рэлігійна-філас. плыні, якія прызнаюць магчымасць непасрэдных зносін і яднання чалавечай душы з Богам (абсалютам) на прынцыпах звышпачуццёвага сузірання і індывід. экстатычнага перажывання. У гэтым плане М. супрацьпастаўляецца схаластыцы, якая звязвае шлях спасціжэння Бога з логікай разважання, г. зн. з прынцыпамі рацыяналізму.
Вытокі М. ў стараж. таямнічых рэліг. арг-цыях і культах, якія па-рознаму праяўляліся ў розных рэліг. сістэмах і тэалагічных дактрынах народаў свету. У Стараж. Грэцыі існавалі містычныя культы орфікаў, Дыянісія. Ісіды, Мітры; у Стараж. Кітаі М. праяўлялася у даасізме, у Стараж. Індыі — у будызме і брахманізме, у Іране — у суфізме. Найб. пашырэнне М. атрымала ў эпоху сярэднявечча. У філас.-тэарэт. плане М. абгрунтавана ў працах неаплатонікаў і раннехрысц. багасловаў (Арыген, Афінагор, Аўгусцін і інш.), якія распрацоўвалі паняцце трансцэндэнтальнага абсалюту, спрабавалі высвятляць праблемы духоўна-містычнага «яднання» чалавека і гэтага абсалюту. Адрозніваюць М. артадаксальную і неартадаксальную. Артадаксальная М. прызнавалася хрысціянскай царквой. Яе прадстаўнікі (Бернар Клервоскі, Гуга Сен-Вікторскі і інш.) пры тлумачэнні шляху спасціжэння Бога зыходзілі з вучэння Аўгусціна аб звышпачуццёвым азарэнні чалавечай душы па літасці божай. Неартадаксальная М. (Іаан Скот Эрыўгена, Мікалай Кузанскі і інш.) прызнавала тоеснасць прыроды душы і Бога і ў нейкай ступені змыкалася з пантэізмам, які адвяргаўся царквой. Выступленне прыхільнікаў гэтай плыні за індывід. шляхі богапазнання ў канчатковым выніку прыводзіла да апазіцыі ў адносінах да іерархічных рэліг. ін-таў, свяшчэнных і царк. аўтарытэтаў (напр., містычны пантэізм Т.Мюнцэра, які спалучаўся з элементамі рацыяналізму і атэізму). У Расіі, акрамя рэліг. арг-цый, М. прапагандавалася славянафіламі, масонамі, філосафамі-ідэалістамі (У.Салаўёў, М.Бярдзяеў). Ідэі М. распаўсюджваюцца ў неатамізме, персаналізме, экзістэнцыялізме, прагматызме, неапратэстантызме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХА́ЛІШСКІ КАСЦЁЛ І КЛЕ́ШТАР АЎГУСЦІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры ранняга барока ў в. Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. Кляштар засн. ў 1622 рэферэндарыем ВКЛ Я.Ц.Бжастоўскім, які аддаў кляштару фальварак Рудашаны, а яго сын Цыпрыян Павел — Мілашуны і Буйвідзы. Быў філіялам Віленскага кляштара аўгусцінцаў. У 1839 кляштар закрыты. У 1653 (паводле інш. звестак у 1662) тут пабудаваны мураваны касцёл Міхаіла Архангела (арх. К.