МЕГАЛІТЫ́ЧНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ, мегаліты (ад мега... + lithos камень),
старажытныя збудаванні з вял. неапрацаваных або груба апрацаваных камянёў. Да такіх збудаванняў належацьдальмены, кромлехі, менгіры, пахавальныя і крапасныя цыклапічныя пабудовы. Пашыраны па ўсім свеце (за выключэннем Аўстраліі), пераважна ў прыморскіх рэгіёнах. На тэр. Еўропы самыя стараж. М.з. вядомы з эпохі энеаліту, значна пашырыліся ў бронзавым веку. Найб. вядомы на атлантычным узбярэжжы Зах. Еўропы, у Міжземнамор’і, на Каўказе. Сусветна вядомым М.з. з’яўляецца Стонхендж у Англіі, які, на думку многіх даследчыкаў, быў стараж. астранамічнай абсерваторыяй. На Беларусі да М.з. можна аднесці нагрувашчванне вялізных камянёў на ўзгорку каля в. Горка Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл., куды з даўніх часоў прыносяць ахвяраванні мясц. жыхары. Помнікамі рытуальна-астранамічнага прызначэння, верагодна, можна лічыць вял. валуны на беразе воз. Янова каля в. Бікульнічы Полацкага р-на Віцебскай вобл., складзеныя ў выглядзе квадрата 15 × 15 м, адкрытага з аднаго боку (гл.арт.Камяні).
Э.М.Зайкоўскі.
Да арт.Мегалітычныя збудаванні. Стонхендж. Цэнтральная частка пабудовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫЯ́ТАРЫ (лац. mediator пасрэднік),
нейратрансмітэры, біялагічна актыўныя рэчывы, якія перадаюць узбуджэнне ці тармажэнне з нервовых клетак на іншыя (нервовыя, мышачныя, залозістыя). Найчасцей М. — нізкамалекулярныя рэчывы, якія ўтвараюцца з амінакіслот, сінтэзуюцца ў нейронах. Да М. належацьацэтылхалін, гістамін, норадрэналін, сератанін і інш., некат. к-ты (напр., α-глютамінавая). У нейронах існуе селектыўнасць прадукцыі М. У залежнасці ад М. розныя нерв. ўтварэнні вегетатыўнай нерв. сістэмы падзяляюць на адрэнэргічныя (норадрэналін) і халінэргічныя (ацэтылхалін). З нерв. клеткі М. паступаюць да перадсінаптычных канцоў нерва, дзе назапашваюцца ў сакраторных пузырках. Пры праходжанні нерв. імпульсу М. вызваляюцца з пузыркоў, звязваюцца з рэцэптарамі на постсінаптычнай мембране, выклікаюць змену яе палярызацыі і далейшае праходжанне імпульсу. Потым М. разбураюцца ферментамі (напр., ацэтылхалін — халінэстэразай), што аднаўляе папярэдні ўзровень палярызацыі мембраны і гатоўнасць сінапсу да перадачы наступнага нерв. імпульсу.
Літ.:
Харкевич Д.А. Фармакология. 6 изд. М., 1999;
Руководство по медицине: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛІ,
зборная група ніжэйшых раўнакрылых і разнакрылых матылёў, якія належаць да 3 падатрадаў (больш за 40 сям., каля 15 тыс. відаў). Вядомы з мелавога перыяду (каля 135 млн.г. назад). Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі 11 сям.: М. зубатыя — Micropterygidae, М. сапраўдныя — Tineidae (27 відаў), М.-стракаткі — Gracilariidae, або LithocoUetidae (18 відаў), М. гарнастаевыя — Yponomeutidae, М. выемчатакрылыя — Gelechiidae, М.-чахланоскі — Psychidae (9 відаў), М.-малюткі — Nepticulidae, або Stigmellidae (7 відаў), М. вузкакрылыя — Momphidae, М.-блішчанкі. або М. кружковыя — Heliozelidae (2 віды), М.-мінёры — Tischeriidae (4 віды), М.-мяшочніцы — Talaeporiidae (3 віды).
