ХЛАРАФІ́ЛЫ (ад грэч. chlōros зялёны + phyllon ліст),
зялёныя пігменты раслін, з дапамогай якіх яны ўлоўліваюць энергію сонечнага святла і ажыццяўляюць фотасінтэз. Аснова малекулы Х. — складанае цыклічнае злучэнне — Mg-парфірынавы комплекс. У клетках Х. знаходзяцца ў хларапластах і храматафорах. Фізіялагічна Х. актыўныя толькі ў звязанай з бялком форме. Існуе некалькі тыпаў Х. (a, b, c, d), якія адрозніваюцца сістэмай спалучаных сувязей і намеснікамі (спектрамі паглынання). У вышэйшых раслін і водарасцях асн. пігментам з’яўляецца Х. a, дадатковымі — Х. b (вышэйшыя расліны, зялёныя водарасці), Х. c (бурыя і дыятомавыя водарасці), Х. d (чырв. водарасці). Большая ч. малекул Х. паглынае энергію святла (што суправаджаецца ўзбуджэннем малекул Х. — назапашваннем энергіі ўнутры малекул) і перадае яе рэакц. цэнтрам фотасінтэзу (міграцыя энергіі), меншая ч. ўключана ў склад рэакц. цэнтраў і ўдзельнічае ў фотахім. рэакцыях. У рэакц. цэнтры Х. за кошт энергіі кванта, што паглынаецца, адбываецца міжмалекулярны перанос электрона, т.зв. элементарны акісляльна-аднаўленчы акт. У выніку першасных працэсаў фотасінтэзу ўтвараюцца адноўленыя прадукты (НАДН, НАДФН) і АТФ. Энергія, назапашаная ў гэтых злучэннях, выкарыстоўваецца для біяхім. ператварэнняў вугляроду, які ўваходзіць у цыкл Калвіна. Т.ч., святло, што паглынаецца Х., ператвараецца ў патэнцыяльную хім. энергію арган. прадуктаў фотасінтэзу. У фотатрофных бактэрый у фотасінтэзе ўдзельнічаюць аналагі Х. — бактэрыяхларафілы.
Літ.:
Vernon L.P., Seely G.R. The chlorophylls. New York;
London, 1966;
Белл Л.Н. Энергетика фотосинтезирующей растительной клетки. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯФРЭ́МАЎ Міхаіл Рыгоравіч (11.3.1897, г. Таруса Калужскай вобл., Расія — 19.4.1942),
савецкі военачальнік, удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Ген.-л. (1940). Герой Расіі (1996). Скончыў Ваен.-паліт. (1930) і Ваен. імя Фрунзе (1933) акадэміі. Удзельнік 1-й сусв. вайны, прапаршчык (1916). У Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну вызначыўся як камандзір атрада бронепаяздоў пры ўзяцці г. Баку ў 1920. У 1920—30-я г. камандаваў дывізіяй, корпусам, войскамі Прыволжскай, Забайкальскай, Арлоўскай, Паўд.-Каўк., Закаўк. ваен. акруг. У пач.Вял.Айч. вайны пад яго камандаваннем войскі 21-й арміі (з ліп. 1941) і Цэнтр. фронту (са жн. 1941) абаранялі дняпроўскія рубяжы на Гомельскім напрамку (гл.Гомеля абарона 1941, Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1941). З кастр. 1941 камандаваў 33-й арміяй Зах. фронту. Удзельнік Маскоўскай бітвы 1941—42, у ходзе якой ударная групоўка 33-й арміі ў лют. 1942 прарвалася да г. Вязьма, але была акружана сіламі праціўніка. Пасля 2-месячных баёў у акружэнні пры спробе прарвацца на злучэнне з асн. сіламі Зах. фронту Я. цяжка паранены і, каб пазбегнуць палону, застрэліўся. Пахаваны гітлераўцамі з воінскімі ўшанаваннямі, пасля вызвалення гэтых мясцін у 1943 перапахаваны ў г. Вязьма, дзе яму пастаўлены помнік (аўтар Я.В.Вучэціч). Дэп. Вярх. СаветаСССР (1936—40).
