БЛОК (Аляксандр Аляксандравіч) (28.11.1880, г. С.-Пецярбург — 7.8.1921),
рускі паэт. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1906). Эстэт. погляды Блока фарміраваліся пад уплывам ідэалістычнай філасофіі (Платон), рамантычнай (В.Лаўкоўскі) і філас.-містычнай лірыкі (У.Салаўёў, А.Белы). У першым зб. «Вершы аб Прыгожай Даме» (1904) спалучаны складаная вобразнасць і містычна-сімвалісцкае ўспрыманне свету. Адыход ад ідэй сімвалізму абвешчаны ў драме «Балаганчык» (1906). Узмацненне сац. тэндэнцый звязана з рэв. 1905—07 (цыкл «Горад», 1904—08). Творчасць паэта гэтага перыяду складаная і супярэчлівая, прасякнута пачуццямі адзіноты і расчаравання, пошукамі ідэалу хараства, роздумам над гісторыяй і сучаснасцю (драма «Незнаёмка», 1906; зб. «Нечаканая радасць», 1907; цыклы «Снежная маска», 1907; «Фаіна», 1908; арт. «Пра рэалістаў», 1907). Пакутліва Блок шукаў шляхі збліжэння інтэлігенцыі і народа (драмы «Песня Лёсу», 1909), асуджаў бездухоўнасць мяшчанства, буржуазіі (цыклы «Скокі смерці», 1912—14; «Страшэнны свет», 1909—16), паэтызаваў гіст. мінулае Расіі. Ён адчуваў трагічны адрыў сучаснай культуры ад нар.-нац. вытокаў і непазбежнасць вялікіх гіст. перамен. Пастаяннымі ў яго творчасці становяцца тэма радзімы, прадчуванне рэв. буры (цыклы «Радзіма», 1907—16; «Ямбы», 1907—14, і інш.). Пафасам барацьбы, патрыятызму і грамадзянскасці прасякнуты цыклы «Вольныя думкі» (1907), «На полі Куліковым» (1909). Асэнсаванне «страшнага свету» бурж. адносін, усведамленне трагедыі сучаснага чалавека ў п’есе «Ружа і крыж» (1912—13). Тэма асобы і гісторыі — цэнтральная ў незакончанай аўтабіяграфічнай паэме «Адплата» (1910—21). Падзеі Кастр. рэвалюцыі асэнсоўваў у рамант. паэмах «Дванаццаць» і «Скіфы», публіцыст. артыкуле «Інтэлігенцыя і рэвалюцыя» (усе 1918). Са снеж. 1918 Блок перажываў своеасаблівы разлад з рэчаіснасцю і творчы крызіс.
Жыццёвыя і творчыя шляхі звязвалі Блока з Беларуссю. У 1-ю сусв. вайну (з пач.жн. 1916 да сярэдзіны сак. 1917) ён праходзіў вайсковую службу на Палессі на буд-ве дарог і ваен. умацаванняў. У сваіх палескіх малюнках адлюстраваў наваколлі бел. вёсак Піншчыны (захоўваюцца ў Рас.дзярж. архіве л-ры і мастацтва). Зберагліся таксама фотаздымкі і партрэты паэта палескага перыяду. Матэрыялы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Блока на Беларусі, захоўваюцца ў музеі Блока. У 1908 у Віцебску і Мінску тэатр. трупай У.Меерхольда была пастаўлена п’еса «Балаганчык». На бел. мову творы Блока перакладалі А.Дудар (паэма «Дванаццаць», 1926), С.Грахоўскі («Выбраныя вершы і паэмы», 1980), а таксама С.Дзяргай, М.Дукса, С.Законнікаў, М.Калачынскі, Р.Лынькоў, Я.Сіпакоў, М.Федзюковіч і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М.; Л., 1960—63.
Літ.:
Долгополов Л.К. Александр Блок. 3 изд. Л., 1984;
Максимов Д.Е. Поэзия и проза Александра Блока. 2 изд. Л., 1981;
Бекетова М.А. Воспоминания об Александре Блоке. М., 1990;
Калінковіч М. Палескія дні Аляксандра Блока // Маладосць. 1980. № 11;
Гапава В. «Світання радасныя гукі»: Купала і Блок // Дзень паэзіі, 1981. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,
галіна будаўніцтва, якая стварае асн.вытв. фонды прам-сці шляхам узвядзення прамысл. прадпрыемстваў, будынкаў і збудаванняў. У працэсе П.б. выконваецца ўвесь комплекс буд.-мантажных работ, уводзяцца ў дзеянне новыя, пашыраюцца ці рэканструююцца дзеючыя прадпрыемствы. Пачынаецца з распрацоўкі тэхн. праекта, размяшчэння заказаў, пастаўкі на буд. пляцоўку буд матэрыялаў і абсталявання. Пры гэтым выконваецца вял. аб’ём падрыхтоўчых і асн. работ, звязаных з планіроўкай тэрыторыі, адводам грунтавых вод, падвядзеннем трансп. і энергет. камунікацый (дарог, ЛЭП, водаправода), будучых наземных і падземных камунікацый. Паралельна ідзе падрыхтоўка кадраў для эксплуатацыі прадпрыемства. Цыкл П.б. заканчваецца апрабаваннем і прыёмам зманціраванага абсталявання з выпускам прадугледжанай праектам прадукцыі і поўным асваеннем вытв. магутнасцей.
П.б. ў БССР пачалося ў 1920—30-я г. Да 1926 у асн. адбудоўваліся прадпрыемствы, разбураныя ў часы 1-й сусв. вайны, герм. і польскай акупацый. Новае П.б. пачалося ў 1927 з буд-ва буйной на той час БелДРЭС у Аршанскім р-не. Да 1941 на Беларусі пабудавана больш за 1700 буйных прадпрыемстваў, у іх ліку станкабудаўнічыя ў Мінску, Віцебску і Гомелі, штучнага валакна ў Магілёве, с.-г. машын у Гомелі, цэментны ў Крычаве, ільнокамбінат у Оршы, ф-кі «КІМ» у Віцебску, «Камунарка» ў Мінску, а таксама каля 200 торфазаводаў, 68 ільнозаводаў, каля 500 прадпрыемстваў малочнай прам-сці. Пасля 2-й сусв. вайны вялося адбудаванне разбураных прадпрыемстваў; за 1945—90 пабудавана больш за 880 буйных прадпрыемстваў, у іх ліку з-ды аўтамаб., трактарны, гадзіннікавы, шарыкападшыпнікавы, маторны, аўтам. ліній і ЭВМ у Мінску, нафтаперапр. ў Наваполацку і Мазыры, азотных угнаенняў у Гродне, хім. ў Гомелі, Бел. металургічны ў Жлобіне, штучнага валакна ў Светлагорску, Лукомская і Бярозаўская ДРЭС, камбінаты салігорскія калійныя, «Лаўсан» у Магілёве, баваўняна-папяровы ў Баранавічах. З 1990 П.б. занята пераважна заканчэннем буд-ва прадпрыемстваў, пачатых у папярэднія гады, рэканструкцыяй і пашырэннем дзеючых магутнасцей.
У 1990—98 у Рэспубліцы Беларусь уведзены ў дзеянне магутнасці на Бел. цэментным з-дзе ў Касцюковічах, Бел. металургічным з-дзе ў Жлобіне, праведзена рэканструкцыя Мазырскага нафтаперапр. з-да і інш.; у 1993—98 — новыя прамысл. магутнасці па перапрацоўцы 69 т мяса за змену, 37,4 т. каўбасных вырабаў за змену, 215,9 т хлебабулачных вырабаў за суткі, 28,8 тыс.т кандытарскіх вырабаў, 30,2 млн. умоўных слоікаў плодаагароднінных кансерваў, 6404,1 тыс. дал. безалкагольных напіткаў, 20,65 т жывёльнага масла за змену.
