кодавая назва аперацыі бел. партызан у Вял.Айч. вайну па вывадзе са строю трансп. ліній акупантаў вясной і летам 1943. План аперацыі зацверджаны 21.4.1943 нач.Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР) П.З.Калініным. Задача аперацыі — шляхам узгодненых дзеянняў партызан сарваць перавозкі ворага да фронту, нанесці яму макс. страты. Для падрыхтоўкі і правядзення аперацыі ў тыл ворага былі накіраваны прадстаўнікі БШПР (афіцэры сувязі, інструктары-мінёры). З сак. пры дапамозе авіяцыі далёкага дзеяння партызанам перапраўлялі зброю, боепрыпасы, узрыўчатку; да 6.6.1943 дастаўлена 555 т грузаў (тол, міны, аўтаматы, ручныя кулямёты, вінтоўкі, карабіны, процітанк. ружжы, патроны, гранаты і інш.). У ходзе аперацыі партызаны пусцілі пад адхон 1806 эшалонаў, 8 бронецягнікоў, узарвалі 66 чыг. мастоў, разбурылі 167 кмчыг. пуці, 619 кмтэлеф.-тэлегр. сувязі, разграмілі 164 фаш. гарнізоны і паліцэйскія ўчасткі. Да лета 1943 вывелі са строю амаль усе вузкакалейкі. Гэта прымусіла гітлераўцаў прыняць дадатковыя меры бяспекі: з мая начны рух цягнікоў спыніўся, хуткасць на шэрагу ўчасткаў знізілася да 10—15 км у гадз. Аднак БШПР не змог забяспечыць узрыўчаткай усе партыз. фарміраванні, тамушто «Граніт» была праведзена ў абмежаваным маштабе. Яе вопыт быў выкарыстаны пры планаванні і ажыццяўленні новых больш маштабных аперацый, у т. л. аперацыі «Рэйкавая вайна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙМАН (Maimon) Саламон [сапр.Хейман (Heiman); 1753 або 1754, мяст. Мір, цяпер г.п. Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 22.11.1800], філосаф-асветнік. Вучыўся ў Івянецкай талмудычнай школе. З 1777 у Германіі, дзе самастойна вывучаў філасофію, медыцыну, фізіку, матэматыку. У 1784 скончыў гімназію ў Алтане. Пасля знаёмства ў Берліне з ням. філосафам М.Мендэльсанам пераклаў яго філас. працу «Ранішнія часы», напісаў «Дапаможнік да прыродазнаўства і пачаткаў Ньютана». У «Аўтабіяграфіі» (1791) адлюстраваў гаротнае і бяспраўнае становішча сялян-беларусаў, сваіх землякоў-яўрэяў, жорсткасць і пагардлівыя адносіны да людзей з боку магнатаў і князёў. Быў прыхільнікам філасофіі яўр. тэолага Майманіда (таму і змяніў сваё прозвішча). У працы «Спроба трансцэндэнтальнай філасофіі» (1790) паказаў немагчымасць існавання незалежнай ад свядомасці кантаўскай «рэчы ў сабе». Лічыў, што існуе толькі адзіны свет — свет свядомасці і, як дадзенае, ён не можа быць растлумачаны («Аб прагрэсе філасофіі», 1793). У сваёй гнасеалогіі вылучаў 3 віды пазнання: апастэрыёрнае, апрыёрнае і чыста апрыёрнае (філасофія). Даследаваў тэарэт. праблемы логікі, этыкі, эстэтыкі, выступаў за рэфармаванне існуючай сістэмы ўлады на прынцыпах гуманізму, свабоды і справядлівасці («Гісторыя жыцця», 1792; «Катэгорыі Арыстоцеля», 1794, і інш.).