Пенс) — 2-вежавы 1-нефавы храм з 5-граннай апсідай і нізкімі бакавымі сакрысціямі, накрыты 2-схільным (над апсідай вальмавым) дахам. Нязначны перапад вышынь зальнай ч., апсіды і вежаў стварае ступеньчатую кампазіцыю сілуэта будынка. Гал. фасад завершаны чацверыковымі вежамі з шатровымі дахамі і шчытом з трохвугольным франтонам паміж імі, раскрапаваны нішамі. Вежы падзелены на 2 ярусы карнізам, які праходзіць па ўсім перыметры касцёла. Пры ўваходзе невысокі паўкруглы ў плане прытвор-барбакан. Бакавыя плоскасныя сцены прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі. У ніжніх ярусах вежаў — капліцы, паміж якімі на шырокай арцы галерэя хораў. Інтэр’ер дэкарыраваны 8 стукавымі рэльефнымі алтарамі і пано, 12 скульпт. выявамі апосталаў на кансолях, пуцці, маскаронамі, картушамі, лісцем аканта і інш. (выкананы ў канцы 17 ст. арцеллю італьян. і мясц. майстроў на чале з П.Перці і М.Жылевічам). Бакавыя алтары акаймаваны барэльефнай арнаментальнай вяззю з лісця аканта з укампанаванымі ў завіткі выявамі міфалагічных істот. Багатым дэкорам з пазалочанага разнога дрэва ўпрыгожаны амбон з балдахінам. У капліцах каваныя рашоткі 18—19 ст. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 касцёл пашкоджаны, у 1920-я г. адноўлены. Іл.гл. таксама да арт.Акант, Барока, Вязь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАДЫЯ́НСТВА,
кірунак у еўрап. архітэктуры 17—18 ст., які развіў (у рамках класіцызму) прынцыпы, закладзеныя ў творчасці італьян. архітэктара і тэарэтыка архітэктуры Позняга Адраджэння А.Паладыо. Першы прадстаўнік П. — арх. В.Скамоцы, які закончыў некат. пабудовы Паладыо (віла Капра ці «Ратонда» каля Вічэнцы і інш.). У 17 ст.найб. паслядоўна адбілася ў архітэктуры Вялікабрытаніі (І.Джонс) і Галандыі (Я. ван Кампен). Росквіт П. прыпадае на 18 ст., калі англ. (У.Кент, К.Кэмпбел і інш.) і ням. (Г.В.Кнобельсдорф, Ф.В.Эрдмансдорф) архітэктары ўзводзілі будынкі, адметныя строгай прастатой, вытанчанасцю форм і дэкору, мэтазгоднасцю планіроўкі, арган. сувяззю з наваколлем (пейзажныя паркі). У Расіі пабудовы гэтага кірунку з’явіліся ў 1780—90-х г. і вылучаліся інтымнасцю і прастатой (Ч.Камерон, Дж.Кварэнгі, А.М.Львоў). На Беларусі ўплыў П. меў месца ў палацавай, сядзібнай, культавай архітэктуры 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. Для збудаванняў характэрны прастата і рацыянальнасць планавай будовы, выкарыстанне ў арх.-маст. кампазіцыі перапрацаваных форм ант. ордэраў; палацы сім. кампазіцыі з анфіладнымі параднымі пакоямі ў цэнтры. Тыповымі для палацаў былі працяглыя, плоскасна вырашаныя фасады і пластычна багатыя порцікі (палацы ў Гомелі, в. Жылічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл.). Некат. паркавыя і службовыя пабудовы сядзіб мелі цэнтрычную кампазіцыю і былі аналагічныя збудаванням тыпу вілы «Ратонда» Паладыо («павільён руж» у сядзібе ў в. Старыя Пескі Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл., драўляны свіран у сядзібе на хутары Крыкалы, Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.). Асобныя культавыя пабудовы мелі цэнтрычную кампазіцыю, адсутнічалі традыц. апсіды, аднолькава вырашаліся ўсе фасады (Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы, Стрэшынская царква), пашырыліся храмы-ратонды (Чачэрская Спаса-Праабражэнская царква).
Г.С.Ларкін.