Матылі дробных і сярэдніх памераў. размах крылаў да 70 мм. Лічынкі (вусені) паядаюць раслінныя і жывёльныя рэшткі, грыбы, лішайнікі; дарослыя не кормяцца. Сярод М. шмат шкоднікаў, напр., М. мэблевая і М. адзежная псуюць шэрсць і футра, М. зерневая, або свірнавая — збожжапрадукты, М. стракатка яблыневая і М. гарнастаевая яблыневая шкодзяць яблыні, М. пупышкава-парасткавая — хвоі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕДАТЫКА́ЛЬНЫЯ»,
члены найніжэйшых індуісцкіх кастаў, якія не належаць да ніводнай з 4 індуісцкіх варнаў. Да «Н.» адносілі тых, хто займаўся нячыстымі для прававерных індусаў заняткамі, звязанымі з забойствам жывёл, брудам і смеццем: рыбаловы, гарбары, абутнікі, прачкі, смецяры, асенізатары і інш., а таксама прадстаўнікі адсталых плямён. Лічылася, што зносіны «Н.» з членамі вышэйшых кастаў апаганьваюць апошніх. Найб. жорсткія абмежаванні для «Н.» існавалі на Пд Індыі, ім забаранялася жыць разам з іншымі, наведваць храмы, карыстацца агульнымі калодзежамі і г.д. У 1920—30-я г. барацьбу за правы «Н.» узначаліў М.К.Гандзі, які называў іх «харыджанамі» («божымі дзецьмі»; афіц. назва «Н.» у сучаснай Індыі). Канстытуцыя 1949 гарантавала «Н.» усе грамадз. правы, а закон 1955 прыраўноўваў іх дыскрымінацыю да крымін. злачынства. Чл.т.зв. «спісачных» (ніжэйшых) кастаў і плямён (16% насельніцтва Індыі) атрымалі льготы пры паступленні ў ВНУ і на дзярж. службу. Аднак поўнае скасаванне «недатыкальнасці» застаецца адной з найб. складаных праблем інд. грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАВІКО́ЎСКІ (Уладзімір Лукіч) (4.8.1757, г. Міргарад, Украіна — 18.4.1825),
рускі і ўкр. жывапісец-партрэтыст. Акадэмік (з 1795), саветнік (з 1802) Пецярбургскай АМ. Вучыўся ў аўстр. мастака І.Б.Лампі. У партрэтах 1790-х г. яскрава выявіліся ідэі сентыменталізму (партрэт Кацярыны II). Імкнуўся ствараць натуральныя вобразы асоб, здольных на тонкія перажыванні, паэт. мары і элегічныя настроі (партрэты А.А.Менеласа, В.В.Капніста, К.М.Арсеньевай, М.І.Лапухіной, А.Г. І В.Г.Гагарыных). У мужчынскіх партрэтах імкнуўся ўвасобіць ідэал паважаных дзярж. дзеячаў (Д.П.Трашчынскага, Ф.А.Бароўскага, А.Ф.Бястужава і інш.). Пасля 1800 у яго творчасці з’яўляюцца рысы класіцызму (партрэты А.І.Безбародка з дочкамі, А.А. і М.І.Далгарукіх, А.Л.Ж. дэ Сталь і інш.). Баравікоўскаму належаць парадныя партрэты (Муртаза-Кулі-Хана, А.Б.Куракіна і інш.) і рэдкія ў тагачасным мастацтве вобразы сялян («Хрысціння», «Зіма ў вобразе селяніна»). У 1793—94 стварыў абразы для Іосіфаўскага сабора ў Магілёве.