Асн. задачы рэфармавання П.б. — павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці выпускаемай буд. прадукцыі пры пераходзе да рыначнай эканомікі і стварэнне нац. сістэмы тэхн. нарміравання, стандартызацыі і сертыфікацыі, забеспячэнне ўстойлівасці і даўгавечнасці будынкаў і збудаванняў і іх пажарнай бяспекі, ахова навакольнага асяроддзя, эканомія энергарэсурсаў. П.б. ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляюць буд. арг-цыі Мін-ва архітэктуры і буд-ва. Праектаванне прамысл. прадпрыемстваў вядуць праектныя ін-ты «Белпрампраект», «Агртэхбудмаш», «Нафтахімпраект», Дзіпрасельбуд у Мінску, Дзярж.ін-т праектавання прадпрыемстваў машынабудавання Мін-ва прам-сці Рэспублікі Беларусь у Гомелі, Белнафтахімпраект у Наваполацку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ШТА (польск. poczta, італьян. posta ад позналац. posita прыпынак, станцыя, дзе мянялі коней),
паштовая сувязь, від сувязі, які ажыццяўляе рэгулярную перасылку паштовых адпраўленняў — пісьмовай карэспандэнцыі, перыяд. выданняў, грашовых пераводаў, бандэролей, пасылак — пераважна з дапамогай трансп. сродкаў.
Напачатку паштовая сувязь была эпізадычная. З узнікненнем дзяржаў пачала набываць упарадкаваны характар. У Стараж. Грэцыі, Рыме, Персіі, Егіпце, Кітаі існавала даволі наладжаная дзярж. паштовая сувязь: пісьмовыя паведамленні перасылаліся з коннымі і пешымі ганцамі паводле прынцыпу эстафеты. У сярэдневяковай Еўропе існавалі манастырскія і універсітэцкія П., з развіццём гандлю і рамёстваў з’явілася гарадская П. У 16—17 ст. у Францыі, Швецыі, Англіі і інш. краінах існавала цэнтралізаваная каралеўская П. З развіццём вытв. адносін узнікла патрэба ў рэгулярнай і хуткай паштовай сувязі, у т. л. паміж краінамі. Важны этап у гісторыі П. — выпуск паштовай маркі (1840, Вялікабрытанія). У 1874 створаны Усеагульны паштовы саюз (з 1878 — Сусветны паштовы саюз). У 1878 заключана Сусветная паштовая канвенцыя, што рэгулюе абмен карэспандэнцыяй.
На Беларусі дакладна невядома, калі ўзнікла паштовая сувязь, аднак ужо пад 885 у «Аповесці мінулых часоў» гаворыцца аб тым, што князь Алег накіраваў пасланцоў да радзімічаў. У 10 ст. існаваў «павоз» — абавязак насельніцтва даваць коней з павозкамі для княжацкіх ганцоў «ад стану да стану». У Віцебску і Мсціславе знойдзены стараж. пісьмы — берасцяныя граматы 13—14 ст. У ВКЛ 14—15 ст. існавала паштовая княжацкая служба — ганцы. Вял. і ўдзельныя князі трымалі ганцоў для перасылкі ўказаў, вусных і пісьмовых паведамленняў. Пад 1539 бел. летапісы згадваюць т.зв. «пісьманосцаў». Першыя паштовыя ўстановы ў ВКЛ створаны пасля 1558 намаганнямі вял. князя Жыгімонта II Аўгуста. Пачалося буд-ва паштовых дарог, станцый (праз кожныя 3—7 вёрст) і корчмаў. З 1558 наладжана пастаянная сувязь паміж Варшавай і Вільняй. У 1583 Стафан Баторый увёў плату за пісьмы па іх вазе (існавала да сярэдзіны 17 ст.). Паштовая сувязь у ВКЛ мела шмат агульнага з ямской службай у Расіі. Уздоўж гал. паштовых шляхоў размяшчаліся паштовыя станцыі — «ямы» (адсюль ямшчыкі — возчыкі пасажыраў і П.). У 1658 у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) такія «ямы» пабудаваны ў Полацку. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай усталёўваліся паштовыя сувязі. Паштовы шлях пралягаў ад Масквы праз Смаленск да мяст. Мігнавічы ў Смаленскім ваяв., далей праз мяжу ВКЛ да мястэчка Кадзін Мсціслаўскага ваяв., далей праз Магілёў і Мінск на Вільню. Паштовыя сувязі паміж Масквой і Вільняй адкрыліся 11.3.1669. У снежні 1707 прайшла першая П. па тракце Барысаў—Быхаў, у 1708 пабудаваны паштовыя дарогі Віцебск—Копысь, Быхаў—Чарнігаў (праз Гомель). У 1726 Гродзенскі сейм прыняў рашэнне аб арганізацыі П. ў Навагрудскім ваяв. З 1764 паштмайстры ВКЛ прыносілі прысягу на вернасць Рэчы Паспалітай. У 18 ст. ў ВКЛгал. трактамі былі: Вільня—Трокі—Варшава (з адгалінаваннем на Брэст), Вільня—Мінск—Магілёў—Масква, Навагрудак—Мінск—Гродна—Вільня. Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі з 1777 пачаліся работы па аднаўленні буд-ва паштовых дарог і станцый. У «Паштовым падарожніку» за 1777 паведамлялася пра адкрыццё ў некат. бел. гарадах паштамтаў і прызначэнні паштмайстраў. У 1780 наладжана паштовая сувязь паміж бел. і ліфляндскімі губернямі. У 1798 адкрыты паштовыя канторы ў Рагачове, Себежы і Веліжы. У снежні 1857 выпушчана першая паштовая марка Рас. імперыі. Раней замест маркі ў паштовай справе выкарыстоўвалі паштовыя штэмпелі. Першы мінскі штэмпель вядомы з 1778, гродзенскі — з 1806, віцебскі — з 1810, пінскі — з 1843. У 1-й пал. 19 ст. штэмпелі мелі толькі назву месца адпраўлення карэспандэнцыі, дата ставілася ад рукі. У 2-й пал. 19 ст. ўведзены адзіны для ўсёй Рас. імперыі круглы штэмпель. Акрамя дзярж. існавала П. земстваў (не атрымала вял. пашырэння) і валасных праўленняў. 1.7.1886 утворана Мінская паштова-тэлеграфная акруга (Мінская і Магілёўская губ.). У 1-ю сусв. вайну на Беларусі дзейнічалі палявыя П. рас. арміі з цэнтрамі ў Мінску і Полацку. У 1918 паштова-тэлеграфнай справай на Беларусі займалася Смаленскае паштова-тэлеграфнае ўпраўленне. У ліст. 1918 на яго базе створана паштова-тэлеграфнае ўпраўленне Зах. камуны (вобласці), якое падпарадкоўвалася Наркамату пошт і тэлеграфаў РСФСР. Паўд. раёны Беларусі па лініі Брэст—Мазыр—Ветка падпарадкоўваліся Кіеўскай паштовай акрузе. Пасля ўтварэння БССР 6.1.1919 створаны наркаматы пошт і тэлеграфаў БССР з цэнтрам у Мінску, а 1.3.1919 — такі наркамат ЛітБел з цэнтрам у Вільні. Пасля аднаўлення сав. улады на Беларусі ў ліп. 1920 створаны аддзел нар. сувязі Мінскгубрэўкома, які ў жн. пераўтвораны ў Наркамат пошт і тэлеграфаў БССР.