Да арт.Паладыянства. У.Кент. Сядзібны дом Холкемхол у Норфалку (Вялікабрытанія). 1734—59. Макет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1941, пагадненне Сікорскага — Майскага,
падпісана 30 ліп. ў Лондане ў 2-ю сусв. вайну паслом СССР у Вялікабрытаніі І.М.Майскім і кіраўніком польскага ўрада ў эміграцыіген. У.Сікорскім. Спыніла польска-сав. канфлікт, які пачаўся пасля ўступлення 17.9.1939 Чырв. Арміі ва Усх. Польшчу (Зах. Беларусь і Зах. Украіну) у пач. 2-й сусв. вайны, калі Польшча абаранялася ад нападу фаш. Германіі. Урад Сікорскага з ліст. 1939 лічыў Польшчу ў стане вайны з СССР, да нападу Германіі на СССР (22.6.1941) афіц. польска-сав. кантакты адсутнічалі. Перагаворы пачаліся 5.7.1941 у Лондане пры пасрэдніцтве міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Э.Ідэна. Яны выявілі рознагалоссі бакоў адносна міждзярж. граніцы. Але пад націскам брыт. ўрада, зацікаўленага ў супрацоўніцтве з СССР у барацьбе з Германіяй, Сікорскі згадзіўся на кампрамісны тэкст пагаднення, не закранаючы ў ім пытання аб граніцы. Пагадненне складалася з 5 пунктаў: сав.-герм. дагаворы 1939, што датычыліся тэр. змен у Польшчы, прызнаваліся страціўшымі сілу; аднаўляліся двухбаковыя дыпламат. адносіны; прадугледжвалася ўзаемная дапамога ў вайне супраць Германіі; урад СССР даваў згоду на стварэнне на сваёй тэр. польскай арміі; прадугледжвалася неадкладнае, без ратыфікацыі, уступленне пагаднення ў сілу. 14.8.1941 у Маскве падпісаны спец. ваенны дагавор, які рэгуляваў пытанні стварэння польскай арміі. Да вясны 1942 у СССР сфарміравана польская Андэрса армія. С.-п.п. 1941 страціла сілу ў момант разрыву ўрадам СССР адносін з польскім урадам (25.4.1943) у адказ на патрабаванне апошняга высветліць абставіны Катыньскага расстрэлу 1940 (гл.Катынь).
Літ.:
Документы и материалы по истории советско-польских отношений. М., 1973. Т. 7. С 198, 201—202, 207—208, 217—218;
Układ Sikorski—Majski: Wybór dokumentów. Warszawa, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭМА́ТЫКА (ад грэч. systēmatikos упарадкаваны, які адносіцца да сістэмы) у біялогіі, раздзел біялогіі, які займаецца апісаннем, пазначэннем і класіфікацыяй усіх існуючых і вымерлых арганізмаў, устанаўленнем роднасных сувязей паміж іх асобнымі групамі (таксонамі) — відамі, родамі, сямействамі і інш. Грунтуецца на даных усіх раздзелаў біялогіі, асабліва на эвалюцыйным вучэнні. Дазваляе арыентавацца ў мностве існуючых відаў жывёл (каля 1,5 млн.), раслін (каля 350—500 тыс. відаў) і мікраарганізмаў, а таксама вымерлых відаў. Складае базу для генетыкі, біяхіміі, біягеаграфіі, экалогіі, палеанталогіі і інш.біял.навук. С. асн. груп арган. свету (пракарыёт і эўкарыёт) маюць адны асновы, задачы і шмат агульнага ў метадах даследавання, аднак розным раздзелам С. ўласцівы шэраг асаблівасцей, звязаных са спецыфікай розных груп арганізмаў. Як асн. раздзелы вылучаюць С. жывёл і С. раслін (вывучаюць разнастайнасці жывёльных і расл. арганізмаў). Асн. задачы С. — вызначэнне шляхам параўнання індывід. і спецыфічных асаблівасцей кожнага віду і надвідавых таксонаў, іх месца ў эвалюцыі арган. свету, выяўленне агульных уласцівасцей у розных таксонах.
С. імкнецца стварыць усеагульную і натуральную (філагенет.) класіфікацыйную сістэму арган. свету, падпарадкавання таксонаў рознага рангу — ад віду да сістэм. царства і надцарства, вызначыць месца кожнага віду арганізма ў гэтай сістэме. С. часта падзяляюць на таксаномію, разумеючы тэорыю класіфікацыі арганізмаў, і ўласна С. ў шырокім сэнсе. Зрэдку тэрмін «таксаномія» выкарыстоўваюць як сінонім С.
Асновы С. як навукі закладзены працамі англ. прыродазнаўца Дж.Рэя і асабліва К.Лінея. Вучэнне Ч.Дарвіна надало С. эвалюц. змест.