Літ.:
Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии: Избр. произв. XVI — начала XIX в. Мн., 1962;
Беленький М.С. Иудаизм. 2 изд. М., 1974;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАСЛАВЯНАФІ́ЛЬСТВА,
плынь у рас. філасофіі канца 19 ст., заснаваная на новым тэарэт. абгрунтаванні ідэі славянафілаў аб процілеглым грамадскім развіцці Усходу і Захаду і асобай гіст. ролі славян, асабліва Расіі. Прадстаўнікі Н. (М.Данілеўскі, М.Страхаў, К.Лявонцьеў, У.Салаўёў) выступалі супраць ідэй франц. матэрыялістаў і рас.рэв. дэмакратаў, адмаўлялі прынцыпы дарвінізму, магчымасць развіцця Расіі па шляху еўрап. цывілізацыі, падтрымлівалі рас. самадзяржаўе, абгрунтоўвалі тэзіс пра «асаблівыя пачаткі» рас. гісторыі. Імкнуліся даказаць «богаабранасць Расіі», лічылі яе вольнай ад сац. варожасці і рэвалюцыянізму, сцвярджалі, што толькі моцная царская ўлада і рэліг.-этычны пачатак (праваслаўе) уратуюць краіну ад «згубнага ўплыву гніючага Захаду». Данілеўскі прапанаваў тэорыю адасобленых «культурна-гіст. тыпаў» (цывілізацый), якія развіваюцца на ўзор біял. арганізмаў і праходзяць праз этнагр., племянны (юнацтва), дзярж. (сталасць) і цывілізаваны (старасць, заняпад) перыяды. Якасна новым ён лічыў «славянскі» тып, паколькі Расія ўступіла ў перыяд росквіту, а еўрапейскі тып перажывае перыяд заняпаду, таму славянскае супольніцтва на чале з Расіяй будзе садзейнічаць «усяму высокаму» ў чалавецтве. Прыхільнікам ідэі месіянізму быў і Салаўёў. Лявонцьеў і Страхаў з пазіцый Н. прапагандавалі тэорыю «почвеніцтва», засн. на ідэі збліжэння народа («глебы») і «адукаваных саслоўяў». Ідэі Н. крытыкавалі М.Чарнышэўскі, Дз.Пісараў, М.Салтыкоў-Шчадрын, К.Ціміразеў і інш. прадстаўнікі рэв.-дэмакр. кірунку ў філасофіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́ЛЬНАГА ПАРТНЁРСТВА ТЭО́РЫЯ,
сацыяльна-эканамічная канцэпцыя ідэалаг. абгрунтавання ідэі пра неабходнасць супрацоўніцтва ўсіх сац. груп грамадства ў інтарэсах агульнага прагрэсу і дабрабыту. Набыла пашырэнне пасля 2-й сусв. вайны ў ФРГ, Аўстрыі, Швецыі, Францыі, Вялікабрытаніі, што звязана з асн. працэсамі эканам. і паліт. развіцця Зах. Еўропы. Ідэя класавага супрацоўніцтва сфармулявана ў працах Дж.Міля, Ж.Б.Сея і атрымала развіццё ў дактрыне індустрыяльнага грамадства (Дж.Голбрэйт, Ф.Перу, Р.Арон, Р.Дарэндорф і інш.). Паводле яе, класавыя канфлікты і барацьба перашкаджаюць грамадскаму інтарэсу і таму павінны саступіць месца сац. партнёрству. С.п.т. стала састаўной часткай распрацаванай Л.Эрхардам дактрыны зах.-герм. неалібералізму, якая прадугледжвала неабходнасць пераадолення класавых супярэчнасцей, мэтанакіраванага і планамернага развіцця ўсяго жыцця краіны з дапамогай метадаў дзярж. рэгулявання і планавання. Тэарэтычна абгрунтоўвалася і ў інш. краінах: як надыход эры «сацыяльнага праграмавання» (Бельгія), эпоха «пабудовы новага грамадства» з дапамогай «кантрактаў прагрэсу» (Францыя), эра «добраахвотнага супрацоўніцтва» (Вялікабрытанія) і г.д. Адзін з яе кірункаў — удзел працоўных у кіраўніцтве прадпрыемствамі і эканомікай краіны. На думку тэарэтыкаў лейбарызму і правай сацыял-дэмакратыі (Дж.Стрэйчы, Дж.Коўл, У.Пальме і інш.), паступовае ўкараненне сумеснага кіравання прадпрыемствамі наёмнымі работнікамі і прадпрымальнікамі прывядзе да стварэння грамадства новага тыпу — «дэмакратычнага сацыялізму».