У сувязі з рэформай кіравання сувяззю 7.9.1922 створана Упраўленне сувязі Зах. акругі, пазней — Наркамат сувязі БССР. Першыя бел.сав. паштовыя маркі выраблены ў 1920—21 у паштовых канторах Мінска, Рагачова, Себежа, Суража, Дрысы, Холмеча. У 1924 у БССР 1 прадпрыемства сувязі прыпадала на 11,6 тыс. жыхароў. У 1925 дзейнічалі 603 паштова-тэлеграфныя прадпрыемствы. У пач. 1930-х г. П. пачалі перавозіць самалётамі. У Вял.Айч. вайну тэхн. база бел. П. знішчана. Пасля вызвалення Беларусі для перавозкі П. выкарыстоўвалі гужавы транспарт. У 1945 адноўлена перавозка П. па чыгунцы. У 1945—46 працавалі 174 канторы, 1778 паштовых аддз. і агенцтваў сувязі, 14 аддз. перавозкі П. па чыгунцы. У 1954 пабудаваны Мінскі паштамт. У 1973 самалёты абслугоўвалі 100 авіяпаштовых ліній. Пасля абвяшчэння незалежнасці бел. П. існуе ў складзе Мін-ва сувязі. 20.9.1995 створана Рэсп.дзярж. аб’яднанне «Белпошта», дзейнічала каля 118 гар. і раённых вузлоў сувязі, каля 4 тыс.аддз. сувязі (1999).
Від паштовай сувязі для абслугоўвання цывільнага насельніцтва ў раёнах, што знаходзяцца пад ваен. кіраўніцтвам, на акупіраваных тэр., дзе не працуюць паштовыя ўстановы. У шэрагу дзяржаў такі від сувязі дзейнічаў у 1-ю сусв. вайну (напр., на акупіраванай тэр. Беларусі герм. камандаванне стварыла «Паштовую вобласць Вярх. галоўнакамандуючага на Усходзе», якая працавала ў 1915—18). Некат. элементы П. ваен. выкарыстоўвала на тэр. Беларусі камандаванне корпуса Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага ў 1-й пал. 1918, а таксама сав.ваен. кіраўніцтва ў Зах. Беларусі (вер. — ліст. 1939). У Вял.Айч. вайну акупац. ўлады Германіі для перапіскі выкарыстоўвалі спец. паштовыя карткі. Гл. таксама Палявая пошта.
Літ.:
Колосов Л.Л. Почтовые дороги Белоруссии. Мн., 1982;
Dąbkowski P. Rys urządzeń pocztowych w dawnej Polsce. Kraków, 1903.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЧ,
від ударнай, сякучай або сякуча-колючай зброі блізкага бою ў старажытнасці і сярэднявеччы ў пяхоце і кавалерыі. Складаецца з клінка (звычайна прамога і двухбаковавострага) і дзяржання (з навершам), адасобленага ад клінка крыжавінай.
Папярэднікі М. — клінкі на касцяной аснове, у якую ўстаўляліся крамянёвыя ўкладышы (вядомы па знаходках эпохі неаліту ў раёне воз. Байкал). Бронзавы М. з’явіўся ў сярэдзіне 2-га тыс. да н.э. ў краінах Б.Усходу, пазней пашыраны ў Егіпце, Закаўказзі і Зах. Еўропе; жалезны — у пач. 1-га тыс. да н.э. У Еўропе М. спачатку выкарыстоўвалі ў Стараж. Грэцыі ў 16—12 ст. да н.э. (кароткія колючыя і выгнутыя, цяжкія сякучыя). Стараж. рымляне ўзбройвалі кароткімі М. (гладыусамі) пяхоту, доўгімі (спатамі) — конніцу. Найб. тыповымі ўзорамі еўрап. М. былі: гальштацкі, латэнскі, саўрамата-сармацкі, франка-аламанскі, каралінгскі, раманскі. З 13 ст. побач з адназахопнымі ўжываліся паўтарачныя, пазней двухзахопныя дзяржанні. Найб. ранняя прыкмета выкарыстання М. на тэр. Беларусі — касцяная імітацыя крыжавіны гэтай зброі з гарадзішча Пруднікі (9 ст.). У Полацку, Гродне, Навагрудку, Друцку і інш. знойдзены цэлыя або фрагменты М. каралінгскага ўзору, у Друцку, Мінску, Ваўкавыску — раманскага ўзору, каля Старых Дарог і ў Мінску — гатычнага ўзору (знаходкі датуюцца 10—14 ст.). Клеймы на клінках М. 10 ст. сведчаць, што яны маюць зах.-еўрап. паходжанне (полацкі) і, верагодна, паўночнага (гродзенскі). Але даныя даследаванняў па гісторыі металургіі і металаапрацоўкі паказваюць, што на Беларусі ўжо ў той час існавалі сыравіна і тэхнал. магчымасці для вытв-сці ўласных клінкоў. Пісьмовыя крыніцы згадваюць палоннага беларуса Ілью, якога прымусілі працаваць у канцы 14 — пач. 15 ст. ў зброевых майстэрнях тэўтонскіх рыцараў. Мечнікі сустракаюцца ў пераліку цэхавых спецыяльнасцей Беларусі ў 16 ст. і больш познія часы. У 16 ст. ў сувязі з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі М. выйшаў з ужытку ў пяхоце, а ў кавалерыі заменены на палаш, шаблю або шпагу. Як асн. від клінковай зброі М. выкарыстоўваўся ў Польшчы і ВКЛ да 2-й пал. 16 ст. і быў заменены шабляй. Пазней М. захаваўся як цырыманіяльная зброя.
Літ.:
Бехайм В. Энциклопедия оружия: Пер. с нем. СПб., 1995;
Макушнікаў А. Зброя нашчадкаў радзімічаў // Спадчына. 1991. № 2;
Ласкавый Г.В. К истории оружия Белорусского Подвинья в VI—XIII вв. // Полоцкий летописец. 1993. № 1(2);
Краўцэвіч А. Комплекс зброі і рыштунку XIII ст. з-пад Гродна // 3 глыбі вякоў Наш край. Мн., 1992;
Левко О.Н. Средневековая Орша и ее округа. Орша, 1993.
Г.В.Ласкавы.
Да арт.Меч: 1 — драўляная паліца з зубамі акулы і 2 — крамянёвы нож (папярэднікі мяча); 3 — бронзавы меч сярэдзіны 2 ст. да н.э.; 4 — скіфскі меч акінак; 5 — рымскі меч гладыус; 6 — доўгі рымскі меч спата; 7 — двухлязовы жалезны меч са Скандынавіі; 8 — найстаражытнейшы тып еўрапейскіх жалезных мячоў (гальштацкая культура); 9 — меч латэнскай культуры (5—1 ст. да н.э.); 10 — рускі меч 12—13 ст.; 11 — двухлязовы меч з Эфіопіі; 12 — паўднёванямецкі паўтараручны меч 16 ст.; 13 — шатландскі двухручны меч сярэдзіны 16 ст.; 14 — полацкі меч 10 ст. (Полацкі краязнаўчы музей).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАПЕ́ШТ (Budapest),
горад, сталіца Венгрыі. У цэнтры краіны на берагах Дуная. Адм. ц. медзье Пешт. 1995,7 тыс.ж. (1993). Гіст.ч. горада — Буда (правы ўзгорысты бераг Дуная) і Пешт (левы раўнінны) злучаны 8 аўтамаб. і 2 чыг. мастамі. Трансп. вузел краіны — рачны порт, вузел 10 чыгунак і 8 шашэйных дарог. Міжнар. аэрапорт Ферыхедзь. Гал.прамысл. і культ. цэнтр краіны. Прадпрыемствы горада выпускаюць каля 1/3прамысл. прадукцыі Венгрыі, у т. л. каля 60% прадукцыі машынабудавання: вытв-сць аўтобусаў, дызельных цягнікоў, трактароў, матацыклаў, энергет. абсталявання, суднаў, гумава-тэхн. вырабаў. Развіты металургія (выплаўка каляровых металаў, пракату), хімія (мінер. ўгнаенні, кіслоты), буд. індустрыя. У прам-сці пераважаюць навукаёмістыя галіны — электроніка і электратэхніка, складанае прыладабудаванне, оптыка, тонкая хімія, мед. абсталяванне, фармацэўтычныя вырабы, тэлефонная і мікрахвалевая апаратура, тэлевізары і інш. Развіты лёгкая (тэкст., швейная, абутковая і інш.), паліграф. і харч. (мукамольная, кандытарская, мясакансервавая, піваварная, плодаагароднінная, вінаробчая і інш.) галіны. Старэйшы на еўрап. кантыненце метрапалітэн (1896).
