Прызначаны для палівання дажджаваннемс.-г. культур. Рабочыя органы — кароткаструменныя (5—8 м) насадкі (ствараюць веерападобны паток вады), сярэднеструменныя (10—35 м) і далёкаструменныя (40—80 м і болей) дажджавальныя апараты (ДА; забяспечваюць дажджаванне па крузе або сектары; бываюць каромыславыя, рэактыўныя, турбінныя, імпульснага і бесперапыннага дзеяння і інш.).
Дажджавальныя машыны маюць аўтаномны рухавік або прывод, трансмісію і хадавую частку. Бываюць шматапорныя (7 і болей апор з рознымі хадавымі часткамі) тыпу «Фрэгат», «Днепр» і шыроказахопныя (шыр. захопу 300—800 м) тыпу «Валжанка» (сярэднеструменныя); двухкансольныя тыпу ДДА-100 МА (фермы, зманціраваныя на трактары; маюць помпавую ўстаноўку з прыводам ад вала трактара; кароткаструменныя); навясныя на трактар тыпу ДДН-100 (маюць помпу-рэдуктар, зманціраваны на раме; далёкаструменныя). Адрозніваюць дажджавальныя машыны, якія робяць паліў адначасова з рухам і пазіцыйна (пры нерухомай машыне). Дажджавальныя ўстаноўкі бываюць разборныя пераносныя (манціруюцца з асобных звёнаў, перад зменай пазіцыі яны разбіраюцца і пераносяцца на новае месца) і неразборныя (перамяшчаюцца цалкам на прычэпе трактара). Аснашчаюцца сярэдне- або далёкаструменнымі ДА, працуюць пазіцыйна. Найб. пашыраны камплекты ірыгацыйнага абсталявання «Вясёлка», дажджавальныя шлейфы ДШ-25/300 і інш.Стацыянарныя дажджавальныя сістэмы — укладзеныя пад ворны слой напорныя трубаправоды з гідрантамі, што выходзяць на паверхню. Да іх падключаюцца далёка- або сярэднеструменныя ДА. Вада ў трубаправодную сетку падаецца помпавай станцыяй. Паўстацыянарныя дажджавальныя сістэмынайб. пашыраныя, у іх магістральны і размеркавальны трубаправоды стацыянарныя, а дажджавальныя машыны перамяшчаюцца па арашальнай плошчы.
Літ.:
Сапунков А.П. Применение дождевальной техники М., 1991.
А.Я.Вакар.
Дажджавальныя машыны і ўстаноўкі: 1 — сярэднеструменная машына «Фрэгат»; 2 — далёкаструменная машына ДДН-100; каротка струменная ўстаноўка — дажджавальны шлейф ДШ-25/300.Да арт.Дажджавальныя машыны і ўстаноўкі. Дажджавальныя апараты: а — кароткаструменная дэфлектарная насадка (1 — варонка, 2 — дэфлектар); б, в — сярэднеструменныя, г — далёкаструменны апараты (1 — дапаможныя соплы, 2 — ствол, 3 — асноўнае сапло, 4 — турбінка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНАГА МУЗЕ́Я ФІЛІЯ́Л «АКО́ПЫ» Засн. 5.9.1989 у Лагойскім р-не Мінскай вобл. з цэнтрам у в. Харужанцы. Адкрыты 29.8.1992. Агульная пл. 6,64 га. Складаецца з літ.-маст. (в. Харужанцы) і мемар. (б. хутар Акопы) частак. Хутар Акопы з 1909 арандавала маці Я.Купалы. Сюды штогод прыязджаў Я.Купала ў час вучобы ў Пецярбургу, з Вільні і Мінска. Пасля 1917 Акопы перайшлі ва ўласнасць маці, якая жыла тут да 1926, і сясцёр (да 1929) паэта. Ваколіцы хутара сталі для Я.Купалы месцам літ. сустрэч, дыскусій, спасціжэння культ.-гіст. традыцый. Тут паэт напісаў больш за 80 вершаў, паэмы «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я», «Гарыслава», камедыі «Паўлінка», «Прымакі», драму «Раскіданае гняздо», трагікамедыю «Тутэйшыя». У в. Харужанцы адноўлена тыпавая пабудова пач. 20 ст. (на месцы б. хутара Міхалішкі), у 5 залах якой размешчана літ.-маст. экспазіцыя (аўтары — мастакі Э.Агуновіч, А.Грачоў, У.Пратасеня). У ёй прадстаўлена больш за 230 экспанатаў, у т. л. работы мастакоў Агуновіча, В.Александровіча, М.Басалыгі, А.Волкава, А.Кашкурэвіча, М.Купавы, Г.Паплаўскага, У.Савіча, В.Шаранговіча, дакументы, фотаздымкі, кнігі і ўспаміны пра Я.Купалу, матэрыялы пра купалаўскія мясціны на Лагойшчыне і Міншчыне. Тут пастаўлены помнік «Малады Купала» (1992, скульптары А.Заспіцкі і Г.Мурамцаў), зроблена адкрытая эстрада для масавых мерапрыемстваў. На месцы б. хутара Акопы падмуркі пабудоў, валун, на якім у 1982 устаноўлены мемар. знак са словамі з верша Я.Купалы «З кутка жаданняў».
