залежнасць ад каардынат і часу змены станаў асяроддзя ці поля пры распаўсюджванні хвалі; частковае рашэнне хвалевага ўраўнення. Напр., для плоскай гарманічнай хвалі, якая распаўсюджваецца ў непаглынальным асяроддзі ўздоўж восі x, мае выгляд: ξ(x, t) = Acos (ωt − kx + φ0), дзе ξ(x, t — імгненнае значэнне вагальнай велічыні ў пункце x у момант часу t, A — амплітуда, φ = ωt − kx + φ0 — фаза φ і φ0 — пачатковая фаза, ω — кругавая частата, k = 2πλ — хвалевы лік, λ — даўжыня хвалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧО́РТАЎ КА́МЕНЬ БАГДА́НАЎСКІ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). Знаходзіцца на беразе воз. Багданаўскае ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Валун дробназярністага ружова-шэрага мігматыту з ружовымі жылкамі (2—5 см) палявога шпату. Даўж. 3,4 м, шыр. 3,1 м, выш. 2,2 м, у абводзе 10,1 м, аб’ём 12,3 м³, маса 33 т. Прынесены ледавіком каля 20—12 тыс.г. назад са Скандынаўскага п-ва. З валуном звязана шмат паданняў. У старажытнасці меў культавае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАДЗІ́ХІН Фёдар Аляксандравіч (8.12.1831, г. Мікалаеў, Украіна — 14.5.1904),
рускі астраном, заснавальнік рус. астрафіз. школы. Акад. Пецярбургскай АН (1890). Скончыў Маскоўскі ун-т (1855). Праф. Маскоўскага (1865), Кіеўскага (1869) ун-таў. Дырэктар Маскоўскай з 1873 і Пулкаўскай у 1890—95 абсерваторый. Навук. працы па астрафізіцы, астраметрыі, гравіметрыі. Сусв.значэнне маюць даследаванні камет і метэораў. Стварыў мех. тэорыю каметных формаў. Даследаваў утварэнне перыядычных камет і паходжанне метэораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМАНІ́ЧНЫЯ ВАГА́ННІ,
перыядычныя змены фіз. велічыні паводле сінусаідальнага закону. Аналітычна апісваюць залежнасцю x = A sin(ωt+φ0) або x = A cos(ωt+φ0), дзе x — значэннефіз. велічыні ў дадзены момант часу t, A — амплітуда, ωt+φ0 — фаза, ω — цыклічная частата, φ0 — пач. фаза. Графічна адлюстроўваюцца сінусоідай. Ваганні многіх фіз. сістэм блізкія да гарманічных ваганняў, а любое складанае ваганне можна выявіць як сукупнасць гарманічных ваганняў у выглядзе Фур’е шэрагу (гл.Гарманічны аналіз, Ангарманічныя ваганні, Абертон).
Да арт.Гарманічныя ваганні: T — перыяд; A — амплітуда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ДНАЯ ПО́ЛАСЦЬ,
пярэдняя частка поласці цела млекакормячых жывёл і чалавека. Размешчана ў грудной клетцы і абмежавана ўнутрыгрудной фасцыяй. Ад брушнай поласці аддзелена дыяфрагмай. У грудной поласці — сэрца, лёгкія, трахея, стрававод, крывяносныя і лімфатычныя сасуды, нервы. Грудная поласць уключае 2 серозныя плеўральныя мяшкі і размешчанае паміж імі міжсценне, у ніжнім аддзеле якога — серозная поласць. Паміж парыетальным і вісцэральным лісткамі плеўры — поласць плеўры, якая мае важнае значэнне ў дыханні. У ёй пры пашкоджаннях ці запаленчых хваробах збіраецца паветра, кроў, серозная вадкасць, гной.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ФІКС (ад лац. affixus прымацаваны),
службовая марфема, якая перадае дадатковае лексічнае і граматычнае значэнне слова або вызначае адносіны слова да інш. слоў у сказе. Да афіксаў адносяцца: флексія, або канчатак, — вызначае граматычную форму слова і служыць для сувязі з інш. словамі ў сказе; прэфікс, або прыстаўка (перад коранем), суфікс (пасля кораня), конфікс (з абодвух бакоў кораня), постфікс (пасля суфікса ці флексіі) — служаць для ўтварэння новых слоў або формаў слова; інтэрфікс — выкарыстоўваецца для злучэння пэўных марфем у слове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЁР-ТРАГАНТЭ́РЫЙ (Trogontherium cuvieri),
вымерлая млекакормячая жывёла сям. бабровых атр. грызуноў. 5 відаў. Жылі ў Еўразіі ў канцы пліяцэну, раннім і сярэднім плейстацэне. Вядома 20 месцазнаходжанняў яго рэшткаў, у т. л. на Беларусі ў Баранавіцкім раёне ў адкладах ранняга плейстацэну.
