сістэма адзінак фіз. велічынь, дзе за асн. адзінкі прыняты фундаментальныя фіз. пастаянныя (зарад і маса спакою электрона, скорасць святла ў вакууме і інш.). Памер асн. адзінак у Н.с.а. вызначаецца з’явамі прыроды, што адрознівае яе ад інш.сістэм адзінак, у якіх выбар адзінак абумоўлены патрабаваннямі практыкі (як, напр., у Міжнароднай сістэме адзінак). П.Дзірак, М.Планк, англ. вучоны Д.Хартры і інш. прапанавалі некалькі Н.с.а., якія, на думку стваральнікаў, незалежныя ад фіз. працэсаў і прыдатныя для любых момантаў часу і месцаў у Сусвеце.
У Н.с.а. Планка (1906) у якасці асн. адзінак выбраны Больцмана пастаянная, гравітацыйная пастаянная і скорасць святла ў вакууме, лікавыя значэнні якіх прыняты роўнымі 1. У гэтай сістэме адзінка даўжыні роўная 4,03∙10−35м, масы — 5,42∙10−8кг, часу — 1,34∙10−43с, т-ры — 3,63∙1032К. Характэрная асаблівасць усіх Н.с.а — вельмі малыя адзінкі даўжыні, масы і часу і агромністыя адзінкі т-ры, у выніку чаго гэтыя сістэмы нязручныя для практычных вымярэнняў, аднак знаходзяць выкарыстанне ў атамнай фізіцы, квантавай механіцы і інш. раздзелах тэарэт. фізікі.
Літ.:
Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1988. С. 335—338;
Чертов А.Г. Физические величины. М., 1990. С. 31—33.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАЛАГІ́ЗМ (ад неа... + грэч. logos слова),
слова або спалучэнне слоў, утвораныя для абазначэння новых прадметаў, паняццяў, з’яў ці для замены іх старых назваў. Напр., «газамабіль» (аўтамабіль, які працуе на газавым паліве). Прыналежнасць слоў да Н. — уласцівасць адносная і гістарычная. З часам Н. ўваходзяць у актыўны слоўнікавы склад лексікі і перастаюць успрымацца як новыя словы («саўгас», «касмадром» і інш.), або, наадварот, пераходзяць у разрад гістарызмаў («камбед»), Н. — пераважна назоўнікі, радзей — прыметнікі, дзеясловы; сярод займеннікаў, лічэбнікаў, службовых слоў не сустракаюцца. Н. падзяляюць на лексічныя, якія выступаюць у мове як назвы прадметаў, з’яў («гагарыніт»), і семантычныя — новыя значэнні вядомых слоў: «банк» (у выразе «банк новых ідэй»), Лексічныя і семантычныя Н. ўваходзяць у лексічную сістэму мовы і з’яўляюцца агульнамоўнымі. У бел. мове сярод сучасных Н.: «луніт», «гідробус», «акванаўт», «брыфінг» і інш. Шырокае распаўсюджанне атрымалі індывідуальна-стылістычныя, або аўтарскія, Н. — аказіяналізмы, якія створаны пісьменнікамі, грамадскімі дзеячамі толькі ў пэўным кантэксце. Напр., «заістужыць», «распарасоніцца» (У.Дубоўка), «грыбазбіры» (П.Панчанка), «ад’юбілеіць» (В.Вітка). Асобныя аўтарскія Н. могуць пераходзіць у катэгорыю агульнаўжывальных слоў.
Літ.:
Брагина А Неологизмы в русском языке. М., 1973;
Новые слова и словари новых слов. Л., 1978—83;
Казейка І.П. Паняцце неалагізма ў сучасным мовазнаўстве // Бел. лінгвістыка. Мн., 1988. Вып. 34.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РТУ, Апорта (Porto, Oporto),
горад на ПнЗ Партугаліі. Адм. ц. акругі Порту. 302,5 тыс.ж., з прыгарадамі каля 1,5 млн.ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Марскі порт пры ўпадзенні р. Дуэра ў Атлантычны ак.Міжнар. аэрапорт. Другі па эканам.значэнні і насельніцтве (пасля Лісабона) цэнтр краіны. Прам-сць: нафтаперапр., тэкст., маш.-буд. (суднабуд., эл.-тэхн. і інш.), вінаробная, рыбакансервавая, хім., шкляная, папяровая, гарбарна-абутковая, швейная. Каляровая металургія, апрацоўка кары коркавага дубу. Ун-т. Сабор (1113—36, перабудаваны ў 17—18 ст.), шматлікія гатычныя рэнесансавыя і барочныя будынкі. Турызм.