Літ.:
Содаль У. Акопы // Содаль У. Пуцявінамі сейбіта. Мн., 1982;
Лойка А. Акопы // Лойка А. Як агонь, як вада...: Раман-эсэ пра Янку Купалу. Мн., 1984;
Купалаўскія сцежкі Лагойшчыны. Мн., 1993;
Купалавым гасцінцам. Мн., 1996.
Ж.К.Дапкюнас.
Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы».Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы». Мемарыяльны валун.Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы». Помнік «Малады Купала».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАТ [грэч. klima (klimatos) літар. нахіл; падразумяваецца нахіл зямной паверхні да сонечных прамянёў],
шматгадовы рэжым надвор’я, уласцівы пэўнай мясцовасці на Зямлі ў залежнасці ад геагр. умоў; адна з яе асн.геагр. характарыстык. Фарміруецца пры ўзаемадзеянні кліматаўтваральных працэсаў (прыход і расход прамяністай энергіі на зямной паверхні і ў атмасферы; цыркуляцыя атмасферы; вертыкальны цеплаабмен і вільгацеабмен у атмасферы), якія бесперапынна працякаюць у сістэме атмасфера—акіян—суша; мадыфікуюцца геагр. фактарамі і ствараюць разнастайныя тыпы К. Уяўленне пра К. складваецца на аснове стат. абагульнення вынікаў шматгадовых назіранняў над асн. метэаралагічнымі элементамі — сонечнай радыяцыяй, т-рай і вільготнасцю паветра, атм. ціскам, скорасцю і напрамкам ветру, воблачнасцю, атм. ападкамі і інш.Асн.геагр. фактары, што ўздзейнічаюць на К. асобнага рэгіёна: геаграфічная шырата, якая вызначае занальнасць і сезоннасць у размеркаванні сонечнай радыяцыі, т-ру паветра, атм. ціск і г.д. [гл.Кліматычныя паясы (зоны), Кліматычныя сезоны]; вышыня над узроўнем мора, ад якой залежыць вышынная пояснасць; размеркаванне сушы і мора (суша і вада па-рознаму паглынаюць, зберагаюць і аддаюць цяпло, вільгаць і г.д.); араграфія мясцовасці ўплывае на паветр. цячэнні, т-ру паветра, воблачнасць, атм. ападкі і інш.; акіянічныя цячэнні пераносяць з нізкіх шырот у высокія значную колькасць цяпла (напр., цячэнне Гальфстрым, якое аказвае значны ўплыў на К. Зах. Еўропы). Халодныя цячэнні з высокіх шырот ахаладжальна ўздзейнічаюць на К. рэгіёнаў, размешчаных у сярэдніх і нізкіх шыротах. Цячэнні ўплываюць і на вільгацезварот, садзейнічаюць утварэнню воблакаў і туманаў. К. асобных рэгіёнаў вызначаюцца таксама характарам расліннага покрыва, наяўнасцю ледавікоў і снегавога покрыва, асаблівасцямі клімату гарадоў і інш. У залежнасці ад маштабу разглядаемых частак зямной паверхні вылучаюць макраклімат, мезаклімат і мікраклімат. К. аказвае значны ўплыў на гасп. дзейнасць чалавека: на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі, размяшчэнне прамысл. прадпрыемстваў, паветраны, водны і наземны транспарт і г.д. Вывучае К. кліматалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКА́Л,
