судовы працэс над гал.яп.ваеннымі злачынцамі пасля 2-й сусв. вайны. Адбыўся 3.5.1946—12.11.1948 у Токіо ў Міжнародным ваенным трыбунале для Д. Усходу. Праведзены на падставе патрабаванняў Патсдамскай дэкларацыі 1945 і Акта аб капітуляцыі Японіі ад 2.9.1945. Суду падлягала група з 28 дзярж. і ваен. дзеячаў Японіі, прыгавор вынесены адносна 25 з іх (2 падсудныя памерлі ў час працэсу, 1 прызнаны ў стане несвядомасці). У ходзе працэсу праведзены 818 адкрытых суд. пасяджэнняў, прыняты 4356 дакумент. доказаў і 1194 паказанні сведкаў. З 4.11.1948 зачытваўся прыгавор (1214 старонак). Падсудныя прызнаны вінаватымі ў тым, што на працягу 1928—45 планавалі, рыхтавалі і вялі агрэсіўныя войны супраць Кітая, СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і інш. краін, арганізоўвалі ваен. злачынствы і злачынствы супраць чалавецтва (знішчэнне мірных жыхароў, забойствы і катаванні ваеннапалонных і інш.). Трыбунал прыгаварыў да пакарання смерцю 7 падсудных (павешаны ў Токіо ў ноч на 23.12.1948), да пажыццёвага зняволення 16, да 20 гадоў турмы — 11, да 7 гадоў зняволення — 1 падсуднага. Т.п., як і Нюрнбергскі працэс, садзейнічаў зацвярджэнню прынцыпаў і нормаў сучаснага міжнар. права ў галіне асуджэння дзярж.агрэсіі.
Літ.:
Смирнов Л.Н., Зайцев Е.Б. Суд в Токио. М., 1978;
Рагинский М.Ю. Милитаристы на скамье подсудимых: По материалам Токийского и Хабаровского процессов. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́МСАН (Thomson) Уільям (лорд Кельвін; Kelvin; 26.6.1824, г. Белфаст, Вялікабрытанія — 17.12.1907),
англійскі фізік, адзін са стваральнікаў тэрмадынамікі і кінетычнай тэорыі газаў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1851; у 1890—95 яго прэзідэнт). Ганаровы замежны чл. Пецярбургскай АН (1896; чл.-кар. 1877). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1845). У 1846—99 праф. ун-та ў г. Глазга. Навук. працы па тэрмадынаміцы, электрамагнетызме, тэорыі пругкасці, матэматыцы і тэхніцы. Увёў паняцці абс. т-ры і абс. тэмпературнай шкалы (гл.Кельвіна шкала). Разам з Дж.П.Джоўлем адкрыў Джоўля—Томсана эфект. Незалежна ад Р.Ю.Э.Клаўзіуса даў адну з першых фармулёвак другога закону тэрмадынамікі (1851) і выказаў гіпотэзу аб «цеплавой смерці» Сусвету (1852). Правёў грунтоўныя даследаванні па тэрмадынаміцы пары і вадкасці (гл.Кельвіна ўраўненне), прапанаваў тэорыю тэрмаэл. з’яў і адкрыў Томсана з’яву. Актыўна ўдзельнічаў у наладжванні тэлегр. сувязі па трансатлантычным кабелі, даў разлік эл. контура і вывеў формулу перыяду эл. ваганняў (формула Т.). Сканструяваў і ўдасканаліў шэраг фіз. прылад і вымяральных інструментаў. У яго гонар названа адзінка абс. т-ры — кельвін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫБУНА́Л ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА, Галоўны Літоўскі Трыбунал,
вышэйшы апеляцыйны суд дзяржавы, пастановы якога мелі сілу пастаноў сойма. Створаны ў 1581, дзейнічаў з 1582. Складаўся з 46 суддзяў-дэпутатаў, якіх выбіралі на павятовых сойміках па 2 ад кожнага павета тэрмінам на 1 год (з 1588 яшчэ выбіраліся 3 дэпутаты ад Жамойцкай зямлі).
