ЛЕВАНЕ́ЎСКІ (Сігізмунд Аляксандравіч) (1902, С.-Пецярбург — 13.8.1937),

палярны лётчык, Герой Сав. Саюза (1934). Нарадзіўся ў сям’і выхадцаў з Гродзенскай губ. Скончыў ваен. школу марскіх лётчыкаў у Севастопалі (1925). У Чырв. Арміі з 1918, удзельнік грамадз. вайны. За ўдзел у выратаванні людзей з парахода «Чэлюскін», які затануў у Чукоцкім м. (крас. 1934), стаў адным з першых Герояў Сав. Саюза. Упершыню ажыццявіў пералёт з Севастопаля на Чукотку (1933) і беспасадачны пералёт з ЗША (г. Лос-Анджэлес) у Маскву (1936). Прапаў без вестак у час беспасадачнага пералёту Масква—Паўн. полюс—Нью-Йорк.

С.А.Леванеўскі.

т. 9, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНЬЕ́ ((Meunier) Канстантэн Эміль) (12.4.1831, г. Этэрбек, Бельгія — 4.4.1905),

бельгійскі скульптар і жывапісец. Вучыўся ў свайго брата Ж.​Б.​Менье і ў АМ у Бруселі ў Ф.​Ж.​Навеза. У ранні перыяд працаваў у акад. манеры, пазней пад уплывам Г.​Курбэ і Ф.​Міле звярнуўся да рэалізму. У скульптурных творах увасабляў пераважна вобраз людзей працы: «Малатабоец», «Пудлінгоўшчык» (абедзве 1886), «Касец» (1891), «Пудлінгоўшчык каля печы» (1893), «Грузчык» (1905), кампазіцыя «Помнік працы» (1880-я г.). Аўтар жывапіснага трыпціха «Шахта» (каля 1878) і інш.

В.​Я.​Буйвал.

т. 10, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОТ ((Mott) Джон Рэйлі) (25.5.1865, г. Лівінгстан-Манар, ЗША — 31.1.1955),

амерыканскі грамадскі дзеяч, хрысц. місіянер. Скончыў Корнелскі (г. Ітака) ун-т (1888). У 1895—1920 ген. сакратар, ў 1920—28 старшыня Сусв. студэнцкай хрысц. федэрацыі, у 1898—1928 адначасова ў Хрысц. асацыяцыі маладых людзей (з 1915 ген. сакратар гэтай асацыяцыі і Нац. савета хрысц. царквы ў ЗША). У 1921—41 старшыня Міжнар. місіянерскага савета. З 1948 ганаровы старшыня Экуменічнага савета цэркваў. Аўтар прац па прапагандзе хрысц. ідэалаў і місіянерскай дзейнасці. Нобелеўская прэмія міру 1946 (разам з Э.Г.Болч).

Дж.Мот.

т. 10, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ ГО́РАДА НАВАПО́ЛАЦКА.

Засн ў 1968 у г. Наваполацк Полацкага р-на Віцебскай вобл. як гар. музей прац. славы, з 1973 гар. краязнаўчы, а 1998 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 643,4 м², 7,2 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). Экспазіцыя адлюстроўвае гісторыю буд-ва і развіцця горада, прамысл. прадпрыемстваў, навуч. устаноў, культ. жыцця. Сярод экспанатаў матэрыялы пра лепшых людзей горада, ганаровых грамадзян, воінаў-інтэрнацыяналістаў, калекцыі нар. рамёстваў, дэкар.-прыкладнога мастацтва, карысных выкапняў і мінералаў. Музей праводзіць выстаўкі карцін мясц. і іншагародніх мастакоў, выдае маст. каталогі.

Д.​П.​Бароўская.

т. 11, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКРАЛО́Г (ад грэч. nekros мёртвы + logos слова),

артыкул або нататка з выпадку смерці каго-небудзь, спосаб ушанавання памяці нябожчыка. Змяшчае асн. факты біяграфіі, прац. здабыткаў, адзначае заслугі памерлага перад грамадствам. У розных Н. выступаюць на першы план розныя грані жыцця і дзейнасці, духоўнага аблічча нябожчыка. Да Н. паводле жанру прымыкаюць вершы, напісаныя з выпадку смерці блізкіх аўтару людзей: «Над магілай друга» Я.​Коласа (на смерць Я.​Купалы), «Памяці Б.​В.​Платонава» Г.​Бураўкіна, «Смугою зажурыліся палі» С.​Грахоўскага (на смерць І.​Мележа).