Як горад Будапешт утвораны ў 1872 пасля аб’яднання гарадоў Пешт, Буда і Абуда (упершыню ўпамінаюцца ў 1148). На месцы Буды ў старажытнасці было пасяленне кельтаў, у 1—4 ст.рым. крэпасць Аквінк. З 1242 Буда — сталіца Венгрыі, з 1350 рэзідэнцыя венг. каралёў. На тэр. Пешта да 10 ст. існавалі слав. паселішчы. У 1541—1686 Буда і Пешт пад уладаю туркаў, з пач. 18 ст. ў складзе імперыі Габсбургаў. У 1848—49 і 1918—19 цэнтр рэв. руху. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны (гл.Будапешцкая аперацыя 1944—45). Цэнтр Венгерскага паўстання 1956.
Вузкія вулачкі сярэдневяковай Буды кантрастуюць з прасторнымі кварталамі Пешта, шырокія радыяльныя магістралі якога перасякаюць 3 паўкальцы вуліц. Над Будапештам узвышаецца гара Гелерт (на правым беразе), укрытая садамі і паркамі, з помнікам Вызвалення (1947, скульпт. Ж.Кішфалудзі-Штробль). Сучаснае аблічча горада вызначаюць пераважна парадныя збудаванні канца 19—20 ст. У раёне Абуды — рэшткі стараж.-рымскага паселішча Аквінк (1—4 ст., 2 амфітэатры, храмы, тэрмы, т.зв. віла Геркулеса з мазаічнай падлогай, раннехрысц. базілікі). На ўзгорку ў раёне Буды — рэшткі замка (13 — пач. 20 ст.) з каралеўскім палацам (цяпер музей замка, уключае памяшканні Венг.нац. галерэі), жылыя дамы 13—18 ст., маўзалей Гюль-Баба і тур. лазні (16 ст.), гатычныя і барочны цэрквы і інш. У раёне Пешта — царква Бельвараш (15—18 ст.), Цэнтр. ратуша (1727—47, барока), Нац. музей (1837—47, арх. М.Полак, класіцызм), канцэртная зала «Вігада» (1858—64, нац. рамантыка), Оперны тэатр (1875—84, арх. М.Ібль, неарэнесанс), Музей прыкладнога мастацтва (1896, арх. Э.Лехнер, мадэрн), парламент (1884—1904, псеўдаготыка) і інш. 8 мастоў, якія звязваюць берагі Дуная, пераходзяць у магістралі Пешта. Пасля 2-й сусв. вайны пабудаваны Нар. стадыён (1948—53), Дом прафсаюзаў (1948—50), атэлі «Будапешт» (1968), «Дуна Інтэркантыненталь» (1970), «Форум» і «Атрыум» (пач. 1980-х г.). Былыя ўскраіны Будапешта забудаваны добраўпарадкаванымі жылымі раёнамі.
У Будапешце — Венг.АН (з 1825); Будапешцкі універсітэт (з 1635), Нац.венг.муз. акадэмія імя Ф.Ліста, мед. акадэмія і інш.ВНУ. Б-кі: Дзярж.б-ка імя Ф.Сечэньі (з 1802), Гар.б-ка імя Э.Саба (з 1904), універсітэцкая (з 1635), акадэмічная (з 1826) і інш. Музеі: Нац. музей (з 1802), Нац. галерэя (1957), Нац. музей натуральнай гісторыі (з 1802), Музей выяўл. мастацтваў (з 1896) і інш. Тэатры: оперны, нацыянальны (драматычны), аперэты і інш.
Ф.С.Фешчанка (гаспадарка).
Да арт.Будапешт. Набярэжная Дуная.Да арт.Будапешт. Панарама цэнтральнай часткі горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ХІКА (México, Méjico),
горад, сталіца Мексікі. Знаходзіцца ў паўд.ч. Мексіканскага нагор’я, у міжгорнай катлавіне, на выш. 2240 м. Самастойная адм. адзінка (Федэральная акруга). Нас. 16,6 млн.ж., разам з суседнімі гарадамі ўтварае гар. агламерацыю — Вял. М. з насельніцтвам больш за 20 млн.чал. (1997). Найважнейшы вузел шашэйных і чыг.дарог, якія вядуць да ўзбярэжжа Ціхага ак. і Мексіканскага зал.; на Панамерыканскай шашы. Міжнар. аэрапорт Беніта Хуарэс. М. — адзін з буйнейшых прамысл. і фін. цэнтраў Лац. Амерыкі, гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны (у М. вырабляецца больш за 50% прамысл. прадукцыі Мексікі). Асн. галіны прам-сці — харчасмакавая (пераважна кансервавая, тытунёвая), тэкст. (у т. л. перапрацоўка хенекену), швейная, абутковая, фармацэўтычная, нафтаперапр., паліграфічная. Перапрацоўчая металургія. Развіты таксама эл.тэхн., металаапр., аўтазборачная, цэм.прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Метрапалітэн.
Засн. Э.Картэсам у 1521—22 на месцы зруйнаванага іспанцамі ацтэкскага горада Тэначтытлан. У 1535—1821 М. — сталіца каралеўства Нов. Іспанія. У 1624 і 1692 тут адбыліся антыісп. паўстанні. З 1821 М. — сталіца незалежнай Мексікі. У амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48 заняты войскамі ЗША, у мексіканскую экспедыцыю 1861—67 — франц. войскамі (1863—67). У 1967 у М. падпісаны дагавор аб стварэнні ў Лац. Амерыцы бяз’ядзернай зоны. 2.10.1968 на пл. Трох Культур адбылася студэнцкая дэманстрацыя, жорстка задушаная арміяй і паліцыяй. Горад неаднаразова разбураўся землетрасеннямі (апошняе ў 1985).