Разглядаў апеляцыі на рашэнні земскіх, замкавых і падкаморскіх судоў, а таксама скаргі на рашэнні павятовай адміністрацыі. Суддзямі маглі быць выключна шляхціцы, ураджэнцы ВКЛ, якія мелі ўласныя маёнткі і былі дасведчанымі ў праве і мясц. звычаях. Сесіі трыбунала праходзілі пад старшынствам выбранага ім маршалка, пастановы прымаліся на аснове Статута ВКЛ, соймавых канстытуцый і звычаёвага права большасцю галасоў. Месцам сесій трыбунала была Вільня (штогод), Мінск і Навагрудак (па чарзе праз год); да 1588 сесіі праходзілі і ў Троках. Па 1-й інстанцыі трыбуналу былі падсудныя ўсе справы, аднесеныя да яго кампетэнцыі, а таксама справы аб неналежным выкананні старостамі і замкавымі ўраднікамі сваіх абавязкаў пры судаводстве і справы духоўных асоб (пры разглядзе апошніх бралі ўдзел дэпутаты ад духавенства). Парадак судаводства ў трыбунале рэгламентаваўся законам, яго рашэнні выконваліся павятовымі судамі. Акрамя разгляду спраў трыбунал ажыццяўляў натарыяльныя дзеянні: замацоўваў тастаменты (завяшчанні), сведчыў дагаворы куплі-продажу маёнткаў, пазыкі і інш.
Літ.:
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫБУНА́Л СКАРБО́ВЫ,
адм. і судовая ўстанова ў ВКЛ, якая кантралявала даходы і выдаткі дзярж. скарбу, разглядала справы аб нявыплаце падаткаў дзяржаве. Бярэ пачатак ад утворанай на сойме 1591 скарбовай камісіі ВКЛ, у склад якой увайшоў вял. падскарбі, 4 сенатары і прадстаўнікі ад кожнага ваяводства. Пераемніцай камісіі стала створаная ў 1598 дэпутацыя сенатараў і соймавых паслоў, якая павінна была рэвізаваць скарб ВКЛ пачынаючы з 1591. Сойм 1613 у Вільні стварыў з тымі ж функцыямі Т.с., якому было даручана сабраць даўгі ў скарб ВКЛ з правам судзіць даўжнікоў па справах з 1609. У склад Т.с. ўвайшлі падскарбі, 6 сенатараў і прадстаўнікі ад ваяводстваў. У часы праўлення Жыгімонта III Т.с. склікаўся ў 1613, 1621, 1626, 1629 (двойчы) і 1631, у часы Уладзіслава IV — у 1633, 1635 і 1647. Засядаў Т.с. ў Вільні, у яго рабоце прымалі ўдзел і прадстаўнікі войска. Т.с. разглядаў суд. справы, што датычылі войска, скаргі цывільных на вайскоўцаў і наадварот, ажыццяўляў канфіскацыю тавараў і інш. Войска давала справаздачу па сваіх грашовых даходах і выдатках. У 1726 пастановай Гродзенскага сойма частка функцый Т.с. перададзена Трыбуналу Вялікага княства Літоўскага. Т.с. скасаваны ў 1764 з утварэннем Камісіі скарбовай ВКЛ.
Літ.:
Filipczak-Kocur A. Skarb litewski za pierwszych dwu Wazów, 1587—1648. Wrocław, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМІ́ТЫ (Isoptera),
атрад насякомых. 6 сям., каля 2600 відаў. Найб. прымітыўная група сярод грамадскіх насякомых. Пашыраны пераважна ў тропіках. Жывуць сем’ямі ў гнёздах у глебе або драўніне, некат. віды — у тэрмітніках (надземных гнёздах выш. да 15 м). Рыючая дзейнасць Т. — важны фактар глебаўтварэння. Асн. разбуральнікі расл. рэшткаў у тропіках; некат. віды шкодзяць раслінам, разбураюць драўляныя збудаванні і інш.Найб. небяспечны паўднёваафр. Т. усёразбуральны (Bellicositermes natalensis).
Сям’я складаецца з некалькіх кастаў: здольныя да размнажэння самка («царыца», даўж. да 14 см, з гіпертрафіраванымі яечнікамі) і самец (значна меншы); бяскрылыя стэрыльныя рабочыя асобіны, знешне падобныя да лічынак, буйныя і дробныя (даўж. да 1,5 см; асн., найб. шматлікая ч. сям’і), нарыхтоўваюць корм, кормяць самку, клапоцяцца аб патомстве; «салдаты» (даўж. да 2 см), што абараняюць сям’ю ад ворагаў — інш. відаў Т., мурашак. У крылатых асобін 2 пары аднолькавых перапончатых крылаў, якія пасля раення і спароўвання абломліваюцца. Бяскрылыя асобіны светлыя (адсюль устарэлая назва — белыя мурашкі). У рабочых асобін і «салдат» вочы недаразвітыя або адсутнічаюць, ротавыя органы грызучыя. Кормяцца расл. рэшткамі, пэўнымі грыбамі, што вырошчваюць у т.зв. «грыбных садах». Засваенне корму (клятчаткі) адбываецца з дапамогай сімбіятычных кішэчных прасцейшых (жгуцікавых). Ператварэнне няпоўнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНА́НСАВА-ПРАМЫСЛО́ВАЯ ГРУ́ПА,
таварыства, створанае ў выніку аб’яднання капіталаў прадпрыемстваў розных галін, банкаў і інш. крэдытна-фін. ін-таў, н.-д. цэнтраў шляхам акцыяніравання. Мае на мэце максімізацыю прыбыткаў, павышэнне эфектыўнасці вытв. і фін. аперацый, умацаванне канкурэнтаздольнасці на ўнутр. і знешнім рынках, усталяванне тэхнал. і кааператыўных сувязей, рост эканам. патэнцыялу ўдзельнікаў. Кіраванне ажыццяўляецца праз цэнтр. кампанію, якая можа быць юрыд. асобай або групай фіз. асоб — уласнікаў і вышэйшых менеджэраў. Эканам. асновай Ф.-п.г. з’яўляецца сістэма ўдзелу, якая дазваляе аб’ядноўваць пад кіраўніцтвам цэнтр. кампаніі значную колькасць фірмаў праз іх удзел у акц. капітале. Функцыі цэнтр. кампаніі: спалучэнне паслядоўных стадый узнаўленчага цыкла ў цэлым, у т. л. рух капіталу; фін. забеспячэнне дзейнасці структур, якія ў яго ўваходзяць; рэалізацыя ўзгодненай палітыкі выраўноўвання нормы прыбытку.