У 1 ст. да н.э. на тэр. сучаснага П. існавала рым. калонія пад назвай Портус-Кале (адсюль назва Партугаліі). У канцы 5 ст.н.э. ўладанне свеўскіх каралёў, з 540 — вестготаў, у 716—997 — арабаў. У час Рэканкісты шмат разоў пераходзіў з рук у рукі. У 1095 цэнтр Партугальскага графства. З 12 ст. П. — адзін з найважнейшых партоў краіны і цэнтр гандлю вінамі. Пасля заключэння ў 1703 англа-партуг.Метуэнскага дагавора П. — калонія брыт. маракоў і гандляроў вінамі. У 1820 адзін з цэнтраў антыбрыт. паўстання. У 1832 гараджане падтрымалі Педру IV і Марыю II да Глорыя (гл.Мігелісцкія войны). У 1891 у П. адбылося рэсп. паўстанне, у 1927 — паўстанне супраць ваен. дыктатуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВІЛЫ ДАРО́ЖНАГА РУ́ХУ,
асноўны нарматыўны акт, які рэгламентуе парадак дарожнага руху і паводзіны яго ўдзельнікаў (вадзіцеляў, пешаходаў і пасажыраў). Выконваюць арганізацыйна-прававыя функцыі кіравання, вызначаюць пералік няспраўнасцей і ўмоў, пры якіх забараняецца эксплуатацыя трансп. сродкаў на дарожна-трансп. сетцы. На Беларусі дзеючыя П.д.р. ўведзены ў 1996.
Дарожны рух — складаны дынамічны працэс, які ўяўляе сабой узаемадзеянне сукупнасці рухомых і нерухомых пешаходаў і розных тыпаў мех. і немех. трансп. сродкаў. П.д.р. садзейнічаюць падтрыманню неабходнай скорасці руху, устанаўліваюць значэнні сігналаў святлафора, знакаў дарожных, дарожнай разметкі і інш. Першыя правілы аўтамаб. руху з’явіліся ў Вялікабрытаніі (1896), пазней у інш. краінах. У Расіі распрацоўваліся і ўводзіліся мясц. органамі ўлады з 1900-х г. У СССР П.д.р. ўстаноўлены дэкрэтам СНК (1920). У 1940 зацверджаны «Тыпавыя правілы руху па вуліцах гарадоў СССР», на аснове якіх распрацоўваліся П.д.р. на месцах, у т. л. рэспубліканскія. Адзіныя «Правілы руху па вуліцах і дарогах СССР», уведзены ў 1961, у 1965 і 1970. У 1973 уведзены П.д.р. з улікам патрабаванняў Канвенцыі аб дарожным руху і Канвенцыі аб дарожных знаках (1968; Вена), яны змяняліся і дапаўняліся ў 1975, 1976 і 1979. У правілах 1980 улічаны таксама і міжнар. вопыт у галіне аўтамаб. транспарту і дарожнага руху, а таксама дакументы па бяспецы дарожнага руху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́ІКА (ад грэч. archaïkos старадаўні, старажытны),
ранні этап у гіст. развіцці якой-небудзь з’явы. У мастацтвазнаўстве тэрмін выкарыстоўваецца гал. чынам для вызначэння ранняга перыяду развіцця архітэктуры і выяўл. мастацтва Старажытнай Грэцыі (7—6 ст. да н.э.), калі выпрацоўваліся найважнейшыя арх.-маст. прыёмы, традыцыйныя для грэч.класікі.
