ВЕРТАЛЁТНЫ СПОРТ,

від авіяцыйнага спорту, уключае спаборніцтвы на дакладнае пілатаванне верталётам на малой вышыні ў абмежаваны час, слалам, верталётаваджэнне. У СССР пачаў развівацца з 1958, тады ж уключаны ў Адзіную спарт. класіфікацыю. На Беларусі развіваецца з пач. 1960-х г. З 1974 каманда Беларусі па верталётным спорце ўдзельнічала ў чэмпіянатах СССР (бел. верталётчыкі былі чэмпіёнамі і прызёрамі гэтых спаборніцтваў), з 1994 — у чэмпіянатах свету. Бел. майстры верталётнага спорту А.Грышчанка і А.Дзятлаў — чэмпіёны свету, І.Гарэлышава і Т.Стэльмах — бронзавыя прызёры (усе ў 1994). Падрыхтоўка спартсменаў да 1991 ажыццяўлялася праз структуры ДТСААФ БССР, з 1991 — Беларускага абароннага спартыўна-тэхнічнага таварыства. Асн. цэнтры падрыхтоўкі — Віцебскі, Магілёўскі, Мінскі аэраклубы. У 1978 у Віцебску праходзіў чэмпіянат свету па верталётным спорце.

т. 4, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖДАН (Алег) (сапр. Пушкін Алег Аляксеевіч; н. 5.1.1938, г. Смаленск, Расія),

бел. пісьменнік. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1960), Літ. ін-т імя М.Горкага (1969), Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве (1978). Працаваў на Бел. тэлебачанні, кінастудыі «Беларусьфільм» 3 1993 у час. «Нёман». Друкуецца з 1963. Піша на рус. мове. Асн. тэмы: жыццё гараджаніна ў першым пакаленні, побыт людзей правінцыяльных гарадоў Беларусі (кн. прозы «У час развітання», 1975, «У гасцях і дома», «Знаёмы», абедзве 1977, «Рысы і абліччы», 1985, «Па абодва бакі прахадной», 1987, «Самастойнае жыццё», 1990). Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Сумленны, разумны, нежанаты» і «Хочаце любіце, хочаце не», п’есы «Салгалі Богу, салгалі» (1993). Перакладае на рус. мову творы бел. пісьменнікаў.

т. 6, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́НЬ ВЕЛІКАРО́ГІ, гіганцкі алень,

ірландскі алень (Megaloceros giganteus),

вымерлая млекакормячая жывёла сям. аленевых атр. парнакапытных. Вядомы з сярэдняга і верхняга плейстацэну і ранняга галацэну Еўразіі і Паўн. Афрыкі. Асабліва многа шкілетаў знойдзена ў тарфяніках Ірландыі, на стаянках чалавека каменнага веку ў сярэдніх і паўд. шыротах, у т. л. ў Крыме і на Паўн. Каўказе, цэлыя шкілеты — на тэр. Разанскай і Екацярынбургскай абласцей Расіі. На Беларусі рэшткі аленя велікарогага выяўлены каля Смаргоні і в. Вейна (Магілёўскі р-н).

Буйная жывёла з вялізнымі (больш за 4 м у размаху) лапатападобнымі рагамі з некалькімі адросткамі. Вонкава нагадваў лань. Жыў на вільготных лугах па берагах рэк і балотаў, пазбягаў лясоў, у ледавіковыя эпохі адступаў на Пд.

Алень велікарогі. Шкілет. Рэканструкцыя.

т. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙТО́ВІЧ (Сяргей Данілавіч) (13.10.1925, в. Забалацце Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. — 12.2.1989),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1979). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1952). З 1962 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Даследаваў гісторыю міжнар. дзейнасці БССР. Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 5, 1975), калект. манаграфій «Супрацоўніцтва Беларускай ССР з сацыялістычнымі краінамі» (1970), «У адзіным страі змагароў за мір» (1989).

Тв.:

БССР в борьбе за мир и сотрудничество между народами (1945—1965). Мн., 1968;

Белорусская ССР и развивающиеся страны (1945—1970). Мн., 1974;

БССР на форуме наций. Мн., 1978;

БССР в отношениях СССР с развивающимися странами. 1971—1985. Мн., 1985;

БССР в экономических отношениях СССР с зарубежными странами (1945—1987). Мн., 1989.

А.С.Ляднёва.

т. 3, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЧА́НКА Васіль Максімавіч, бел. гравёр па дрэве канца 17 — 1-й пал. 18 ст.; прадстаўнік Магілёўскай школы гравюры. Сын М.Я.Вашчанкі. Працаваў у Магілёўскай брацкай друкарні (1694—1730). Большасць твораў звязана з кніжнай графікай. Выканаў ксілаграфіі: загалоўныя лісты ў кнігах «Дыёптра» (1698); «Неба новае» І.Галятоўскага, «Перла мнагацэннае» К.Т.Стаўравецкага (абодва 1699), «Кніга жыцій святых» Дз.Растоўскага (1702, загаловачны ліст з відам на Магілёў); лісты «Іаан Дамаскін», «Нараджэнне Хрыста» для «Асмагласніка» І.Дамаскіна (1730), антымінсы 1694, 1708 («Палажэнне ў труну Хрыста») і 1723 (з Богаяўленскага манастыра ў Полацку). Яго гравюры вылучаюцца па-майстэрску пабудаванай кампазіцыяй, сялянскім тыпажам, дасканаласцю пластычнага малюнка, выразнасцю контурнай лініі.

Літ.:

Шчакаціхін М. Васіль Вашчанка — магілёўскі гравёр канца XVII — пач. XVIII ст. Мн., 1925;

450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968.

В.Ф.Шматаў.

