ПРЭ́МІКСЫ (ад лац. prae раней, перад + misceo змешваю),
абагачальныя сумесі біялагічна актыўных рэчываў. Выкарыстоўваюцца для павелічэння пажыўнасці камбікармоў і паляпшэння іх біял. ўздзеяння на арганізм с.-г. жывёл. Паводле складу вылучаюць П. вітамінныя, мінер., вітамінна-тэрапеўт. і інш. У склад уваходзяць: напаўняльнік (аўсяная, травяная мука, вотруб’е, макуха, дрожджы і інш.) і біялагічна актыўныя рэчывы (вітаміны, мікраэлементы, амінакіслоты, ферменты, антыбіётыкі, антыаксіданты і інш.). Вырабляюць на камбікормавых з-дах для жывёл розных відаў, узростаў і кірункаў прадукцыйнасці.
т. 13, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЗАСФЕ́РА (ад грэч. rhiza корань + sphaira шар),
слой глебы (2—3 мм), які прымыкае непасрэдна да кораня расліны і мае павышаную колькасць мікраарганізмаў. Склад мікрафлоры залежыць пераважна ад тыпу глебы, віду і ўзросту раслін. Уздзеянне мікраарганізмаў Р. разнастайнае: ператвараюць складаныя нерастваральныя злучэнні ў формы, засваяльныя раслінамі, узбагачаюць глебу азотам, сінтэзуюць біялагічна актыўныя рэчывы, выдзяляюць таксіны, удзельнічаюць у дэнітрыфікацыі, уступаюць у сімбіёз з раслінамі (гл. Клубеньчыкавыя бактэрыі, Мікарыза), некат. паразітуюць.
С.І.Бельская.
т. 13, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З ПО́ЛЬСКІХ РАБО́ЧЫХ (СПР; Związek Robotników Polskich),
рэвалюцыйная арг-цыя рабочых у Каралеўстве Польскім у 1889—93. Засн. Ю.Мархлеўскім, Я.Ледэрам і інш. ў Варшаве, аб’яднаў рабочыя гурткі і групы інтэлігенцыі. Заклікаў рабочых да сацыяліст. рэвалюцыі, арганізоўваў стачкі, першамайскія выступленні і інш. акцыі. Арг-цыі СПР існавалі ў гарадах Жырардаў, Лодзь, Згеж, Дамброва, Сасновец і інш. У 1893 увайшоў у склад партыі Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага (з 1900 Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы).
т. 14, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРО́ЦКІ СУД,
установа ў Расіі (1775—1917), якая ведала апякунскімі і сіроцкімі справамі асоб гар. саслоўяў. Засноўвалася пры гар. магістратах, а пасля ўвядзення суд. статутаў (1864) — пры акруговых судах. У склад С.с. ўваходзілі старшыня (гар. галава ці інш. асоба) і члены, якіх выбіралі на сходах купецкага, мяшчанскага і рамеснага саслоўяў на 3 гады. У тых гарадах, дзе не было ўведзена гар. палажэнне, С.с. складаўся з гар. старосты і 2 членаў, якіх выбірала гар. грамадства.
т. 14, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІ́ЧНАЯ БУДО́ВА КАПІТА́ЛУ,
адносіны паміж вартасцю пастаяннага капіталу і вартасцю пераменнага капіталу, катэгорыя марксісцкай палітэканоміі. Адлюстроўвае тэхн. склад капіталу: колькасныя адносіны сродкаў вытв-сці да рабочай сілы. Чым больш машын, абсталявання, матэрыялаў і інш. сродкаў вытв-сці прыпадае на аднаго рабочага, тым арганічная будова капіталу і яго тэхн. будова вышэйшыя. З развіццём вытворчасці, паскарэннем тэмпаў навукова-тэхн. прагрэсу гэты паказчык павялічваецца. Гэта азначае, што доля жывой працы змяншаецца, а доля мінулай працы расце, у выніку прадукцыйнасць працы павышаецца.