Літ.:
Капусто Ю. Последними дорогами генерала Ефремова. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«Гарнізон Ф. І. Паўлоўскага» (злучэннепартыз. атрадаў, Акцябрскі р-н) 8/118, 120, 146, 151, 153, 154, 156, 158, 242, 252
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Магілёўская ваенна-аператыўная група 6/29, 496, 500, 507, 508; 8/136, 147—148, 254, 255; 9/509, гл. Магілёўскае партызанскае злучэнне
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІКА ВЫКА́ЗВАННЯЎ,
прапазіцыянальная логіка, раздзел логікі, у якім вывучаюцца лагічныя сувязі паміж простымі і складанымі выказваннямі. Простае (атамарнае) выказванне не ўключае ў сябе іншыя выказванні і разглядаецца як пераменная, якая прымае або ісціннае, або няісціннае значэнне. Канкрэтны змест і ўнутр. структура выказванняў пры гэтым не разглядаюцца. Складанае выказванне складваецца з іншых выказванняў пры дапамозе ўзаемазвязаных лагічных (прапазіцыянальных) звязак. Так, злучэнне двух выказванняў з дапамогай звязкі «і» дае складанае выказванне (кан’юнкцыю), якое з’яўляецца ісцінным, толькі калі абодва гэтыя выказванні ісцінныя. Складанае выказванне, утворанае з дапамогай звязкі «або» (дыз’юнкцыя), ісціннае, калі хаця б адно з гэтых двух выказванняў ісціннае. Складанае выказванне, утворанае з дапамогай «не» (адмаўленне), ісціннае, калі толькі зыходнае выказванне няісціннае. Складанае выказванне, атрыманае з двух выказванняў з дапамогай звязкі «калі, то» (імплікацыя), ісціннае ў 3 выпадках: абодва гэтыя выказванні ісцінныя, абодва яны няісцінныя; першае з выказванняў (за словам «калі») няісціннае, а другое (за словам «то») ісціннае, імплікацыя з’яўляецца няісціннай, толькі калі першае з яе выказванняў ісціннае, а другое няісціннае. Мова Л.в. уключае бясконцае мноства пераменных (P, g, r, ... Pi, gi, ri, якія ўяўляюць сабой выказванні), і асаблівыя сімвалы для лагічных звязак: & — кан’юнкцыя («і»), ∨ — дыз’юнкцыя («або»), ¬ — адмаўленне («не» або «няправільна, што»), → — імплікацыя («калі, то»), ↔ — эквівалентнасць («калі і толькі калі»). Л.в. можа быць прадстаўлена таксама ў форме лагічнага злічэння, у якім задаецца спосаб доказу некаторых выказванняў.
Літ.:
Жуков Н.И. Философские основания математики. 2 изд. Мн., 1990;
Брюшинкин В.Н. Практический курс логики для гуманитариев. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКІ БОЙ 1812.
Адбыўся 9—10 ліп. каля мяст. Мір (цяпер г.п. Мір Гродзенскай вобл.) паміж рас. казацкім корпусам ген. М.І.Платава і дывізіяй польскіх уланаў ген. А.Ражнецкага са складу напалеонаўскіх войск у час вайны 1812. Адступаючы з Ваўкавыска на Нясвіж, камандуючы 2-й Зах. арміі ген. П.І.Баграціён загадаў Платаву затрымаць ворага на 2 дні каля Міра. У склад рас. корпуса ўваходзілі 3 казацкія брыгады (5 тыс.чал.). Дывізія ген. Ражнецкага налічвала 6 палкоў. За 3 вярсты ад Міра па дарозе на Карэлічы была падрыхтавана засада, з Міра іх павінен быў падтрымаць полк Сысоева. 9 ліп. 3 палкі польскай дывізіі пад камандаваннем ген. К.Турно пачалі атаку на Мір, але былі контратакаваны казакамі з засады, якіх падтрымалі інш. палкі корпуса Платава. У ноч на 10 ліп. да Платава падышоў атрад І.В.Васільчыкава (16 эскадронаў). Платаў пакінуў у Міры 3 казацкія палкі, а з астатнімі пачаў адступленне на Нясвіж. Раніцай 10 ліп. дывізія Ражнецкага размясцілася каля Міра і пачала дзеянні супраць часцей Васільчыкава. Спачатку праціўнік пацясніў рускіх, але з падыходам брыгады Д.Е.Куцейнікава палякі адступілі да Міра, дзе іх чакала дапамога ў складзе коннай брыгады ген. Т.Тышкевіча і артыл. брыгады. Пасля бою корпус ген. Платава адышоў да Нясвіжа і 12 ліп. далучыўся да гал. сіл 2-й Зах. арміі. М.б. даў магчымасць 2-й Зах. арміі адарвацца ад праследавання і праз Слуцк і Бабруйск рушыць на злучэнне з 1-й Зах. арміяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ РУХу Заходняй Беларусі,
