АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,

навука аб прынцыпах і метадах вывучэння саставу рэчываў. Уключае тэарэт. асновы хім. аналізу, метады вызначэння кампанентаў у рэчывах ці матэрыялах, сістэм. аналіз канкрэтных аб’ектаў. Тэарэт. асновы аналітычнай хіміі — метралогія хім. Аналізу (апрацоўка вынікаў); вучэнне аб адборы і падрыхтоўцы аналітычных проб, складанні схемы і выбары метадаў, прынцыпах і шляхах аўтаматызацыі аналізу. Аналітычная хімія звязана з дасягненнямі фізікі, матэматыкі, біялогіі, розных галін тэхнікі. Асаблівасць аналітычнай хіміі — вывучэнне індывід. спецыфічных уласцівасцяў і характарыстык аб’ектаў. У залежнасці ад мэты аналізу адрозніваюць якасны аналіз і колькасны аналіз; у залежнасці ад кампанентаў, якія неабходна выявіць — ізатопны аналіз, элементны аналіз, структурна-групавы (у т. л. функцыянальны аналіз), малекулярны і фазавы аналіз; у залежнасці ад прыроды рэчыва — аналіз арган. і неарган. рэчываў. Вызначэнне рэчыва ці кампанента праводзяць хімічнымі (гравіметрычны аналіз, цітрыметрычны аналіз), фізікахімічнымі (электрахім., фотаметрычны аналіз, кінетычныя метады аналізу), фізічнымі (спектральныя, ядзерна-фіз. і інш.) і біял. метадамі аналізу. Практычна ўсе метады аналітычнай хіміі заснаваны на залежнасці ўласцівасцяў аб’ектаў, якія можна мераць (маса, аб’ём, святлопаглынанне, эл. ток і інш.), ад іх саставу.

Заснавальнікам аналітычнай хіміі як навукі лічыцца Р.Бойль, які ўвёў паняцце «хімічны аналіз». Класічная аналітычная хімія (17—18 ст.) выкарыстоўвала пераважна гравіметрычны і цітрыметрычны метады аналізу. Да 1-й пал. 19 ст. адкрыты многія хім. элементы, выдзелены састаўныя часткі некаторых прыродных рэчываў, устаноўлены пастаянства саставу закон, кратных адносін закон, масы захавання закон. Распрацаваны сістэматычны аналіз (ням. хімікі Г.Розе, К.Фрэзеніус і рус. хімік М.А.Мяншуткін), створаны цітрыметрычны аналіз арган. злучэнняў (ням. хімік Ю.Лібіх). У канцы 19 ст. складалася тэорыя аналітычнай хіміі, заснаваная на вучэнні аб хім. раўнавазе ў растворах з удзелам іонаў (у асн. В.Оствальд). У 20 ст. з’явіліся метады мікрааналізу арган. злучэнняў (аўстр. хімік Ф.Прэгль), паляраграфіі (чэшскі хімік Я.Гейраўскі), рус. біяхімікам М.С.Цветам адкрыты метад храматаграфіі (1903) і створаны яго варыянты. Развіццё сучаснай аналітычнай хіміі звязана са з’яўленнем мноства фізіка-хім. і фіз. метадаў аналізу (мас-спектраметрычны, рэнтгенаўскі, ядзерна-фізічныя). Прапанаваны плазмавыя крыніцы току для атамнаэмісійнага аналізу, распрацаваны метады фотаметрычнага аналізу, атамна-адсарбцыйнай спектраскапіі. У сувязі з неабходнасцю аналізу ядз., паўправадніковых і інш. матэрыялаў высокай чысціні створаны радыеактывацыйны аналіз, хіміка-спектральны, іскравая мас-спектраметрыя, вольтамперметрыя — метады, што дазваляюць вызначыць дамешкі ў чыстых рэчывах з канцэнтрацыяй да 10​-7—10​-8%. Распрацаваны метады неперарыўнага і дыстанцыйнага аналізу. Перавага аддаецца метадам неразбуральнага кантролю, лакальнага аналізу (рэнтгенаспектральны мікрааналіз, мас-спектраметрыя другасных іонаў і інш.). Лакальным аналізам карыстаюцца пры аналізе паверхневых слаёў цвёрдых матэрыялаў ці ўключэнняў горных парод.