возера ў Расійскай Федэрацыі, на ПдУсх. Сібіры (у Бураціі і Іркуцкай вобл.). 456 м над узр. м.Пл. 31,5 тыс.км², даўж. 636 км, найб. шырыня 79,4 км. Самае глыбокае (1620 м) і вялікае па аб’ёме прэснай вады (23 тыс.км³) у свеце, змяшчае каля 1/5сусв. запасаў прэснай вады (без ледавікоў). Пл. вадазбору больш за 550 тыс.км². У Байкал упадае 336 рэк, у т. л. Селенга, Баргузін, Верхняя Ангара, Турка. Выцякае р. Ангара, якая выносіць за год каля 61 км³ вады. Катлавіна возера тэктанічнага паходжання. Раён Байкала высокасейсмічны, шматлікія землетрасенні. 27 астравоў, найбольшы Альхон (пл. каля 730 км²). Байкал абкружаны горнымі хрыбтамі. Берагавая лінія слаба парэзаная. Самыя вял. залівы ў сярэдняй ч. возера: Баргузінскі, Чывыркуйскі (падзеленыя п-вам Святы Нос), Правал, губы Аяя і Фраліха. Ветравыя хвалі (да 5 м), згонна-нагонныя з’явы. Т-ра вады на паверхні ў жн. ў адкрытай частцы 12—14 °C, каля берагоў 18—20 °C, на глыбіні амаль пастаянная ўвесь год (3,2—3,5 °C). Ледастаў з канца снеж. — пач.студз. да пач. мая. У вытоку Ангары Байкал не замярзае. Вада адрозніваецца вял. празрыстасцю (да 40 м) і чысцінёй. Праводзяцца работы па памяншэнні адмоўнага ўплыву гаспадаркі навакольных раёнаў на водныя рэсурсы возера. Раён Байкала характарызуецца складанай сістэмай мясцовых вятроў: з ПнЗ — сарма (у раёне в-ва Альхон), з ПнУ — баргузін, з ПдЗ — култук. У флоры і фауне каля 2600 відаў і разнавіднасцяў, у т. л. ¾ эндэмікі: бычкі, жывародная рыба галамянка і інш.Прамысл. рыбы: байкальскі омуль, сіг, харыус, часцікавыя і інш. Водзіцца байкальскі цюлень. Развіты рыбалоўства, суднаходства. Гал. гарады Слюдзянка, Байкальск; прыстані Байкал, Лісцвянка, Танхой, Усць-Баргузін, Северабайкальск. У пас. Лісцвянка Лімналагічны ін-т Сібірскага аддзялення АН Расіі, у пас. Вялікія Каты гідрабіял. станцыя Іркуцкага ун-та. Паўн.-ўсх.ч. Байкала ў складзе Баргузінскага запаведніка, на паўд. узбярэжжы Байкальскі запаведнік, на зах. — Прыбайкальскі нац. парк і Верхняленскі запаведнік. Байкал і навакольныя мясцовасці — раён турызму і адпачынку. Па паўд. узбярэжжы Байкала праходзіць Транссібірская, па паўн. — Байкала-Амурская магістралі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВАРЭ́ЛЬ (франц. aguarelle ад лац. agua вада),
фарбы, разведзеныя на вадзе (звычайна з раслінным клеем) і прызначаныя для жывапісу, а таксама від жывапісу, твор, выкананы ў тэхніцы акварэлі гэтымі фарбамі. Асн. якасці акварэлі — празрыстасць, чысціня і яснасць колеру. Акварэль спалучае асаблівасці жывапісу і графікі. Спецыфічныя прыёмы — размывы і зацёкі, якія ствараюць эфект рухомасці і трапятлівасці.