А.​М.​Пяткевіч.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛУБНАЯ АВІЯ́ЦЫЯ,

марская авіяцыя (самалёты і верталёты), якая базіруецца на караблях, што маюць узлётна-пасадачныя (палётныя) палубы (авіяносец, верталётаносец, процілодачны крэйсер і інш.). Прызначана для знішчэння караблёў, падводных лодак, транспартаў і самалётаў, забеспячэння дзеянняў карабельных злучэнняў, марскіх дэсантаў, парушэння або абароны марскіх камунікацый, а таксама для ППА, процілодачнай абароны сваіх караблёў і інш. Выконвае таксама задачы па высадцы дэсантаў з верталётаў, падтрымцы марской пяхоты, траленні мін, пошуку і выратаванні людзей на моры і інш. Лятальныя апараты П.а. адрозніваюцца канстр. асаблівасцямі, якія забяспечваюць іх шчыльнае размяшчэнне на караблі, скарочаныя ўзлёт і пасадку.

т. 12, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАРТЫЗА́НСКАЯ ДУБІ́НКА»,

сатырычны лісток, выданне ЦК КП(б)Б у Вял. Айч. вайну. Выходзіла з 22.3.1942 да сак. 1943 на бел. і рус. мовах у прыфрантавой паласе (апошнія нумары — у Маскве); да ліст. 1942 выданне газ. «За свабодную Беларусь». Рэд. І.Д.Гурскі. Лісток заклікаў сав. людзей да барацьбы з ворагам, змяшчаў сатыр. вершы, байкі, памфлеты, карыкатуры. Сярод удзельнікаў выдання бел. пісьменнікі П.​Броўка, П.​Глебка, К.​Крапіва, П.​Панчанка, К.​Чорны і інш., мастакі І.​Ахрэмчык, Я.​Зайцаў, У.​Мінаеў і інш. Выйшла 17 нумароў.

т. 12, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІТЭКА́НТРАП ( ад грэч. pithēkos малпа + anthrōpos чалавек),

старажытны чалавек, які жыў каля 1 млн. г. назад. Рэшткі П. (чарапная накрыўка, сцегнавая косць, фрагмент ніжняй сківіцы і 5 зубоў) знойдзены ў 1891—93 галандскім урачом Э.​Дзюбуа на в-ве Ява. П. меў пакаты лоб, нізкае скляпенне чэрапа (ёмістасць чэрапа 900 см³.), на лобнай косці выступаў надвочны валік. П. разам с сінантрапам, гейдэльбергскім чалавекам, атлантрапам належыць да найстараж. людзейархантрапаў, якія з’яўляюцца адной са стадый у філагенетычным развіцці чалавека (гл. таксама Антрапагенез). Л.​І.​Цягака.

Пітэкантрап.

т. 12, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІЦЭНТРЫ́ЗМ (ад полі... + цэнтр),

антрапалагічная канцэпцыя аб паходжанні чалавека сучаснага віду (неаантрапа) у некалькіх абласцях зямнога шара. Адзін з заснавальнікаў канцэпцыі — амер. антраполаг Ф.​Вайдэнрайх; П. даследаваў Г.Ф.Дэбец. Паводле прыхільнікаў П., у кожнай вобласці сучасны чалавек узнікаў у выглядзе канкрэтнай вял. расы ў выніку самаст. эвалюцыі архантрапаў, што жылі тут, а потым палеаантрапаў. Супраць П. сведчыць адсутнасць марфал. адпаведнасці паміж выкапнёвымі формамі людзей і сучаснымі расамі, што жывуць на гэтай тэр., і вял. падабенства рас сучаснага чалавека паміж сабой па многіх не злучаных адна з адной адзнак. П. процістаіць монацэнтрызму.

т. 12, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́МА (стараж.-інд. цёмны),

у рэлігіі і міфалогіі індуізму богападобны герой, сёмае ўвасабленне (аватара) бога Вішну, у вішнуізме разам з Крышнай гал. аб’ект культу. Паводле стараж.-інд. эпасаў «Рамаяна» і «Махабхарата», сын цара Дашаратхі Р. і яго зводны брат Лакшмана здзейснілі паход з паўн. Індыі на в-аў Ланка (Шры-Ланка), каб вызваліць жонку Р. Сіту, якую выкраў цар ракшасаў Равана. Браты вызвалілі Сіту і перамаглі Равану, чым пазбавілі людзей ад яго тыраніі. У вобразе Р. ўвасоблены мужчынская доблесць, вернасць доўгу, сыноўняя пакорлівасць, сямейная і братняя адданасць.

т. 13, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)