ІНФАНТЫЛІ́ЗМ (лац. infantilis дзіцячы ад infans які не гаворыць),

затрымка ў развіцці арганізма чалавека, захаванне ў дарослага марфал., фізіял. і псіхічных рысаў, уласцівых больш ранняму ўзросту. Выяўляецца ў нясталасці эмацыянальна-валявой сферы пры нармальным і нават паскораным фіз. і разумовым развіцці. Характэрнымі рысамі індывіда, якому ўласцівы І. (інфантыла) з’яўляюцца несамастойнасць рашэнняў і дзеянняў, адчуванне неабароненасці, капрызнасць, зніжаная крытычнасць у адносінах да сябе, розныя кампенсацыйныя рэакцыі (напр., фантазіраванне, што замяшчае рэальныя ўчынкі, эгацэнтрызм) і інш. Прычыны І.: інфекц. захворванні (туберкулёз, сіфіліс, малярыя, розныя паўторныя інфекцыі), інтаксікацыі, арган. захворванні, непаўнацэннае харчаванне, авітамінозы, дрэнныя гігіенічныя ўмовы жыцця, прыроджаныя канстытуцыянальныя асаблівасці. Адрозніваюць агульны І. (затрымка развіцця ўсяго арганізма) і частковы І. (затрымка ў развіцці асобных органаў і сістэм). Прыкметы: пры агульным І. захоўваюцца дзіцячыя прапорцыі, склад цела кволы, грудная клетка доўгая, вузкая, косці тонкія, сэрца маленькае, ціск крыві паніжаны, другасныя палавыя прыкметы выяўлены слаба, супраціўляльнасць інфекц. захворванням зніжана. Пры частковым І. вылучаюць псіхічны І. (няўстойлівасць настрою і ўвагі, лёгкая ўнушальнасць, крыўдлівасць, боязь новага, бесклапотнасць і легкадумнасць паводзін спалучаюцца з эгацэнтрызмам і дзіцячай патрабавальнасцю), палавы І. (мізэрная расліннасць пад пахамі і на лабку, у жанчын — недаразвіццё малочных залоз і маткі, месячныя нерэгулярныя, нярэдка бясплоднасць, у мужчын — недаразвіццё вонкавых і ўнутр. палавых органаў, прастаты, адсутнасць палавой цягі, парушэнне палавых функцый) і інш. Лячэнне; стварэнне спрыяльных умоў жыцця і лячэнне захворванняў, якія справакавалі І.

т. 7, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛО́НІІ (ад лац. colonia пасяленне) у біялогіі, сумесныя пасяленні груп аднаго, радзей некалькіх відаў, пастаянныя ці часовыя, абумоўленыя марфал., роднаснымі ці экалагічнымі ўзаемасувязямі, якія забяспечваюць асобінам лепшыя ўмовы існавання.

У раслін К. вядомы сярод водарасцяў; бываюць свабоднаплаваючыя і прымацаваныя, маюць разнастайную форму і памеры, ад 2 клетак (глеякапс) да многіх тысяч (вальвокс). У жывёл сапр. К. — сукупнасці асобін, арганічна звязаных паміж сабой, якія ўтварыліся ў выніку не даведзенага да канца дзялення ці пачкавання (гл. Каланіяльныя арганізмы), простыя тэр. намнажэнні адзінкавых форм (мідыі, марскія жалуды) або згуртаванні асобін аселых жывёл, якія маюць пастаянныя сховішчы (многія віды кажаноў, мурашкі і інш.); згуртаванні з больш складанымі ўзаемасувязямі паміж асобінамі, калі некат. функцыі ў пасяленнях выконваюцца супольна (напр., абарона ад ворагаў і папераджальная сігналізацыя на птушыных базарах, «дзіцячыя сады» ў пінгвінаў, пасяленні ластаногіх, суслікаў); К. грамадскіх насякомых (мурашак, пчол, тэрмітаў і інш.), у якіх асобіны сумесна выконваюць большасць функцый — размнажэння, абароны, забеспячэння кормам, будаўніцтва і інш. (з абавязковым размеркаваннем працы і спецыялізацыяй асобін або ўзроставых груп на выкананні вызначаных аперацый) і дзейнічаюць на аснове пастаяннага абмену інфармацыяй паміж сабой. К. мікраарганізмаў — сукупнасць клетак або міцэлію, якая ўтвараецца ў працэсе іх росту і размнажэння на штучным пажыўным асяроддзі, на паверхні прадуктаў харчавання або ў глебе, грунце вадаёмаў і інш.