Акварэль (з дамешкам бяліл, гл.Гуаш) была вядомая ў Стараж. Егіпце, Кітаі, Японіі. У 15—17 ст. служыла пераважна для расфарбоўкі гравюр, чарцяжоў, эскізаў карцін і фрэсак, выкарыстоўвалася і самастойна (пейзажы А.Дзюрэра, галандскіх і фламандскіх мастакоў). З 18 ст. пашырылася ў пейзажным жывапісе. З’явіліся прафес. мастакі-акварэлісты. У 19 ст. распаўсюдзілася ў Англіі (У.Тэрнер, Р.Бонінгтан), Францыі (Э.Дэлакруа, А.Дам’е), Расіі (К.Брулоў, А.Іваноў, У.Бяхцееў, А.Астравумава-Лебедзева, А.Фанвізін, М.Урубель).
На Беларусі выкарыстоўвалася ў 15 ст. ў мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу, у 17—18 ст. — для расфарбоўкі гравюр. У 19 — пач. 20 ст. жанравыя карціны і пейзажы ў тэхніцы акварэлі стваралі Л.Альпяровіч, С.Богуш-Сестранцэвіч, Я.Дамель, К.Кастравіцкі, М.Кулеша, Н.Орда, І.Пешка, Ф.Рушчыц; у 1920—30-я г. — А.Астаповіч, В.Волкаў, У.Кудрэвіч, М.Лебедзева, М.Філіповіч. Пазней традыцыйная акварэль атрымала развіццё ў творчасці Л.Лейтмана, А.Волкава, В.Цвіркі, І.Сталярова. Новы этап развіцця акварэлі азначыўся на пач. 1960-х г. Арганізуюцца ўсесаюзныя (1965) і рэсп. (1966) выстаўкі, ствараюцца групы мастакоў акварэлі, фарміруюцца школы акварэлі (гл.Віцебская школа акварэлі). Пашырэнне выяўл. сродкаў, тэхн. прыёмаў, мастацкіх манер прывяло да вызначэння спецыфікі акварэльнага вобраза. Акварэль зацвердзілася як самастойны від жывапісу. Шырокую вядомасць атрымалі творы А.Паслядовіч, У.Стальмашонка, З.Літвінавай, П.Драчова, Г.Шутава, Ф.Гумена, І.Пратасені, Г.Паплаўскага, Ф.Кісялёва, В.Паўлаўца, Л.Марчанкі.
Літ.:
Беспалый А. Беларуская акварэль. Мн., 1989.
У.І.Рынкевіч.
Да арт.Акварэль. М.Урубель. Партрэт Т.С.Любатовіч у ролі Кармэн. 1890-я г.Да арт.Акварэль. Л.Марчанка. Бэз. 1994.Да арт.Акварэль. І.Пратасеня. Набат 1863. К.Каліноўскі і Марыся. 1990.Да арт.Акварэль. Г.Паплаўскі. Буслы Браслаўшчыны. 1994.Да арт.Акварэль. В.Паўлавец. Стажкі. 1991.Да арт.Акварэль. Э.Дэлакруа. Стрэл (фантазія). 1832.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛЮ́ГІН (Анатоль Сцяпанавіч) (27.12.1923, в. Машканы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 24.10.1994),
бел. паэт, кінадраматург, перакладчык.
