СЕЙСМАГРА́МА (ад грэч. seismos ваганне, землетрасенне + ...грама),
бесперапынны запіс сейсмічных ваганняў з дапамогай сейсмографа. Найб. пашырана тэхніка запісу на фотапаперы светлавым промнем, таксама выконваецца на закуранай паперы вастрыём пяра, на паперы пяром з чарнілам і інш. У сейсмалогіі па С. вызначаюць момант набліжэння сейсмічных хваль, вуглы іх выхаду на зямную паверхню, амплітуды і перыяды розных тыпаў хваль, што дазваляе вызначыць каардынаты і інтэнсіўнасць землетрасенняў, вывучаць унутр. будову Зямлі. У сейсмічнай разведцы па С. вызначаюць сумарны час распаўсюджвання сейсмічных ваганняў (ад месца іх узбуджэння да адбівальнай ці пераламляльнай мяжы і назад да месца іх рэгістрацыі), форму запісу ваганняў, іх амплітуды, паводле інтэрпрэтацыі якіх вызначаюць глыбіню залягання, характар геал. межаў і некат. параметры горных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЗУНЫ́, рэптыліі (Reptilia),
клас вышэйшых пазваночных (амніёт). Вядомы з сярэдняга карбону (каля 300 млн.г.назад). Паходзяць ад стэгацэфалаў; мелі 2 гал.эвалюц. ствалы — зверападобных (далі пачатак млекакормячым) і дыяпсід (архазаўраў і лепідазаўраў, якія далі пачатак птушкам). Найб. разнастайныя былі ў мезазойскую эру (каля 200—150 млн.г.назад), калі сярод іх з’явіліся марскія (іхтыязаўры і інш.) і лятаючыя (птэразаўры) формы. 4 сучасныя атр.: кракадзілы, лускаватыя, чарапахі і дзюбагаловыя; больш за 8 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найб. у тропіках і субтропіках. Жывуць у розных біятопах: ад сухіх адкрытых месцаў да рознага тыпу лясоў, балот і вадаёмаў. Некат. ўпадаюць у зімовую або летнюю спячку. Каля 150 відаў і падвідаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 7 відаў: вераценніца ломкая, гадзюка звычайная, мядзянка, вуж звычайны, чарапаха балотная, яшчаркі жывародная і порсткая. Мядзянка і чарапаха балотная занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. ад некалькіх сантыметраў (некат. яшчаркі) да 10 м (некат. змеі), маса ад некалькіх грамаў да 500 кг і больш (некат. кракадзілы, чарапахі). Цела ўкрыта рагавой луской, пласцінкамі або панцырам. Канечнасці пяціпальцыя, у некат. відазмененыя (марскія чарапахі, хамелеоны) або рэдукаваныя (змеі, некат. яшчаркі). П. — пайкілатэрмныя жывёлы. Сэрца трохкамернае (у кракадзілаў чатырохкамернае). У галаўным мозгу — зачаткавая кара (неапалеум). Сярод змей і яшчарак ёсць ядавітыя. Пераважна драпежнікі, некат. чарапахі і яшчаркі расліннаедныя. Раздзельнаполыя. Размнажаюцца яйцамі, многім уласціва яйцажыванараджэнне і жыванараджэнне; некат. змеям і яшчаркам уласцівы партэнагенез. Асобныя віды — аб’екты промыслу. Прэпараты змяінага яду выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Вывучае П. герпеталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫФЕ́Й (ад лац. Riphaei montes Рыфейскія горы — антычная назва Уральскіх гор),