т. 1, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АР’ЕРГА́РД (ад франц. arrière задні, тылавы + garde варта),
мотастралковая (танкавая) часць (падраздзяленне), прызначана для прыкрыцця войскаў у час іх адыходу або маршу ад фронту ў тыл. Ідзе следам за гал. сіламі. Задача ар’ергарду затрымаць наступаючыя сілы праціўніка, выйграць час, неабходны для адрыву гал. сіл, і забяспечыць ім планамерны адыход на новыя рубяжы. Склад. задачы і аддаленасць ар’ергарду ад гал. сіл залежыць ад памеру калоны і баявых абставін. Звычайна асн. сілы ар’ергарду ўзмацняюцца ці падтрымліваюцца інш. спец. падраздзяленнямі і авіяцыяй.
т. 1, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ КАПЭ́ЛА.
Існавала ў 1928—30 у Мінску. Арганізавана на базе Бел. студыйнага хору, створанага ў 1926 па ініцыятыве Інбелкульта. У студз. 1929 умацавана лепшымі артыстамі з хору Бел. дзярж. муз. тэхнікума (усяго 55 чал.). Кіраўнік А.Ягораў. Папулярызавала бел. нар. песні, выконвала творы бел. кампазітараў (у т. л. хары з оперы М.Аладава «Тарас на Парнасе»), Удзельнічала ў выкананні 9-й сімфоніі Л.Бетховена. Большасць артыстаў капэлы ўвайшла ў склад Беларускай студыі оперы і балета.
т. 2, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ВАКА́ЛЬНЫ КВАРТЭ́Т.
Існаваў у 1927—65 у Мінску. Напачатку працаваў пры БДТ-1, у 1930-я г. — пры Бел. радыёцэнтры. 1-ы склад квартэта: К.Мацалевіч, М.Швайко (тэнары), У.Патапаў, М.Нікалаевіч (басы), 2-і (з 1945) — В.Някрасаў, К.Пуроўскі (тэнары), М.Пігулеўскі, Э.Прабштэйн (басы). У рэпертуары апрацоўкі бел. нар. песень, творы бел. кампазітараў, ансамблі і пералажэнні харавых твораў Ф.Шуберта, Л.Бетховена, А.Барадзіна і інш. Зрабіў шмат фондавых запісаў на радыё, выступаў у адкрытых канцэртах.
т. 2, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ НАРО́Д»,
грамадска-паліт., эканам. і літ. газета. Выдавалася 20.1—5.2.1919 у Гродне на бел. і рус. мовах. Інфармавала пра работу бел. арг-цый і дзярж. структур. Апублікавала першыя заявы Нар. сакратарыята БНР, пратэст бел. арг-цый супраць намеру польск. ўрада правесці выбары ў сейм на Гродзеншчыне, якая на той час не ўваходзіла ў склад польск. дзяржавы, інфармацыю пра адкрыццё ў шэрагу гарадоў Беларусі аддзелаў Бел. культ.-асв. т-ва «Бацькаўшчына» і інш. Выйшлі 2 нумары.
А.С.Ліс.
т. 2, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЕ́Ф (Еўна Фішалевіч) (1869, г. Гродна в. Лыскава Пружанскага р-на — 1918),
адзін з арганізатараў і лідэраў партыі эсэраў, сакрэтны супрацоўнік (з 1892) дэпартамента паліцыі. У 1903 фактычна ўзначаліў «баявую арг-цыю» партыі эсэраў, кіраваў падрыхтоўкай тэрарыст. актаў. Выдаў паліцыі з’езд прадстаўнікоў партыі ў Харкаве (1901), амаль увесь склад «баявой арг-цыі» (1905). Па даносе Азеф пакараны смерцю 7 яе членаў. У 1908 Азеф выкрыты і прыгавораны ЦК партыі да смяротнага пакарання, але ўцёк за мяжу. Памёр у Берліне.
т. 1, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)