Літ.:
Майр Э. Принципы зоологической систематики: Пер. с англ.М., 1971;
Тахтаджян АЛ, О состоянии и перспективах развития систематики в СССР // Успехи совр. биологии. 1972. Т. 73, вып. 2;
Меликян А.П. Цели и задачи современной систематики растений. М. 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУШЭ́ВІЧ (Францішак Бенядзікт Казіміравіч) (21.3.1840, б. фальварак Свіраны, Вільнюскі р-н, Літва — 28.4.1900),
бел. паэт, празаік, публіцыст, перакладчык. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. У 1861 паступіў на фіз.-матэм.ф-тПецярб. ун-та; выключаны з 1-га курса за адмаўленне прыняць новыя універсітэцкія правілы. Працаваў настаўнікам у Доцішках (Воранаўскі р-н). Удзельнік паўстання 1863—64, у баях у Аўгустоўскіх лясах паранены. З-за пагрозы рэпрэсій тайна жыў пад Беластокам, у Вільні, пасля перабраўся на Украіну. Пры дапамозе Я.Карловіча паступіў у Нежынскі юрыд. ліцэй, які скончыў у 1868. Працаваў судовым следчым на Украіне і ў Расіі. З 1884 у Вільні, адвакат судовай палаты; вёў пераважна справы сялян і гарадской беднаты. З 1898 жыў у Кушлянах (Смаргонскі р-н), пахаваны ў Жупранах (Ашмянскі р-н). Багушэвіч — рэв. дэмакрат, пачынальнік крытычнага рэалізму ў бел. л-ры. Вытокі яго творчасці ў грамадскім жыцці Беларусі, цесна звязаны з фальклорам, а таксама з лепшымі эстэт. традыцыямі слав. паэзіі. У зб-ках «Дудка беларуская» (пад псеўд. Мацей Бурачок; Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (пад псеўд. Сымон Рэўка з-пад Барысава; Познань?, 1894) паказаў селяніна, якога абдзялілі пры скасаванні прыгону, абдзірае казна, крыўдзяць суд і царскія чыноўнікі. У ім Багушэвіч бачыў не проста пагарджанага доляй, прыгнечанага мужыка, а чалавека, які крытычна ўспрымае свет, не баіцца «з’ехаць урадніку тройчы меж вушоў». Жывымі і яркімі паўсталі ў яго творах вобразы сялян Аліндаркі («Кепска будзе!»), Петрука Пантурка («У судзе»), Ануфрыя Скірдзеля («Балада»), Мацея («Хрэсьбіны Мацюка») і інш.Сац. пытанні востра ставяцца ў вершах «Бог не роўна дзеле», «Не цурайся», «Ахвяра». Цыкл «Песні» (зб. «Смык беларускі») — узор выкарыстання бел.нар. песні і насычэння яе сац. і філас. зместам. З болем чуючы, як «звякаюць ланцугі на людцах», са смуткам гледзячы «на зямельку, слязьмі залітую», паэт верыў у часіну, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй». У яго творчасці на ўвесь голас загучалі і матывы нац. адраджэння. У прадмове да зб. «Дудка беларуская» ён абгрунтоўваў права бел. народа на развіццё сваёй мовы і заклікаў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Шмат рабіў Багушэвіч для фарміравання бел.літ. мовы, узбагачэння і ўдасканалення бел. паэтыкі. Ён узнімаў некранутыя моўныя пласты, карыстаўся сілабікай, каб надаць вершу гутарковае гучанне, смела ўводзіў сілаба-танічны памер, народна-песенныя прыёмы. Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: паэма («Кепска будзе!»), вершаванае апавяданне, блізкае формай да гутарак («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыст. маналог («Мая дудка», «Дурны мужык, як варона»), філас. роздум («Праўда», «Думка»), верш-прысвячэнне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), байка («Воўк і авечка»), сатыра («Праўдзівая гісторыя аб замучаным дукаце»), апрацоўка нар. казкі («Хцівец і скарб на святога Яна») і інш. Багушэвічу належаць і першыя ў бел. л-ры празаічныя творы. Апавяданні «Сведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна» (усе апубл. 1907) зместам і формай цесна звязаны з нар. гумарэскай, быт. анекдотам. Апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892) бліжэй да літ. традыцыі; у ім яскрава ўвасоблены расслаенне бел. вёскі, вясковыя багацеі, што прыйшлі на змену радавітым панам. У 1886—91 пад псеўд. Demos, B.Huszicz, Ten і інш. друкаваў у польскім пецярбургскім час. «Kraj» («Край») допісы і артыкулы, у якіх пісаў пра цяжкае жыццё працоўнага люду, крызіс сельскай гаспадаркі, нізкія ўраджаі, цемнату і непісьменнасць народа. Лісты Багушэвіча да Я.Карловіча і Э.Ажэшкі (датуюцца 1868—97) — важныя дакумент. сведчанні светапогляду паэта, гісторыі напісання паасобных твораў і выдання «Дудкі беларускай», матэрыяльных умоў і абставін яго жыцця. Не ўсе творы Багушэвіча дайшлі да нас. Няма пэўных звестак пра змест зб. «Скрыпка беларуская», які меўся выйсці пасля смерці аўтара, не знойдзены ў архівах зб. «Беларускія апавяданні Бурачка», падрыхтаваны ў 1899 і не прапушчаны цэнзурай, не збярогся слоўнік бел. мовы, які Багушэвіч складаў па прапанове Карловіча. Яму прыпісваецца пракламацыя без назвы (пачынаецца словамі «Гаспадары, для вас пішу гэта апавяданне»), выдадзеная па-беларуску ў Кракаве і прысвечаная падзеям у літоўскім мястэчку Крожы ў 1894. Імя Багушэвіча прысвоена Ашмянскаму краязнаўчаму музею, у Кушлянах створаны Багушэвіча Ф.К. літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба. Помнікі паэту ў в. Жупраны і на яго магіле.
Тв.:
Творы. Мн., 1967;
Вершы. Мн., 1976;
Творы. Мн., 1991.
Літ.:
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;
Барысенка В. Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Мн., 1957;
Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1969;
Яго ж. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Яго ж. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
Яго ж. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;
Навуменка І. Пісьменнікі-дэмакраты. Мн., 1967;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Майхрович А. Белорусские революционные демократы. Мн., 1977;
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Янушкевіч Я. «Чалавек, які нарадзіўся не ў сваю эпоху...»: Новае з перапіскі Францішка Багушэвіча з Янам Карловічам // Шляхам гадоў. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАЛІ́ЗМ (ад позналац. realis сапраўдны, рэчыўны) у філасофіі, кірунак, згодна з якім агульнае аб’ектыўна існуе, прэваліруе над адзінкавым, канкрэтным і не залежыць ад яго. У адрозненне ад стыхійнага (першаснага) Р., заснаванага на паўсядзённым вопыце чалавека, як перакананне, што рэальнасць пазнаецца шляхам непасрэднага ўспрыняцця, філас. Р. грунтуецца на прызнанні магчымасці апасродкаванага пазнання рэальнасці, яе незалежнасці ад свядомасці індывіда, яго вопыту і ўспрыняцця. Вытокі Р. ў вучэнні Платона аб