Засл. дз. культ. Беларусі (1969). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1948). Удзельнік Вял.Айч. вайны, быў паранены. Працаваў у прэсе, у 1946—84 у час. «Полымя». Друкаваўся з 1934. Першы зб. вершаў «Салют у Мінску» (1947). Лірыка Вялюгіна — дасягненне бел. паэзіі. Яго творчасці ўласцівы яркая метафарычнасць, асацыятыўная вобразнасць, філігранная апрацоўка слова. У паэзіі Вялюгіна шчырае апяванне роднай зямлі, пранікнёная споведзь паэта-франтавіка, які прайшоў суровыя выпрабаванні ваен. ліхалецця, разнастайныя грамадз. і інтымныя пачуцці сучасніка (зб. «Негарэльская арка», 1949, «На зоры займае», 1958; «Насцеж», 1960; «Песня зялёнага дуба», 1989; «З белага камення — сіняе пламенне», 1993), патрыятычныя матывы («Прызнанне ў любові»), пантэістычнае стаўленне да прыроды («Спелы бор»). У жанры паэмы распрацоўваў гісторыка-рэв. тэму («Бацька Дняпро», 1955, «Вецер з Волгі», 1963, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964). Аўтар паэт. зб-каў для дзяцей «Галубы» (1949), «Тры гудкі» (1951), «Рыбы нашых рэк» (1952), «Дзіцячы сад» (1954), «Вада і вуда» (1967), сцэнарыяў маст. («Рэха ў пушчы», 1977; «Глядзіце на траву», 1983), дакументальных («Генерал Пушча», Дзярж. прэмія Беларусі 1968; «Арліная крыніца», «Балада пра маці», «Дзядзька Якуб», «Янка Купала», «Я — крэпасць, вяду бой», «Віцебскія ўзоры» і інш.) фільмаў. На бел. мову пераклаў паэмы М.Лермантава «Каўказскі нявольнік» і «Баярын Орша» (1950), «Паэму братэрства» Э.Межэлайціса (1958, з М.Калачынскім), паэмы М.Нагнібеды «Званы Хатыні» (1973) і «Матулям з Расонаў» (1981), кнігі для дзяцей П.Варанько і Дз.Білавуса, паасобныя вершы У.Маякоўскага, Л.Украінкі, М.Рыльскага, А.Малышкі, А.Міцкевіча, Ю.Тувіма і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1984;
Адрас любві. Мн., 1964;
Вершы і балады. Мн., 1969;
Заклён на скрутны вір. Мн., 1995.
Літ.:
Бярозкін Р. У свет, адкрыты насцеж... // Бярозкін Р. Спадарожніца часу. Мн., 1961;
Арочка М. У спелым леце... // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;
Майсейчык А. Аб жанравых асаблівасцях паэм А.Вялюгіна // Бел. літаратура. Мн., 1977. Вып. 5;
Барадулін Р. Партрэт у верасе пчаліным // Маладосць. 1983. № 12;
Зуёнак В. Гэта ўзважана сэрцам // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІНІНГРА́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
у Расійскай Федэрацыі, паўанклаў. Мяжуе з Літвой і Польшчай, на З і ПдЗ абмываецца Балтыйскім м. Утворана 7.4.1946. Пл. 15,1 тыс.км², Нас. 932 тыс.чал., гарадскога 78% (1996). Сярод насельніцтва 8,5% беларусаў. Цэнтр — г.Калінінград. Найб. гарады: Савецк, Чарняхоўск, Балтыйск, Гусеў, Неман, Піянерскі.
Прырода. Паверхня К.в. — слабаўзгорыстая раўніна. На Пн частка тэр. апускаецца ніжэй узроўню мора (польдэры) і агароджана ад затаплення дамбамі. На ПдУ — Балтыйская града (выш. да 231 м). Уздоўж узбярэжжа Балтыйскага м. і яго заліваў (Куршскі і Калінінградскі) на 140 км паласа пясчаных пляжаў, т. зв. «Бурштынавы бераг». На Куршскай касе (даўж. 98 км, шыр. да 4 км) і Балтыйскай, ці Віслінскай, касе (даўж. 65 км, шыр. да 2 км) пясчаныя дзюны (выш. да 60 м, шыр. да 1 км). Карысныя выкапні: бурштын (80% сусв. запасаў), фасфарыты, глаўканіты, каменная соль, газ, нафта, буры вугаль, торф, буд. матэрыялы, мінер.вада. Клімат пераходны ад марскога да ўмерана кантынентальнага. Сярэдняя т-растудз. ад -2,6 °C да -4,8 °C, ліп. ад 15 да 17 °C. Гадавая колькасць ападкаў 650—700 мм. Рэкі належаць да бас. Балтыйскага м., галоўныя Нёман (з прытокам Шэшупе) і Прэголя (з прытокам Лава). Суднаходныя. Больш за 100 азёр, 7% тэр. забалочана. Глебы пераважна падзолістыя і дзярнова-падзолістыя. Пад лесам больш за 15% тэр. (елка, хвоя, дуб, граб, бук). Нац. парк — Куршская каса.