Стары горад размешчаны на месцы стараж.г. Тэначтытлан (захаваліся рэшткі свяцілішчаў і храмаў, статуй багоў), мае прамавугольную сетку вуліц. Тут знаходзяцца: на пл. Пласа дэ ла Канстытусьён (Сакала) — кафедральны сабор (1563—1667, арх. К. дэ Арсіньега, А.Перэс дэ Кастаньеда і інш., дабудаваны ў пач. 19 ст., спалучэнне барока і класіцызму), барочныя касцёл Саграрыо Метрапалітана (1749—68, арх. Л.Радрыгес) і Нац. Палац (1692—99, арх. Д. дэ Вальвердэ, дабудаваны ў 1929); шпіталь Хесус Насарэна (1524—35, арх. П.Васкес, дабудаваны ў 20 ст.), шмат кляштараў і палацаў 17—18 ст. У 1737 М. перапланавана, у 1750 створаны план новага раёна; будаваліся касцёлы, калегіумы, асабнякі. У 19 — пач. 20 ст. пракладзены новыя вуліцы, у т. л.гал. вул. Пасеа дэ ла Рэформа, на З узнік дзелавы цэнтр з праспектамі і паркамі, на З і ПдЗ размясціліся фешэнебельныя кварталы, на Пн і ПнУ — прамысл. і рабочыя раёны. У стылях класіцызму пабудавана Горная школа (1797—1813, арх. М.Тальса), эклектыкі — Палац прыгожых мастацтваў (1904—34, арх. А.Баары і інш.). У 1-й пал. 20 ст. праведзены работы па рэканструкцыі М. (генплан 1932); у дзелавой ч. горада ўзведзены вышынныя будынкі, ун-т, стадыён і інш.Найб. значнае збудаванне 20 ст. — універсітэцкі гарадок (1949—54, кіраўнік буд-ваарх. К.Ласа; пл. 200 га), які ўключае больш за 40 будынкаў, аздобленых мазаікамі (Д.Сікейрас, Д.Рывера, Х.Чавес Марада, Х.О’Горман і інш.). Сярод пабудоў 2-й пал. 20 ст.: жылы комплекс «Беніта Хуарэс» (1950—52, арх. М.Пані, С.Артэга), Нац. аўдыторыум і стадыён «Ацтэка» (1963—67, абодва арх. П.Рамірэс Васкес), вілы ў раёне Педрэгаль (арх. Л.Бараган), Алімп. палац спорту (1966—68, арх. Ф.Кандэла) і інш. У прадмесці М. (цяпер гар. раён Тлальпан) захавалася стараж. піраміда (каля 450 да н.э.), на паўн. ускраіне (Тэнаюка) — піраміда ацтэкаў. Помнікі: Карлу IV (1803, арх. Тальса), Х.Калумбу (1852—92, М.Вілар, і 1876—77, Ш.Кардзье), Незалежнасці (1910, арх. А.Рывас Меркада), С.Балівару (1946, М.Сентур’ён), 150 гадоў незалежнасці Мексікі (1961, К.Абрэгон Сантасілья) і інш.Гіст. цэнтр М. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У М. знаходзяцца 7 АН ( у т. л. Нацыянальная), буйнейшыя ВНУ краіны: Нац.ун-т (з 1553, найстарэйшы ў краіне), Нац.політэхн.ін-т, ун-ты Амерыканскі, Ібераамерыканскі, Вышэйшая школа інжынераў, Нац. кансерваторыя і інш. Б-кі: Нац.б-каНац.АН і інш. Музеі: нац. музеі гісторыі, антрапалогіі, нар. мастацтваў і рамёстваў, пластычных мастацтваў, Галерэя жывапісу і скульптуры Сан-Карлас, музей сучаснага мастацтва і інш. Тэатры: Нац. опера, драматычныя «Хіменес Руэда», «Хола», «Ідальга», «Інсурхентэс» і інш.Іл.гл. таксама да арт.Мексіка.
Бібліятэка універсітэцкага гарадка ў Мехіка.Помнік Карлу IV у Мехіка. 1803.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ РУХ НА БЕЛАРУ́СІў час германскай і польскай інтэрвенцыі 1918—20.
У ходзе 1-й сусв. вайны герм. войскі да 1915 акупіравалі амаль палову тэр. Беларусі. 18.2.1918 герм. войскі, з парушэннем умоў перамір’я з Расіяй, пачалі наступленне па ўсім фронце і акупіравалі б.ч. Беларусі (да Зах. Дзвіны, Дняпра і Сажа). 23.2.1918 галоўнакаманд. Зах. фронтам А.Ф.Мяснікоў выдаў загад аб стварэнні партыз. атрадаў па ўсёй лініі фронту ў раёнах Полацка, Оршы, Магілёва, Быхава, Жлобіна, Гомеля, Мазыра, Калінкавіч. Іх дзеянні каардынаваў Палескі рэўком, які складаўся з камуністаў і левых эсэраў. Да жн. 1918 большасць партыз. атрадаў на тэр. Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай губ. знаходзілася пад кантролем камуністаў і левых эсэраў. У жн. 1918 камуністы нейтралізавалі эсэраў і ўстанавілі ўласны кантроль над гэтымі атрадамі. На кіраўніцтва партыз. рухам прэтэндавала і Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Летам 1918 яна кантралявала партыз. атрады ў Мінскай і Гродзенскай губ.Найб. размах партыз. рух набыў увосень 1918. Кіраўніцтва партыі бел. эсэраў перагледзела тактыку барацьбы з ням. акупантамі і заклікала паўстанцкія сял. атрады да ўзбр. супраціўлення. У месцах дзеяння партыз. атрадаў па ініцыятыве ЦК БПС-Р выбіраліся мясц. органы ўлады БНР — вал., пав., губ. рады. У Магілёўскім. Барысаўскім, Бабруйскім, Мінскім, Рэчыцкім, Слуцкім пав. дзейнічала больш за 100 атрадаў, адбылося Палескае паўстанне 1918—19. Пасля Ліст. рэвалюцыі 1918 у Германіі сітуацыя на Беларусі змянілася. ЦК БПС-Р абвясціў, што незалежнасці БНР можна дасягнуць толькі пры падтрымцы бел. народа, і сфармуляваў ідэю «трэцяй сілы» ў бел. рэвалюцыі, маючы на ўвазе сваю партыю, якая абапіралася на сял. паўстанцкія дружыны. Але з-за арганізацыйнай няўстойлівасці БПС-Р не магла адыграць вырашальнай ролі ў барацьбе за ўмацаванне ўлады Рады БНР. Вясной 1919 пачалі наступленне польск. войскі і да канца лета 1919 занялі б.ч. Беларусі (да р. Бярэзіна). Вызв. барацьба супраць акупантаў згладзіла рознагалоссі паміж камуністамі і беларускімі эсэрамі і зблізіла іх пазіцыі ў адносінах да партыз. руху. У жн. 1919 ЦККП(б)Б заснаваў Бюро па нелегальнай рабоце, якое займалася фарміраваннем партыз. атрадаў франтавой зоны. Пад кіраўніцтвам паўстанцкіх цэнтраў ЦК КП(б)ЛіБ у раёне Мінска дзейнічалі козыраўскія партызаны (камандзір С.С.Плашчынскі), дукорскія партызаны, партыз. атрады І.В.Маслыкі, А.Раманоўскага, С.В.Гладкага, у наваколлі Старых Дарог — атрады А.К.Паланейчыка, І.Тышкевіча, А.Таміловіча і інш., у Бабруйскім пав. — 90 атрадаў і груп. У Бабруйскім пав. ў выніку паспяховых аперацый партызан была створана Рудабельская рэспубліка. Буйныя партыз. атрады дзейнічалі на Пд Бабруйскага пав. ў раёне Азарыч, у ваколіцах Петрыкава (камандзір В.І.Талаш), у Пінскім пав. (М.В.Арбузаў), у раёне Мазыра (атрад «Пралетарый», камандзір П.А.Варабей). Паўстанцкія і партыз. атрады бел. эсэраў былі аб’яднаны ў адзіную цэнтралізаваную арг-цыю — Нар.ваен. самаабарону, якая па сутнасці была зародкам бел.нац. арміі. На пач. 1920 на акупіраванай тэр. Беларусі фактычна адбылося ўз’яднанне 2 плыняў партыз. руху — камуніст. і эсэраўскай. Сувязным звяном паміж імі стала Беларуская камуністычная арганізацыя. У студз. 1920 кіраўнікі ВПС-Р і КП(б)ЛіБ распрацавалі план узбр. паўстання і стварылі Бел. паўстанцкі к-т, які выконваў функцыі каардынац. цэнтра партыз. руху. У канцы ліп. 1920 у выніку наступлення Чырв. Арміі П.р. на Беларусі раскалоўся на 2 паліт. арыентацыі — камуніст. і эсэраўскую. На апошнім этапе барацьбы партыз. атрады, якімі кіравала БПС-Р, выступілі ў абарону незалежнасці БНР. Барацьба за нац. ідэю найб. праявілася ў ходзе Слуцкага паўстання 1920, якое падтрымалі эсэраўскія сял. дружыны. У гэты час узнікла паліт.сял.арг-цыя «Зялёны дуб». Пад яе кіраўніцтвам дзейнічала 40 атрадаў, якія налічвалі больш за 5 тыс.чал. на тэр.БССР і 6 тыс. у Зах. Беларусі. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921 П.р. выйшаў за межы БССР і разгарнуўся пераважна на тэр.Зах. Беларусі, якая адышла да Польшчы.
