ІТУРУ́П,

самы вялікі востраў у групе Курыльскіх астравоў, у Сахалінскай вобл. Расіі. Пл. 6725 км², даўж. 200 км, шыр. ад 7 да 27 км. Размешчаны ў паўд. градзе, складаецца з вулканічных масіваў і горных кражаў. Выш. да 1634 м. Берагі высокія, стромкія. На ПнУ альховае драбналессе, у цэнтр. ч. пералескі курыльскай лістоўніцы, на ПдЗ — хваёва-шыракалістыя лясы з ліянамі. У падлеску зараснікі курыльскага бамбуку. На І. — г. Курыльск.

т. 7, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́ЦЕНСКІ МОХ,

гідралагічны заказнік на тэр. Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. Засн. ў 1981 як заказнік рэсп. значэння для захавання ў натуральным стане балотных масіваў К.М. і Чысцік-1 з характэрнай расліннасцю. Пл. 1350 га (1998). Знаходзіцца ў межах Суражскай нізіны. Рэльеф тэрыторыі азёрна-марэнны. Балоты вярховага тыпу, тарфяныя паклады таўшчынёй да 3,7 м. У балотнай расліннасці пераважаюць хваёва-хмызнякова-сфагнавыя фітацэнозы, на мінер. «астравах» — бярозавыя, яловыя, асінавыя і альховыя лясы.

т. 8, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮНГЁЙ-АЛА́-ТО́О, Кунгей-Алатау,

хрыбет на Пн Цянь-Шаня, які абмяжоўвае з Пн Ісык-Кульскую катлавіну ў Казахстане і Кыргызстане. Даўж. каля 280 км. Выш. да 4771 (г. Чок-Тал). Складзены з гранітаў, сланцаў, пясчанікаў. Пераважае высакагорны рэльеф. Ледавікі агульнай пл. 237 км². На паўн. схілах і ў цяснінах — лясы з цянь-шаньскай елкі, на паўд. — горныя стэпы, вышэй — горныя лугі і лугастэпы. Ва ўсх. ч. перавал Сан-Таш.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАСТЭ́П,

занальны тып ландшафту, які характарызуецца чаргаваннем на водападзелах лясной і стэпавай расліннасці. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. і субтрапічных паясах абодвух паўшар’яў. На тэр. СНД лясы ў Л. прадстаўлены шыракалістымі лясамі на Украіне і ў еўрап. ч. Расіі, бярозавымі колкамі ў Зах., часткова Сярэдняй Сібіры, далей на У — лістоўнічнымі лясамі. Стэпы ў Л. адносяцца пераважна да разнатраўных стэпаў (разнатраўе і карэнішчавыя злакі). Гл. таксама Лесастэпавыя зоны.

Лесастэп.

т. 9, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДУ́РА (Madura),

востраў у Малайскім архіпелагу, каля паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Явы, паміж морамі Балі і Яванскім. Тэр. Інданезіі. Пл. каля 4,5 тыс. км². Берагі расчлянёны слаба, месцамі акаймаваны каралавымі рыфамі і водмелямі. Рэльеф узгорысты, выш. да 471 м. Складзены пераважна з мергеляў і вапнякоў, пашыраны карст. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Лістападныя трапічныя лясы, саванны, зараснікі хмызнякоў. Плантацыі рысу, кукурузы, тытуню. Жывёлагадоўля. Рыбалоўства. Рамёствы. Радовішчы нафты, газу. На М. гарады Сампанг, Суменеп.

т. 9, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́Я ЗО́НДСКІЯ АСТРАВЫ́,

паўднёвая частка Малайскага архіпелага, пераважна ў складзе Інданезіі. Уключаюць астравы: Балі, Ветар, Камода, Ламбок, Ламблен, Сумба, Сумбава, Тымор, Флорэс і інш. Агульная пл. 128 тыс. км². Даўж. каля 1300 км. Абмываюцца Індыйскім ак. і морамі Балі, Флорэс, Банда, Саву, Тыморскім. Рэльеф у асноўным горны, шмат вулканаў (выш. да 3726 м, вулкан Рынджані). Клімат субэкватарыяльны мусонны. Лістападныя трапічныя лясы і саванны. Вырошчваюць рыс, вострапрыпраўныя расліны, какосавыя пальмы. Рыбалоўства.

т. 10, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАБА́РСКІЯ АСТРАВЫ́,

група з 19 астравоў у Індыйскім ак., паміж Бенгальскім залівам і Андаманскім м. Уваходзяць у склад саюзнай тэр. Індыі Андаманскія і Нікабарскія а-вы. Пл. 1,6 тыс. км². Буйныя астравы — вяршыні падводнага хрыбта (выш. да 642 м), дробныя — каралавыя. Клімат субэкватарыяльны, мусонны, ападкаў 2200—3200 мм за год. На паўд. астравах вечназялёныя трапічныя лясы, на паўн. — высакатраўныя лугі. Вырошчванне какосавай пальмы. Рыбалоўства, лоў трэпангаў, збор ракавін.

т. 11, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ДМАНТ (Piedmont),

перадгорнае плато, якое прымыкае да ўсх. краю Апалачаў, у ЗША. Выш. ад 40—80 м на У, да 200—400 м на З, шыр. ад 50 да 200 км. Складзена з крышт. і метамарфічных парод. Паверхня слабаўзгорыстая, на ПдУ стромка абрываецца да Прыатлантычнай нізіны. Астанцовыя ўзгоркі дасягаюць выш. 500—700 м. Рэкі, якія перасякаюць усх. край П., утвараюць серыю стром і вадаспадаў. Месцамі захаваліся мяшаныя лясы.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЦІГО́Р’Е.

У Перадкаўказзі, паўн. ч. раёна Каўказскіх Мінеральных Вод (у наваколлі г. Пяцігорск). Пакатая раўніна (выш. да 600 м), сярод якой узнімаюцца 18 ізаляваных гор-лакалітаў, якія маюць купалападобную (Машук, Лысая, Залаты Курган), канічную (Юца) ці вычварную (Развалка, Вярблюд і інш.) формы. Пяцікупальная (адсюль назва) г. Бештау самая высокая (1400 м). Трапляюцца карставыя формы рэльефу (правалы, пячоры). На схілах — шыракалістыя лясы, месцамі яны ўкрываюць і раўніну. Шмат мінер. крыніц.

т. 13, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́АРЭМАА (Saaremaa),

Эзель, самы буйны в-аў Маанзундскага (Зах.-Эстонскага) архіпелага ў Эстоніі, у Балтыйскім м. Пл. 2,7 тыс. км². Злучаны дамбай з в-вам Муху. Складзены гал. ч. з вапнякоў, месцамі ўкрыты ледавіковымі і марскімі адкладамі. Паверхня нізінная (выш. да 50 м), месцамі забалочаная. Радовішчы даламітаў і вапнякоў. Рэдкія зараснікі ядлоўцу, хваёвыя лясы. Рыбалоўства. На в-ве Війдумяэскі і Вілсандыйскі запаведнікі; геал. заказнік Каалі (метэарытныя кратэры). Гал. горад — Курэссаарэ.

т. 14, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)