універсаліях, якія арганізуюць быццё і ствараюць незалежны ад рэчаў ідэальны свет. У адрозненне ад Платона Арыстоцель лічыў, што агульнае існуе ў непарыўнай сувязі з адзінкавым і з’яўляецца яго формай. Вучэнні Платона і Арыстоцеля паслужылі асновай для схаластычнага Р., які вырашаў пытанне аб рэальным існаванні агульных паняццяў (універсалій) і іх анталагічным статусе. Насуперак наміналізму, які прызнаваў рэальнасць толькі рэчаў, Р. абвяшчаў рэальнае і незалежнае ад свядомасці існаванне універсалій. У схаластычным Р. вылучаюць гранічны Р. (засн. на вучэнні Платона) і памяркоўны (на вучэнні Арыстоцеля). Прадстаўнікі гранічнага Р. сцвярджалі, што «ідэі» (думкі Творцы) з’яўляюцца правобразамі рэчаў і як першасныя субстанцыі існуюць у якасці іх сутнасці (Аўгусцін, Іаан Скот Эрыўгена, Гільём з Шампо, Ансельм Кентэрберыйскі, Адэлард Байкі). Больш устойлівым і прымальным для царквы стаў памяркоўны Р., які сінтэзаваў ідэі Арыстоцеля, Авіцэны і хрысц. тэалогіі (Альберт Вялікі, Фама Аквінскі, Ф.Суарэс). Паводле Фамы Аквінскага, універсаліі існуюць траяка: як «ідэі» рэчаў, іх правобразы ў божым розуме, як сутнасць рэчаў і як абстрактныя паняцці ў чалавечым розуме. З канца 19 ст. ідэі сярэдневяковага памяркоўнага Р. адрадзіліся ў філасофіі неатамізму і атрымалі далейшае развіццё ў школах «Асацыяцыя рэалістычнай філасофіі» (Дж.Уайлд, М.Чапмен, Р.Паркер і інш.) і «Метафізічнае таварыства» (П.Вейс, Ч.Хартшарн, У.Шэлдан і інш.). З 20 ст. Р. развіваецца як сукупнасць гнасеалагічных вучэнняў і школ, агульная рыса якіх — прызнанне рэальнасці аб’екта пазнання і яго незалежнасці ад свядомасці і пазнавальных актаў (гл.Крытычны рэалізм і Неарэалізм у філасофіі). Сацыяльны Р. — агульнатэарэт. і метадалагічная канцэпцыя, паводле якой сапраўднымі носьбітамі сац. рэальнасці з’яўляюцца звышіндывід, цэласнасці: грамадства, дзяржава, народ, сям’я, а не індывіды (А.Конт, Г.Спенсер, Л.Гумплавіч, М.М.Кавалеўскі, Э.Дзюркгейм). Навуковы Р. — кірунак у сучаснай філасофіі, які грунтуецца на прызнанні аб’ектыўнай рэальнасці і магчымасці яе пазнання ў працэсе эвалюцыі навук. тэорый (Х.Патнэм, У.Селарс, Г.Р.Харэ).
Р. у літаратуры, праўдзівае, канкрэтна-гіст.маст. выяўленне тыповых вобразаў, характараў і сюжэтаў у тыповых сац. абставінах. Першай гіст. формай Р. як рацыянальна абгрунтаванага маст. метаду была л-раАдраджэння. Рэнесансавы Р. з яго маштабнасцю вобразаў, ідэалам свабоднай і духоўна багатай асобы, сцвярджэннем новага гуманіст. погляду на прызначэнне чалавека акрэсліўся ў творчасці Дж.Бакачыо, Ф.Рабле, М.Сервантэса, У.Шэкспіра. У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. сфарміраваўся асветніцкі Р. (Д.Дэфо, Г.Філдынг, Д.Дзідро, Г.Лесінг і інш.), арыентаваны на развіццё навук. светапогляду, сац., этычнае і эстэт. выхаванне чалавека-грамадзяніна. Вядучымі кірункамі 2-й пал. 19—20 ст. быў агульны для еўрап. культуры крытычны рэалізм і неарэалізм, а ў СССР і інш. краінах сацыяліст. арыентацыі — сацыялістычны рэалізм. З найб. паўнатой рэалістычны метад выявіўся ў сацыяльна арыентаванай л-ры (проза, драматургія, публіцыстыка, крытыка), неадназначна — у лірыцы.
