О́МАЛЬ, Куль,

у міфалогіі комі бог — стваральнік сусв. зла, валадар злых духаў. Ён процістаіць свайму брату Ену — стваральніку добрай і праведнай часткі свету. З крыві О. нарадзіліся жывёлы і першая жанчына, у ходзе яго барацьбы з Енам узніклі зямная суша, акіяны і моры; ад скінутых О. з неба жонкі і дзяцей Ена пайшлі людзі. Ен хітрасцю зняволіў О. і яго злых духаў у пекла. Калі О. вызваліцца, паміж ім і Енам адбудзецца вял. бітва. Роднасны О. вобраз — Куль — ёсць у мансійскай міфалогіі.

т. 11, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАЗО́РКА (ад прата... + зорка),

умоўная назва цела, з якога фарміруецца зорка. Уяўляе сабой адасобленую з газапылавога воблака ў выніку яго гравітацыйнай няўстойлівасці шчыльную кандэнсацыю рэчыва, дзе яшчэ не дасягнуты т-ры, неабходныя для пачатку тэрмаядзерных рэакцый — асн. крыніцы энергіі зорак. Пры далейшым сцісканні (на працягу каля 20 млн. гадоў) рэчыва П. разаграваецца і т-ра ў яго нетрах узрастае да 10 млн. К і больш. Гэта стварае ўмовы для працякання рэакцый тэрмаядз. сінтэзу, пасля чаго сцісканне П. спыняецца — утвараецца зорка.

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЯ́М,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі апошні цар Троі, бацька Гектара, Парыса, Касандры і многіх інш. сыноў і дачок. Амаль усе яго сыны загінулі ў Траянскай вайне. Адзін з самых хвалюючых эпізодаў паэмы «Іліяда» — знаходжанне састарэлага П. ў грэч. лагеры, дзе ён упрошвае Ахіла выдаць яму за вял. выкуп цела забітага Гектара. У ноч узяцця Троі грэкамі П. спрабаваў узброіцца і ўступіць у бой. Жонка Гекуба пераканала яго шукаць выратавання каля хатняга алтара Зеўса, дзе П. загінуў ад мяча Неапталема — сына Ахіла.

т. 13, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСІ́ВЕР (англ. receiver ад receive атрымліваць, прымаць, умяшчаць),

прыстасаванне (металічная ёмістасць) для збірання пары, газу ці паветра і выраўноўвання іх ціску. Выкарыстоўваецца ў кампрэсарных і паравых устаноўках, сістэмах пнеўмапрывода і інш.

У паравых машынах Р. выраўноўвае ціск пары пры пераходзе яе з цыліндра высокага ціску ў цыліндр нізкага ціску. У кампрэсарных устаноўках Р. збірае паветра (газ) пры часовым спыненні яго спажывання, выраўноўвае ціск паветра, што нераўнамерна напампоўваецца кампрэсарам, а таксама ахалоджвае паветра і ачышчае яго ад кропляў масла і вільгаці.

т. 14, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТАСЛА́Ў МСЦІСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Сімяон),

наўгародскі, полацкі і смаленскі князь у 1-й пал. 13 ст. Сын Мсціслава Раманавіча. У 1218—19 княжыў у Ноўгарадзе. З 1222 (ці з 1223) полацкі князь. У 1232 «взя Святослав Мьстиславичь, внук Романов Смоленск на щит с полочаны на память святых мучеников Бориса и Глеба, исече смолян много, а сам седе на столе». Верагодна, знаходзіўся на смаленскім прастоле да 1239, калі яго змяніў брат Усевалад. Звесткі пра яго далейшы лёс адсутнічаюць.

А.​А.​Мяцельскі.

т. 14, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТАСЛА́Ў МСЦІСЛА́ВІЧ (? — 1172),

князь уладзіміра-валынскі і берасцейскі. Сын вял. кн. Мсціслава Ізяславіча. Упершыню ўпамянёны ў Іпацьеўскім летапісе пад 1173 (сапраўдная дата падзеі 1170), калі сын Яраслава Асмамысла Уладзімір звярнуўся да яго з просьбай дазволіць уладарыць у г.Чэрвень. Мяркуецца, што ў гэты час С.М. княжыў ва Уладзіміры-Валынскім, а яго старэйшы брат Раман — у Ноўгарадзе. У гісторыка 18 ст. В.​М.​Тацішчава пад 1172 ёсць запіс пра смерць С.М. ў Бярэсці. Верагодна, туды С.М. перайшоў княжыць у 1170.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 14, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РТЭЛЬС (Артур) (1818, Вільня — 23.12.1885),

бел. мастак-карыкатурыст, ілюстратар, польскамоўны паэт-песеннік. Вучыўся ў Пецярбургу, Парыжы. Удзельнік паўстання 1863—64, эмігрыраваў. У эміграцыі напісаў паэму «Палескі тыдзень». Вярнуўшыся з-за мяжы, жыў у Лагойску, Гарадку, Вільні. Літ. творы і малюнкі друкаваў у віленскіх выданнях Я.​Вільчынскага (1850) і Ю.​Крашэўскага. У 1859 выдаў зборнік «Драмы і камедыі». Многія яго песні сталі народнымі. Частка іх надрукавана ў зборніку «Песні і сатыры» (1888). Ф.​Багушэвіч пераклаў на бел. мову яго байку «Свінні і бараны». Аўтар сатыр. малюнкаў і карыкатур (серыі «Чалавек высокага паходжання», «Суседскі абедзік», «Пан Яўген», «Скнара», «Пропаведзь» і інш., надрукаваныя ў «Віленскім альбоме» ў 1858). Да малюнкаў рабіў рыфмаваныя подпісы, у якіх высмейваў застарэлыя звычкі дваран і местачковай шляхты. На выстаўцы 1891 у Мінску экспанаваліся яго малюнкі, у т. л. «Цыганскі табар».