адна з форм нац.-вызв. барацьбы працоўных супраць акупац. рэжыму і нац. ўціску на анексіраваных бел. землях, якія адышлі да Польшчы паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921. Найб. яго ўздым у 1921—25. Сац. склад партыз. атрадаў: сяляне, бежанцы-чырвонаармейцы, вясковая інтэлігенцыя, рамеснікі. Там, дзе партыз. рухам кіравалі камуністы (Палессе, Навагрудчына, Віленшчына), ён меў класавы, антыпамешчыцкі характар, быў больш арганізаваны. Кіраўнікі: К.П.Арлоўскі, С.А.Ваўпшасаў, В.З.Корж, А.М.Рабцэвіч і інш. Асобныя партыз. кіраўнікі карысталіся крыптанімам атамана Мухі-Міхальскага. У раёне Белавежскай пушчы дзейнічала партыз.злучэнне Г.Шыманюка (паводле некат. звестак левы эсэр), якое выдавала газ. «Беларускі партызан»; на Гродзеншчыне атрады — Разумовіча. Агульнае кіраўніцтва гэтымі фарміраваннямі ажыццяўляў ЦКБеларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў з Коўна. У 1922 праведзена 878, у 1923—503 партыз. аперацыі. У сувязі з ростам партыз. руху ў асобных паветах Зах. Беларусі польскімі ўладамі ў 1923—24 абвешчана асаднае становішча, уводзіліся надзвычайныя ваенна-палявыя суды. III канферэнцыя КПЗБ (студз. 1926) прыняла рашэнне пра спыненне партыз. руху. У 1930-я г. ў Навагрудскім. і Палескім ваяв. адбыліся ўзбр. выступленні сялян, якія не набылі размаху. У сувязі з уступленнем Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939 П.р. месцамі праявіўся ў Гродзенскім, Драгічынскім, Пінскім пав.
Літ.:
Сорокин А.А. Освободительное и революционное крестьянское движение в Западной Белоруссии (1920—1939 гг.). Мн., 1970;
Ладысеў У. Шлях да свабоды: З гісторыі рэв.-вызв. руху ў Заходняй Беларусі ў 1919—1939 гг.Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭНАЗІНФО́СФАРНЫЯ КІСЛО́ТЫ, адэназінфасфаты,
складаныя арган. злучэнні (нуклеатыды), 51-фосфарныя эфіры адэназіну. Маюць у сабе адэнін, рыбозу і 1 (адэназінмонафосфарная — адэнілавая к-та, АМФ; вядома таксама яе цыклічная форма, гл. ў арт.Цыклічныя нуклеатыды), 2 (адэназіндыфосфарная к-та, АДФ) ці 3 (адэназінтрыфосфарная кіслата; АТФ) астаткі фосфарнай к-ты. Знаходзяцца ў клетках усіх жывёльных і раслінных арганізмаў у сумарнай канцэнтрацыі 2—15 мМ (каля 87% усяго фонду свабодных нуклеатыдаў). Утвараюць адэнілавую сістэму, якой належыць адно з цэнтр. месцаў у абмене рэчываў і энергіі, пры гэтым пара АДФ/АТФ служыць асн. звяном перадачы энергіі ў клетках: пры пераносе фасфарыльных груп на АМФ, АДФ энергія ў арганізме акумулюецца, пры адшчапленні — вылучаецца.
Адэназінмонафасфат існуе ў свабоднай форме, уваходзіць у састаў РНК, многіх ферментаў, якія ўдзельнічаюць у пераносе вадароду і астаткаў фосфарнай к-ты. Знойдзены ў эрытрацытах крыві, мышцах, а таксама ў дражджах. Адэназіндыфасфат — прамежкавае злучэнне ў рэакцыях, якія звязаны з утварэннем і распадам АТФ, выконвае самастойную ролю ў рэгуляцыі працэсу «дыхання» мітахондрый. У жывых клетках знаходзіцца пераважна ў комплексе з іонамі Mg2+. АДФ-глюкоза ўдзельнічае ў сінтэзе крухмалу. Штучныя прэпараты адэназінфосфарнай кіслаты — іголкападобныя крышталі (АМФ, АТФ) або парашок (АДФ). Растворы дынатрыевай і монакальцыевай соляў АТФ выкарыстоўваюцца для ін’екцый пры мышачнай дыстрафіі, спазме сардэчных і перыферычных сасудаў. Проціпаказаны пры свежых інфарктах міякарду і запаленчых хваробах лёгкіх.
Літ.:
Калинин Ф.Л., Лобов В.П., Жидков В.А. Справочник по биохимии. Киев, 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАПАЎНЯ́ЛЬНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП,
метадалагічны прынцып, прапанаваны Н.Борам (1927) у сувязі з неабходнасцю стварэння лагічна несупярэчлівай фіз. інтэрпрэтацыі квантавай механікі; метадалагічнае абагульненне неазначальнасцей суадносін.
