ЛІ (Lee) Дэвід Морыс (н. 20.1.1931, г. Рай, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1991), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1990). Скончыў Гарвардскі (1952) і Канектыкуцкі (1955) ун-ты. З 1959 у Карнуальскім ун-це (з 1969 праф.). Навук. працы па фізіцы нізкіх і звышнізкіх т-р, па даследаванні ўласцівасцей вадкага гелію і атамарнага вадароду, звышправоднасці. Адкрыў з’яву звышцякучасці вадкага гелію-3 (1972). Нобелеўская прэмія 1996 (разам з Р.Рычардсанам, Д.Ошэрафам).

Тв.:

Рус. пер. — Необычные фазы жидкого ​3He // Успехи физ. наук. 1997. Т. 167, № 12.

М.​М.​Касцюковіч.

Д.Лі.

т. 9, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВО́НЦЬЕЎ (Leontief) Васіль Васілевіч (5.8.1906, С.-Пецярбург —9.2.1999),

амерыканскі эканаміст. Чл. Нац. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў, Брытанскай акадэміі. Замежны чл. Расійскай АН. Скончыў Ленінградскі ун-т (1925). З 1931 праф. эканомікі Гарвардскага, з 1975 — Нью-Йоркскага ун-таў. Распрацаваў метад эканоміка-матэм. аналізу «затраты-выпуск» для вывучэння міжгаліновых сувязей, структуры эканомікі і складання міжгаліновага балансу («Даследаванне структуры амерыканскай эканомікі», 1953); выкарыстоўваецца больш як у 50 краінах для прагназавання і праграмавання эканомікі. Значны ўклад зрабіў у прагноз развіцця сусв. эканомікі («Будучае сусветнай эканомікі», 1977). Нобелеўская прэмія 1973.

В.В.Лявонцьеў.

т. 9, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДАВА́Р (Medawar) Пітэр Браян (28.2.1915, г. Рыо-дэ-Жанейра, Бразілія — 2.10.1987),

англійскі біёлаг. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1949). Скончыў Оксфардскі ун-т (1939), працаваў у ім. З 1947 праф. Бірмінгемскага, з 1951 — Лонданскага ун-таў. У 1962—71 дырэктар Нац. ін-та мед. даследаванняў у Лондане. Навук. працы па росце і старэнні арганізма, яго рэакцыях на перасадку тканак ( у т. л. імунарэакцыях), трансплантацыйных антыгенах і антылімфацытарных сываратках. Адкрыў з’яву набытай імунаталерантнасці і ўзнавіў яе ў эксперыменце. Нобелеўская прэмія 1960 (разам з Ф.М.Бёрнетам).

П.Б.Медавар.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́НІШ (Moniz) Антоніу Каэтану ды Абрэу Фрэйр Эгаш

(de Abreu Freire Egas; 29.11.1874, г. Эштарэжа, Партугалія — 13.12.1955),

партугальскі неўрапатолаг і нейрахірург. Вучыўся ва ун-тах г. Каімбра (Партугалія) і г. Бардо (Францыя). З 1902 праф. ун-та г. Каімбра, у 1911—44 у Лісабонскім ун-це. Навук. працы па ўдасканаленні метаду ангіяграфіі для дыягностыкі пухлін мозга. Выкарыстаў хірург. ўмяшанне для лячэння некат. псіхічных хвароб, распрацаваў методыку прэфрантальнай лейкатаміі (разрэз белага рэчыва пярэдняга мозга). Нобелеўская прэмія 1949 (разам з В.​Р.​Гесам).

А.​К.​Моніш.

т. 10, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОТ (Mott) Джон Рэйлі (25.5.1865, г. Лівінгстан-Манар, ЗША — 31.1.1955),

амерыканскі грамадскі дзеяч, хрысц. місіянер. Скончыў Корнелскі (г. Ітака) ун-т (1888). У 1895—1920 ген. сакратар, у 1920—28 старшыня Сусв. студэнцкай хрысц. федэрацыі, у 1898—1928 адначасова ў Хрысц. асацыяцыі маладых людзей (з 1915 ген. сакратар гэтай асацыяцыі і Нац. савета хрысц. царквы ў ЗША). У 1921—41 старшыня Міжнар. місіянерскага савета. З 1948 ганаровы старшыня Экуменічнага савета цэркваў. Аўтар прац па прапагандзе хрысц. ідэалаў і місіянерскай дзейнасці. Нобелеўская прэмія міру 1946 (разам з Э.Г.Болч).

Дж.Мот.

