ЙЫ́ГІ ((lõgi) Олеў Адавіч) (9.1.1919, в. Веске на в-ве Саарэмаа, Эстонія — 27.1.1989),
эстонскі літ.-знавец, перакладчык. Засл. пісьменнік Эстоніі (1978). Скончыў Тартускі ун-т (1956). Аўтар зб-каў літ.-крытычных артыкулаў «Літаратурныя каардынаты» (1963), «Зыб на вадзе» (1973), «Барозны і цені» (1975, Літ. прэмія імя Ю.Смуула 1976). Перакладаў з бел., рус. і польск. моў. Удзельнічаў у выданні на эст. мове выбр. вершаў Я.Купалы (1966), Я.Коласа (1968). Пераклаў на эст. мову зб. апавяданняў «Сірочы хлеб», аповесць «Апошняя сустрэча» Я.Брыля, аповесць «Трэцяя ракета» В.Быкава, раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» І.Мележа, трылогію «На ростанях» Я.Коласа. Літ. прэмія Эстоніі 1971.
т. 7, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНІ́НСКІ ВЕРШ, леанін,
верш, у якім асобныя паўрадкоўі рыфмуюцца паміж сабой (у адрозненне ад нерыфмаванага ант. верша). У бел. вершатворчасці танізаваны Л.в. спарадычна сустракаўся ў 17 ст. З пісьмовай л-ры ён перайшоў у фальклор. Фальклорны Л.в. у сваю чаргу паўплываў на творчасць некаторых паэтаў: Я.Баршчэўскага, В.Дуніна-Марцінкевіча, М.Багдановіча, Я.Купалы і інш.
Біце ж чалом тром сакалом,
хлопцы, маладзіцы!
Гэта ж кветкі з свойскай веткі
славянскай зямліцы.
(В.Дунін-Марцінкевіч, «Павіншаванне войта Наума»)
У новай бел. паэзіі Л.в. — верш з рэгулярнымі ўнутр. рыфмамі. Да такога верша асабліва часта звяртаўся Я.Купала («Касцам», «З дарогі», «За праўду»).
В.П.Рагойша.
т. 9, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯДА́ (Андрэй Андрэевіч) (н. 3.6.1940, в. Панямонь Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. ліг.-знавец, тэатразнавец, педагог. Канд. пед. н. (1975). Праф. (1993). Скончыў Бел. тэатр.маст. ін-т (1962). Працаваў у т-ры імя Я.Купалы, выкладаў у Мінскім пед. і Бел. тэатр.-маст. ін-тах. З 1989 прарэктар Бел. АМ. Даследуе праблемы майстэрства вуснай мовы, методыку навучання выразнаму чытанню; аўтар вучэбных і метадычных дапаможнікаў для студэнтаў і настаўнікаў (кнігі «Мастацкае чытанне ў школе», 1992; «Сцэнічная мова», 1993, у сааўт.).
Тв.:
Выразнае чытанне. 2 выд. Мн., 1976;
Дыкцыя і арфаэпія: Метад. дапаможнік. Мн., 1988;
Слоўнік акцёра і рэжысёра. Мн., 1995.
т. 7, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРАСЮ́К (Васіль Васілевіч) (н. 10.1.1954, г. Брэст),
бел. кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1979). З 1983 заг. муз. часткі Брэсцкага абл. т-ра драмы і музыкі. Працуе пераважна ў галіне тэатр. музыкі. Сярод твораў: опера для дзяцей «Анчутка» (1993); сімфонія «Белая Русь» (1983); Канцэрт для фп. з арк. (1985); вак.-інстр. — эстр. кампазіцыі «XX век» на словы Г.Бураўкіна (1987) і «Споведзь» на словы М.Пракаповіча і А.Каско (1987); камерна-інстр. музыка, песні; музыка да драм. спектакляў, у т. л. «Раскіданае гняздо» Я.Купалы (1981), «Вечар» А.Дударава (1986), «Патоп» («Дыхайце эканомна») А.Макаёнка (1987), «Машэка» М.Арахоўскага (1989), «Памінальная малітва» Р.Горына (1991).
т. 7, с. 578
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУБІЛІ́НСКАС ((Kubilinskas) Костас) (1.7.1923, в. Руда Вілкавішкскага р-на, Літва — 9.3.1962),
літоўскі паэт. Пісаў пераважна для дзяцей. Аўтар кніг вершаў, казак, п’ес-казак: зб-кі «Парад літар» (1951), «З вярбовай дудачкай», «Казачны домік» (абодва 1957), «Было, было, спрэчак няма» (1958), «Каралева-Жаба» (1962), «Гліняны Матэюкас» і «Ветрагон» (абодва 1963) і інш. Яго творы адметныя глыбокім веданнем псіхалогіі дзіцяці, трапным выкарыстаннем фальклору, пачуццём гумару. У зб-ках паэзіі «Раўніны спяваюць» (выд. 1964), «Смутак па вяршынях» (выд. 1970) пераважаюць элегічныя настроі. Пераклаў на літ. мову асобныя творы Я.Купалы. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.Барадулін, В.Вітка, Х.Жычка, У.Шахавец. Дзярж. прэмія Літвы 1959.
