«БЕЛАРУ́СКАЯ ГАЗЕ́ТА»,

неафіцыйны легальны орган КПЗБ. Выходзіла з 8.6.1933 да 30.1.1934 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Пісала аб уціску працоўных Зах. Беларусі, крытыкавала сац. і нац. палітыку польск. улад, вяла палеміку з БХД і інш. партыямі клерыкальна-нац. кірунку, прапагандавала ідэю аб’яднання Зах. Беларусі з БССР. З пазіцый сац. рэалізму і марксісцкай тэорыі народнасці і партыйнасці мастацтва асвятляла літ. працэс у Зах. Беларусі. Змяшчала літ. старонкі. Выходзіла нерэгулярна. Выйшла 17 нумароў. Забаронена ўладамі. Найб. актыўныя супрацоўнікі «Беларускай газеты» В.​Таўлай, Я.​Міско, А.​Дубровіч і інш. арыштаваны і пасля 2-гадовага следства зняволены на працяглы тэрмін.

С.​В.​Говін.

т. 2, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ЗАРНІ́ЦА»,

царкоўна-грамадскі часопіс у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 1.9.1928 да 1.5.1929 у Вільні на бел. мове раз у 2 тыдні. Ставіў за мэту пераадолець адчужэнне правасл. Царквы на Беларусі ад нац.-вызв. імкненняў бел. народа, яго адраджэння. Шмат увагі аддаваў адносінам паміж царквой і дзяржавай, духавенствам і прыхаджанамі. Пісаў пра рэліг. выхаванне моладзі. З мэтай развіцця нац. самасвядомасці і пашырэння асветы сярод веруючых друкаваў матэрыялы пра пачатак хрысціянства на Беларусі, царк. брацтвы, Статут ВКЛ 1588, Брэсцкую унію 1596 і інш. Рабіў агляды прэсы, вёў палеміку з рус. эмігранцкім, польск. перыядычным і бел. хадэцкім друкам. Выйшла 13 нумароў.

А.​С.​Ліс.

т. 2, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ СЯЛЯ́НСКІ САЮ́З (БСС),

бел. нац. партыя парламенцкага тыпу ў Зах. Беларусі ў 1925—29. Створана ў Вільні бел. пасламі ў польскім сейме В.​Ц.​Рагуляй і Ф.​Ярэмічам у процівагу Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе. Адбыліся 1-я (24.3.1926, прынята праграма і абраны ЦК) і 2-я (ліп. 1927) канферэнцыі. У ЦК БСС увайшлі Рагуля, Ярэміч (старшыні), А.​Більдзюкевіч, Б.​Туронак (віцэ-старшыні). Цэнтр. орган — газ. «Сялянская ніва». БСС выступаў за падзел памешчыцкіх зямель, самастойнасць бел. народа на ўсіх яго землях, аб’яднаных у незалежную бел. рэспубліку, і інш. Разам з Бел. хрысціянскай дэмакратыяй стварыў Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры. Распаўся ў пач. 1929.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 2, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАЛЬШАВІ́К»,

тэарэтычны і паліт. орган ЦК КПЗБ. Выдаваўся нелегальна са снеж. 1924 да 1936 у Вільні, пазней у Мінску на бел. (асобныя матэрыялы на рус.) мове. Нумары 1—40 выйшлі як газета, з нумара 41-га — часопіс (выйшла 50 нумароў). Змяшчаў артыкулы па тэорыі і практыцы камуніст. руху ў Польшчы і Зах. Беларусі, рабоце секцый Камінтэрна ў краінах Зах. Еўропы, пастановы пленумаў ЦК КПЗБ, матэрыялы канферэнцый і з’ездаў КПЗБ, хроніку парт. работы. Пісаў пра паліт і эканам. становішча ў СССР і БССР. Адыгрываў актыўную ролю ў кіраўніцтве рэв. і нац.-вызв. рухам працоўных Зах. Беларусі. Друкаваў і сектанцкія матэрыялы, асабліва ў 1930-я г.

С.​В.​Говін.

т. 2, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́ЎСКІ ((Borowski) Леан) (27.6.1784, Піншчына — 4.4.1846),

польскі літаратуразнавец. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Паставах. У 1807—11 выкладчык паэтыкі і рыторыкі ў Свіслацкай гімназіі. З 1811 у Вільні, у 1821—32 праф. Віленскага ун-та. Аўтар працы «Заўвагі аб паэзіі і рыторыцы ў сэнсе іх падобнасці і розніцы» (1820), у якой асудзіў мёртвыя каноны класіцызму і крайнасці рамантызму. Заклік Бароўскага выкарыстоўваць у паэзіі нар. песні і паданні знайшоў водгук у творчасці А.​Міцкевіча, Я.​Чачота і інш. прадстаўнікоў «віленскай рамантычнай школы». Перакладаў на польск. мову творы Мальера, Дж.​Мільтана, Дж.​Байрана. Як член т-ва шубраўцаў друкаваўся ў іх газеце «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны»).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 2, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАМО́ВІЧ (Вячаслаў) (Вацлаў) Антонавіч (19.2.1864, Віленская губ. — 21.2.1939),