Літ.:
Алексеева Т.В. В.Л. Боровиковский и русская культура на рубеже 18—19 вв. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫЛО́ПЫ,
групы жывёл атр. парнакапытных сям. пустарогіх за выключэннем быкоў, буйвалаў, казлоў і бараноў. Пашыраны ў Афрыцы, Еўразіі, Паўн. Амерыцы. 30 родаў, каля 80 відаў. Да роду антылоп (Antilope) належыць толькі індыйская антылопа гарна. У стэпах і саваннах Афрыкі жывуць буйныя каровіны антылопы — гну і бубалы, горная антылопа (Hippotragus niger). Паўпустыні і пустыні Афрыкі насяляюць конскія антылопы (Hippotragus), орыксы, адакс (Addax nasomaculatus). У пустынях, стэпах і лесастэпах Афрыкі і Азіі жывуць газелі, да якіх належацьджэйран і дзерэн. Спосаб жыцця стадны. Многія занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Выш. ў карку ад 25 см (карлікавыя антылопы — Neotraginae) да 180 см (антылопа Кана — Taurotragus oryx), маса ад 8 кг да 1000 кг. Рогі прамыя і кароткія (ад 1,5 см) або доўгія (да 150 см) і выгнутыя ў выглядзе дугі або штопара. Афарбоўка ад светлай жоўта-пясчанай да шэра-блакітнай або амаль чорнай. Нараджаюць 1—3 цялят. Кормяцца травяністай расліннасцю, радзей лісцем дрэў. Аб’екты палявання; выкарыстоўваюцца мяса, скура, рогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІ́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
эра тэктагенезу, што адбываўся з канца мелу і пераважна ў кайназоі. Выявілася ў межах геасінклінальных абласцей, якія развіваліся ў мезазоі і раннім палеагене, завяршылася ўзнікненнем маладых горных утварэнняў — альпідаў. Да вобласці альпійскай складкаватасці належаць складкавыя горы: у Еўропе Альпы, Пірэнеі, Андалускія, Апеніны, Карпаты, Дынарскае нагор’е, Стара-Планіна, Крымскія горы; у Азіі Каўказ, Пантыйскія, Таўр, Туркмена-Харасанскія, Эльбурс, Загрос, Сулейманавы горы, Гімалаі, складкавыя ланцугі Бірмы, Інданезіі, Камчаткі, Японскіх і Філіпінскіх а-воў; у Паўн. Амерыцы складкавыя хрыбты Ціхаакіянскага ўзбярэжжа Аляскі і Каліфорніі; у Паўд. Амерыцы Анды; таксама архіпелагі, якія акаймоўваюць Аўстралію з У, у т. л. а-вы Новая Гвінея і Новая Зеландыя. Альпійская складкаватасць месцамі закранула і суседнія платформы — Юрскія горы і частку Пірэнейскага п-ва ў Зах. Еўропе, паўд.ч. гор Атлас у Паўн. Афрыцы, Таджыкскую дэпрэсію і паўд.-зах. адгор’і Гісарскага хрыбта ў Сярэдняй Азіі, усх.ч. Скалістых гор у Паўн. Амерыцы, Антарктычны п-аў у Антарктыдзе і інш. На тэр. Альпійскай складкаватасці захоўваецца тэктанічная актыўнасць, што выяўляецца ў моцным расчляненні рэльефу, высокай сейсмічнасці, шматлікіх дзеючых вулканах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫН (Аляксандр Сцяпанавіч) (сапр.Грынеўскі; 23.8.1880, г. Слабадскі Кіраўскай вобл., Расія — 8.7.1932),
рускі пісьменнік. Сын ссыльнага ўдзельніка паўстання 1863—64. Шмат вандраваў па Расіі; неаднойчы арыштоўваўся, быў у ссылцы. Першае апавяданне «Заслуга радавога Панцялеева» (1906) было канфіскавана і знішчана. Напісаў больш за 350 апавяданняў, аповесцей, вершаў, паэм, сатыр. мініяцюр. Апублікаваў зб. «Славутая кніга» і «Здарэнне на вуліцы Пса» (1915), «Шукальнік прыгод» і «Трагедыя пласкагор’я Суан» (1916). Грын стварыў свой непаўторны свет, авеяны рамантыкай прыгод, і засяліў яго мужнымі, высакароднымі і свабоднымі людзьмі. У яго творах арганічна пераплецены рэальнасць і невычэрпная фантазія, якая адлюстравала вечную мару пра чалавечае шчасце. Да найб. папулярных належаць аповесць «Пунсовыя ветразі» (1923, экранізавана ў 1961), раманы «Бліскучы свет» (1924, экранізаваны ў 1984), «Залаты ланцуг» (1925), «Бягучая па хвалях» (1928, экранізаваны ў 1967), «Дарога нікуды» (1930) і інш. Яго творчасць доўгі час замоўчвалася і набыла прызнанне ў 1960-я г.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1980;
Собр. соч. [Кн. 1—5]. СПб., 1993—94.