Літ.:

Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии: Очерки. М., 1960.

Л.​Н.​Дробаў.

А.Бартэльс. Пропаведзь. 1844.

т. 2, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНО́ШКА ((Onoszko) Ян) (каля 1775, Быхаўскі р-н Магілёўскай вобл. — 1820 або 1827),

польскі і бел. паэт. Дакладныя факты біяграфіі не захаваліся. Некаторыя аўтары атаясамліваюць яго з ксяндзом Янам Аношкам, рэктарам Варшаўскай духоўнай семінарыі (1823—31). Пісаў панегірыкі шляхце, сатыр. вершы. Аўтар паэмы «Бібеіда» (распаўсюджвалася ў рукапісах). У сваіх сентыментальных творах услаўляў жыццё ў вясковым зацішшы («Муза з вясковае далі», «Мае думкі», «На дажынкі»), прапаведаваў працавітасць і сумленнасць («Літасць»), высмейваў асобныя заганы («На п’янага ветрагона»). Некаторыя яго вершы маюць рэлігійна-містычнае адценне («Сон», «Да бога»), У 1828 Т.​Урублеўская выдала ў Полацку яго «Паэтычныя творы». П.​Мядэкша ўключыў вершы Аношкі ў зб. «Вянок з папараці» (Вільня, 1842). Пра Аношку як «беларускага паэта» пісалі Р.​Падбярэскі, рус. бібліёграф Р.​Генадзі. На бел. мову творы Аношкі перакладаў У.​Дубоўка.

Тв.:

У кн.: Беларуская літаратура XIX стагоддзя: Хрэстаматыя. Мн., 1988. С. 451—454.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 1, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́БЛЕН ((Veblen) Тарстэйн) (30.7.1857, Ката, штат Вісконсін, ЗША — 3.8.1929),

амерыканскі вучоны-эканаміст і сацыёлаг. Праф. Чыкагскага, Станфардскага і Місурыйскага ун-таў. Погляды яго супярэчлівыя: спалучаюць крытыку некат. бакоў капіталізму, фін. алігархіі і «гуляшчага класа» з дробнабурж. утапізмам. Асновай сац. развіцця лічыў матэрыяльную вытв-сць, але зводзіў яе толькі да тэхналогіі, спрошчана трактаваў сувязь паміж тэхнікай і сац.-культ. працэсамі: грамадства разглядаў як прамысл. машыну з пэўнымі эканам. ін-тамі, а яго эвалюцыю — як разумовае прыстасаванне індывідаў да больш хуткіх змен у тэхналогіі. Крытыкаваў марксізм, абгрунтоўваў ідэю змяншэння ролі працы і рабочага класа, у развіцці грамадства вырашальнай лічыў ролю інтэлігенцыі, найперш вытворча-тэхн., якой прапаноўваў перадаць кіраўніцтва краінай (стварыць «савет тэхнікаў»). У канцы жыцця ад часткі гэтых утапічных ідэй адмовіўся, але яны выкарыстаны ў тэхнакратычных тэорыях. Погляды Веблена, асабліва яго тэорыя «гуляшчага класа», адставання культуры ад тэхнікі, спрыялі развіццю немарксісцкай амер. сацыялогіі.

т. 4, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАКЛІ́Т (Hēracleitos) Эфескі

(каля 520—460 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф, прадстаўнік іанійскай школы, заснавальнік дыялектыкі. Захавалася каля 130 фрагментаў яго твора «Аб прыродзе». Цэнтр. паняцце яго філасофіі — логас (розум); тое, што адпавядае яму ў рэальнасці, вечнае і абумоўлівае сапраўдны стан рэчаў. Кожная з’ява, паводле Геракліта, — тоеснасць супрацьлегласцей. Для выяўлення гэтага адзінства патрэбны псіхал. ўстаноўка на пазнанне і апора на сведчанні органаў пачуццяў, а таксама арыентацыя на светапоглядныя ўяўленні аб зменлівасці (цякучасці) усяго існага, аб вечна жывым агні, які «мерна ўзгараецца і мерна патухае», як яго аснове, аб фундаментальнай ролі ўсеагульнага. Пазнанне ўсеагульнага логаса Геракліт прыпадабняў да вырошчвання чалавечай душой уласнага логаса. Сац.-паліт. погляды Геракліта вызначаліся антыдэмакратызмам, супрацьпастаўленнем «герояў» і «натоўпу» ў спалучэнні з прызнаннем неабходнасці развіцця грамадства і прыярытэтнасці вызначаных дзяржавай законаў перад інш. сродкамі рэгулявання грамадскага жыцця.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Материалисты Древней Греции. М., 1955.

У.​К.​Лукашэвіч.

Геракліт.

т. 5, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)