Э.​Р.​Самусенка.

Калоніі: 1 — водарасць вальвокс, 2 — эпізаантус; 3 — паразаантус.

т. 7, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РСУНЬ-ШАЎЧЭ́НКАЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальныя дзеянні 1-га (камандуючы ген. арміі М.Ф.Ватуцін) і 2-га (ген. арміі І.С.Конеў) Украінскіх франтоў у раёне г. Корсунь (цяпер г. Корсунь-Шаўчэнкаўскі Чаркаскай вобл., Украіна) 24.1—17.2.1944 у Вял. Айч. вайну. Мела на мэце сустрэчным ударам двух франтоў акружыць і ліквідаваць групоўку ням.-фаш. войск са складу 1-й танк. і 8-й ням. армій групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.​Манштэйн), якая ўтрымлівала Корсунь-Шаўчэнкаўскі выступ і пагражала флангам 1-га і 2-га Укр. франтоў. У праціўніка было 170 тыс. чал., 2600 гармат і мінамётаў, 310 танкаў і штурмавых гармат, 1000 баявых самалётаў; сав. камандаванне на гал. напрамках удараў стварыла перавагу па колькасці войск у 1,7, па артылерыі ў 2,4, па танках і самаходных артыл. устаноўках у 2,6 раза. Войскі 2-га Укр. фронту перайшлі ў наступленне 24, 1-га Укр. фронту — 26 студзеня. Прарваўшы абарону праціўніка, яны злучыліся 28 студз. ў раёне Звенігародкі, стварылі знешні і ўнутраны франты акружэння, адбілі варожыя контратакі і контрудары, потым расчлянілі ням. групоўку і 17 лют. ліквідавалі яе. Праціўнік страціў больш за 73 тыс. салдат і афіцэраў, у т. л. 18,2 тыс. палоннымі; пацярпелі паражэнне яшчэ 15 дывізій, якія прарываліся на дапамогу акружаным ням.-фаш. войскам. К.-Ш.а. стварыла спрыяльныя ўмовы для вызвалення Правабярэжнай Украіны.

Літ.:

Корсунь-Шевченковская битва: [Сборник]. 4 изд. Киев, 1989.

т. 8, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРААРГАНІ́ЗМЫ, мікробы,

найдрабнейшыя арганізмы, бачныя толькі пад мікраскопам. Адкрыты ў 17 ст. А.Левенгукам. Да М. належаць пракарыёты (бактэрыі, сіне-зялёныя водарасці, архебактэрыі) і эўкарыёты (мікраскапічныя грыбы, водарасці, прасцейшыя). Большасць М. — аднаклетачныя арганізмы. Характарызуюцца высокай скорасцю росту і размнажэння, якое адбываецца часта шляхам простага дзялення клеткі. Здольныя існаваць пры т-ры 7—105 °C, павышаным узроўні радыяцыі, у моцнакіслым (pH менш за 1) або шчолачным (pH 9 і болей) асяроддзі, пры адсутнасці кіслароду, пераносіць вельмі нізкую т-ру, высушванне і інш. экстрэмальныя ўмовы. Пашыраны ўсюды ў прыродзе і адыгрываюць важную ролю ў кругавароце рэчываў у біясферы: забяспечваюць мінералізацыю арган. злучэнняў, фіксуюць малекулярны азот, удзельнічаюць у разбурэнні горных парод, глебаўтварэнні, фарміраванні некат. карысных выкапняў і інш. Выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, вытв-сці кармавога бялку, вінаробстве, хлебапячэнні, атрыманні малочнакіслых прадуктаў, антыбіётыкаў, вітамінаў, амінакіслот і інш. Некат. М. патагенныя для чалавека, жывёл і раслін. Развіццё шэрагу М. прыводзіць да збяднення глебы на азот, псавання с.-г. прадукцыі, карозіі метал. абсталявання, разбурэння прамысл. вырабаў, будынкаў, выклікае цвіценне і забалочванне вадаёмаў і назапашванне ў іх атрутных рэчываў (серавадароду, нітрытаў і інш.). Вывучэнне М. прывяло да адкрыцця фундаментальных біял. заканамернасцей і стала асновай біятэхналогіі. Вывучае М. мікрабіялогія.

Літ.:

Стейниер Р., Эдельберг Э., Ингрэм Дж. Мир микробов: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1979;

Нейман Б.Я. Индустрия микробов. М., 1983.