Літ.:
Михайлова Л. Александр Грин: Жизнь, личность, творчество. 2 изд. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́НТЫІ І КАМПЕНСА́ЦЫІ працоўныя, парадак і меры забеспячэння аховы працоўных правоў і інтарэсаў работнікаў, прадугледжаныя заканадаўствам. Паводле КЗаП Рэспублікі Беларусь устаноўлены: парадак замацавання месца работы (пасада) для работнікаў, выбраных на выбарныя пасады ў дзярж. органах, а таксама на час выканання дзярж., грамадскіх або воінскіх абавязкаў (з захаваннем сярэдняга заработку), пры накіраванні для павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, пры часовай непрацаздольнасці, пры накіраванні на абследаванне ў мед. ўстановы, пры рабоце па ўкараненні вынаходстваў і рацыяналізатарскіх прапаноў і ў інш. выпадках; гарантыйныя выплаты пры накіраванні ў службовыя камандзіроўкі і пераездзе на работу ў інш. мясцовасці; кампенсацыя за амартызацыю трансп. сродкаў, абсталявання, інструментаў і прыстасаванняў, якія належаць работніку. Закон прадугледжвае таксама выпадкі абмежаванай матэрыяльнай адказнасці работніка за страты, прычыненыя па яго віне наймальніку, а таксама абмяжоўвае магчымасці і памеры ўтрыманняў з заработнай платы. Пры кожнай выплаце зарплаты агульны памер усіх утрыманняў не можа перавышаць 20%, а ў выпадках, спецыяльна прадугледжаных заканадаўствам, — 50% зарплаты. Не дапускаюцца ўтрыманні з выхадной дапамогі, кампенсацыйных і інш. выплат, на якія паводле заканадаўства не накіроўваецца спагнанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць прававых нормаў, якія рэгламентуюць асновы дзярж. і грамадскага ладу краіны, сістэму і прынцыпы фарміравання і дзейнасці органаў дзярж. улады і кіравання, выбарчую сістэму, правы і абавязкі грамадзян. У некат. замежных краінах тэрмін Дз.п. замяняецца тэрмінам канстытуцыйнае права.
У Рэспубліцы Беларусь гал. крыніца Дз.п. — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, а таксама заканадаўства аб выбарах, інш. прававыя акты. Нормы Дз.п. вызначаюць паліт. і эканам. сістэму грамадства, асновы дзейнасці дзяржавы ў галіне сац. развіцця і культуры, знешняй палітыкі і абароны Айчыны, рэгулююць узаемаадносіны дзяржавы і асобы, устанаўліваюць таксама сістэму, парадак утварэння і прынцыпы дзеяння органаў заканадаўчай, выканаўчай і суд. улады, органаў мясц. кіравання і самакіравання, фінансава-крэдытнай сістэмы, пракуратуры, дзярж. кантролю. Вызначальнае месца ў сістэме Дз.п. належаць нормам, якія замацоўваюць канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян, гарантуюць абарону гэтых правоў і свабод. Дз.п. як вядучая галіна з’яўляецца асноватворнай для інш. галін права — цывільнага, прац., адм. і інш.
Існуе і навука Дз.п., якая вывучае дзяржаўна-прававыя нормы, інстытуты і адносіны ў працэсе іх узнікнення і развіцця, даследуе прыроду, сутнасць і змест Дз.п., яго прынцыпы, прадмет, крыніцы і сістэму.