Гаспадарка. К.в. з’яўляецца індустр. раёнам з развітой сельскай гаспадаркай. Асн. галіны прам-сці: харч. (рыбная, мясная), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (папера, кардон, мэбля), маш.-буд. (абсталяванне для рыбнай прам-сці, малыя ракетныя рухавікі для штучных спадарожнікаў Зямлі, пад’ёмна-трансп. і электратэхн. абсталяванне, вагоны-самазвалы, суднарамонт), лёгкая, буд. матэрыялаў. Здабыча і апрацоўка бурштыну (ювелірныя вырабы, лакі, фарбы). На тэр. К.в. ў 1991 засн. свабодная эканам. зона «Бурштын» (радыё- і электронная прам-сць, суднабудаванне, абсталяванне для харч. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, перапрацоўка рыбы і інш. марскіх прадуктаў, міжнар. турызм). Малочна-мясная жывёлагадоўля, мясная і беконная свінагадоўля, птушкагадоўля. Пасевы збожжавых (азімая пшаніца, жыта, ячмень). Вырошчваюць травы, караняплоды, бульбу, агародніну. Развіваецца садоўніцтва. На тэр. К.в. густая сетка чыгунак і аўтадарог. Гал. чыгунка Калінінград—Каўнас, аўтадарога Калінінград—Вільнюс. Незамярзаючыя марскія парты — Калінінград і яго аванпорт Балтыйск. Курорты: Светлагорск, Піянерскі, Зеленаградск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКАРПА́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
На З Украіны. Утворана 22.1.1946. Пл. 12,8 тыс.км². Нас. 1,3 млн.чал., гарадскога 41% (1996). Цэнтр — г.Ужгарад. Найб. гарады: Мукачава, Берагава, Вінаградаў, Хуст, Чоп.
Прырода. Размешчана на паўд.зах. схілах Усх. Карпат і на паўд.-ўсх. ускраіне Сярэднедунайскай нізіны. Горы займаюць каля 80% тэр. Хрыбты Водападзельны (выш. да 1693 м), Паланінскі (да 1881 м), Вулканічны (да 1081 м) выцягнуты з ПнЗ на ПдУ. Ва ўсх.ч. знаходзяцца масівы Рахаўскі і Чарнагора (г.Гаверла, 2061 м) з альпійскімі формамі рэльефу. Карысныя выкапні: буры вугаль (Закарпацкі буравугальны раён), каменная соль, ртутныя і поліметал. руды, мармур, туф, андэзіт, мінер.вада. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. складае -1,7 °C на раўніне і -7,8 °C у гарах, ліп. адпаведна 19,2 °C і 13,8 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 600 мм на раўніне да 1400 мм у гарах. Гал. рака: Ціса (бас.р. Дунай) з вытокамі Чорная Ціса і Белая Ціса і прытокамі Цярэсва, Цярэбля, Рыка, Баржава, Уж, Латарыца. Глебы на нізінах пераважна дзярновыя і алювіяльныя, у перадгор’ях буразёмна-падзолістыя, у гарах бурыя горна-лясныя і горна-лугавыя. Лясы займаюць больш як 50% тэр. У перадгор’ях дубовыя і дубова-букавыя лясы, у гарах да 1100 м букавыя і мяшаныя, да 1600 м хвойныя, вышэй альпійскія лугі (паланіны), якія выкарыстоўваюцца як паша. На тэр. З.в. Карпацкі запаведнік.