т. 10, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ЦЫ НДІ Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1991 у Мінску на базе Бел. філіяла (з 1971) НДІ працы Дзяржкампрацы СССР. Асн. кірункі навук. даследаванняў: народанасельніцтва (дэмаграфічныя працэсы, міграцыя); рынак працы (рацыянальнае і эфектыўнае выкарыстанне прац. рэсурсаў, занятасць і беспрацоўе, прафарыентацыя і адукацыя, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка кадраў, рэгіянальныя асаблівасці рынку працы); аплата працы (удасканаленне дзярж. механізма рэгулявання заработнай платы, распрацоўка рэкамендацый матэрыяльнага стымулявання для павышэння эфектыўнасці гаспадарання прадпрыемстваў, выканання норм і нарматываў прац. і матэрыяльных выдаткаў); даходы і ўзровень жыцця насельніцтва (фарміраванне даходаў і расходаў насельніцтва, іх структура і дынаміка; распрацоўка мінім. дзярж. сац. стандартаў і іх выкарыстанне пры рэгуляванні даходаў; развіццё сістэм сац. страхавання; беднасць, маштабы і шляхі яе пераадолення); рэгламентацыя і нарміраванне працы (удасканаленне метадалогіі ацэнкі складанасці працы служачых; распрацоўка і вядзенне адзінага тарыфна-кваліфікацыйнага даведніка работ і прафесій рабочых, кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых; распрацоўка метадычнай і нарматыўна-інфарм. базы для нарміравання працы і інш); ахова і ўмовы працы (рэфармаванне сістэмы пенсіённага забеспячэння за работу ў асаблівых умовах працы; эканам. стымуляванне стварэння бяспечных умоў працы); сац. праблемы працы (развіццё сістэмы сац. партнёрства, накіраванай на ўзгадненне інтарэсаў работніка, наймальніка і дзяржавы; падрыхтоўка нарматыўных і метадычных матэрыялаў работы з персаналам); маніторынг сац.-працоўнай сферы Беларусі і інш. З 1993 выдае навук., нарматыўную і даведачную л-ру па праблемах даследавання; з 1995 — штомесячнік «Бюллетень Министерства труда Республики Беларусь».

т. 13, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (БСДП),

эсдэкі, палітычная партыя на Беларусі ў 1918—24. Яе папярэдніцай была Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ), якая ўяўляла сабой блок народнікаў і марксістаў. У 1915 на тэр. Беларусі, акупіраванай герм. войскамі, марксісты (І. і А.​Луцкевічы, Цётка і інш.) выйшлі з БСГ і ўтварылі Беларускую сацыял-дэмакратычную работніцкую групу (БСДРГ). Пасля расколу БСГ (крас. 1918) бел. марксісты, якія дзейнічалі ва ўсх. Беларусі, аб’ядналіся з БСДРГ і ўтварылі з ёю БСДП. Актыўнымі дзеячамі партыі былі В.​Л.​Іваноўскі, І.​І.​Краскоўскі, Луцкевічы, Я.​Ю.​Лёсік, С.​А.​Рак-Міхайлоўскі, А.​А.​Смоліч, Б.​А.​Тарашкевіч, Асн. прынцыпы БСДП: свабода, роўнасць, братэрства, дэмакратыя, прававая дзяржава. Сац. база: кваліфікаваныя рабочыя, адукаваныя сяляне, рамеснікі, інтэлігенцыя. Праект праграмы БСДП складзены ў 1919 Смолічам. Партыя стаяла за нацыяналізацыю зямлі і перадачу яе сялянам, за развіццё кааперацыі ў вёсцы. Лічыла, што для сацыялізацыі прам-сці на Беларусі яшчэ не наспелі ўмовы, што неадкладная сацыялізацыя прывядзе да «бюракратычнага сацыялізму» і эканам. катастрофы. Прапаноўвала ўвесці ўсеаг., роўнае і прамое выбарчае права з тайным галасаваннем, забяспечыць свабоду слова, друку, партый, арг-цый, сумлення, недатыкальнасць асобы і жылля, аддзяленне царквы ад дзяржавы. Выступала за незалежнасць Беларусі як дэмакр. рэспублікі. У БССР дзейнасць партыі спынена арыштам яе актывістаў у сак. 1921. У Зах. Беларусі БСДП была ў апазіцыі да польск. ўрада. Прытрымлівалася легальных, парламенцкіх формаў барацьбы. У 1922 з БСДП вылучылася левае крыло — Беларуская партыя незалежных сацыялістаў на чале з Рак-Міхайлоўскім.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 2, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСА́ДКАВЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

