна) (н. 7.7.1944, с. Княжыкі Чаркаскай вобл., Украіна),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла вучылішча прыкладнога мастацтва ў г. Косаў (Украіна; 1964), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). З 1970 працавала на Мінскім маст.-вытв. камбінаце, з 1983 у акцыянерным т-ве «Мінскі фарфоравы завод». Працуе ў кераміцы. Выканала манум. дэкар. пано для паштамта ў г. Дзяржынск — «Гісторыя пошты» (1980), для Мядзельскага музея нар. славы — «Стары Мядзел», «Новы Мядзел». «Вялікая Айчынная вайна», «Старадаўнія рамёствы», «Фальклор» (усе 1983—87). Аўтар дэкар. пластыкі «Праметэй» (1975), «Сям’я» (1976), «Сілуэты часу» (1977), «Васількі» (1985) для Нац. т-ра імя Я.​Купалы, сервізаў «Успамін» (1986), «Чараіт» (1997) і інш.

В.Данчук. Сілуэты часу. 1977.

т. 6, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАЎ (Ігар Мікалаевіч) (24.2.1923, в. Будзінка Калінінскай вобл., Расія — 18.4.1986),

бел. скульптар. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1956). Выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы (1956—64), БПІ (1964—76). Працаваў у галіне манум. пластыкі, партрэта, станковай кампазіцыі. Сярод твораў: «На таку» (1957), «Жаночы партрэт (Наташа)» (1959), «Подзвіг народа» (1981) і інш. Аўтар помнікаў бел. воінам і партызанам у г. Стоўбцы (з С.​Селіханавым, 1963) і в. Вял. Бортнікі Бабруйскага р-на (1966), Ф.​Скарыне ў Полацку паводле праекта А.​Глебава (з А.​Заспіцкім, В.​Марокіным, 1974) і інш. Творчасці Глебава ўласцівы дакладнасць рэаліст. формы, мяккасць мадэліроўкі, жыццёвасць вобразаў.

Л.​Ф.​Салавей.

І.М.Глебаў. Жаночы партрэт (Наташа). 1959.

т. 5, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)