Літ.:
Гэлбрейт Дж. Новое индустриальное общество: Пер. с англ.М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕРЫМАГНЕТЫ́ЗМ [ад феры(т) + магнетызм],
магнітаўпарадкаваны стан рэчыва (ферымагнетыка), у якім магнітныя моманты падрашотак крышталя ўзаемна не скампенсаваны, так што рэчыва мае самаадвольную (спантанную) намагнічанасць. Устанаўліваецца пры т-ры ніжэй Кюры пункта. З’яўляецца вынікам адмоўнага абменнага ўзаемадзеяння.
Элементарныя магн. моманты іонаў ферымагнетыка ўтвараюць некалькі падсістэм — магн. падрашотак, магн. моманты іонаў кожнай з якіх паралельныя і таму намагнічанасць падрашоткі не роўная нулю. Магн. моманты іонаў розных падрашотак маюць антыпаралельную ці больш складаную (напр., трохвугольную) арыентацыю. Спантанная намагнічанасць рэчыва J роўная вектарнай суме намагнічанасцей усіх падрашотак. Розныя значэнні і тэмпературныя залежнасці намагнічанасцей розных падрашотак прыводзяць да больш складанай, чым у ферамагнетыка, залежнасці J ад т-ры: у некат. выпадках J = 0 не толькі ў пункце Кюры, а і пры больш нізкай т-ры — у пункце кампенсацыі, паблізу якога рэчыва мае асаблівыя ўласцівасці. Паводзіны ферымагнетыкаў пры J ≠ 0 у знешнім магн. полі аналагічныя паводзінам ферамагнетыкаў (існуе даменная структура, мае месца магнітнае насычэнне, магн.гістэрэзісу Назіраецца магнітастрыкцыя, магнітная анізатрапія, тэкстура магнітная, ферымагнітны рэзананс. У пункце Кюры ферымагнітны парадак разбураецца і рэчыва пераходзіць у парамагнітны стан (фазавы пераход II роду). Гл. таксама Магнітная структура.
Літ.:
Гл. да арт.Ферамагнетызм.
Р.М.Шахлевіч.
Да арт.Ферымагнетызм. Двухмерная мадэль двухпадрашотачнай ферымагнітнай структуры. Стрэлкамі паказаны напрамкі і велічыні атамных магнітных момантаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЮРКАЛО́ГІЯ,
сукупнасць гуманітарных навук, што вывучаюць мовы, этнаграфію, гісторыю, л-ру, фальклор, культуру пародаў, якія гавораць на цюркскіх мовах. Зарадзілася ў 15—16 ст. з натуральнай цікавасці еўрапейцаў да тур. заваёўнікаў, таму напачатку яе асн. кірункам было вывучэнне Асманскай імперыі і тур. мовы. Сістэм. даследаванні ў Зах. Еўропе пачаў аўстр. ўсходазнавец і дыпламат І.Гамер-Пургшталь (1774—1856), у Расіі (з 2-й пал. 18 ст.) — І.Гіганаў і С.Хальфін.
Рас. Ц. ў 19 — пач. 20 ст. развівалася комплексна: вывучэнне мовы, л-ры, гіст. помнікаў, нумізматыкі (працы М.М.Казем-бека, Ф.Я.Корша, В.В.Радлава і інш.). У сав. перыяд у галіне Ц. працавалі В.У.Бартальд, Я.Э.Бертэльс, У.А.Гардлеўскі, Т.Г.Кезма, М.Я.Мар, І.А.Арбелі і інш.; з 1970-х г. Ц. засяроджана ў Ін-це ўсходазнаўства АНСССР (з 1991 — Рас.АН). Сярод даследчыкаў зах. краін пытанні Ц. вывучалі Х.Боўэн, Б.Льюіс (Вялікабрытанія), Ф.Бабінгер, Г.Яшке (Германія), Ж.Дэні, М.Мала (Францыя), Дж.В.Беркер, Р.Х.Дэвісан (ЗША) і інш.
