САРАЧА́НКА, Клевель,
рака ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Вілія. Даўж. 29 км. Пл. вадазбору 201 км². Выцякае з воз. Тумскае. За верхняе цячэнне лічаць р. Клевель, якая пачынаецца за 1,7 км на ПдЗ ад в. Караняты і дрэніруе азёры Баранскае, Клевел, Белае, Туравейскае, Залаўскае, Каймін, Тумскае. Упадае ў Вілію за 1 км на З ад в. Сарочча. Рэчышча ад вытоку на працягу 2,2 км каналізаванае.
т. 14, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНА́ТАР (лац. senator),
1) у Старажытным Рыме член сената, а з канца 1 ст. да н.э. таксама прадстаўнік вышэйшага саслоўя. Званне С. было пажыццёвым, у імператарскі час перадавалася ў спадчыну ці магло быць падаравана імператарам.
2) У Рэчы Паспалітай член дзярж. рады манарха і вышэйшай палаты сойма.
3) У Рас. імперыі і некат. сучасных дзяржавах член сената. Маюць тыя ж правы, што і дэпутаты ніжніх палат (гл. Парламент).
т. 14, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЯ́МСКІЯ БЛІЗНЯ́ТЫ,
аднаполыя блізняты, злучаныя паміж сабой; загана развіцця. Тэрмін «С.б.» з’явіўся ў 19 ст. пасля нараджэння ў 1814 у Сіяме братоў — Чанга і Хенга (па-кітайску правы і левы), злучаных у вобласці грудной клеткі і бёдраў. Частата нараджэння С.б. — 1 на 100—250 тыс. родаў. Маюць няпоўнае раздзяленне тулаваў, спалучэнне крывяносных сістэм і інш. С.б. бываюць сім. і асім. (адзін развіваецца нармальна, другі недаразвіты). Падвяргаюцца хірург. раздзяленню.
І.М.Семяненя.
т. 14, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКА́ЗЧЫК,
бок цывільнай справы ў судзе або спрэчкі ў гасп. судзе, якому прад’яўлена патрабаванне істца. Паводле бел. права адказчыкам можа быць грамадзянін, а таксама прадпрыемства, арг-цыя, установа, якія з’яўляюцца юрыд. асобамі; у гасп. судзе адказчыкам — толькі юрыд. асобы. Становішча адказчыка ў судзе, яго працэсуальныя правы і абавязкі прадугледжаны цывільным і гасп. працэсуальным заканадаўствамі. У крымін. працэсе магчымы ўдзел адказчыка, калі ён нясе матэрыяльную адказнасць за шкоду, прычыненую абвінавачаным.
І.І.Пацяружа.
т. 1, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАНДО́Н (франц. abandon) у марскім праве, права страхавальніка адмовіцца ад сваіх правоў на застрахаваную маёмасць на карысць страхоўшчыка і атрымаць поўную страхавую суму. Як правіла, робіцца ў выпадку прапажы, гібелі маёмасці, немэтазгоднасці аднаўлення ці рамонту судна. Заява аб абандоне павінна паступіць ад страхавальніка на працягу 6 месяцаў з моманту ўзнікнення для гэтага падстаў. Можа быць зроблена і ў аднабаковым парадку без пацвярджэння страхоўшчыка. У выніку абандона да страхоўшчыка пераходзяць усе правы на застрахаваную маёмасць.
т. 1, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬТА (Volta),
рака ў Зах. Афрыцы, пераважна ў Гане. Утвараецца ад зліцця Чорнай Вольты і Белай Вольты. Даўж. 1600 км (ад вытоку р. Чорная Вольта). Пл. бас. 394 тыс. км². Упадае ў Гвінейскі заліў, утварае балоцістую дэльту. Буйныя прытокі — Оты (левы), Афрам (правы). Паўнаводная са жн. да снежня. Сярэдні расход вады 1288 м³/с. Гадавы сцёк 41 км³. ГЭС. Вадасх. Вольта. Рыбалоўства. Суднаходная за 400 км ад вусця. Гал. парты — Кетэ-Крачы, Акасомба.
т. 4, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛЫША, Гольша,
рака ў Горацкім і Дрыбінскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Проня (бас. Дняпра). Даўж. 37 км. Пл. вадазбору 225 км². Пачынаецца за 3 км на ПнЗ ад в. Чапялінка Горацкага р-на. Асн. прыток — р. Дабранка (справа). Вадазбор на паўн. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна скрынкападобная, глыбокаўрэзаная, шыр. 500 м — 1 км. Пойма двухбаковая, месцамі забалочаная. Рэчышча каналізаванае на 10 км ад вытоку, ніжэй свабодна меандруе. Берагі стромкія, абрывістыя, параслі лесам.
т. 4, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖА́МНА, Ямуна,
рака ў Індыі, правы, самы доўгі прыток р. Ганг. Даўж. 1384 км, пл. бас. 351 тыс. км². Пачынаецца ў ледавіках хр. Заскар у Гімалаях, у вярхоўі цячэ па вузкай глыбокай цясніне, у сярэднім і ніжнім цячэнні — на Інда-Гангскай раўніне. Буйны прыток Чамбал. Сярэдні расход вады каля 2,5 тыс. м³/с. Летнія паводкі ад мусонных дажджоў. Ад Дж. адыходзяць шматлікія арашальныя каналы. На Дж. — гарады Дэлі (пачатак суднаходства), Агра, Алахабад.
т. 6, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. dispositio размяшчэнне),
1) у ваен. справе да 20 ст. назва плана размяшчэння сухапутных войск для вядзення бою. У 18—19 ст. пісьмовы загад войскам, у якім ставіліся баявыя задачы; у 1912 у рус. арміі Д. заменена паняццем «баявы загад».
2) У ВМФ размяшчэнне караблёў на рэйдзе, базах, стаянках у адкрытым моры.
3) У праве састаўная ч. нормы права, што вызначае правілы паводзін, правы і абавязкі, якімі надзяляюцца ўдзельнікі праваадносін.
т. 6, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЭ́ЛЬВЕНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Зэльвенскім р-не Гродзенскай вобл. паміж вёскамі Беражкі, Каралін, Кашалі; часткова ў межах г.п. Зэльва. Створана на р. Зальвянка ў 1983. Пл. 12 км², даўж. 9 км, найб. шыр. 2 км, найб. глыб. 7,5 м, аб’ём вады 28 млн. м³. Правы бераг больш стромкі, парос лесам, левы спадзісты, пад сенажацямі і пашай. У г.п. Зэльва на левым беразе лесапарк пл. 47 га. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель, воднага добраўпарадкавання прылеглых вёсак, рыбагадоўлі.
т. 7, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)