горныя пароды, якія ўтвараюцца асаджэннем рэчыва ў водным асяроддзі, радзей з паветра і ў выніку дзейнасці ледавікоў. У залежнасці ад характару асаджэння падзяляюцца на абломкавыя, хім. і арганагенныя (біягенныя). Утвараюць пласты, слаі, лінзы і інш. геал. целы рознай формы і памераў, якія залягаюць у зямной кары гарызантальна, нахільна або ў выглядзе складаных складак. Адрозніваюць больш як 10 груп асадкавых горных парод: абломкавыя, гліністыя, глаўканітавыя, гліназёмістыя, жалезістыя, фасфатныя, марганцавыя, карбанатныя, солі, каўстабіяліты і інш., а таксама мяшаныя вулканагенна-асадкавыя пароды. Сярод асадкавых горных парод пераважаюць гліністыя (гліны, аргіліты, гліністыя сланцы — каля 50%), пясчаныя (пяскі і пясчанікі) і карбанатныя (вапнякі, даламіты і інш.; разам каля 45%), астатнія тыпы (солі і інш.) складаюць менш за 5%. Утварэнне і размяшчэнне на зямной паверхні асадкавых горных парод (асадканамнажэнне) вызначаецца пераважна кліматычнымі і тэктанічнымі ўмовамі, мае перыядычны характар і падобныя ўмовы ў мінулыя геал. эпохі і ў сучаснасці. Асадкавыя горныя пароды складаюць каля 10% масы зямной кары, укрываюць 75% паверхні Зямлі. Асн. іх маса сканцэнтравана на мацерыках (752 млн. км³), шэльфах і кантынентальных схілах (158 млн. км³), менш на дне акіянаў (190 млн. км³). Многія асадкавыя горныя пароды — карысныя выкапні (нафта, прыродны газ, вугаль, фасфарыты, баксіты, вапнякі, нярудныя буд. матэрыялы). Пашыраны на ўсёй тэр. Беларусі, асабліва гліны, алеўраліты, пяскі, каменная і калійная солі, ангідрыт, вапнякі, даламіты, мергелі, мел.

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии: (к Межведомств. стратигр. Совещанию, Минск, октябрь, 1981 г.). Мн., 1981;

Логвиненко Н.В. Петрографяя осадочных пород с основами методики исследования. 3 изд. М., 1984.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́СНЫЯ ГУ́КІ,

гукі мовы, пры ўтварэнні якіх паветра свабодна праходзіць праз поласць рота. У акустычных адносінах гэта муз. тоны з нязначнымі шумамі. Кожны галосны гук у залежнасці ад формы, набытай поласцю рота і поласцю глоткі (рэзанатары) пры яго вымаўленні, мае пэўную колькасць уласных тонаў, якія наз. характэрнымі тонамі галоснага ці яго фармантамі. Сукупнасць тонаў утварае тэмбр; ім галосныя адрозніваюцца адзін ад аднаго. Агульныя анатама-фізіял. ўмовы ўтварэння галосных гукаў: адсутнасць у маўленчым апараце якіх-н. значных перашкод, што маглі б спрыяць узнікненню шуму; слабая паветраная плынь; напружанасць усіх органаў маўлення. За найб. зручную навук. класіфікацыю прынята лічыць анатама-фізіял., ці генетычную, заснаваную на стане артыкуляцыйных органаў. Асн. ролю пры ўтварэнні галосных гукаў выконваюць губы, язык, мяккае паднябенне.

Паводле актыўнасці-пасіўнасці губ бел. галосныя гукі падзяляюцца на губныя, ці лабіялізаваныя («о», «у»), і негубныя, ці нелабіялізаваныя («і», «ы», «э», «а»). У залежнасці ад стану языка па гарызанталі — на 3 групы: пярэдняга рада («і», «э»), сярэдняга, ці мяшанага, рада («ы», «а»), задняга рада («у», «о»). Паводле руху языка па вертыкалі — на ступені пад’ёму: верхняга пад’ёму, ці закрытыя, вузкія («і», «ы», «у»); сярэдняга пад’ёму («о», «э»); ніжняга пад’ёму, ці адкрытыя, шырокія («а»). У залежнасці ад стану мяккага паднябення — на ротавыя, ці неназалізаваныя (усе галосныя гукі сучаснай бел. мовы), і насавыя, ці назалізаваныя (Ѫ, Ѧ у стараслав., ą, ę; у польск., ɑ̃, ɛ̃ у франц. мове).