На Беларусі цюркалагічныя даследаванні традыцыйна засяроджаны на вывучэнні гісторыі і культуры бел.татараў (працы Л.К.Крычынскага, А.В.Мухлінскага, Дж.Александровіча, А.І.Дубінскага, С.У.Думіна, І.Б.Канапацкага, А.І.Смоліка, А.П.Грыцкевіча, В.І.Несцяровіча, Я.А.Якубоўскага і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЙЛО́ЎСКІ Мікалай Канстанцінавіч (27.11.1842, г. Мяшчоўск Калужскай вобл., Расія — 10.2.1904),
расійскі сацыёлаг, публіцыст і літ. крытык; ідэолаг ліберальнага народніцтва, адзін з заснавальнікаў суб’ектыўнай сацыялогіі. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це корпуса горных інжынераў (1856—63). З 1868 супрацоўнік, пазней адзін з рэдактараў час.«Отечественные записки». У 1870-я г. зблізіўся з народнікамі. З 1892 сарэдактар час. «Русское богатство». Прадметам сацыялогіі лічыў адносіны розных форм супольнага жыцця (кааперацыі) да асобы. Пошук законаў гэтых адносін прывёў М. да стварэння канцэпцыі двухадзінай праўды, у рамках якой ён імкнуўся аб’яднаць «праўду-ісціну», атрыманую шляхам аб’ектыўнага назірання, з «праўдай-справядлівасцю», якая адпавядала маральным ідэалам вучонага. Імкненне М. асэнсаваць узаемадзеянне пазнавальнай і духоўна-маральнай патрэб прывяло яго да стварэння суб’ектыўнага метаду ў сацыялогіі. Паводле М., гісторыяй кіруюць стабільныя законы, што рэгулююць парадак і змену фаз гіст. руху, аднак у межах гэтых законаў асоба ставіць свае мэты ў гісторыі і «рухае да іх падзеі». Таму сацыёлаг павінен стварыць сац. ідэал і на гэтай аснове вызначыць, якія грамадскія элементы пажаданы, а якія не пажаданы ў будучыні. Лічыў асобу вышэйшым крытэрыем каштоўнасці грамадства і адмаўляў магчымасць прынясення яе ў ахвяру. Распрацоўваў тэорыю «герояў і натоўпу», гіст. прагрэс трактаваў як паступовае набліжэнне «да магчыма больш поўнага і ўсебаковага падзелу працы паміж органамі і магчыма меншага падзелу працы паміж людзьмі». Спадзяваўся, што многія праблемы грамадства будуць вырашаны пры сацыялізме, які вызначаў як «перамогу асабістага пачатку пры дапамозе пачатку грамадскага», шторас.сял. абшчына бліжэй, чым капіталіст. Захад, стаіць да сацыялізму як ідэалу будучыні. Як літ. крытык выступаў супраць утылітарных і нігілістычных літ.-крытычных поглядаў, выразнікам якіх быў Дз.І.Пісараў. Асн. творы: «Што такое прагрэс?» (1869), «Тэорыя Дарвіна і грамадская навука» (1870—73), «Барацьба за індывідуальнасць» (1875—76), «Героі і натоўп» (1882) і інш.
Тв.:
Литературная критика: Статьи о рус. лит. XIX — начала XX в. Л., 1989;
Герои и толпа: Изб. тр. по социологии. Т. 1—2. СПб., 1998.