т. 10, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́ЛЕР (Müller) Карл Алекс (н. 20.4.1927, г. Базель, Швейцарыя),

швейцарскі фізік. Замежны чл. Нац. АН ЗША (1989), Рас. АН (1994). Скончыў Швейц. федэральны тэхнал. ін-т (1950). У 1963—92 у Цюрыхскай н.-д. лабараторыі фірмы «Інтэрнэшанал бізнес мэшынс», адначасова з 1962 у Цюрыхскім ун-це (з 1970 праф.). Навук. працы па структурных фазавых пераходах, крытычных і мультыкрытычных з’явах, даследаванні ферамагн. матэрыялаў пры нізкіх т-рах, звышправоднасці. Адкрыў высокатэмпературную звышправоднасць пры даследаванні керамічных матэрыялаў на аснове лантану (1986). Нобелеўская прэмія 1987 (разам з І.​Г.​Беднарцам).

М.​М.​Касцюковіч.

К.А.Мюлер.

т. 11, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́РЭНБЕРГ (Nirenberg) Маршал Уорэн (н. 10.4.1927, Нью-Йорк),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1967) і Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1966). Скончыў ун-т у штаце Фларыда (1952). З 1952 у Мічыганскім ун-це, з 1957 у Ін-це артрытаў і хвароб абмену рэчываў; з 1962 у Лінгаўскім нац. ін-це сэрца. Навук. працы па расшыфроўцы генет. кода і механізмах бялковага сінтэзу. Распрацаваў метад выяўлення кодавага значэння нуклеатыдных трыплетаў. Сінтэзаваў і выпрабаваў усе тэарэтычна магчымыя трынуклеатыды. Нобелеўская прэмія 1968 (разам з Х.Г.Каранам, Р.У.Холі).

М.Нірэнберг.

т. 11, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РЫШ (Norrish) Рональд Джордж Рэйфард (9.11.1897, г. Кембрыдж, Вялікабрытанія — 7.6.1978),

англійскі фізікахімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1936). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1925), дзе і працаваў (з 1937 праф.). Навук. працы па кінетыцы хім. працэсаў у газавай фазе (фотахім., дэтанацыя). Распрацаваў метад даследавання быстрых хім. рэакцый і іх кароткажывучых прадуктаў (метад імпульснага фатолізу), стварыў устаноўку імпульснага фатолізу (разам з Дж. Портэрам; 1950), што дазволіла атрымаць спектры паглынання многіх простых свабодных радыкалаў, даследаваць механізм іх ператварэнняў, даказаць існаванне быстрых рэкамбінацыйных працэсаў. Нобелеўская прэмія 1967 (разам з Портэрам, М.Эйгенам).

Р.Норыш.

т. 11, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́ДЭ (Palade) Джордж Эміль (19.11.1912, г. Ясы, Румынія),

амерыканскі вучоны-цытолаг. Чл. Нац. АН ЗША, Амерыканскай акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў Бухарэсцкі ун-т (1940). З 1946 у Ракфелераўскім ін-це мед. даследаванняў у Нью-Йорку, з 1973 праф. і заг. аддзела мед. школы Іельскага ун-та ў г. Нью-Хейвен. Навук. працы па электронна-мікраскапічным вывучэнні марфалогіі клетачных структур, біяхіміі клеткі. Адзін з распрацоўшчыкаў метаду дыферэнцыяльнага цэнтрыфугавання. У 1953 выявіў і апісаў рыбасомы, дэталёва вывучыў структуру мітахондрый. Нобелеўская прэмія 1974 (разам з А.Клодам і К.Р.Дэ Дзювам).

Дж.Э.Паладэ.

т. 11, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДБЕЛ (Rodbell) Марцін (н. 1925),

амерыканскі фізіёлаг. З 1958 дырэктар Ін-та вывучэння навакольнага асяроддзя ў Нац. ін-це здароўя. У 1970-я г. даказаў, што гармоны перадаюць інфармацыю (сігнал) адпаведным клеткам пры дапамозе 3 незалежных кампанентаў клетачнай абалонкі: спец. рэцэптараў, перадатчыкаў (пасрэднікаў), узмацняльнікаў (перадатчык бывае актыўны толькі ў прысутнасці адпаведнага носьбіта энергіі; ён ідэнтыфікаваны амер. фізіёлагам А.​Гілманам як бялок G). Высветліў ролю G-бялкоў у малекулярных механізмах узнікнення шэрагу інфекц. хвароб (халеры, коклюшу і інш.). Нобелеўская прэмія 1994 (разам з Гілманам).

А.​Ю.​Маніна.

т. 13, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)