рыфейскі комплекс, рыфейская эонатэма (эон), надрэгіянальнае падраздзяленне Агульнай стратыграфічнай шкалы дакембрыю краін СНД і адпаведны яму інтэрвал геал. часу ад 1650 ± 50 млн.г. да 650 ± 20 млн.г. таму назад. Вылучаны М.С.Шацкім у 1945. Падзяляюць Р. на ніжні (бурзяній), сярэдні (юрмаціній) і верхні (каратавій). Да пачатку рыфейскага эону ў выніку завяршальных тэктанічных рухаў і магматычных працэсаў карэльскай эпохі складкавасці ў канцы ранняга пратэразою закончыўся геасінклінальны этап развіцця тэр. Беларусі. У раннім Р. (1650—1350 млн.г.) яна, як і ўся Усх.-Еўрап. платформа, уяўляла сабой узнятую сушу, дзе пераважалі працэсы выветрывання і дэнудацыі. Толькі на адносна апушчаных участках намнажаліся вулканагенна-асадкавыя (бабруйская серыя) і асадкавыя (шаровіцкая серыя) тоўшчы. У сярэднім Р. (1350—1000 млн.г.назад) пачаў развівацца Валына-Аршанскі прагін паўн.-ўсх. распасцірання. Тут утварыўся мелкаводны марскі басейн, дзе намнажаліся пераважна чырванаколерныя пясчаныя і пясчана-алеўрытавыя адклады (пінская і аршанская світы беларускай серыі). На завяршальным этапе Р. на тэр. Беларусі часова існавалі невял. ізаляваныя або паўзамкнёныя басейны (лагуны) з пераменнай салёнасцю вады, дзе намнажаліся абломкавыя і абломкава-карбанатныя адклады лапіцкай світы. У цэлым адклады Р. займаюць больш як палову тэр. Беларусі і цягнуцца ў паўн.-ўсх. напрамку амаль суцэльнай паласой шыр. 200—300 км. Магутнасць іх павялічваецца з ПдЗ на ПнУ ад 480 м да 850 м, месцамі больш за 1400 м. Залягаюць на крышт. фундаменце, перакрываюцца вендскімі або больш маладымі (да антрапагенавых уключна) адкладамі. Паверхня іх на глыб. ад дзесяткаў метраў (Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ) да 500—800 м (Аршанская ўпадзіна). З адкладамі Р. звязаны значныя запасы расолаў і мінер, вод, якія выкарыстоўваюцца ў бальнеалагічных мэтах (санаторыі ў Ждановічах, Рагачове, Лётцах); на Палескай седлавіне вял. запасы прэсных вод, прыдатных для гасп. водазабеспячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ (ад назвы в. Александрыя ў Шклоўскім р—не Магілёўскай вобл.),
ліхвінскае міжледавікоўе, міндэль—рыскае міжледавікоўе, міжледавіковая эпоха пач. сярэдняга антрапагену (320—460 тыс.г.назад). Наступіла пасля бярэзінскага зледзянення і папярэднічала макс. На Беларусі дняпроўскаму зледзяненню. Доўжылася 140 тыс. гадоў. Адклады Александрыйскага міжледавікоўя залягаюць на глыбіні ад 5—10 м на ПдЗ і З рэспублікі да 50—80 м у сярэдняй і паўн. частках; з’яўляюцца гарызонтам, які падзяляе антрапагенавую тоўшчу на 2 роўныя па магутнасці часткі. Ёсць у пахаваных рачных далінах, азёрных і балотных катлавінах, ледавіковых лагчынах. Прадстаўлены азёрнымі (супескі, суглінкі, дыятаміты, сапрапеліты, мергелі, алеўрыты), балотнымі (торф, гумусавыя супескі), алювіяльнымі (пяскі з лінзамі торфу, суглінку, супеску) утварэннямі. Вылучаецца значнай працягласцю, субатлантычным умерана цёплым кліматам, найб. падабенствам да пліяцэну па палеагеаграфічных умовах.
археалагічныя культуры сярэдняй пары верхняга палеаліту (каля 23—17 тыс.г.назад) на тэр.Зах., Цэнтр, і Усх. Еўропы, аб’яднаныя шэрагам агульных рыс. Назва ад стаянак каля мяст. Вілендорф (Аўстрыя) і в. Касцёнкі (Варонежская вобл., Расія). Уключае вілендорфскую, паўлаўскую (Маравія) культуры, касцёнкаўска-аўдзееўскую культуру, а таксама асобныя стаянкі (Бердыж, Кракаў-Спадзіёта, Польшча) і інш. Насельніцтва займалася паляваннем, вырабляла крамянёвыя прылады (наканечнікі, нажы, праколкі, пласціны з рэтушшу), багата арнаментаваныя рэчы з косці і іклаў маманта, зааморфныя і антрапаморфныя фігуркі з косці і мергелю. Для гэтых культур характэрны своеасаблівыя жыллёвыя комплексы: адкрытыя пляцоўкі з шэрагам агнішчаў, абкружаныя зямлянкамі і ямамі-сховішчамі. Многія даследчыкі разглядаюць Вілендорфска-Касцёнкаўскае культурнае адзінства як адзіную археал. культуру.
А.В.Іоў.