Літ.:
Виленская Э.С. Н.К.Михайловский и его идейная роль в народническом движении 70-х — начала 80-х гг. XIX в. М., 1979;
Слинько А.А. Н.К.Михайловский и русское общественно-литературное движение второй половины XIX — начала XX в. 2 изд. Воронеж, 1982;
Володин А.И. Выдающийся деятель русской культуры // Отеч. история. 1993. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭРЫЯ́ЛЬНА-ТЭХНІ́ЧНАЯ БА́ЗА,
вытворчая і тэхніка-тэхналагічная аснова існавання і развіцця грамадства. У яе структуру ўваходзяць сродкі вытв-сці і прылады працы, тэхніка і тэхналогія яе спалучэння з чалавекам, характар і ўзровень грамадскай арганізацыі працы. Якасны стан М.-т. б. выражае адносіны грамадства да навакольнага прыроднага асяроддзя і адначасова з’яўляецца дэтэрмінантам адносін у вытв-сці. Апошнія выступаюць у якасці формы М.-т. б. і разам з ёю абумоўліваюць змены гіст. тыпаў грамадства. Матэрыялізацыя вопыту і ведаў шматлікіх пакаленняў людзей надае М.-т. б. значэнне аб’ектыўнага падмурка пераемнасці гіст. працэсу і паступовай тэндэнцыі ў развіцці грамадства. У дакапіталіст. грамадствах гал. яе рысай было выкарыстанне ў эканоміцы эмпірычных ведаў, паўсядзённага вопыту, правераных на працягу стагоддзяў спосабаў дзейнасці ў сельскай гаспадарцы, рамёствах, прам-сці. Таму тэмпы грамадскіх змен былі вельмі павольнымі. Узнікненне машыннай вытворчасці, індустрыялізацыя эканомікі на базе капіталіст. адносін, нарастаючае выкарыстанне навукі ў вытв-сці і кіраванні эканомікай і грамадствам сталі якасным пераломам у развіцці М.-т. б. і значна паскорылі тэмпы грамадскіх змен. Аўтаматызацыя прывяла да спалучэння навук. ведаў з прадметнымі элементамі вытв-сці (тэхнікай) і з яе ўдзельнікамі. Праца паступова вызваляецца ад пераважна мех. аперацый на карысць росту інтэлектуальных функцый, што патрабуе ад работніка адпаведнай падрыхтоўкі і адначасова стварае больш спрыяльныя ўмовы яго творчага развіцця. У сучаснай М.-т. б. навука займае месца непасрэднай прадукц. сілы, што характарызуецца выкарыстаннем. значных навук. дасягненняў, высокіх тэхналогій (генетыка і генная інжынерыя, выліч. матэматыка, лазерная фізіка, інфармацыйныя тэхналогіі, метады камп’ютэрнага канструявання, стварэнне новых машын і прыбораў, звышцвёрдых матэрыялаў і інш.). Сучасны стан і гал. кірункі развіцця М.-т. б., а таксама яе магчымасці ствараюць аб’ектыўныя перадумовы для станоўчага вырашэння грамадскіх праблем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛЕ́ДСТВА,
у крымінальным працэсе — збіранне і праверка доказаў, неабходных і дастатковых для высвятлення акалічнасцей, што ўваходзяць у прадмет даказвання. Складаецца з папярэдняга С. (у Рэспубліцы Беларусь ідзе за ўзбуджэннем крымін. справы і ажыццяўляецца следчымі пракуратуры, органаў мін-ваўнутр. спраў, дзярж. бяспекі і фін. расследаванняў, а таксама органамі дазнання) і судовага С., якое ажыццяўляе суд. пасяджэнне і з’яўляецца састаўной часткай судаводства з удзелам абвінавачанага, яго абаронцы, пацярпелага, істца і адказчыка (іх прадстаўнікоў). Пры гэтым робіцца праверка доказаў, сабраных папярэднім С., збіранне і праверка новых доказаў з мэтай усебаковага, аб’ектыўнага высвятлення ўсіх істотных акалічнасцей