расліны рухомых пяскоў, пераважна пустынь. Маюць шэраг прыстасаванняў для існавання на пясках, што перавейваюцца ветрам і агаляюць карані або засыпаюць расліны і перашкаджаюць прарастанню насення. Дрэўныя і кустовыя П. ўтвараюць моцныя прыдаткавыя карані на засыпаных пяском ствалах (напр., саксаул, кандым) і парасткі з прыдаткавых пупышак на аголеных каранях (пясчаная акацыя і інш.). Травяністыя П. ўтвараюць падземныя парасткі часам у выглядзе доўгіх каранёў, што хутка растуць праз тоўшчу пяску (напр., асака пясчаная). Многія П. — эфемеры. Для памяншэння выпарэння вады шматгадовыя П. маюць дробнае моцна рэдукаванае лісце або пазбаўлены яго (фотасінтэз і транспірацыя адбываюцца праз сцябло). Плады П. лятучыя (маюць розныя прыдаткі) і не заносяцца пяском.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАКРЫ́ЛЫЯ (Homoptera),
раўнакрылыя хобатныя, атрад насякомых. Вядомы з ранняга карбону (каля 350 млн.г. назад). 5 падатр.: алейрадзіды, какцыды, лістаблошкі, тлі, цыкадавыя. Больш за 30 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна, пераважна ў тропіках. Многія віды ўтвараюць калоніі. Некат. віды шкодзяць лясным і с.-г. раслінам, ёсць пераносчыкі ўзбуджальнікаў захворванняў раслін. На Беларусі больш за 300 відаў; кашаніль польская занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела да 8 см, размах крылаў да 18 см. Галава маларухомая, ротавы апарат сысучы, з 3-членікавым хабатком. Крылаў 2 пары з аднатыпным жылкаваннем (адсюль назва), часта развіты толькі пярэднія, часам зусім адсутнічаюць. Кормяцца сокамі раслін. Даюць 1—3 пакаленні за год. Развіццё з няпоўным ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АША́НІН (Леў Іванавіч) (н. 30.5.1912, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл.),
рускі паэт. Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага (1936—39). Аўтар зб-каў вершаў «Дзеці розных народаў» (1950), «Вершы пра каханне» (1957), «Проста я працую чараўніком» (1966), «Ішоў я праз завіруху...» (1970), «Здалёк — доўга» (1977), «Самалёты і салаўі» (1982), «Пакуль я дыхаць умею...» (1985), «Таму што мне васемнаццаць» (1987) і інш., рамана ў вершах «Мой сябра Барыс» (1944), рамана ў баладах «Вада бяссмерця» (1975), аповесці ў вершах «Гаспадар агню» (1977). Асн. тэматыка твораў — рамантыка стваральнай працы, маладосць, каханне. Многія яго вершы, пакладзеныя на музыку («Песня пра трывожную маладосць», «Цячэ Волга», «Хай заўсёды будзе сонца»), сталі вядомымі песнямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЖЫЯ КАРО́ЎКІ, какцынеліды (Coccinellidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 4 тыс. відаў на ўсіх мацерыках. На Беларусі больш за 40 відаў, звычайна карысныя: божая кароўка сямікрапінкавая (Coccinella septempunctata), двухкрапінкавая (Adalia bipunctata) і інш. Жывуць у лясах, садах, парках, на лугах, балотах, палетках.
Даўж. 2—18 мм, цела пукатае зверху, круглаватае або авальнае, пляскатае знізу. Афарбоўка яркая, «перасцерагальная», з малюнкам з крапінак, плям, штрыхоў. У большасці жукі і лічынкі драпежныя — кормяцца тлямі, павуціннымі кляшчамі, шчытоўкамі і інш.; некат. раслінаедныя. Многія, у т. л. божыя кароўкі двухкрапінкавыя, выкарыстоўваюцца ў біял. ахове с.-г. і лясных культур. 2 аўстрал. віды спынілі павелічэнне колькасці шкоднікаў цытрусавых — чарвяцоў. Некат. шкодныя. Божыя кароўкі маюць ядавітую гемалімфу, таму насякомаедныя жывёлы іх не паядаюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЙКА (Грыцько) (Рыгор Піліпавіч; 5.9.1923, г.п. Аленаўка Валнавахскага р-на Данецкай вобл., Украіна — 25.9.1978),
украінскі паэт. Скончыў Данецкі пед.ін-т (1949). Пісаў пераважна для дзяцей і юнацтва. Аўтар эб-каў вершаў «Мая Данеччына» (1950), «Бярозка» (1954), «Шахцёрачка» (1956), «Дзіва, дзіва, дзівосы» (1970), «Надзейная змена» (1975) і інш. Творы вызначаюцца тонкім гумарам, яснасцю і прастатой мовы, багаццем рытмікі, лірызмам. Многія вершы (больш як 400) пакладзены на музыку. На ўкр. мову перакладаў творы Я.Купалы, А.Александровіча, Э.Агняцвет, А.Бялевіча, М.Танка. На бел. мову вершы Бойкі перакладалі Александровіч, М.Арочка, М.Аўрамчык, С.Грахоўскі, Х.Жычка, Танк, Р.Хацкевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ 1941.