Гаспадарка індустрыяльна-агр. тыпу з развітой сферай турызму і санаторна-курортнага лячэння. Вядучыя галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (прыборы, станкі, электрарухавікі), лясныя і дрэваапр. (мэблевая, фанерная, цэлюлозна-папяровая, лесахім.), харчасмакавая (вінаробчая, агароднінакансервавая, мясная, масласыраробчая, мукамольна-крупяная, тытунёвая), лёгкая (трыкатажная, футравая, абутковая, швейная). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цагельна-чарапічная, каменедрабільная, кар’еры па здабычы туфу, мармуру). Здабыча бурага вугалю, каменнай солі. Народныя маст. промыслы (вырабы з дрэва, саломы, лазы, маёлікі). Ужгарадская і Рахаўская ЦЭС, Цярэбле-Рыкская ГЭС. На раўніне пасевы пшаніцы, кукурузы. Вінаградарства, пладаводства. Вырошчваюць агародніну, бульбу, з тэхн. культур — тытунь, сланечнік. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. У перадгор’ях авечкагадоўля. Пчалярства. Па тэр.вобл. праходзяць чыгункі Чоп—Мукачава—Львоў, Чоп—Ужгарад—Львоў, Чоп—Рахаў—Івана-Франкоўск, аўтадарогі Ужгарад—Мукачава—Львоў, Ужгарад—Перачын—Львоў, Ужгарад—Рахаў—Івана-Франкоўск; нафтаправод «Дружба» і 3 газаправоды. Турызм. Закарпацкая і Сваляўская групы курортаў, курорт Сіняк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛІ́ВЫ І АДЛІ́ВЫ,
перыядычныя ваганні ўзроўню акіяна (мора), абумоўленыя сіламі прыцяжэння Месяца і Сонца ў спалучэнні з цэнтрабежнымі сіламі. Пад дзеяннем сіл, што ўзнікаюць пры абарачэнні Месяца вакол Зямлі і Зямлі вакол Сонца адбываецца дэфармацыя цвёрдага цела Зямлі і ваганні атм. ціску. Зямля пад дзеяннем прыліваўтваральных сіл Месяца і Сонца набывае форму эліпсоіда вярчэння. Водная абалонка Зямлі расцягваецца ўздоўж лініі, накіраванай да Месяца. Прыліваўтваральная сіла Сонца амаль у 2,2 раза меншая, чым Месяца, таму П. і а. ў большай ступені залежаць ад Месяца. Пры сутачным абарачэнні Зямлі П. і а. паслядоўна абыходзяць зямны шар; за месячныя суткі (24 гадз 50 мін) назіраюцца 2 прылівы і 2 адлівы. Іх велічыня і характар залежаць ад узаемнага размяшчэння Зямлі, Месяца і Сонца, ад геагр. шыраты, глыб. мора, формы берагавой лініі і інш. умоў. Прыліў найб., калі Зямля, Месяц і Сонца размяшчаюцца на адной прамой (сізігія), найменшы, калі Месяц, Зямля і Сонца ўтвараюць вугал 90° (квадратура). Найвышэйшы ўзровень у час П. і а. наз. поўнай вадой, ніжэйшы — малой вадой. У залежнасці ад перыяду адрозніваюць П. і а. паўсутачныя, сутачныя і мяшаныя (няправільныя). Пры паўсутачных П. і а. назіраюцца 2 поўныя вады і 2 малыя, пры сутачных — 1 поўная і 1 малая вада. Пры мяшаных П. і а. найб. пашыраны няправільныя паўсутачныя і няправільныя сутачныя прылівы. Велічыня П. і а. ў адкрытым акіяне да 1 м, у залівах і бухтах, берагі якіх паступова звужаюцца, пад’ём вады дасягае 18 м (зал. Фанды ў Атлантычным ак. каля берагоў Канады). Звычайна выш. прыліваў каля берагоў акіянаў 2—4 м, ва ўнутр. морах (Чорнае, Балтыйскае) некалькі сантыметраў. Энергія прыліваў можа выкарыстоўвацца на прыліўных электрастанцыях. У выніку зямных прыліваў адбываюцца верт. плаўныя зрушэнні паверхні да 50 см, змены сілы цяжару да 0,25-10−5м/с2 на экватары і інш. з’явы, вывучэнне якіх дазваляе даследаваць унутр. будову Зямлі і асаблівасці будовы зямной кары. Атм. прылівы выклікаюць паўсутачныя змены атм. ціску і адыгрываюць вял. ролю ў дынаміцы верхняй атмасферы.