Архітэктура развівалася на аснове стоечна-бэлечнай канструкцыйнай сістэмы, выяўл. мастацтва — вобразаў ант. міфалогіі. Найважнейшымі дасягненнямі мастацтва перыяду архаікі была выпрацоўка прапарцыянальных канонаў і дэкар. формаў арх.ордэра (у т. л. дарычнага і іанічнага), асн. тыпажу манум. скульптуры, чорна- і чырвонафігурнага стыляў вазапісу; з’явіліся і новыя тыпы манум. скульптуры — статуі юнакоў-атлетаў (курас) і дзяўчат (кора). У больш шырокім значэнні архаіка — мастацтва стараж.гіст. эпох, якое вызначаецца прымітывізмам формаў. У мастацтвазнаўстве тэрмін «архаіка» выкарыстоўваецца ў дачыненні да твораў, у якіх ёсць рэтраспектыўныя формы старажытнасці (пераважна антычнасці).
На Беларусі зварот да формаў архаікі найб. выявіўся ў познім класіцызме ў інтэр’еры палацаў (Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль) і пры трактоўцы малых арх. формаў у палацава-паркавым мастацтве (сфінксы на варотах Новага замка ў Гродне, фантан Нараўлянскага сядзібна-паркавага ансамбля і мемарыяльнай архітэктуры (капліца-пахавальня сядзібы ў в. Маліноўшчына Маладзечанскага р-на).
А.М.Кулагін.
Да арт.Архаіка. Фрагмент вазапісу. Майстар Эксекій. 6 ст. да н.э.Да арт.Архаіка. Капліца-пахавальня ў в. Маліноўшчына Маладзечанскага раёна Мінскай вобл. 2-я пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
у першасным значэннімех. сістэма з канечным лікам ступеней свабоды (напр., сістэма матэрыяльных пунктаў або цвёрдых цел, якія рухаюцца па законах класічнай механікі). У эўрыстычным сэнсе (гл.Эўрыстыка) — сукупнасць фіз. аб’ектаў, для якіх характэрна адназначная залежнасць працэсаў, што працякаюць у іх, ад знешніх уздзеянняў, узаемных сувязей паміж аб’ектамі і іх пачатковых станаў. У больш шырокім сэнсе — адвольная фіз. сістэма (напр., сістэма аўтам. рэгулявання, радыётэхн. сістэма), якая апісваецца звычайнымі дыферэнцыяльнымі ўраўненнямі, а таксама сістэма такіх ураўненняў (незалежна ад яе паходжання).
У матэм. тэорыі Д.с. разглядаюцца матэм. мадэлі рэчаісных фіз. і мех. сістэм, якія адлюстроўваюць іх асн. ўласцівасці. Для апісання ўсіх тыпаў Д.с. выкарыстоўваюць метад уваходна-выхадных уяўленняў (метад «чорнай скрыні»; выяўленне адпаведнасці паміж уваходнымі і выхаднымі сігналамі) ці метад прасторы станаў (метад фазавай прасторы; выхадны сігнал залежыць ад стану Д.с., уваходнага сігналу і папярэдніх уваходных уздзеянняў). Складаныя Д.с. служаць мадэлямі розных фіз.-хім. асяроддзяў (напр., актыўнае рэчыва лазера, вязкая вадкасць), фізіял. органаў (мышца сэрца, нервовае валакно) і інш. На Беларусі даследаванні Д.с. праводзяцца з 1960-х г. у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, у Бел.політэхн. акадэміі, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Літ.:
Калман Р., Фалб П., Арбиб М. Очерки по математической теории систем: Пер. с англ.М., 1971;
Крот А.М. Дискретные модели динамических систем на основе полиномиальной алгебры. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНЕТАХІ́МІЯ,
раздзел фізічнай хіміі, які вывучае залежнасць паміж магн. ўласцівасцямі рэчываў і іх будовай.