Літ.:

Камароўскі Я.М., Сямешка Л.І. Сучасная беларуская мова: Фанетыка і фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Мн., 1985.

Л.​П.​Падгайскі.

т. 4, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАГРА́ФІЯ (ад гідра... + ...графія),

1) раздзел гідралогіі сушы, які вывучае і апісвае канкрэтныя водныя аб’екты і ўсю гідраграфічную сетку пэўнай тэрыторыі з характарыстыкай геагр. становішча, памераў, рэжыму, фізіка-геагр. умоў і гасп. выкарыстання. Выяўляе заканамернасці пашырэння вод сушы, асаблівасці рэжыму і гасп. значэнне іх у розных прыродных раёнах і ландшафтных зонах. Даследуе антрапагенныя змены рэжыму водных аб’ектаў. Цесна звязана з азёразнаўствам і гідралогіяй рэк.

2) Навука пра суднаходныя трасы, формы ложа акіянаў, мораў, азёр і рэк. Даследуе гідраметэаралагічныя ўмовы на трасах, абрысы берагоў, прапануе сукупнасць мерапрыемстваў па стварэнні ўмоў бяспечнага суднаходства. Падзяляецца на гідраграфічны вопіс і навігацыйнае абсталяванне.

На Беларусі першыя звесткі па гідраграфіі адносяцца да 2 ст. н. э. — на картах Пталамея паказаны рэкі Барысфен (Дняпро), Хранон (Нёман), Рубон (Зах. Двіна). Значныя гідраграфічныя работы пачаліся ў 1580-я г., у выніку іх у 1613 у г. Амстэрдам выдадзена Радзівілаўская карта Вял. кн. Літоўскага. У 1802 Дэпартамент водных камунікацый Рас. імперыі выдаў гідраграфічную карту ўнутр. водных шляхоў (маштаб 1: 4 200 000) і кнігу да яе, дзе даволі поўна апісаны рэкі Беларусі. Даследаванні па гідраграфіі засяроджаны ў Камітэце па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у БДУ і інш.

Літ.:

Булавко А.Г., Макаревич А.А. Развитие географических представлений о речной сети Беларуси с древних времен до 18 в. // Изв. Рус. геогр. о-ва. 1993. Т. 125, вып. 1;

Блакітная кніга Беларусі. Мн., 1994.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 5, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫЧА́ЙНЫЯ ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ЎРАЎНЕ́ННІ,

ураўненні адносна функцыі адной пераменнай, якая ўваходзіць у гэта ўраўненне разам са сваімі вытворнымі да некаторага парадку ўключна. Найбольшы парадак вытворнай наз. парадкам ураўнення.

Калі З.д.ў. запісана ў форме x (n) = 𝑓 (t, x, x′, ..., x(n1)) , то кажуць, што гэта ўраўненне n-га парадку ў нармальнай форме. Згодна з тэарэмай існавання і адзінасці ў такога ўраўнення існуе і прычым толькі адно рашэнне з пачатковымі ўмовамі x(t0) = x 1 0 , x′(t0) = x 2 0 ..., x(n1)(t0) = x n 0 , дзе t0, x10, x20, ..., xn0 — адвольны пункт вобласці D R 1 + n у якой 𝑓(t, x, ..., xn) — функцыя, неперарыўная разам са сваімі вытворнымі 𝑓x1, 𝑓x2, ..., 𝑓xn. Гэта азначае, што пачатковыя ўмовы цалкам вызначаюць усё мінулае і будучае той рэальнай сістэмы, якая апісваецца гэтым ураўненнем. Пры дапамозе З.д.ў. або іх сістэм мадэлююць дэтэрмінаваныя рэальныя сістэмы (працэсы). Пры гэтым стан сістэмы ў кожны момант часу t павінен апісвацца канечным мноствам параметраў x1, ..., xn. Тады, каб запісаць такаю мадэль, дастаткова ў мностве станаў сістэмы, якую мадэлююць, задаць скорасці пераходу ад аднаго стану сістэмы да яе наступнага стану.

Літ.:

Еругин Н.П. Книга для чтения по общему курсу дифференциальных уравнений. 3 изд. Мн., 1979;

Петровский И.Г. Лекции по теории обыкновенных дифференциальных уравнений. 7 изд. М., 1984.

У.​Л.​Міроненка.

т. 7, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)