Вонкава нагадваў сучаснага бабра, але амаль удвая большы за яго. Будова і пастаноўка разцоў сведчаць, што гэта рыючы грызун. Верагодна, жыццё яго не было цесна звязана з каляводнымі біятопамі, мог жыць і ў засушлівых раёнах. Рэшткі маюць палеагеагр. і стратыграфічнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯРЫ́Т (франц. diorite ад грэч. diorizo размяжоўваю, адрозніваю),
глыбінная поўнакрышталічная магматычная горная парода, складзеная з плагіяклазу (андэзіну ці алігаклазу) і звычайна рагавой падманкі, радзей аўгіту і біятыту, зрэдку — кварцу (кварцавы Д.). Структура буйна- і тонказярністая, раўнамерна-, нераўнамерназярністая, парфірападобная. Колер шэры да зеленавата-шэрага. Шчыльн. 2700—2900 кг/м³. Утварае буйныя інтрузіі ў выглядзе баталітаў, штокаў. Пашыраны ў крышт. фундаменце Беларусі. На Пд рэспублікі (р.п. Мікашэвічы) мае прамысл.значэнне. Выкарыстоўваецца як буд. матэрыял, на брук і як абліцовачны камень; некаторыя гатункі — дэкар. камяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ ІНВЕСТЫЦЫ́ЙНЫ БАНК (European Investment Bank; ЕІБ),
банк, створаны для падтрымкі праектаў, якія маюць значэнне для некалькіх краін — членаў Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, а таксама для фінансавання больш адсталых еўрап. краін у выглядзе доўгатэрміновых крэдытаў. Дзейнічае з 1959. ЕІБ — інстытут з аўтаномным фін. статусам. Яго кіруючы орган — Савет упраўляючых у складзе міністраў фінансаў краін-удзельніц, які вызначае крэдытную палітыку, зацвярджае гадавыя балансы, прымае рашэнні аб выдачы крэдытаў і гарантый, аб выпуску пазык і памеры працэнтных ставак. Статутны капітал ЕІБ каля 15 млрд. ЭКЮ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРДАНО́Н,
таксанамічная катэгорыя ніжэйшага рангу, чым від: група індывідуумаў, ідэнтычных марфалагічна, генетычна і экалагічна, здольных пастаянна захоўваць свае прыкметы ў культуры. Тэрмін прапанаваў галандскі батанік Я.Лотсі (1916) у гонар франц. батаніка А.Жардана, які вызначыў, што звычайны «лінееўскі від» можна раскласці на вял. колькасць канстантных форм. Спадчынная ўстойлівасць прыкмет звязана з апаміксісам. Гэта значыць, што размнажэнне насеннем адбываецца ў спадчынна ўстойлівых форм таксама, як пры вегетатыўным размнажэнні. У аналітычнай сістэматыцы культ. раслін вылучэнне вял. колькасці ўнутрывідавых адзінак мае істотнае значэнне.