т. 8, с. 553
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНІ́ЦКІ (Сымон Фаміч) (28.2.1902, в. Гарані Мінскага р-на — 14.10.1940),
бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў БДУ (1931). Працаваў у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1936 рэпрэсіраваны, загінуў, відаць, на Калыме. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1928. Аўтар рэцэнзій і артыкулаў пра творчасць З.Астапенкі, А.Александровіча, С.Баранавых, Т.Кляшторнага, Я.Купалы, М.Лынькова, Б.Мікуліча, А.Салагуба, Я.Скрыгана і інш. Аддаваў шмат увагі творам пра дзяцей. Яго скоўвалі каноны вульгарнага сацыялагізму, захапляўся творчасцю рабочых-ударнікаў. «Нацдэмаўскія ўплывы» знаходзіў у творчасці У.Хадыкі, В.Маракова і інш.
Літ.:
Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. Мн., 1979. С. 94—97.
т. 9, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́НЬКА (Міхаіл Паўлавіч) (н. 8.2.1947, в. Верацеі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. літ.-знавец, перакладчык. Канд. філал. н. (1983). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1969). Працаваў журналістам, настаўнікам. З 1976 у Ін-це л-ры імя Я.Купалы АН Беларусі, з 1983 нам. гал. рэдактара выд-ва «Юнацтва», з 1988 выкладчык БДУ. Друкуецца з 1974. Даследуе сучасную бел. прозу і паэзію, тэорыю і практыку маст. перакладу (кн. «Майстэрства Аркадзя Куляшова-перакладчыка», 1983), творчасць бел. пісьменнікаў. Пераклаў з польскай кн. «Крыжакі» Г.Сянкевіча, апавяданні С.Градзенскай, з чэшскай — кн. «Клапзубава каманда» Э.Баса, апавяданні І.Кліма і інш.
Тв.:
Міхась Лынькоў Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1987.
т. 8, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАБА́Н (Сцяпан Ігнатавіч) (8.1.1902, в. Дзехнаўка Мінскага р-на — 14.1.1974),
бел. літ.-знавец. Д-р філал. н. (1960), праф. (1961). Скончыў БДУ (1931). З 1934 працаваў у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі, з 1937 у Мінскім пед. ін-це. Друкаваўся з 1938. Даследаваў філас., літ.-эстэт. погляды В.Бялінскага і Дз. Пісарава. Вывучаў светапогляд і праблематыку творчасці Я.Купалы. Аўтар нарысаў па гісторыі бел. літ. крытыкі і эстэт. думкі, у якіх не пазбег вульгарна-сацыялагічных ацэнак.
Тв.:
Очерки истории белорусской эстетической мысли и литературной критики. Мн., 1971;
Нарысы гісторыі беларускай савецкай крытыкі 20—30-х гг. Мн., 1971.
т. 8, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РЗУН (Мікола) (Мікалай Паўлавіч; 1.5.1934, в. Заўшыцы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 22.2.1995),
бел. пісьменнік. Скончыў Смілавіцкі с.-г. тэхнікум (1956), вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1957—61). Працаваў у НДІ глебазнаўства, літ. музеях Я.Купалы ў Вязынцы (заг. у 1971—78), Я.Коласа (у 1978 і з 1982), у 1978—82 дырэктар «Кнігарні пісьменніка». Друкаваўся з 1958. Пісаў пераважна для дзяцей і юнацтва. Аўтар зб-каў апавяданняў пра таямнічы свет прыроды «Жывы куток» (1962), «Тры сонцы» (1971), дакумент. аповесцей пра дзяцей-партызан «Віця Сітніца» (1964), «Навальнічная паласа» (1979), аповесцей «Зоркі на танках» (1982), «Святло чароўнай зоркі» (1989) і інш.
т. 8, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЎЦО́Ў (Валянцін Акімавіч) (14.6.1902, пас. Шырачанка Ейскага гарсавета Краснадарскага краю, Расія — 15.1.1963),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). З 1930 акцёр Бел. рабочага т-ра імя ЦСПСБ, з 1933 у т-ры імя Я.Купалы. Выканаўца характарных, драм. роляў. Найб. значныя: Аркадзь, Колас, Сіманенка («Платон Крэчат», «Фронт», «Макар Дубрава» А.Карнейчука), Лешч («Апошнія» М.Горкага), Скіба, Шуфт («Партызаны», «З народам» К.Крапівы), Лук’ян Рабічка («Пагібель ваўка» Э.Самуйлёнка), Гамер («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Траўбэ («Цытадэль славы» К.Губарэвіча), Джонсан, Калібераў, Глуздакоў («На досвітку», «Выбачайце, калі ласка!», «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка), Капулеці («Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), Вішнеўскі («Даходнае месца» А.Астроўскага).
Б.І.Бур’ян.
т. 8, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)