Па прыналежнасці капіталу і маштабах дзейнасці адрозніваюць Ф.-п.г.: нацыянальныя, капітал і маштаб дзейнасці якіх абмяжоўваецца рамкамі адной краіны; транснацыянальныя, што маюць шырокую сетку даччыных прадпрыемстваў за мяжой, але асн. доля капіталу належыць адной краіне; шматнацыянальныя, або глабальныя, капітал якіх належыць прадпрымальнікам розных краін, а іх дзейнасць ахоплівае ўвесь сусв. рынак. Ф.-п.г. ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць у адпаведнасці з цывільным кодэксам краіны і законам «Аб фінансава-прамысловых групах» ад 4.6.1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЯЛІ́НСКАЯ Ева Зыгмунтаўна (26.12.1793, в. Узнога Клецкага р-на Мінскай вобл. — 20.12.1859),
удзельніца нац.-вызв. руху на Беларусі, пісьменніца, мемуарыстка. У сярэдзіне 1830-х г. стварыла і ўзначаліла «Жаночае таварыства», філіял тайнай арг-цыі Ш.Канарскага «Садружнасць польскага народа». У 1838 зняволена ў Кіеўскую цытадэль, пазней саслана ў г. Бярозаў Цюменскай вобл. (1839-41), Саратаў (1841—44). У «Дзённіку...» часоў ссылкі (апубл. ў віленскім час.«Атэнэум», 1846) апісала свае ўражанні ад прыроды Зах. Сібіры, паўстанне хантаў і ненцаў пад кіраўніцтвам Ваулі Піетоміна, побыт і фальклор народаў Поўначы і Паволжа. Напісала і надрукавала ў Вільні ў 1852—53 на польск. мове ўспаміны пра свае «падарожжы» ў Сібір, жыццё ў Бярозаве і Саратаве (перакладзены на англ., франц. і дацкую мовы і ўспрыняты сучаснікамі як дакумент эпохі). У аповесцях «Герсылія» (1849), «Пан дэпутат» (1852), «Пляменніца і цётка» (1853), ва «Успамінах аб жыцці» (1856, 1859—60) і інш. творах паказала жыццё розных слаёў бел. грамадства, асабліва шляхты. «Успаміны...» з’яўляюцца каштоўным творам па гісторыі нораваў на Беларусі, Валыні і ў Літве канца 18 — пач. 19 ст.
Літ.:
Грицкевич В.П. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986. С. 188—203;
Географы і падарожнікі Беларусі: [Альбом-атлас). Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЦКЕ́ВІЧ Аляксандр Фёдаравіч (14.3.1923, в. Тартак Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 19.11.1995),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1969), праф. (1970). Засл. работнік Вышэйшай школы Беларусі (1980). Скончыў Рэсп. школу прапагандыстаў пры ЦККП(б)Б (1946), БДУ (1950). У 1946—58 на камсам. і парт. рабоце ў Івянецкім р-не, Баранавіцкім, Маладзечанскім абкомах КП(б)Б, заг. аддзела абл.газ. «Красное знамя» (г. Маладзечна). З 1961 навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АНБССР. З 1965 выкладчык Мінскага радыётэхнічнага, з 1973 заг. кафедры Бел.тэатр.-мастацкага, з 1977 — Бел.політэхн. ін-таў. Даследаваў гісторыю Кастр. рэвалюцыі 1917, польска-сав. вайну 1919—20, антыфаш. і партыз. рух у Вял.Айч. вайну, рэпрэсіі 1930—50-х г.