Сучасная аналітычная хімія карыстаецца аўтам. ці аўтаматызаванымі варыянтамі вызначэння рэчываў. Метады аналітычнай хіміі дазваляюць кантраляваць тэхнал. працэсы і якасць прадукцыі ў многіх галінах вытв-сці, праводзіць пошук і разведку карысных выкапняў. Аналітычная хімія садзейнічала развіццю ат. энергетыкі, электронікі, акіяналогіі, біялогіі, медыцыны, крыміналістыкі, археалогіі, касм. даследаванняў. На Беларусі сістэм. даследаванні па аналітычнай хіміі пачаліся ў 1935 у БДУ і вядуцца ў ін-тах фіз., хім. і геал. профілю АН, у ВНУ і ведамасных н.-д. установах. Распрацаваны шэраг храматаграфічных метадаў, выдзялення з сумесяў і вызначэння іонаў, комплексаў металаў, алкалоідаў і інш. рэчываў (пад кіраўніцтвам Р.Л.Старобінца); хім. метадаў вызначэння металаў (В.Р.Скараход); даследаваны ўплыў экстракцыйных працэсаў розных тыпаў на функцыянаванне вадкасных і плёначных іонаселектыўных электродаў на аснове вышэйшых чацвярцічных амоніевых соляў (Я.М.Рахманько) і сульфакіслот (У.У.Ягораў). Распрацаваны і ўкаранёны: аніён- і катыёнселектыўныя электроды; нітратамер і іонамер; методыкі вызначэння нітратаў, свінцу, кадмію, вісмуту, ртуці, цынку, алкалоідаў, алкілсульфатаў і інш., газахраматаграфічнага вызначэння фенолаў, пестыцыдаў у вадзе, прадуктах харчавання; экстракцыйна-спектральныя і храматаграфічныя метады аналізу с.-г. аб’ектаў; метады аналізу паўправадніковых матэрыялаў, сплаваў, плёнак, ферытаў.

Літ.:

Золотов Ю.А. Аналитическая химия: Проблемы и достижения. М., 1992.

т. 1, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЗАПРЭСІ́Н,

антыдыурэтычны гармон, нейрагармон многіх пазваночных жывёл і чалавека, які рэгулюе дыурэз. Паводле хім. прыроды — пептыд (октапептыд). Вазапрэсін вырабляецца гіпаталамусам, з якога ён паступае ў гіпофіз, потым у кроў. Выклікае скарачэнне капіляраў, што павышае крывяны ціск (прэсорны эфект) і стымулюе зваротнае ўсмоктванне вады ў ныркавых канальцах, зніжаючы дыурэз (антыдыурэтычны эфект). Недахоп вазапрэсіну ў арганізме можа прывесці да нецукр. дыябету, пры якім выдзяленне мачы рэзка павышаецца.

т. 3, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТО́МЕТР

(ад грэч. bathos глыбіня + ...метр),

прылада для адбору проб вады з пэўнай глыбіні вадаёмаў. З дапамогай батометра вывучаюць фіз.-хім. і сан. ўласцівасці вады і завіслыя ў ёй прымесі. Бываюць імгненнага напаўнення (марскі і рачны батометры) і працяглага напаўнення (батометр-бутэлька, вакуумны батометр). Донныя батометры прыстасаваны да адбору проб наносаў. Некаторыя батометры спалучаны з тэрмометрамі, якія фіксуюць т-ру на глыбіні адобру пробы.

т. 2, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́НЬЯ-ДЭЛЬ-МАР

(Viña del Mar),

горад у Чылі, у агламерацыі Вальпараіса. Засн. ў 1874. 319,4 тыс. ж. (1993). Порт на Ціхім ак. Чыг. станцыя. Хім., тэкст., харч. прам-сць. Паблізу нафтаперапр. з-д, нафтасховішча, нафтавая гавань.

Цэнтр турызму. Адзін з буйнейшых у Лац. Амерыцы прыморскіх кліматычных курортаў. Мяккі субтрапічны клімат міжземнаморскага тыпу спрыяльны для лячэння многіх хвароб і паўнацэннага адпачынку, асабліва ў снеж.—лютым.