Сфарміравана 5—6 ліп. ў Вял.Айч. вайну. 9—11 ліп. разам з войскамі Чырв. Арміі вяло баі ў час Віцебска абароны 1941. Складалася з 4 батальёнаў (2 тыс.чал.): Асаавіяхіма (участак уздоўж берага Зах. Дзвіны ў раёне Мазурына, паўн.-ўсх. ўскраіна Віцебска, дзе 11 ліп. 1-я рота батальёна амаль уся загінула каля в. Журжава), Кастрычніцкага (баі на тэр. прадпрыемстваў, вуліцах горада, у раёне Смаленскай шашы і інш.), Першамайскага (цэнтр горада на левым беразе Зах. Дзвіны, дзе адбіваў неаднаразовыя спробы гітлераўцаў пераправіцца цераз раку), Чыгуначнага (раён воз. Лосвіда, у напрамку Суражскай шашы і інш.). 11 ліп. апалчэнцы пакінулі Віцебск разам з сав. войскамі, многія ўліліся ў іх рады, частка пайшла да партызан і падпольшчыкаў.
асадкавыя горныя пароды, якія складаюцца з абломкаў больш стараж. горных парод і мінералаў. Адрозніваюць абломкавыя горныя пароды сцэментаваныя і несцэментаваныя (рыхлыя). Па велічыні абломкаў вылучаюцца грубаабломкавыя пароды, або псефіты (несцэментаваныя — глыбы, валуны, галька, друз, жарства, жвір і сцэментаваныя — кангламераты, брэкчыі, гравеліты і інш.); пясчаныя (псаміты), пылаватыя (алеўрыты, алеўраліты), гліністыя (пеліты) пароды, а таксама мяшаныя (суглінкі і супескі). Да абломкавых горных парод належаць таксама прадукты вулканічных вывяржэнняў: вулканічны друз, попел, туфабрэкчыі і інш. Выкарыстоўваюць у буд-ве, металургічнай, шкляной, керамічнай прам-сці і інш. У рачных і марскіх пясках трапляюцца золата, плаціна, каштоўныя камяні, разнастайныя мінералы, руды каляровых, рэдкіх і радыеактыўных металаў. Абломкавыя горныя пароды пашыраны па ўсёй Беларусі. Многія з іх (пяскі, жвір і інш.) — карысныя выкапні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕМЯНЕ́ННЕ,
працэс, які забяспечвае ў жывёл сустрэчу палавых клетак — яец і сперматазоідаў; папярэднічае апладненню. Поспех асемянення забяспечваецца адначасовым выспяваннем гамет абодвух палоў. Вонкавае асемяненне ўласціва большасці жывёл, якія жывуць або размнажаюцца ў вадзе (кольчатыя чэрві, двухстворкавыя малюскі, ігласкурыя, кішачнаполасцевыя, бясчэрапныя, кругларотыя, большасць рыб, бясхвостыя земнаводныя). Унутранае асемяненне ўласціва некаторым водным і пераважнай большасці наземных жывёл (плоскія і круглыя чэрві, многія членістаногія і малюскі, большасць пазваночных — акулападобныя, хімеравыя і некаторыя касцістыя рыбы, вышэйшыя пазваночныя). Прамежкавы тып асемянення — вонкава-ўнутранае, пры якім самец выдаляе сперму (у выглядзе кропелек семявай вадкасці ці сперматафораў) у знешняе асяроддзе, на субстрат, пасля чаго яе захоплівае самка; характэрны для многіх ніжэйшых членістаногіх, што жывуць у вадзе, і хвастатых земнаводных. Штучнае асемяненне шырока выкарыстоўваюць пры развядзенні рыб і с.-г. жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКЛЮ́ЧНЫ ЗАКО́Н СУ́ПРАЦЬ САЦЫЯЛІ́СТАЎ, «Закон супраць шкодных і небяспечных памкненняў сацыял-дэмакратыі»,
антыдэмакратычны заканад. акт, накіраваны супраць сацыяліст. і рабочага руху ў Германіі ў 1878—90. Ініцыіраваны рэйхсканцлерам О.Бісмаркам. Прыняты рэйхстагам і набыў сілу ў кастр. 1878 (тэрмін дзеяння 2,5 года; прадоўжаны ў 1881, 1884, 1886 і 1888). Паводле закону забараняліся с.-д. і распускаліся многія рабочыя арг-цыі, закрываліся рабочыя газеты і часопісы, канфіскоўвалася сацыяліст.л-ра і інш. За гады яго дзеяння распушчана 350 рабочых арг-цый, арыштавана 1500 і выслана 900 чал. Жорсткая рабочая палітыка Бісмарка выклікала новыя хвалі выступленняў працоўных і рост сярод іх папулярнасці с.-д. партыі. Пасля адстаўкі Бісмарка (1890) тэрмін дзеяння закону не быў прадоўжаны і ён страціў сілу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАЗ-РО́К (англ. jazz-rock),
адзін з кірункаў джаза, стыль прафес. музыкі. Выкрышталізаваўся ў канцы 1960-х г. у выніку спалучэння некат. формаў сучаснага джаза і джазавых аранжыровак з элементамі рокавай рытмікі і інструментоўкі. З 1970-х г. у выніку запазычання ім элементаў экзатычных муз. культур і ўскладнення рытмікі і формы адбылося яго пераўтварэнне ў якасна новую разнавіднасць — ф’южн (ад англ. сумесь, сплаў). Найб. росквіту Дж.-р. дасягнуў у творчасці амер. груп «Чыкага», «Прагноз надвор’я», англ. «Калізей», музыкантаў М.Дэйвіса, О.Коўлмена, Дж.Мак-Лафліна, Дж.Дзюка, Ж.Л.Панці, Ч.Корыя, Х.Хэнкака і інш.Многіябел. музыканты ў той ці іншай ступені выкарыстоўваюць у сваёй творчасці элементы джаз-рока (групы Б.Бернштэйна, «Яблычная гарбата» і інш).