Сілы, якія ўтвараюць прылівы і адлівы: 1 — цэнтрабежная сіла; 2 — прыцягненне Месяца; 3 — прыліваўтваральная сіла; Z — зеніт; C — цэнтр Зямлі; N — надзір.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯСФЕ́РА (ад бія... + сфера),
абалонка Зямлі, састаў, структура і энергетыка якой абумоўлены сукупнай дзейнасцю і ўплывамі жывых арганізмаў. Першыя ўяўленні пра біясферу сфармуляваў франц. вучоны Ж.Б.Ламарк (1802). Тэрмін «біясфера» ўвёў аўстр. геолаг Э.Зюс (1875). Стварэнне цэласнага вучэння пра біясферу належыць рус. вучонаму У.І.Вярнадскаму (1926). Біясфера ўключае арганізмы (каля 3 млн. відаў), іх рэшткі, прыземную ч. атмасферы да вышыні азонавага экрана (20—30 км), усю гідрасферу і верхнюю частку літасферы; усе яны ўзаемазвязаны працэсамі міграцыі рэчыва і энергіі. Ніжняя мяжа біясферы на сушы на глыб. да 3—4 км ад паверхні зямной кары, у Сусветным ак. на 1—2 км ніжэй за дно. У біясферы (паводле Вярнадскага) адрозніваюць 7 розных, але ўзаемазвязаных тыпаў рэчываў: жывое рэчыва (расліннае, жывёльнае і мікраарганізмы), біягеннае рэчыва (прадукты жыццядзейнасці жывых арганізмаў — гаручыя выкапнёвыя, вапнякі і інш.), косныя рэчывы (горныя пароды магматычнага, неарган. паходжання, вада і інш.), біякосныя рэчывы (прадукты распаду і перапрацоўкі горных і асадкавых парод жывымі арганізмамі), радыеактыўнае рэчыва, рассеяныя атамы і рэчыва касм. паходжання (метэарыты, касм. пыл). Асн. функцыя біясферы — выкарыстанне сонечнай энергіі (фотасінтэз) і біялагічны кругаварот рэчываў і энергіі, які забяспечвае развіццё ўсіх жыццёвых працэсаў. Жывыя арганізмы (жывое рэчыва) і іх жыццёвае асяроддзе арганічна звязаны паміж сабой і ўтвараюць сістэмы глабальнага, рэгіянальнага і лакальнага ўзроўняў. У рэгіянальных і лакальных сістэмах вылучаюць структурныя адзінкі біясферы: біёмы, біягеацэнозы (экасістэмы), прыродныя зоны на раўнінах і вышынныя (вертыкальныя) прыродныя паясы ў гарах. Біясфера мазаічная паводле структуры і саставу адлюстроўвае геахім. і геафіз. неаднароднасць аблічча Зямлі (мацерыкі і акіяны, прыродныя зоны і паясы, раўніны і горы і інш.) і нераўнамернасць у размеркаванні жывога рэчыва. Больш за 90% усяго жывога рэчыва біясферы прыпадае на наземную расліннасць. Агульная маса жывога рэчыва ў Б. ацэньваецца ў 1,8—2,5∙1012т (у пераліку на сухое рэчыва) і складае нязначную ч. масы біясферы (3∙1018т). На стан біясферы моцна ўплывае гасп. дзейнасць чалавека. Антрапагеннае ўздзеянне стымулюе пераход біясферы ў якасна новы стан — наасферу. Ахова біясферы прадугледжвае сістэму мерапрыемстваў: вядзенне біясфернага маніторынгу, арганізацыю біясферных запаведнікаў і інш., накіраваных на захаванне арганізмаў і біягеацэнозаў. Праводзіцца комплексная міжнар. праграма «Чалавек і біясфера». Гл. таксама Ахова прыроды, Забруджванне навакольнага асяроддзя.
Літ.:
Вернадский В.И. Химическое строение биосферы Земли и ее окружения. 2 изд. М., 1987;
Никитин Д.П., Новиков Ю.В. Окружающая среда и человек 2 изд. М., 1986;