Асн. ўласцівасць, якая вымяраецца ў М. — магнітная ўспрыімлівасць. Звычайна яе вызначаюць па змене вагі ўзору рэчыва ў магн. полі, пры гэтым карыстаюцца метадамі, прапанаванымі англ. вучоным М.Фарадэем і швейц. хімікам Ф.Гюі. Для дыямагнітных рэчываў, пераважна арган. злучэнняў, элементы будовы малекул выводзяцца, зыходзячы з адытыўнай схемы франц. фізікахіміка П.Паскаля (1910), згодна з якой малекулярная магн. ўспрыімлівасць роўная суме ўспрыімлівасцей асобных атамаў, што ўваходзяць у састаў малекулы, з папраўкай на характар хім. сувязі паміж імі. Пры даследаванні парамагн. рэчываў (напр., комплексаў пераходных металаў, атамных кластараў) супастаўляюць эксперым. і тэарэт.значэннімагнітных момантаў ці аналізуюць іх залежнасць ад т-ры, што дазваляе меркаваць аб ступені акіслення металу, прыродзе ўзаемадзеянняў унутры комплексу і комплексу з часціцамі, якія яго акружаюць, аб прасторавай структуры і сіметрыі крышт. поля, наяўнасці фера- і антыферамагн. узаемадзеянняў у шмат’ядз. утварэннях. У М. класічныя метады даследаванняў спалучаюцца з магнітарэзананснымі метадамі (гл.Электронны парамагнітны рэзананс, Ядзерны магнітны рэзананс). Новы кірунак у М. — вывучэнне непасрэднага ўплыву магн. поля на хім. раўнавагу, кінетыку і механізм хім, рэакцый. Метады М. выкарыстоўваюцца ў аналіт. практыцы, напр., для выяўлення прымесей ферамагн. рэчываў у колькасцях, недаступных для вызначэння інш. метадамі.
Літ.:
Калинников В.Т. Ракитин Ю.В. Введение в магнетохимию. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІГАЦЫ́ЙНЫ КО́МПЛЕКС,
сукупнасць бартавых навігацыйных прылад і апаратуры прыёму сігналаў ад навігацыйных сістэм, прызначаных для судна- і самалётаваджэння, эфектыўнага выкарыстання зброі ваен. лятальных апаратаў (ЛА) і караблёў. Аб’яднанне навігацыйных сістэм і прылад рознага прызначэння ў адзіны Н.к. робіцца з дапамогай ЭВМ, што павышае дакладнасць і надзейнасць іх работы, аўтаматызуе рашэнне навігацыйных задач. Н.к. — асн.тэхн. сродак навігацыі паветранай і марской навігацыі.
Выкарыстоўваюцца з канца 1950-х г. у сувязі са з’яўленнем ракетна-ядз. зброі. У 1970-я г. атрымалі пашырэнне аўтаматызаваныя Н.к., у склад якіх уваходзяць: інерцыяльная навігацыйная апаратура, інфармацыйна-вымяральныя прылады, спец.ЭВМ з выліч. і праграмнымі прыстасаваннямі, сродкі карэкцыі работы апаратуры, органы кіравання, прыстасаванні індыкацыі, трансляцыі і кантролю. Інфармацыйна-вымяральныя прылады даюць значэнні курсу, скорасці, пройдзенай адлегласці, вугла зносу (адхілення), вышыні палёту (глыбіні), вуглы крэну і тангажу (бартавой і кілевай гайданкі) і інш.; выліч. прыстасаванне аўтаматычна вызначае каардынаты аб’екта, робіць іх карэкцыю, улічвае уплыў ветру і цячэння, вызначае параметры манеўра і даныя для выкарыстання зброі; праграмнае прыстасаванне захоўвае навігацыйную інфармацыю, напр., каардынаты наземных станцый радыёнавігацыйных сістэм. У якасці сродкаў карэкцыі Н.к. выкарыстоўваюцца радыёнавігацыйныя сістэмы, бартавыя радыёлакацыйныя станцыі, астр., астранавігацыйныя і гідраакустычныя сістэмы. Спалучэнне Н.к. з аўтапілотам (пуцявым аўтаматам, аўтарулявым) забяспечвае паўаўтам. або аўтам. кіраванне ЛА (караблём) па зададзеным шляху, выкананне манеўраў і інш. У ваен. авіяцыі для навігацыі і выкарыстання зброі выкарыстоўваюць прыцэльна-навігацыйныя сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПУЛІ́ЗМ (франц. populisme ад лац. populus народ),