т. 4, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІМІЛЯЦЫ́ЙНАЯ ЁМІСТАСЦЬ экалагічнай сістэмы, колькасць шкодных рэчываў, якую экасістэма здольная за адзінку часу назапасіць, разбурыць (перапрацаваць) і вывесці за свае межы без парушэння нармальнага яе функцыянавання. На велічыню паказчыка асіміляцыйнай ёмістасці ўплываюць мноства прыродных і антрапагенных фактараў, фіз. і хім. ўласцівасці рэчываў, але вызначальная роля належыць біял. працэсам. напрыклад, пры практычнай ацэнцы асіміляцыйнай ёмістасці акіяна найперш улічваюць працэсы акіслення арган. забруджвальнікаў і біял. асаджэння.

т. 2, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЭСІ́ЎНАСЦЬ ВАДЫ́,

здольнасць вады разбураць металы, бетон і інш. матэрыялы ў выніку ўздзеяння растворанымі ў ёй солямі або газамі. Асабліва высокая ў вады, якая мае солі амонію, саляную, серную і інш. кіслоты. Павышанай агрэсіўнасцю валодаюць неачышчаныя сцёкавыя воды, воды, забруджаныя змытымі з палёў хім. ўгнаеннямі, атмасферная вільгаць, насычаная злучэннямі азоту, серы і інш. кіслотаўтваральных элементаў («кіслотныя дажджы»), Высокаагрэсіўныя воды неспрыяльныя і нават згубныя для існавання многіх арганізмаў.

т. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАМАНТА́М,

трыцыкладэкан, хімічнае злучэнне, насычаны цыклічны вуглевадарод C10H16, мал. м. 136,23. Бясколерныя лятучыя крышталі з пахам камфоры, tпл=269 °C, шчыльн. 1,071·10​3кг/м. Устойлівы да 660 °C, яго атамы вугляроду ўтвараюць структуру алмазу. Адамантам і яго гамолагі ёсць у нафце.

Атрыманы ізамерызацыяй з тэтрагідрапентадыену. Вытворныя адамантану выкарыстоўваюцца як лек. сродкі (рэмантадзін), сінт. змазкі, мадыфікатары для атрымання злучэнняў з высокай тэрмічнай і хім. трываласцю.

т. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІКАНЕ́Р,

горад на ПнЗ Індыі, у штаце Раджастхан. Засн. ў 1488. 415 тыс. ж. (1990). Чыг. і аўтамаб. вузел. Гандл. цэнтр (воўна, скуры, соль, збожжа) раёна арашальнага земляробства ў пустыні Тар. Хім. прам-сць; эл.-тэхн. і мех. прадпрыемствы, выраб шкла і керамікі. Саматужны выраб дываноў, шарсцяных хустак, пледаў, коўдраў, маст. вырабаў з слановай косці і каштоўнай драўніны. У наваколлі здабыча фасфарытаў, азбесту, гіпсу.

т. 3, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ЛЕФЕЛЬД

(Bielefeld),

горад на Пн Германіі, зямля Паўн. Рэйн-Вестфалія. Вядомы з 1015. 324,7 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел (чыгунка і шаша каля праходу праз горны масіў Тэўтабургскі Лес). Маш.-буд. (у т. л. с.-г. і тэкст.), тэкст. (ільняная), швейная (у т. л. выраб бялізны), харч., хім.-фармацэўтычная, шкларобчая прам-сць. Ун-т. Музеі (у т. л. мастацкі, этнагр., ігральных картаў). Арх. помнікі 13—16 ст.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНАЕ ЎЗМАЦНЕ́ННЕ,

біямагніфікацыя, канцэнтраванне, назапашванне (да 10—20-кратнага) шэрагу хім. рэчываў (напр., пестыцыдаў, радыенуклідаў) у трафічных ланцугах. Некаторыя забруджвальнікі, якія не разбураюцца, назапашваюцца і біялагічна ўзмацняюцца пры праходжанні па харч. ланцугах і біял. цыклах. Аб’ядноўваючыся з інш. рэчывамі навакольнага асяроддзя, яны могуць утвараць новыя рэчывы з атрутнымі уласцівасцямі. Прадухіляецца біялагічнае ўзмацненне толькі выключэннем забруджвальнікаў з сістэмы жыццезабеспячэння. Найб. характэрна біялагічнае ўзмацненне для хлорарган. пестыцыдаў.

т. 3, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)