Тв.:
Польские интернационалисты в борьбе за власть Советов в Белоруссии. Мн., 1967;
Становление партизанского движения в Белоруссии и дружба народов СССР. Мн., 1980 (разам з Р.Р.Кручком);
Вдохновитель и организатор великой Победы. Мн., 1985 (разам з Г.А.Алдакушыным);
Солдат великих боев: Жизнь и деятельность Ф.Э.Дзержинского. 5 изд. Мн., 1987;
Арышты і дэпартацыі ў заходніх абласцях Беларусі (1939—1941 гг.) // Бел.гіст.часоп. 1994. № 1—2;
Аб раззбраенні груповак Арміі Краёвай у Нарачанскай і Налібоцкай пушчах (1943—1944) // Там жа. 1996. № 1, 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІХААКІЯ́НСКІЯ ВО́ЙНЫ 1864—66 і 1879—83.
Вайна 1864—66 вялася паміж Іспаніяй (імкнулася аднавіць сваё панаванне ў краінах Лац. Амерыкі) і паўднёваамер. рэспублікамі — Перу, Чылі, Эквадорам і Балівіяй. У ліп. 1864 ісп. флот захапіў перуанскія а-вы Чынча. На баку Перу ў вер. 1865 выступіла Чылі, у снеж. 1865 да іх далучыліся Эквадор і Балівія. Спроба Іспаніі блакіраваць ціхаакіянскае ўзбярэжжа не мела поспеху, і яна адвяла свой флот. У крас. 1871 заключана перамір’е, у жн. 1879 — мірны дагавор. Вайна 1879—83 выклікана імкненнем Чылі захапіць радовішча салетры ў балівійскай і перуанскай частках пустыні Атакама. У лют. 1879 Чылі напала на Балівію, у крас. ў вайну ўступіла Перу (мела дагавор аб узаемадапамозе з Балівіяй). Чылі падтрымлівала Вялікабрытанія, Балівію і Перу — ЗША. Да канца 1879 чылійцы акупіравалі балівійскае ўзбярэжжа і перуанскую правінцыю Тарапака, у чэрв. 1880 — усю Атакаму, у студз. 1881 занялі сталіцу Перу — г. Ліма; у ліп. 1883 прымусілі Перу падпісаць мірны дагавор, паводле якога Чылі атрымала Тарапаку назаўсёды, а гарады Такна і Арыкі на 10 гадоў (у 1929 Такна вернута Перу). Балівія падпісала ў 1884 перамір’е, паводле якога страціла правінцыю Антафагаста і ў выніку выхад да мора; мірны дагавор, які замацаваў гэтае становішча, падпісаны ў 1904.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУ́ЛЬЦЭ-БО́ЙЗЕНА—ХА́РНАКА АРГАНІЗА́ЦЫЯ,
падпольная антыфаш. арг-цыя ў Германіі ў 1938—42. Створана ў 1938—39 у выніку аб’яднання падп. груп пад кіраўніцтвам беспарт. антыфашыстаў обер-лейт. Х.Шульцэ-Бойзена (служыў у мін-ве авіяцыі) і ўрадавага саветніка эканаміста А.Харнака. Уваходзілі камуністы, сацыял-дэмакраты, беспартыйныя (усяго больш за 200 чал.). Дзейнічала ў Берліне, дзе мела сувязі з антыфашыстамі на ваен. прадпрыемствах і ў кіруючых органах вермахта, падтрымлівала кантакты з падп. групамі ў Эсэне, Лейпцыгу, Гамбургу і інш. гарадах. Падпольшчыкі здзяйснялі сабатаж на ваен. прадпрыемствах, вялі антыфаш. прапаганду, дапамагалі збеглым вязням канцлагераў. У 1941 яны звязаліся з сав. разведкай і да восені 1942 перадавалі па радыё ў Маскву каштоўныя звесткі, у т. л.аб планах гітлераўскага камандавання. Апіраючыся на гэтую і інш. антыфаш. арг-цыі, сав. разведка стварыла ў Германіі і акупіраваных ёй краінах Еўропы сетку сваіх рэзідэнтур, якая пазней атрымала назву «Чырвоная капэла». У жн.—вер. 1942 Ш.-Б.—Х.а. разгромлена гестапа: 49 чал., у т. л. кіраўнікі, пакараны смерцю, некалькі скончылі самагубствам. Пасля вайны многія падпольшчыкі пасмяротна ўзнагароджаны ордэнамі СССР.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. М., 1975. Т. 4. С. 226;
Пещерский В.Л. «Красная капелла»: Советская разведка против абвера и гестапо. М., 2000.