арыентацыя суб’ектаў палітыкі (паліт. дзеячаў, партый) на паліт. ідэі шырокіх мас, незадаволеных сац. рэчаіснасцю. З’явіўся з развіццём капіталізму сярод «прамежкавых» паміж пралетарыятам і буржуазіяй пластоў грамадства, звычайна яго носьбіты — сяляне, фермеры, дробныя прадпрымальнікі, частка рабочых, люмпенаў і інш. Пераважна развіваецца ў эпоху сац. крызісаў. Напр., разнавіднасцю П. лічаць рас.народніцтва 19 ст. У ЗША партыя папулістаў (1891—1900) узнікла як альянс фермерскіх і рабочых арг-цый. П. пашырыўся ў многіх краінах Афрыкі і Азіі ў перыяд іх барацьбы за вызваленне ад калан. залежнасці. Папулісцкімі лідэрамі былі Сунь Ятсен у Кітаі, М.К.Гандзі ў Індыі, Сукарна ў Інданезіі і інш. У аснове П. ідэя роўнасці, роўных магчымасцей для ўсіх пластоў насельніцтва задавальняць свае жыццёвыя і грамадска-паліт. патрэбы. Адрозніваюць П. рэальны і спекуляцыйны. Рэальны П. — правядзенне правячай элітай палітыкі, накіраванай на абмежаванне пануючых сац. сіл (буйных капіталістаў і зямельных уласнікаў) на карысць шырокіх нар. мас (напр., палітыка прэзідэнта Чылі С.Альендэ Госенса ў 1970—73). Спекуляцыйны П. — паддобрыванне народа на ўзроўні лозунгаў дзеля прыходу да ўлады або яе ўтрымання, дасягнення карыслівых мэт і г.д. Гэтая форма П. асабліва характэрна для аўтарытарных, таталітарных, фаш. і інш. падобных рэжымаў. Такі П. — адзін з відаў сац. і паліт. дэмагогіі (гл.Дэмагог), маніпуліравання свядомасцю маладасведчаных людзей, галасамі выбаршчыкаў і г.д. Тэрмін П. (у спекуляцыйным значэнні) выкарыстоўваюць (часта ўзаемна) розныя паліт. партыі і плыні, каб абвінаваціць сваіх праціўнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛА́КС (ад грэч. parallaxis адхіленне),
уяўная змена становішча прадмета з прычыны перамяшчэння ў прасторы вока назіральніка. Залежыць ад даўжыні вектара перамяшчэння назіральніка, адлегласці паміж ім і аб’ектам. Напр., бачнае зрушэнне краю слупка ртуці ў барометры адносна дзяленняў шкалы пры розных становішчах вока. П. у астраноміі — уяўнае зрушэнне свяціла, абумоўленае перамяшчэннем назіральніка. Адрозніваюць П.: з прычыны вярчэння Зямлі — сутачны, абарачэння Зямлі вакол Сонца — гадавы.
Сутачны П. — вугал паміж напрамкамі на свяціла з цэнтра Зямлі і з пэўнага пункта зямной паверхні (вугал p′, пад якім са свяціла M бачны радыус Зямлі r у месцы назірання). Для свяціла, якое знаходзіцца ў зеніце, сутачны П. роўны нулю; для свяціла на гарызонце ён максімальны і наз.гарызантальным П. Па значэннігарыз. П. свяціла p″ можна знайсці адлегласць Δ ад цэнтра Зямлі да свяціла: Δ = 206265″ r/p″, дзе r — экватарыяльны радыус Зямлі. Гарыз. П. Сонца роўны 8,794″, што адпавядае адлегласці ад Зямлі да Сонца 149 597 870 км, якая наз.астранамічнай адзінкай. Гадавы П. — вугал, пад якім са свяціла відаць вял. паўвось зямной арбіты; служыць для вызначэння адлегласцей да зорак.
А.А.Шымбалёў.
Уплыў паралакса на адлік ціску па барометры.Сутачны паралакс свяціла (∠OMT): T — цэнтр Зямлі; O — пункт назірання на паверхні Зямлі; M (M′) — цэнтр свяціла; r — радыус Зямлі; ∠OM′T — гарызантальны сутачны паралакс.Гадавы паралакс.