АПТО́ВЫ ГА́НДАЛЬ, аптовы продаж,
1) гандаль партыямі тавараў вытв. прызначэння і асабістага ўжытку паміж прадпрыемствамі і гандл. арг-цыямі. Адрозніваюць гандл. абарот па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні, закупках сельскагаспадарчых прадуктаў і рэалізацыі тавараў нар. ўжытку.
2) У рыначнай эканоміцы — продаж тавараў (паслуг) партыямі ці вял. колькасцю тым, хто набывае іх з мэтай перапродажу або на ўласныя патрэбы.
т. 1, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЭРЫЁЗ (ад а... + грэч. pteron пяро + ...оз),
хвароба птушак, якая характарызуецца затрымкай або поўным прыпыненнем росту пер’я. Часцей сустракаецца ў маладняку вадаплаўнай птушкі пры антысанітарным утрыманні, адсутнасці водных выгулаў, недахопе ў рацыёне амінакіслот (цысціну, лізіну, метыяніну). Пры аптэрыёзе прыпыняецца функцыя хвастцовай залозы, намакае покрыўнае пер’е, зніжаецца імунна-біял. рэактыўнасць арганізма, у выніку ўзнікаюць дэрматозы скуры і прастудныя захворванні.
т. 1, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́ГРАФ (ад бара... + ...граф),
самапісная прылада для пастаяннай рэгістрацыі атм. ціску. Бываюць анероідныя і ртутныя. Найб. пашыраны анероідныя, прыёмная частка якіх зроблена з некалькіх злучаных мембранных анероідных карабкоў (гл. Анероід). Змены атм. ціску выклікаюць перамяшчэнне вечкаў карабкоў, якія перадаюцца пяру, што чэрціць суцэльную крывую на стужцы барабана з гадзіннікавым механізмам (завод разлічаны на суткі або тыдзень). Выкарыстоўваецца на метэастанцыях.
т. 2, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАСПЕКТРО́ГРАФ,
прылада для рэгістравання спектраў выпрамянення нябесных целаў. Устанаўліваецца ў фокусе тэлескопа. Канструкцыя сістэмы тэлескоп — астраспектрограф робіцца жорсткай, каб пазбегнуць зрушэння відарыса. Спектральнае раскладанне святла атрымліваюць пры дапамозе прызмы аптычнай, дыфракцыйнай рашоткі. Спектр фатаграфуюць або рэгіструюць фотаэлектрычнымі прыёмнікамі святла. Астраспектрограф дае магчымасць вызначаць хім. састаў нябесных целаў, скорасць іх руху ўздоўж праменя зроку, наяўнасць магн. поля і інш.
т. 2, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАХТО́Н (ад грэч. autochthōn мясцовы, карэнны) у геалогіі, участак зямной кары, які не зведаў значных гарыз. перамяшчэнняў і залягае пад насунутым на яго тэктанічным покрывам (алахтонам). Подсцільныя пароды звычайна рэзка адрозніваюцца ад покрыўных, зона размежавання іх запоўнена міланітамі. Можа мець складкавыя ці разрыўныя парушэнні незалежна ад покрыва або сумесна з ім. Пашыраны ў складкавых абласцях.
М.А.Нагорны.
т. 2, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАПО́НІКА (ад аэра... + грэч. ponos работа),
паветраная культура, спосаб вырошчвання раслін у вільготным паветры без глебы або яе заменнікаў. Прапанаваны ў 1910 рус. вучоным У.М.Арцыхоўскім. Пры аэрапоніцы карані раслін перыядычна апырскваюць растворам пажыўных рэчываў, што значна зніжае матэр.-тэхн. затраты на іх вырошчванне. Выкарыстоўваецца ў прамысл. кветкаводстве і агародніцтве, у аранжарэях, цяпліцах, касм. караблях і інш.
т. 2, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСТЭ́Я (польск. basteja),
земляны насып або 2-яруснае мураванае збудаванне, паўкруглае ці падковападобнае ў плане; элемент абарончага сярэдневяковага ўмацавання. Выступала за лінію сцен крэпасці і фланкіравала агнём падыходы да іх. Пераходная форма ад вежы да бастыёна. Бастэі існавалі ў канцы 15—16 ст. і прызначаліся для размяшчэння артылерыі. На Беларусі вядомы ў Мядзельскім і Геранёнскім (Іўеўскі р-н) замках.
т. 2, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГАРЫЗО́НТ,
функцыянальнае падраздзяленне ярусаў у біяцэнозах. Асобным біягарызонтам можа з’яўляцца полаг расліннасці або яго часткі (напр., біягарызонт генератыўных органаў у пырнікавым лузе, верхні біягарызонт лісцевага полага ў бярозавым лесе). Да біягарызонту адносяць таксама некаторыя генет. гарызонты глебы (напр., гумусавы), падраздзяленні біятопаў: геобій (месцажыхарства дробных жывёл ніжэй за паверхню глебы), герпетобій (на яе паверхні) і фітобій (на зялёных раслінах).
т. 3, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯПАШКО́ДЖАННЕ,
непажаданае змяненне ўласцівасцяў і якасцяў прамысл. матэрыялаў, вырабаў, збудаванняў, кармавых і харч. прадуктаў і г.д. пад уздзеяннем жывых арганізмаў. Напр., парушэнне драўніны грыбкамі і насякомымі, плесненне прадуктаў, тканіны, паперы, парушэнне цаглянай або бетоннай муроўкі каранямі раслін, падводных частак караблёў, збудаванняў пры іх абрастанні і г.д. Часам у паняцце «біяпашкоджанне» ўключаюцца праявы парушэнняў структуры біягеацэнозаў пад уздзеяннем біягенных фактараў.
т. 3, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВАТЫ́НТА (італьян. acguatinta),
тэхнічная разнавіднасць гравюры, у якой метал. дошка пратраўліваецца праз прыліплы да яе асфальтавы або каніфольны пыл. У акватынце дасягаюцца маляўнічыя эфекты, блізкія да тонавага малюнку. Выкарыстоўваецца ў спалучэнні са штрыхаваным афортам, узбагачаючы яго танальнымі і фактурнымі адценнямі. У бел. мастацтве выкарыстоўваецца з 17 ст. (асобныя творы Л. і А.Тарасевічаў). У 19 ст. значна пацеснена літаграфіяй.
т. 1, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)