Мікраскапічныя аб’екты (электроны, фатоны і інш.) у розных эксперым. умовах могуць паводзіць сябе як строга лакалізаваныя часціцы ці як хвалі. Аднак уяўленне пра суіснаванне карпускулярных і хвалевых уласцівасцей у адным і тым жа аб’екце звязана з неабходнасцю аб’яднання несумяшчальных паняццяў (напр., паняцце даўжыні хвалі ў пэўным пункце прасторы не мае сэнсу). У адпаведнасці з Д.п. пры тэарэт. апісанні мікраскапічных з’яў неабходна ўжываць 2 сістэмы макраскапічных паняццяў, бо выкарыстанне адной з іх выключае магчымасць адначасовага выкарыстання другой; абедзве ж яны аднолькава неабходныя для поўнага апісання квантава-мех. сістэм і з’яўляюцца нібыта ўзаемна дапаўняльнымі бакамі такога апісання. Бор прадэманстраваў таксама справядлівасць Д.п. ў дачыненні да апісання біял., псіхал. і сац. з’яў. З дапамогай Д.п. ўстанаўліваецца эквівалентнасць (раўназначнасць) паміж двума класамі паняццяў, што апісваюць супярэчлівыя сітуацыі ў розных сферах пазнання. У вузкім сэнсе Д.п. супадае з прынцыпам ням. фізіка В.Гайзенберга, які адзначаў, што пры пэўнасці каардынаты мікрачасціцы мае месца нявызначанасць імпульсу і наадварот. Часам Д.п. ацэньваецца як метадалогія, толькі знешне падобная на дыялектычную, або наогул як метафізічны падыход (мех.злучэнне процілегласцей). Фізікі капенгагенскай школы (П.Іордан, Дж.Франк) лічылі Д.п. чыста суб’ектыўным, цалкам абумоўленым слабасцямі пазнання, звязанымі з адсутнасцю спец. сродкаў адлюстравання цэласнасцей, вымушанасцю пазнання па частках.
Літ.:
Крымский С.Б., Кузнецов В.И. Мировоззренческие категории в современном естествознании. Киев, 1983;
Дополнительность и методология научного познания // Нильс Бор и наука XX в.: Сб. науч. тр. Киев, 1988;
Мировоззренческие структуры в научном познании. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАКО́ЎСКІ (Sierakowski) Зыгмунт (Сігізмунд; псеўд.Даленга; 30.5.1826, с. Лісавое Маневіцкага р-на Валынскай вобл., Украіна — 27.6.1863),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1845—48), скончыў Акадэмію Генштаба ў Пецярбургу (1859). У 1848 за ўдзел у студэнцкіх гуртках высланы радавым у Арэнбургскі корпус, дзе пасябраваў з Т.Р.Шаўчэнкам, Б.Залескім. У 1856 вярнуўся ў Пецярбург, падтрымліваў сувязі з М.А.Дабралюбавым, М.Г.Чарнышэўскім, супрацоўнічаў у час. «Современник». Арганізатар і кіраўнік ваен.-рэв. арг-цыі ў Пецярбургу, членамі якой былі браты В. і К.Каліноўскія. Чл. арг-цыі выступалі супраць сац., нац. і рэліг. прыгнёту, за бурж.-дэмакр. пераўтварэнні ў Расіі, за свабодную і незалежную Рэч Паспалітую, узаемадзейнічалі з польскімі канспіратарамі з партыі «чырвоных», з «Зямлёй і воляй», К-там рускіх афіцэраў у Польшчы. У час замежных паездак (1860—61, 1862) сустракаўся і зблізіўся з А.І.Герцэнам, М.П.Агаровым, Дж.Гарыбальдзі, наладзіў канспіратыўныя сувязі з польскай рэв. эміграцыяй. Да пач. паўстання працаваў у Генштабе. У снеж. 1862 прызначаны ваен.нач. паўстання ў Літве. Вясной 1863 на Ковеншчыне арганізаваў паўстанцкае злучэнне (2 тыс.чал.). Прыхільнік цеснай сувязі польскага паўстання з агульнарус. рухам. Імкнуўся аб’яднаць рух літ. сялян на чале з А.Мацкявічусам з бел. паўстанцкімі атрадамі К.Каліноўскага. 7—9.5.1863 паўстанцы С. разбіты пад мяст. Біржы, паранены С. ўзяты ў палон. Павешаны на Лукішскай плошчы ў Вільні.
Тв.:
Записка З.Сераковского «Вопрос польский» // Русско-польские революционные связи. М., 1963. Т. 1.