М.С.Сташкевіч.
Да арт.Партызанскі рух на Беларусі ў час германскай і польскай акупацыі 1918—20. Атрад беларускіх партызан у тыле польскіх акупантаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭНА́ДА (Grenada),
дзяржава на в-ве Грэнада і ў паўд.ч. а-воў Грэнадзіны, у архіпелагу М. Антыльскія а-вы ў Вест-Індыі. Падзяляецца на 7 раёнаў. Пл. 344 км². Нас. 92 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Сент-Джорджэс. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 лют.).
Дзяржаўны лад. Грэнада — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1974. Член Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены генерал-губернатарам. Заканад. ўлада належыць парламенту (15 дэпутатаў), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Востраў Грэнада (пл. 311 км²) гарысты (выш. да 840 м, гара Сент-Катэрын). На У невял. нізіна. Астравы Грэнадзіны пераважна нізінныя. Клімат субэкватарыяльны, пасатны, марскі. Сярэднямесячная т-ра паветра 25—28 °C. Ападкаў больш за 1500 мм (у гарах да 5000 мм) за год, дажджлівы перыяд май—кастрычнік. Шмат невял. рэчак і ручаёў. У гарах захаваліся вільготныя трапічныя лясы. Заказнік Гранд-Этан.
Насельніцтва. Пераважаюць негры (53%) і мулаты (42%). Невял. колькасць англічан, французаў, карэнных жыхароў — індзейцаў карыбаў. Паводле веравызнання пераважаюць католікі і англікане. Сярэдняя шчыльн. 267 чал. на 1 км², на ўзбярэжжах да 500—800 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 50% насельніцтва. Найбольшыя гарады: Сент-Джорджэс (каля 7,5 тыс.ж.), Гуяў, Грэнвіл, Вікторыя. Характэрна эміграцыя ў суседнія краіны.
Гісторыя. Найб.стараж. насельніцтва Грэнады — індзейцы аравакі — называлі в-аў Камахонь. У 15 ст. іх выцеснілі адсюль індзейцы карыбы. У 1498 востраў адкрыў Х.Калумб і назваў яго Кансепсьён. З 1650 каланізаваны французамі, якія стварылі тут плантацыйную гаспадарку, заснаваную на рабскай працы (рабоў прывозілі з Афрыкі). У Сямігадовую вайну 1756—63 на востраве высадзіліся англічане (1762), паводле Парыжскага мірнага дагавора 1763 ён стаў брыт. калоніяй і атрымаў назву Грэнада. У час вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 востраў зноў захапіла Францыя (1778), аднак паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 уступіла яго Вялікабрытаніі. У вайну паміж Англіяй і Францыяй (пачалася ў 1794) на Грэнадзе ў 1795 адбылося антыангл. паўстанне пад кіраўніцтвам Ж.Федона (нац. герой Грэнады), задушанае брыт. войскамі. У 1834—38 тут скасавана рабства. У 1885—1958 Грэнада ў складзе брыт. калоніі Падветраныя астравы.
Ва ўмовах узмацнення мясц. руху за аўтаномію на чале з Э.Гейры (з 1950) калан. ўлады ўвялі ў Грэнадзе ўсеагульнае выбарчае права (1951) і абмежаваную аўтаномію (1958). У 1958—62 Грэнада ў складзе Вест-Індскай федэрацыі. З сак. 1967 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава» з поўным унутр. самакіраваннем (прэм’ер-міністр Гейры). З 7.2.1974 незалежная дзяржава ў складзе брыт.Садружнасці. Напачатку яе прэм’ер-міністр Гейры (1974—79) прытрымліваўся нацыянал-рэфармісцкага курсу, потым устанавіў дыктатуру, што выклікала рэвалюцыю (сак. 1979). Новы ўрад на чале з М.Бішапам (1979—83) праводзіў палітыку дэмакратызацыі і дыверсіфікацыю эканомікі, наладзіў сувязі з сацыяліст. краінамі, у т. л. з Кубай. У кастр. 1983 узнік канфлікт сярод лідэраў кіруючай партыі Новы рух ДЖУЭЛ, што прывяло да ўзбр. сутыкнення, у час якога загінулі Бішап і шэраг яго міністраў. 25.10.1983 пад выглядам аднаўлення законнасці і бяспекі амер. грамадзян на Грэнадзе супраць краіны распачалі ваен. аперацыю ЗША. У ходзе яе востраў з ліст. 1983 да чэрв. 1985 акупіравалі амер. войскі. Пасля выбараў у снеж. 1984 створаны пераходны ўрад на чале з Х.Блейзам. У 1990 яго змяніў урад Н.Брэтвейта. З 1995 прэм’ер-міністр Грэнады — К.Мітчэл. Грэнада — чл.ААН (з 1974), брыт. Садружнасці, Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскага супольніцтва, Лаціна-амер. эканам. сістэмы, удзельнічае ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць Аб’яднаная лейбарысцкая партыя. Нац. партыя Грэнады, Патрыят. рух імя М.Бішапа, Нац.-дэмакр. кангрэс, Савет прафсаюзаў Грэнады.