Гісторыя бел. л-ры засведчыла тэндэнцыі да адлюстравання жыццёвых рэалій у свецкай і агіяграфічнай л-ры сярэдневяковай эпохі. Пачынальнікі гуманіст. рацыяналізму і рэнесансавага Р. на Беларусі — асветнікі і першадрукары Ф.Скарына, В.Цяпінскі, С.Будны, новалац. паэты Мікола Гусоўскі, Я.Вісліцкі, асветнік і пісьменнік Сімяон Полацкі. У палемічнай літаратуры канца 16—17 ст. рэалістычная плынь выявілася як сінтэз красамоўства з рацыяналізмам, лагічнай доказнасці і аргументацыі пісьменніцкай пазіцыі канкрэтнымі фактамі (творчасць І.Пацея, М.Сматрыцкага, І.Руцкага і інш.). Сац. аспекты маст. крытыкі ўзмацніліся ў асветніцкай і рамантычнай л-ры 18—1-й пал. 19 ст., ананімнай паэзіі і публіцыстыцы, у фальклоры травестацыя як метад адлюстравання, крытыка капіталізму). Фальклорны Р., засн. на зніжэнні афіц. і павелічэнні нар. каштоўнасцей, выявіўся ва ўзорах ананімнай паэзіі стылю травесці («Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»), Арыентацыя на крытычны Р. і асветніцкі рамантызм, прыкметная ў творчасці В.Каратынскага, В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Лучыны, яскрава выявілася ў паэзіі і публіцыстыцы Ф.Багушэвіча. Сац.-выкрывальніцкія і гратэскавыя формы крытыкі жыцця ў Рас. імперыі характэрны для паэзіі, прозы і публіцыстыкі Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, А.Гаруна, публіцыстыкі бел. газет і часопісаў («Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», «Маладая Беларусь»). Асаблівасць Р. ў бел. л-ры — адзінства з нац.-дэмакратычнай філасофіяй, з прагрэс. неарамантызмам і сімвалізмам, адкрытасць для ўспрымання і нац. адаптацыі дасягненняў агульнаслав. (найперш. рус., укр., польскай) і еўрап.літ. культуры. Ідэі і прынцыпы Р. абгрунтоўваў і прагрэс. рускамоўны друк на Беларусі (газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Голос провинции», «Окраина», «Минский курьер», «Полесье»). У бел. л-ры 1920—90-х г. выявіліся 3 плыні: афіц.сацыяліст. Р., узвышэнскі «аквітызм» (гл.«Узвышша») як наватарская форма нац.-маст. адраджэння, вяртанне да крытычнага Р. ў спалучэнні з мадэрнісцкімі і постмадэрнісцкімі навацыямі.
Р. у выяўленчым мастацтве. У шырокім сэнсе — уласцівасць мастацтва выяўл. сродкамі адлюстроўваць рэчаіснасць шляхам узнаўлення форм, у якіх аб’ект існуе ў рэальнасці. У такім кантэксце да Р. адносяць маст. творчасць ад першабытнасці да нашых дзён, у аснове якой натуралістычны падыход да перадачы прадметнага асяроддзя, які, у адрозненне ад уласна натуралізму, існуе ў адзінстве з маст. абагульненнем і індывідуалізацыяй вобраза. У вузкім сэнсе — кірунак у мастацтве, гістарычна-тыпалагічная форма маст. свядомасці, уласцівая 19 ст., характэрнай прыкметай якога з’яўляецца адлюстраванне паўсядзённага жыцця, пазбаўленае прыдуманых мастаком сюжэтных калізій і канцэптуальных ідэй. Маст. асаблівасці Р. праявіліся ў 17—18 ст. у творчасці мастакоў Галандыі, Ж.Гудона (Францыя), У.Хогарта (Вялікабрытанія), Д.Хадавецкага (Германія) і інш. Тэрмін «Р» уведзены ў 1836 франц. крытыкам Г.Плашанам. У самаст. кірунак склаўся ў сярэдзіне 19 ст. ў Францыі ў творчасці Г.Курбэ, які ў «Маніфесце рэалізму» (1855) сфармуляваў паняцце «Р.» як праграмную апазіцыю акад. мастацтву і яго нарматыўнай эстэтыцы. Прынцыпы Р. найб. паслядоўна развіваліся ў творчасці А.Дам’е, а таксама Ж.Ф.Міле, П.Пюві дэ Шавана, Ж.Б.С. Шардэна і інш. У рас. мастацтвазнаўстве храналагічныя межы Р. былі пашыраны да пач. 20 ст. і ўключалі найперш творчасць перасоўнікаў. У 1934 М.Горкі ўвёў паняцце крытычны рэалізм, які фактычна ідэнтычны ўласна Р. Прынцыпы Р. ў трансфармаваным выглядзе былі пакладзены ў аснову метаду сацыялістычнага рэалізму. На Беларусі ў самаст.маст. кірунак не сфарміраваўся. У наш час вызначэнне «Р.» (мастак-рэаліст) часта ўжываецца як сінонім фігуратыўнага мастацтва ў процівагу абстрактнаму мастацтву.