Да арт.Вілендорфска-касцёнкаўскае культурнае адзінства. «Вестаніцкая Венера» паўлаўскай культуры (Маравія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУСАЧЫ́, дрывасекі (Cerambycidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. У сусв. фауне каля 25 тыс. відаў, найб. шматлікія ў тропіках. Жывуць на хвойных і лісцевых дрэвах, травяністых раслінах, у глебе, у драўляных будынках. На Беларусі да 100 відаў. Найб. вядомыя: вусач дамавы (Hylotrupes bajulus), вусач караткавусы (Spondylis buprestoides), вусач мускусны (Aromia moschata). Вусач вял. дубовы (Cerambyx cerdo) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Цела прадаўгаватае, даўж. 3—180 мм, у многіх відаў укрытае валаскамі, афарбоўка часта яркая. Вусы пераважна даўжэйшыя за цела, могуць загінацца назад. Сківіцы развітыя. Лічынкі вял., белыя, развіваюцца пад карой або ў драўніне, дзе прагрызаюць хады, радзей у глебе або ў сцёблах траў. Большасць вусачоў — шкоднікі лесу, тэхн. драўніны, лесаматэрыялаў, драўляных частак будынкаў, мэблі, культ. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАРО́ТНІК»,
бел. дзіцячая гульня. Для гульні патрэбны мячык — «гаротнік». Гуляюць 2 каманды (па 5—10 чал.). На роўнай цвёрдай пляцоўцы адзін у адным чэрцяць 3 кругі. Першы круг наз. «востраў» дыям. 1,5—2 м, другі — каля 8, трэці — 16 м. Пл. паміж меншым і сярэднім кругамі наз. «рака», паміж сярэднім і вял. — «бераг». Кругі дзеляць папалам. Каманды займаюць месцы на процілеглых «берагах». Ударам аб «востраў» мячык кідаюць на другі «бераг»; там яго павінны злавіць і перакінуць такім жа чынам назад. Калі мячык упадзе на зямлю ў межах яе «берага» ці гулец, кідаючы мяч, не стукне ім аб «востраў», ці мячык пасля адскоку ад «вострава» ўпадзе ў «раку» або за мяжу процілеглага «берага», каманда атрымлівае штрафное ачко. Гульня доўжыцца да 10 штрафных ачкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАПЫ́, паўцвердакрылыя,
атрад насякомых. Вядомы з мезазойскай эры (каля 200 млн г.назад). 50 сям., больш за 30 тыс. відаў. На Беларусі каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на сушы (паверхня і верхні слой глебы, расліны), на паверхні вады і ў вадзе (водныя расліны, дно).
Даўж. ад 0,7 мм да 12 см. Крылаў 2 пары, пярэднія неаднародныя: верх перапончаты, аснова цвёрдая, скурыстая (адсюль назва), ёсць кароткакрылыя і бяскрылыя (пасцельны клоп) формы. Ротавы апарат колюча-сысучага тыпу, складаецца з членістага хабатка, утворанага скручанай у трубку ніжняй губой і 2 парамі стылетаў (верхнія і ніжнія сківіцы). Ёсць пахучыя грудныя залозы. Развіццё з няпоўным ператварэннем (стадыя кукалкі адсутнічае). Большасць К. корміцца сокамі раслін (у асн., генератыўныя органы і насенне), некаторыя — драпежнікі, крывасмокі, паразіты інш. жывёл. Могуць пераносіць узбуджальнікаў вірусных хвароб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБАДА́ (Андрэй Мітрафанавіч) (26.6.1871, г. Швенчоніс, Літва — 1.1.1931),
украінскі фалькларыст, этнограф і літ.-знавец. Акад.АН Украіны (1922). Чл.-кар.АНСССР (1923). Скончыў Кіеўскі ун-т (1894), з 1898 у ім працаваў (з 1904 праф.) У 1921—30 кіраваў Этнагр. камісіяй АН Украіны. У 1923—28 віцэ-прэзідэнт АН Украіны. Аўтар прац пра слав. эпас, гісторыю рус. і ўкр. л-ры, т-р, этнаграфію, краязнаўства: «Рускі валатоўскі эпас» (1896), «Народнасць у рускай музычнай драме сто гадоў назад» (1899), «Рускія быліны пра сватанне» (1902—04), «П.А.Куліш — этнограф» (1918), «Краязнаўства на Украіне», (1925), «Лёсы этнаграфіі на Украіне ў 1917—1925 гг.» (1926) і інш. Даследаваў бел. фальклор («Беларуская народная паэзія і рускі былінны эпас», 1895).
Літ.:
Музиченко С. Андрій Лобода // Народна творчість та етнографія. 1971. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАВІКО́ВЫ ПЕРЫ́ЯД,
этап геал гісторыі Зямлі, на працягу якога шматразова чаргаваліся адрэзкі часу з вельмі халодным (ледавікоўе) і з больш цёплым (міжледавікоўе) кліматам на фоне агульнага пахаладання. Вядомы ў ніжнім пратэразоі Паўн. Амерыкі, верхнім рыфеі Афрыкі і Аўстраліі, вендзе Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі, канцы карбону — пач. пярмі на стараж. мацерыку Гандвана і ў плейстацэне (найб. даследаваны). Змены клімату прыводзілі да перамяшчэнняў геагр. зон на Пд, міграцыі флоры і фауны, утварэння вял. плошчаў і аб’ёмаў мацерыковых зледзяненняў і пашырэння горных ледавікоў. У час міжледавікоўяў ва ўмераных шыротах значная частка ледавікоў раставала. Перыяды слабейшых пацяпленняў наз. міжстадыяламі (інтэрстадыяламі). На тэр. Беларусі добра захаваліся ледавіковыя адклады, ледавіковы рэльеф, рэшткі раслін і жывёл плейстацэну. Яны далі магчымасць высветліць падзеі, што адбыліся 1,65 млн. гадоў назад.