АРЭ́ХАЎНА,

вёска ў Беларусі, у Бабыніцкім сельскім савеце Полацкага раёна Віцебскай вобласці. За 30 км ад Полацка, 129 км ад Віцебска, 5 км ад чыгуначнай станцыі Ветрына. 18 жыхароў, 10 двароў (1995).

Узнікла пасля 1521 на землях І.​Р.​Корсака, гараднічага полацкага, пазней мястэчка ў складзе Полацкага ваяводства. З 1552 дваром Арэхаўна, дзе было 50 сем’яў, валодаў сын Корсака Баркулаб.

т. 2, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБІ́НАВІЧЫ,

два паселішчы эпохі неаліту (4—3-е тыс. да нашай эры) каля в. Бабінавічы Лёзненскага р-на Віцебскай вобласці. Раскопкамі выяўлены рэшткі посуду, блізкага да керамікі верхня-волжскай культуры, кераміка нёманскай культуры, крамянёвыя прылады (наканечнікі стрэл, разцы, нажы і інш.). Стаянкі неаліту на У Бел. Падзвіння і ў прылеглых раёнах Верхняга Падняпроўя з-за іх гіст. агульнасці атрымалі назву «помнікі бабінавіцкага тыпу».

т. 2, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ЎНА,

возера ў Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобласці. У бас. р. Ушача, за 22 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,31 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 0,5 км, найб. глыб. 3 м. Пл. вадазбору 15,2 км². Берагі нізкія, забалочаныя, параслі хмызняком. 3 астравы агульнай пл. 3,6 га. Упадае ручай з воз. Блізніца. Выцякае ручай у воз. Расна.

т. 2, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЫ́ПАК,

намнажэнне несартаваных абломкаў скальных горных парод, якое ўтвараецца ў выніку скочвання або саслізгвання разбуранага выветрываннем абломкавага матэрыялу на стромкіх схілах (ухіл звычайна больш за 30%). Звычайна маюць форму конуса даўжынёй дзесяткі і сотні метраў з расшыранай асновай, каля падножжа схілаў іншы раз утвараюць шлейфы. Магутнасць намнажэння да дзесяткаў метраў. Развіццё асыпку улічваецца пры буд-ве горных дарог, ліній электраперадач і інш.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎШЧЫНА,

вёска ў Беларусі, у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 18 км на З ад г. Хойнікі, 121 км ад Гомеля, 24 км ад чыг. ст. Хойнікі. 435 ж., 188 двароў (1995). Палац культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Каля вёскі паселішча эпохі мезаліту і неаліту, гарадзішча ранняга жал. веку. Помнік архітэктуры 19 — пач. 20 ст. — сядзіба.

т. 2, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСТУ́НЫ,

вёска ў Беларусі, у Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. Чыг. станцыя. За 10 км на Пд ад Воранава, 123 км ад Гродна. 723 ж., 165 двароў (1995). Арэнднае прадпрыемства па мат.-тэхн. забеспячэнні аграпрамкомплексаў, хім. цэнтр райсельгасхіміі, нафтабаза, асфальтабетонны з-д, фасовачны цэх аптовай базы райспажыўсаюза. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 2, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЖНО́Е,

вёска ў Беларусі, у Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і аграфірмы. За 16 км на ПнУ ад г. Столін, 261 км ад Брэста, 23 км ад чыг. ст. Гарынь, на шашы Столін — Тураў. 2364 ж., 802 двары (1995). З-д харч. прадуктаў. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква Параскевы Пятніцы (1884).

т. 3, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕ́Р (Albert; сапр. Мартэн; Martin) Аляксандр

(27.4.1815, г. Бюры, Францыя — 29.5.1895),

французскі сацыяліст. Удзельнік Ліёнскага паўстання 1834, адзін з кіраўнікоў тайнага рэв. т-ва 1840-х г. «Таварыства новых пораў года». Удзельнік Рэвалюцыі 1848 у Францыі, член Часовага ўрада Другой рэспублікі, віцэ-прэзідэнт Люксембургскай камісіі. Дэп. Устаноўчага сходу. За ўдзел у рэв. выступленні рабочых Парыжа 15.5.1848 зняволены на 20 гадоў, у 1859 амнісціраваны.

т. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБРЭ́ХТАЎСКІ СТЭАРЫ́НАВА-СВЕ́ЧАЧНЫ І МЫЛАВА́РНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў на Беларусі ў 1836—1910 у маёнтку Альбрэхтава Пінскага пав. (цяпер у межах Пінска). Вырабляў стэарынавыя свечкі, мыла, алеін, гліцэрын. У 1862 за суткі выраблялася 50—60 пудоў (каля 1 т) свечак. У 1876—77 працавалі 213 рабочых, у 1900 — 66 чал. На Усерасійскіх выстаўках 1861, 1865 і 1870 вырабы з-да адзначаны сярэбранымі медалямі.

т. 1, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАХІ́КАЛАН (ад брахі... + грэч. kōlon радок),

верш або частка верша, напісаная кароткімі радкамі з 1-складовага слова або слоў, у якіх колькасць складоў не выходзіць за межы адной стапы. У бел. паэзіі вельмі рэдкі від верша. Упершыню да яго звярнуўся Я.​Купала («Устань», 1907):

Устань!

Усе, глянь,

Пайшлі...

І вот —

Свабод!

Зямлі!

А ты —

Святы —

Закіс, —

Звёў хлеб,

Аслеп,

Азыс.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)