Літ.:
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). Мн., 1978;
Яго ж. Мастацкая культура Беларусі эпохі Рэнесансу // Мастацтва. 2000. № 7—12;
Жураўлёў В.П., Тычына М.А. Магчымасці рэалізму: Прычыннасць і гістарызм. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕЛЬСІ́Н (Citrus sinensis),
вечназялёнае дрэва сям. рутавых. Здаўна культывуецца ў трапічных і субтрапічных краінах (у Кітаі больш за 2 тыс. гадоў, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа з 11 ст., на Пд Еўропы з 15 ст.). На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і як пакаёвую расліну.
Выш. 7—12 м. Лісце авальнае, кветкі адзіночныя або сабраныя ў суквецці, белыя, пахучыя. Плод — шматгняздовая ягада розных памераў, формы і афарбоўкі скуркі (ад светла-жоўтай да чырвона-аранжавай), сакаўны, салодкі ці кісла-салодкі, масай 100—500 г. Багаты цукрамі, лімоннай к-той, вітамінамі C, групы B, P. У скурцы да 2% эфірнага алею, які выкарыстоўваецца ў парфумернай і кандытарскай прам-сці. Меданос. Размнажаецца прышчэпкай на трыфаліяце, памяранцы, сеянцах мясц. сартоў. Цепла- і вільгацелюбівая расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РГАС (Argos),
горад у Грэцыі на п-ве Пелапанес. Засн. ў пач. 2-га тыс. да н.э. У 15—14 ст. да н.э. адзін з цэнтраў ахейскага аб’яднання. Пасля захопу яго ў 12—11 ст. да н.э. дарыйцамі гал. сапернік Спарты. Дасягнуў росквіту ў час праўлення тырана Федона (7 ст. да н.э.), які першы ў Грэцыі пачаў чаканіць сярэбраную манету. У час грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. захоўваў нейтралітэт. У 4 ст. да н.э. трапіў у залежнасць ад Македоніі. У 229 да н.э. ўвайшоў у Ахейскі саюз. З 146 да н.э. пад уладай Рыма. У 297 і 395 н.э. разбураны готамі. У ант. часы з мастацкай школы Аргаса выйшлі грэч. скульптары Агелад, Паліклет, Палімед. Археал. раскопкі вядуцца з 1902.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАПТЭ́РЫКС, археорніс,
першаптушка (Archaeopteryx),
самы стараж. вымерлы род птушак падкл. яшчарахвостых птушак. 1 від — A. lithographica. Назва дадзена па адбітку пяра, знойдзеным у 1860 у верхняюрскіх (цітонскіх) літаграфічных сланцах Золенгофена (Баварыя, Германія). У 1861 там знайшлі і першы няпоўны яго шкілет з адбіткамі пер’я. Вядома 5 шкілетаў; 1 экз. (берлінскі) апісаны пад назвай археорніс, але ён ідэнтычны з археаптэрыксам.
Памерамі з голуба, меў дзюбу з канічнымі зубамі, 3 свабодныя пальцы на крылах, доўгі хвост з 20 пазванкамі. Мяркуюць, што археаптэрыкс пералятаў з дрэва на дрэва, пры гэтым выкарыстоўваў пальцы крылаў, або бегаў па зямлі і зрэдку пералятаў на невял. адлегласці. Марфалогія археаптэрыкса пацвярджае філагенетычныя сувязі паўзуноў і птушак. Мяркуюць, што археаптэрыкс — прамы продак птушак, які паходзіць ад тэраподных дыназаўраў ці ад псеўдазухій.