справы. Судовае С. вядзецца вусна ва ўмовах галоснасці, неперарыўнасці суд. разбору, нязменнасці складу суда (суддзі), роўнасці правоў удзельнікаў суд. працэсу. Па ўсіх справах публічнага, прыватна-публічнага і прыватнага абвінавачання, узбуджаных пракурорам, абавязковы ўдзел у суд. разборы дзярж. абвінаваўцы, які агалошвае абвінавачанне, прад’яўляе доказы, удзельнічае ў даследаванні, выказвае сваю думку па сутнасці абвінавачання, робіць суду прапанову аб прымяненні крымін. закону і назначэнні абвінавачанаму пакарання, прад’яўляе або падтрымлівае заяўлены іск, калі гэта патрабуе абарона правоў грамадзян, дзярж. або грамадскіх інтарэсаў. Калі ў ходзе суд. разбору будзе высветлена, што прад’яўленых доказаў недастаткова для пастановы прыгавору, суд па хадайніцтве бакоў прыпыняе справу і прапануе дзярж. абвінаваўцу арганізаваць правядзенне дадатковага С. ці інш. працэсуальных дзеянняў. Суд мае права спыніць справу, калі для гэтага будуць законныя падставы. Суд. разбор крымін. справы праводзіцца толькі ў адносінах абвінавачанага і толькі па тым абвінавачанні, якое таму было прад’яўлена на папярэднім С. Суд правамоцны змяніць кваліфікацыі злачынства незалежна ад пазіцыі дзярж. абвінаваўцы, калі гэта не пагаршае становішча абвінавачанага і не патрабуе змены сутнасці абвінавачання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́ТНАГА ПРЫЦЯГНЕ́ННЯ ЗАКО́Н, Ньютана закон прыцягнення,
закон прыцягнення ў класічнай механіцы. Паводле С.п.з. кожныя матэрыяльныя целы з масамі m1 і m2 прыцягваюцца ў напрамку адно да аднаго з сілай , модуль якой прама прапарцыянальны здабытку іх мас і адваротна прапарцыянальны квадрату адлегласці r паміж целамі: F = Gm1m2/r2, дзе G — гравітацыйная пастаянная. Адкрыты І.Ньютанам у 1665—66 на аснове аналізу Кеплера законаў (апублікаваны ў 1687).
С.п.з. апісвае гравітацыйнае ўзаемадзеянне ў выпадку слабых палёў прыцягнення і малых скарасцей руху ўзаемадзейных цел. Справядлівы для цел адвольнай формы, лінейныя памеры якіх значна меншыя за адлегласць паміж імі, а таксама для шаравых цел з аднародным ці канцэнтрычным размеркаваннем шчыльнасці мас унутры цела. Сіла з’яўляецца патэнцыяльнай сілай, таму гравітацыйнае поле апісваецца скалярным патэнцыялам φ(r), які задавальняе Пуасона ўраўненне і пры цэнтральна-сіметрычным размеркаванні рэчыва роўны φ = −GM/r, дзе M — поўная маса крыніцы поля. Паколькі сіла прыцягнення, што дзейнічае на пробнае цела, прапарцыянальная яго масе, то набытае целам паскарэнне залежыць толькі ад гравітацыйнага патэнцыялу:
. С.п.з. пацверджаны астр. назіраннямі за рухам цел Сонечнай сістэмы, падвойных зорак, прадказаннем планеты Нептун. Мяркуюць, што ў касм. маштабах ён выконваецца да r ~ 1020м. На малых адлегласцях праверка С.п.з. ўпершыню праведзена Г.Кавендышам у 1798. Паводле сучасных эксперым. даных (2001), С.п.з. выконваецца да r ~ 2∙10−4м. На яго аснове тлумачацца марскія прылівы і адлівы, вызначаюцца рух, будова і эвалюцыя нябесных цел, іх масы і фігуры.
Літ.:
Сретенский Л.Н. Теория ньютоновского потенциала. М.; Л., 1946;
Дубошин Г.Н. Теория притяжения. М., 1961;
Богородский А.Ф. Всемирное тяготение. Киев, 1971;
Экспериментальные тесты теории гравитации. М., 1989.