ГАЛАЛЕ́ДЗІЦА,

тонкі слой лёду на зямной паверхні, не пакрыты снегам. Утвараецца пасля адлігі, дажджу або імжы пры раптоўным пахаладанні або пры выпаданні ці асяданні вадкіх атм. ападкаў на пераахалоджаную паверхню (гл. Галалёд).

т. 4, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНГРЭ́СІЯ (ад лац. ingressio уваходжанне, уступленне),

павольнае (векавое) пранікненне марскіх і азёрных вод у паніжэнні рэльефу прыбярэжнай сушы пры павышэнні ўзроўню мора або пры апусканні берага. У выніку І. ўтвараюцца інгрэсійныя берагі.

т. 7, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́НЕКЕРА СІ́МВАЛ,

функцыя σnm двух целалікавых аргументаў n і m, якая вызначаецца ўмовай σnm=1. пры n=m, σnm=0 пры n≠m. Уведзены Л.Кронекерам (1866). Выкарыстоўваецца ў матрычным і тэнзарным злічэнні.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРЭЗІ́Я (ад а... + грэч. trēsis адтуліна),

1) поўная адсутнасць прасвету або адтуліны ў трубчастым органе. Прыроджаная атрэзія (аорты, стрававода, заднепраходнай адтуліны, похвы, маткі і інш.) развіваецца пры парушэнні эмбрыянальнага фарміравання органа. Пры некаторых прыроджаных атрэзіях нованароджаныя нежыццяздольныя. Набытая атрэзія ўзнікае з прычыны запалення або рубцовага працэсу (напр., атрэзія стрававода пры апёку кіслатой). Лячэнне хірургічнае.

2) Зваротнае развіццё фалікула ў яечніку млекакормячых. Інтэнсіўнае ў перыяд палавога выспявання і цяжарнасці.

т. 2, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЛЮ́ЗІЯ (ад лац. occlusus замкнёны, схаваны),

1) захоп крышталямі часткі рэчыва асяроддзя пры крышталізацыі. Прыводзіць да забруджвання крышталёў прымесямі, якія ўплываюць на іх фіз. ўласцівасці.

2) Паглынанне газаў цвёрдымі металамі ці расплавамі з утварэннем цвёрдых і вадкіх раствораў або хім. злучэнняў (напр., нітрыды, гідрыды).

3) Аклюзія цыклону — стадыя развіцця цыклону, пры якой цёплыя масы паветра пры сустрэчы з халодным фронтам выцясняюцца ў верхнія слаі трапасферы і страчваюць сувязь з зямной паверхняй.

т. 1, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЗЗЛІ́ТКАВАЯ ПРАКА́ТКА,

атрыманне металічных пруткоў, загатовак, лістоў ці стужак з вадкага металу, які заліваецца ў зазор паміж гарыз. валкамі, што круцяцца ў розныя бакі. Пры бяззліткавай пракатцы ў адным працэсе спалучаюцца ліццё, крышталізацыя і дэфармацыя металу. Найбольш пашырана бяззліткавая пракатка сталі (гл. Бесперапыннае ліццё металаў і сплаваў).

Схемы бяззліткавай пракаткі: а — пры падачы металу збоку; б — пры падачы металу знізу; 1 — размеркавальная вапна; 2 — міжвалковая прастора (крышталізатар); 3 — валок; 4 — паласа.

т. 3, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫПАДКО́ВАЯ ПАДЗЕ́Я ў тэорыі імавернасцей,

падзея, якая пры выкананні пэўных умоў (правядзенні выпрабавання) можа як адбыцца, так і не адбыцца і для якой існуе пэўная імавернасць яе наступлення. Наяўнасць у выпадковай падзеі A пэўнай імавернасці p (0 ≤ p ≤ 1) тлумачыцца паводзінамі яе частаты: калі названае выпрабаванне ажыццяўляецца n разоў, а A з’яўляецца пры гэтым m разоў, то пры вялікіх n частата mn аказваецца блізкая да p. Гл. таксама Імавернасцей тэорыя.

т. 4, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСОКАТРЫВА́ЛАЯ СТАЛЬ,

сталь высокай (да 1500 МПа) трываласці. Адносіцца да легіраваных канструкцыйных сталей. Атрымліваюць камбінаваннем розных спосабаў умацавання (наклёпу, мартэнсітавага ператварэння, утварэння цвёрдых раствораў і інш.). Некаторыя высокатрывалыя сталі выплаўляюць з чыстай шыхты, падвяргаюць вакуумаванню і тэрмамеханічнай апрацоўцы. Мартэнсітастарэючыя сталі ўмацоўваюцца ў выніку мартэнсітавага ператварэння пры загартоўцы і асабліва дысперсійнага цвярдзення пры водпуску металу, пры гэтым захоўваюць і значную вязкасць. З высокатрывалай сталі робяць валы, шасцерні, муфты і да т.п.

т. 4, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ НАГРЭ́Ў,

награванне дыэлектрыкаў у пераменным эл. полі. Абумоўлены дыэлектрычнымі стратамі. Мае высокую хуткасць і раўнамернасць разагравання матэрыялаў з нізкай цеплаправоднасцю. Пры частотах да 300 МГц праводзіцца ў полі кандэнсатара; пры звышвысокіх частотах — у полі аб’ёмнага рэзанатара ці выпрамяняльніка; напружанасць эл. поля ў прамысл. устаноўках да 3000 кВ/м. Выкарыстоўваецца для высушвання матэрыялаў (драўніны, паперы, керамікі і інш.), зваркі пластмас, награвання пластмас перад прасаваннем, пры склейванні драўніны і інш.

т. 6, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПЕДА́НС (англ. impedance ад лац. impedio перашкаджаю),

1) у акустыцы — комплекснае супраціўленне, якое ўводзіцца пры разглядзе ваганняў акустычных сістэм. Роўнае адносінам комплексных амплітуд гукавога ціску да аб’ёмнай вагальнай скорасці. Вымяраецца ў т.зв. «акустычных омах» (Па∙с/м³). Паняццем І. карыстаюцца пры вывучэнні распаўсюджання гуку ў трубах пераменнага дыяметра, рупарах і інш., пры даследаванні акустычных уласцівасцей выпрамяняльнікаў і прыёмнікаў гуку.

2) У электратэхніцы — устарэлая назва поўнага супраціўлення эл. ланцуга. Гл. Электрычнае супраціўленне.

т. 7, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)