дзеяч бел. нац. руху пач. 20 ст., адзін з лідэраў яго правага, паланафільскага, крыла. У 1917 актывіст Бел. сацыяліст. грамады (БСГ), Вял. бел. рады, Цэнтр. бел. вайсковай рады. Кандыдат ад БСГ на выбарах ва Устаноўчы сход. У 1919—20 супрацоўнік вярбовачнага бюро Бел. вайсковай камісіі. Адзін са стваральнікаў арг-цыі «Зялёны дуб». Удзельнік канферэнцыі бел. паліт. арг-цый (Прага, вер. 1921), агітаваў за арыентацыю на Польшчу. Разам з П.​Алексюком склікаў у Вільні Бел. з’езд (снеж. 1921), які аформіў праграму паланафільскай плыні бел. руху. Аўтар зб. абразкоў і легендаў «Тыпы Палесся» (1926, пад псеўд. Дзяргач).

т. 1, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЯКО́ЎСКІ (Станіслаў) (1896, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — 1943),

бел. грамадскі і культурны дзеяч, публіцыст. Д-р тэалогіі. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, Грыгарыянскі ун-т у Рыме. Быў ксяндзом у прыходах Гродзеншчыны і Беласточчыны, выкладаў у Віленскіх бел. гімназіі і настаўніцкай семінарыі. Пасля высылкі польск. ўладамі з Вільні А.Станкевіча ўзначальваў бел. каталіцкую парафію. Арганізатар і выдавец бел. дзіцячага час. «Пралескі». Аўтар шэрагу артыкулаў па бел. гісторыі, філасофіі, этыцы ў перыяд. друку, якія падпісваў уласным прозвішчам і псеўданімамі (Стасіла, Стасюк з-пад Нёмна і інш). Расстраляны ням.-фаш. захопнікамі разам з групай бел. каталіцкіх святароў.

А.​С.​Ліс.

т. 5, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРАМА́ДСКІ ГО́ЛАС»,

газета Беларускай часовай рады (БЧР) — паліт. аб’яднання польскай арыентацыі ў Зах. Беларусі. Выдавалася штотыднёва з 22.6.1924 да 28.1.1926 у Вільні на бел. мове. Крытычна ставілася да эміграцыйнага ўрада Бел. Нар. Рэспублікі і ўрада Сав. Беларусі, прапагандавала ідэю згуртавання грамадскіх сіл, адзінага нац. фронту. Памяркоўна крытыкавала палітыку польск. ўрада, асвятляла праблемы царквы на Беларусі. Змяшчала матэрыялы пра творчасць Я.​Купалы, М.​Багдановіча, пра стан бел. мастацтва, дзейнасць Бел. аб’яднанага т-ра, аб праблемах бел. мовы. Публікавала маст. творы і пераклады на бел. мову з інш. моў. З уздымам нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі спыніла сваё існаванне.

А.​С.​Ліс.

т. 5, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ГУРТО́К БЕЛАРУ́СКАЙ МО́ЛАДЗІ.

Дзейнічаў ў Гродне ў 1909—14. Меў на мэце пашыраць веды пра Беларусь, яе гісторыю, культуру, мову, развіваць нац. свядомасць моладзі. Кіраўнікі: ксёндз Ф.​Грынкевіч, да студз. 1912 К.​Колышка, з восені 1913 А.​Зянюк. У гурток уваходзілі пераважна вучні мясц. школ, гімназій. Працаваў нелегальна. Меў сувязі з газ. «Наша ніва», бел. выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца», бел. кнігарняй у Вільні, Беларускім навукова-літаратурным гуртком студэнтаў С.-Пецярбургскага ун-та і інш. Члены гуртка займаліся літ. творчасцю (З.Верас, Я.​Лявіцкі, Колышка), збіралі б-ку бел. выданняў, наладжвалі вечарыны, ставілі спектаклі.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУ́СНЕВА ГРУ́ПА,

адна з першых с.-д. арг-цый у Расіі. Утворана ў 1889 у Пецярбургу ў выніку аб’яднання рэв. студэнцкіх і рабочых гурткоў. Наз. «Цэнтральны рабочы камітэт», «Рабочы саюз», пазней па імю кіраўніка групы М.​І.​Бруснева. Займалася прапагандай марксізму сярод рабочых. Кіравалася праграмай групы «Вызваленне працы». Мела сувязі з рэв. гурткамі многіх гарадоў, у т. л. Гродна і Вільні, якія дапамагалі ёй набываць л-ру для паліт. прапаганды. Адным з яе кіраўнікоў быў ураджэнец Ліды М.В.Алюшкевіч. У час сходкі 3.6.1893 арыштаваны кіраўнікі і частка членаў групы. Следства па справе Бруснева групы працягвалася каля 2 гадоў. Большасць прапагандыстаў была рэпрэсіравана.

т. 3, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)