Гаспадарка. Пераважае сельская гаспадарка і абслугоўванне турыстаў. Краіна спецыялізуецца на вытв-сці спецый: мускатнага арэха (каля 2 тыс.т штогод, 1/3сусв. вытв-сці), гваздзікі, карыцы, ванілі. Вырошчваюць таксама какаву, бананы, цукр. трыснёг, какосавую пальму, цытрусавыя, бавоўну, харч. культуры. На схілах гор гаі мускатнага арэха, ніжэй какавы, потым бананаў і інш. культур. Разводзяць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз, авечак. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Ёсць прадпрыемствы па перапрацоўцы мускатных арэхаў (г. Гуйяў), копры, цукр. трыснягу, піваварны з-д, бавоўнаачышчальная, швейная, мэблевая ф-кі і інш. На востраве штогод бывае каля 100 тыс. турыстаў і адпачываючых пераважна з ЗША і Канады. Транспарт аўтамаб. (746 кмдарог з цвёрдым пакрыццём) і марскі. Гал. порт Сент-Джорджэс. Паблізу міжнар. аэрапорт. Грэнада экспартуе мускатны арэх, какава-зярняты, бананы, гваздзіку, карыцу, ваніль, імпартуе харч. і прамысл. тавары. Асн.гандл. партнёры: ЗША, краіны Зах. Еўропы, суседнія краіны, Канада. Грашовая адзінка — усходнекарыбскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПААЗЕ́Р’Е, Падзвінне,
гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі. Займае большую ч. Віцебскай вобл. На ПдУ па дняпроўска-дзвінскім водападзеле мяжуе з Падняпроўем, на Пд і ПдЗ па ўмоўнай лініі на Пн ад Барысава і Лагойска праз Паставы — з Цэнтральнай Беларуссю і Панямоннем. Як гіст.-этнагр. рэгіён адпавядае асн. масіву стараж. Полацкай зямлі (полацкія крывічы). У складзе Кіеўскай Русі Полацкая зямля была найб. самастойнай з уласцівымі ёй векавымі традыцыямі грамадска-паліт. ладу і арыгінальнай культурай. У 11 ст. тут было каля 10 буйных удзельна-валасных і эканам. цэнтраў (Полацк, Віцебск, Друцк, Лукомль, Браслаў і інш.; гл.Полацкае княства). Для П. разам з часткай Падняпроўя на працягу сярэднявечча і да 2-й пал. 19 ст. захавалася этнагр. назва Белая Русь, якая паступова пашырылася на ўсю сучасную тэр. Беларусі. З утварэннем Рэчы Паспалітай (1569) пашырылася каталіцтва, павялічыліся землеўладанні езуітаў. Ратуючыся ад рэліг. ганенняў і сац. ўціску, сюды перасялілася ч.рус. старавераў. У выніку Лівонскай вайны 1558—83, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўночнай вайны 1700—21 мясц. эканоміка і культура панеслі вял. страты, адбыліся істотныя змены ў геагр. размяшчэнні і этнасац. структуры насельніцтва, якое скарацілася ў некалькі разоў. У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай (1772 і 1793) П. далучана да Расіі і ўваходзіла ў склад Полацкай, з 1796 — Беларускай, з 1802 — Віцебскай губ.; зах.ч. ўваходзіла ў Віленскую губ. Пасля 1917 і ўтварэння БССРусх. П. ў складзе БССР; зах. (левабярэжная) ч. П. ўз’яднана з БССР у 1939.
Традыц.-быт. культура складвалася на працягу стагоддзяў, адлюстроўваючы як агульнабел. рысы, так і спецыфіку мясц.гіст. і прыродных умоў. Нар.вытв. практыка выпрацавала свой гадавы каляндар, своеасаблівыя спосабы апрацоўкі глебы, догляду пасеваў, уборкі ўраджаю і інш. з улікам мясц. прыродных умоў. Палі апрацоўвалі з дапамогай мясц. варыянта сахі з перакладной паліцай, архаічнай бараны-сукаваткі (смыка); на сугліністых глебах выкарыстоўвалі круглую калоду з зубамі, матыку ці чакуху для здрабнення камякоў. Выбраны на палях лён вымочвалі на дне вадаёмаў, а потым апрацоўвалі на тыповых для П. 2-рэбравых нахільных мялках. Сакавітыя лугі і выпасы спрыялі развіццю жывёлагадоўлі. Асн. і найчасцей адзінай рабочай жывёлай у сял. гаспадарцы быў конь. З канца 19 ст. жывёлагадоўля мела выразны мяса-малочны кірунак (вядомы цэнтр маслабойнай вытв-сці ў Віленскай губ. — Дзісенскі пав.). З развіццём капіталіст. адносін пашырыліся лясныя і адыходныя промыслы — нарыхтоўка лесу, выраб брусоў, абадоў, бандарнай клёпкі і вываз іх у прыбалт. парты. Мноства сялян ішло на буд. і земляныя работы: мясц. каменячосаў (жарнаклёваў), муляраў, цесляроў можна было сустрэць у адыходзе ў губернях Расіі. Найб. густа населеным здаўна было левабярэжжа Зах. Дзвіны. На П. пераважалі маладворныя сельскія пасяленні (3—5 сядзіб), раскіданыя сярод лясных пагоркаў паблізу рэк і азёр, у баку ад вял.дарог. Наяўнасць блізка ад вёсак і хутароў выгану і свабодных зямель, суседства з вадаёмам і лесам надавала пасяленцам азёрнага краю патрыярхальна-экзатычныя рысы. Невял. вёскі, хутары і асобныя двары звязвалі вузкія прасёлкі і сцяжынкі; сельскія дарогі вызначаліся слабай набітасцю грунту і невыразнымі абрысамі. Узімку ўзнікалі часовыя дарогі, т.зв. зімнікі. Найб. пашыраны тып сядзібнай забудовы — вянковы. Побач з размяшчэннем пабудоў па перыметры двара сустракалася і кампактная забудова, калі гасп. памяшканні цесна прымыкалі да жылля, утвараючы адзіны жыццёва-быт. комплекс з крытым дваром (вядомы толькі ў рэгіёне). На адлегласці 50—60 м у глыбіні сядзібы будавалі гумно і лазню. Гумно ў мясц. вызначэнні — комплекс гасп. пабудоў з уласна гумном (ток, такаўня), сушылкай (асець, ёўня), пуняй для саломы і сена, азяродамі. На адкрытай мясцовасці нярэдка ставілі невял. млын-вятрак, што задавальняў патрэбы сял. гаспадаркі. Тыповая планіроўка жылля: хата + сенцы + стопка (варыўня). Зруб хаты рабілі з круглых бярвён хвоі ці елкі, звязаных паміж сабой у просты вугал «з астаткам» («у чашку»), Стрэхі звычайна 2-схільныя закотам, з 2-й пал. 19 ст. — каркасныя («на кроквах»); крылі іх саломай «пад колас», радзей — дранкай.