т. 4, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДСКІ́Я ПАДПО́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ ЛКСМБ,

у Вялікую Айчынную вайну, кіруючыя камсамольскія органы у акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр. Беларусі ў 1941 — 44. Іх дзейнасць узначальваў ЦК ЛКСМБ, абласныя падпольныя камітэты ЛКСМБ. Гаркомы ЛКСМБ стваралі і ўзначальвалі камсам.-маладзёжнае падполле, вялі паліт.-выхаваўчую і арганізатарскую работу сярод моладзі, узнімалі іх на барацьбу супраць акупантаў. Дзейнічалі Гомельскі, Пінскі (з 1941), Барысаўскі, Віцебскі, Мінскі (з 1942), Бабруйскі, Баранавіцкі, Беластоцкі, Вілейскі, Гродзенскі, Магілёўскі (з 1943), Брэсцкі, Мінскі Паўднёвы (з 1944) гаркомы і Лідскі гарком-райком (з 1943). Большасць кіраўнікоў і членаў падп. гаркомаў ЛКСМБ, пакінутых для работы ў гарадах, хутка была схоплена акупантамі і загінула. З восені 1942 к-ты базіраваліся, як правіла, пры партыз. фарміраваннях і знаходзіліся пад аховай партызан.

Р.М.Шавяла.

т. 5, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБЯНЕ́ЦКІ (Станіслаў Фёдаравіч) (н. 1.9.1940, в. Востраў Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. філосаф і палітолаг. Канд. філас. н. (1989). Брат М.Ф.Дубянецкага. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1966) і Мінскую вышэйшую парт. школу (1973). Настаўнічаў, быў на культ.-асв. і парт. рабоце (у 1979—89 інструктар ЦК КПБ). З 1989 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. З 1993 у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя». Даследуе праблемы нац. і маральнай самасвядомасці, развіцця паліт. працэсу, гісторыі філас. і грамадскай думкі Беларусі. Адзін з аўтараў даведнікаў «Мысліцелі і асветнікі Беларусі» (1995), «Чалавек і грамадства» (1998), інш. энцыклапедычных выданняў.

Тв.:

Центры творческой мысли. Мн., 1982;

Формы и специфика проявления нравственных отклонений в условиях перестройки. Мн., 1990;

Цяжкі шлях да Адраджэння. Брэст, 1997 (разам з Э.С.Дубянецкім).

т. 6, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАРО́Ў (Фадзей Фадзеевіч) (н. 20.8.1945, в. Галузы Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. фізік. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1996), д-р фіз.-матэм. н. (1983), праф. (1984). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1969). З 1969 у БДУ, з 1974 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ (у 1981—92 нам. дырэктара), адначасова з 1988 у БДУ. Навук. працы па радыяцыйнай фізіцы цвёрдага цела і мікраэлектроніцы. Распрацаваў тэарэт. асновы фізікі ўзаемадзеяння высокаінтэнсіўных іонных пучкоў з крышталямі, іонна-прамянёвага легіравання матэрыялаў, фіз. прынцыпы кіравання пучкамі жорсткіх рэнтгенаўскіх і гама-квантаў.

Тв.:

Излучение заряженных частиц в твердых телах. Мн., 1985 (разам з М.А.Кумахавым);

Пространственные распределения энергии, выделенной в каскаде атомных столкновений в твердых телах. М., 1985 (у сааўт.);

Ионная имплантация в металлы. М., 1990.

Ф.Ф.Камароў.

т. 7, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НГБАРД (Іосіф Рыгоравіч) (18.1.1882, г. Бельск-Падляскі, Польшча — 3.1.1951),

архітэктар, адзін з заснавальнікаў сав. архітэктуры Беларусі. Засл. дз. маст. Беларусі (1934). Д-р архітэктуры (1939). Скончыў Пецярбургскую АМ (1914). У 1935—50 у Ленінградзе, выкладаў у АМ (з 1939 праф.); у Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры. Асн. работы: у Мінску — Дом урада Рэспублікі Беларусь, Дом афіцэраў, будынак Дзярж. акад. Вял. т-ра оперы і балета Беларусі (1936—37), гал. корпус АН Беларусі (1939); Магілёўскі Дом Саветаў. Адзін з аўтараў «Эскіза планіроўкі Мінска» і схемы генплана Гомеля (абодва 1944). Сярод інш. работ: жылыя дамы і стадыён імя Леніна ў С.-Пецярбургу (1934), помнік Т.Р. Шаўчэнку ў Харкаве (1935, з М. Манізерам) і інш.

Літ.:

Воинов А.А. И.Г. Лангбард. Мн., 1976.

А.А.Воінаў.

І.Р.Лангбард.

т. 9, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПІ́НСКІ (Леанід Паўлавіч) (10.11.1921, в. Казусёўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 7.9.1982),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1975), праф. (1974). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1948). У 1948—49 нам. дырэктара Цэнтр. дзярж. гіст. архіва ў Мінску. З 1952 у Ін-це гісторыі АН БССР, з 1966 у БПІ. Даследаваў сялянскі рух на Беларусі ў 1900—17, станаўленне і развіццё капіталізму ў бел. вёсцы, сац. расслаенне сялянства, сталыпінскую агр. рэформу на Беларусі і інш. Адзін з аўтараў «Нарысаў гісторыі прафсаюзаў Беларусі (1905—1969 гг.)» (1970).

Тв.:

Развитие капитализма в сельском хозяйстве Белоруссии (II половина XIX в.). Мн., 1971;

Стольшинская аграрная реформа в Белоруссии. Мн., 1978;

Классовая борьба в белорусской деревне, 1907—1914. Мн., 1981.

Я.П.Сапёлкін.

т. 9, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)