Для традыц. адзення жыхароў уласцівы прамы, свабодны крой. Найб. пашыраныя колеры адзення белы і светла-шэры. З верхняга адзення апрача агульнабел. світ і кажухоў у шырокім ужытку быў палатняны насоў, які насілі ў любое надвор’е. Паясное жаночае адзенне вызначалася значнай тыпалагічнай разнастайнасцю: льняныя спадніцы, разнаколерныя набіванкі, саяны, андаракі, узорныя дрыліхі (гл.Лепельскі строй). Ва ўзорнай тэхніцы ўпрыгожвання пераважалі вышыўка і набіванка, якія ў жан. адзенні (сарочках, фартухах) гарманічна спалучаліся з карункамі і мярэжкай. У вышыўцы дамінаваў чырв. колер, у набіванцы — сіні ці блакітны. Кераміка вызначалася масіўнасцю формы (да апошняга часу тут захаваўся налеп) і грунтоўнасцю апрацоўкі. Рэгіянальнай асаблівасцю вызначаюцца мясц. вусна-паэт. творчасць і традыц. абраднасць. Побач з агульнабел. каляндарна-земляробчымі і сямейна-абрадавымі песнямі пашыраны тыя жанры, якія ў інш. рэгіёнах маюць абмежаваны арэал або зусім невядомы, — валачобныя, масленічныя, талочныя, ільнаробчыя, ярынныя песні. Для песеннага фальклору П. ўласціва сольнае (манадыйнае) выкананне: мелодыя песень роўная, з плаўнымі пераходамі, напевы нетаропкія і свабодныя. Мясц. гаворкі П. складаюць групу паўн.-ўсх. дыялекту (гл.Дыялект).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСТЭ́ЧКА,
населены пункт, які адрозніваўся ад горада меншай колькасцю насельніцтва, адсутнасцю абарончых збудаванняў, агр. рысамі, ад сяла і вёскі — наяўнасцю гандлю і рамяства як сталых заняткаў часткі жыхароў. На Беларусі актыўна ўзнікалі з 14 ст. каля месцаў традыц. кірмашоў, на бойкіх гандл. скрыжаваннях, у вял. сёлах і вёсках (каралеўскія таргі). У 15—16 ст. на тэр. Беларусі было больш за 200 М., з іх каля 70 у Панямонні, больш за 40 у цэнтр. рэгіёне і Паазер’і, больш за 30 у Падняпроўі і прыкладна столькі ж на Палессі. Пэўны час падаткі ад местачковага гандлю ішлі выключна на карысць казны. Феадалам забаранялася ствараць прыватнаўладальніцкія таргі без дазволу вял. князя ці караля, праводзіць прыватнаўладальніцкія кірмашы бліжэй чым за тры мілі ад каралеўскіх М. У 1588 шляхта дамаглася скасавання абмежаванняў і забароны буд-ва прыватнаўладальніцкіх таргоў у М. Жыхары, якія вырашылі сяліцца ў М., вызваляліся на некалькі гадоў ад натуральных і грашовых падаткаў. Некат. М. будаваліся каля замкаў ці ствараліся разам з імі (Іказнь, 1504; Дзісна, 1566). Многія ўзнікалі каля кляштараў і вял. прыходаў (Жыровічы, 1643). З часу скасавання абмежаванняў у 16 ст. ў М. пачалі пераўтварацца вял. сёлы і вёскі (Моталь, 1554; Дзівін, 1566; Станькава, 1585, і інш.). Найб. хутка раслі М. на буйных шляхах і скрыжаваннях дарог, каля перапраў і прыстаней (Нача, Барань, Старобін, Стары Свержань, Свіслач, Петрыкаў і інш.). У абавязкі местачкоўцаў уваходзілі нагляд за дарогамі, будаўніцтва корчмаў і заезных дамоў. У 16—18 ст. на Беларусі было ўжо каля 400 М. На чале адміністрацыі М. стаяў войт. М. падзяляліся паводле прыналежнасці (дзярж., прыватнаўласніцкай, царк.), ландшафтнай прывязкі (берагавыя, сухадольныя, балотныя). Магнаты і заможныя паны стваралі свае М. побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (Шчучын, Паставы, Варняны, Лужкі і інш.). Ва ўзнікненні М. пэўную ролю адыгрывала наяўнасць прамысл. і інш. аб’ектаў.
Планіровачную структуру вызначалі асн.гандл. шляхі (вуліцы-дарогі). Звычайна на іх перасячэнні стваралася гандлёвая плошча, дзе будавалі гандлёвыя рады, крамы, корчмы, аўстэрыі, у М., якія мелі магдэбургскае права, — ратушы, важніцы (напр., Койданава, цяпер г. Дзяржынск, в. Цімкавічы Капыльскага р-на, г. Клецк Мінскай вобл., г.п.Вял. Бераставіца Гродзенскай вобл.). У цэнтр. частцы М., дзе сяліліся рамеснікі і гандляры, жылыя дамы злучаліся з крамамі і майстэрнямі, часам уключалі ў свой аб’ём шынкі. Пад жыллё шырока выкарыстоўвалі мезаніны і мансарды. Асн.дэкар. элементы аздаблення жылых дамоў — высокі ашаляваны франтон, часам складанай формы, і падчэні пры ўваходзе. Перыферыйныя часткі М. займалі сядзібы сельскага тыпу. М., утвораныя магнатамі і заможнымі панамі побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (гарады Шчучын Гродзенскай вобл., Паставы, в. Лужкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.), мелі 2 кампазіцыйныя ядры: ансамбль забудовы плошчы і ансамбль палацава-замкавага комплексу. У асобных выпадках абодва цэнтры зліваліся (Лужкі, Паставы). У пач. 19 ст. для многіх М. распрацоўваліся т.зв. ўзорныя планы [напр., гарады Быхаў, Клімавічы, Крычаў, Прапойск (цяпер г. Слаўгарад), Чавусы Магілёўскай вобл., Маладзечна, Вілейка Мінскай вобл., Сянно Віцебскай вобл. і інш.], паводле якіх забудова арганізоўвалася квартальным прынцыпам. Найб. развітую планіровачную структуру на У Беларусі мелі М., што раней былі пав. цэнтрамі (гарады Быхаў, Горкі, Чавусы Магілёўскай вобл., Рагачоў Гомельскай вобл.) ці т.зв. пазаштатнымі гарадамі (гарады Бялынічы, Крычаў, Мсціслаў Магілёўскай вобл.). Астатнія М. Падняпроўя захоўвалі традыц. вясковае аблічча, нярэдка з адной вуліцай. Заходнебел. М. вызначаліся больш развітым цэнтрам, які ўтваралі брукаваная плошча з гандл. радамі, царква ці касцёл, карчма, валасная ўправа (гміна). Непадалёку маглі размяшчацца сінагога, часам — мячэць, пажарная служба з дазорнай вежай. Дамы-крамы ставілі па перыметры плошчы і на асн. вуліцах надзвычай шчыльна, дах да даху. Будынкі часцей былі драўляна-каменныя (фахверкавыя, 15—18 ст.), з мураваным 1-м паверхам (сутарэннем) ці поўнасцю мураваныя (в. Гальшаны Ашмянскага р-на, г.п. Дзятлава, Іўе, Любча, г. Навагрудак Гродзенскай вобл.). Шырока выкарыстоўваліся ўзорныя праекты местачковых дамоў (Варняны, Дзятлава, Іўе, Паставы). У структуры М. зах. рэгіёнаў пэўную ролю адыгрывалі мясц. прадпрыемствы: валюшні, крупадзёркі, млыны, бровары, суднабуд. верфі. Гэта найб. характэрна для М. Радзівілаў (г.п. Урэчча Любанскага р-на Мінскай вобл., Целяханы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.), Сапегаў (г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.). На працягу 20 ст. ў М. адбыліся пэўныя арх.-планіровачныя пераўтварэнні. У тых, што сталі раённымі цэнтрамі, рэканструяваны (зах. рэгіёны) ці зноў створаны (усх. рэгіёны) плошчы, дзе важнае месца занялі адм. будынкі, дамы культуры, рэстаран, гасцініца, універсальныя магазіны. У заходнебел. М. пад новыя патрэбы часам прыстасоўваліся і старыя збудаванні: гандл. рады ў Іўі, Навагрудку, Пружанах — пад магазіны, дамы-крамы ў Ваўкавыску, Іўі Гродзенскай вобл., Валожыне, Нясвіжы, Ракаве Мінскай вобл. — пад майстэрні, пункты харчавання, невял. гандл. пункты. Развіццё былых М. вядзецца паводле індывід. праектаў. Добраўпарадкоўваюцца плошчы, ствараюцца кветнікі і скверы, ставяцца помнікі. Жылая забудова прадстаўлена секцыйнымі 2—5-павярховымі дамамі. У канцы 19 ст. ў М. жыло каля 150 тыс.чал. У 1920—30-я г. многія М. БССР пераўтвораны ў гарады і гар. пасёлкі, астатнія — у вёскі. У Зах. Беларусі М. існавалі да 1939.
Літ.:
Лакотка А.І. Дойлідства. Мн., 1997 (Беларусы;
Т. 2);
Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999.
А.І.Лакотка.
Да арт.Мястэчка. Маладзечна. Рынак. Пач. 20 ст.Да арт.Мястэчка. Гандлёвая плошча ў Клецку (Мінская вобл.). 1930-я г.