працэс развіцця ў шматклетачным арганізме, які забяспечвае ўзнікненне, існаванне, перабудову і аднаўленне тканак з іх спецыфічнымі для кожнага арганізма і яго органаў марфалагічнымі і фізіёлага-біяхім. асаблівасцямі; адна з фаз антагенезу. Настае пасля або ў працэсе арганагенезу; уключае клетачнае размнажэнне, дэтэрмінацыю, клетачны рост, міграцыі клетак, адгезію, дыферэнцыроўку клетак і пазаклетачных вытворных, міжклетачныя і міжтканкавыя ўзаемадзеянні, адміранне клетак. Спецыялізацыя клетак спадчынна замацоўваецца, таму адна тканка ў другую не ператвараецца. Гістагенез абумоўлены эвалюцыйным развіццём, залежыць ад унутры- і міжтканкавых узаемаадносін, ад узаемадзеяння арганізма з навакольным асяроддзем. Неадначасовае развіццё клетак пры гістагенезе забяспечвае захаванне маладыферэнцыраваных элементаў, якія служаць крыніцай папаўнення клетак на працягу жыцця арганізма і аднаўлення тканкі пасля яе пашкоджання (рэгенерацыі). У тканках з высокім узроўнем дыферэнцыроўкі (мышачная, нервовая) магчымасці рэгенерацыі больш абмежаваныя. Рэпаратыўны гістагенез у постнатальным перыядзе антагенезу складае аснову аднаўлення часткова страчаных або пашкоджаных тканак (напр., фізіялагічная рэгенерацыя клетак крыві). Якасныя змены гістагенезу могуць прывесці да ўзнікнення і росту пухліны. Нармальны і паталагічны гістагенез вывучае гісталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ТА (Secaled),
род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. злакаў. 6—8 відаў. Вырошчваюць (з 1—2-га тыс. да н.э.) пераважна ў краінах Паўн. паўшар’я Ж. пасяўное (S. cereale) — азімыя і яравыя формы. На Беларусі Ж. азімае — адна з найважнейшых збожжавых і кармавых прамежкавых культур.
Ж. пасяўное — аднагадовая расліна выш. 60—180 см. Каранёвая сістэма валасніковістая, магутная. Сцябло — саломіна, лісце лінейна-ланцэтнае. Каласы шчыльныя, двухрадковыя, пры выспяванні шэра- або светла-жоўтыя. Каласкі двухкветныя, каласковыя лускавінкі завостраныя, з кароткім асцюком. Зярняўкі маршчакаватыя, з глыбокай баразёнкай і невял. чубком. Зерне мае 9—13% бялкоў, 55—70 крухмалу, 1—2% тлушчу, вітаміны B1, B2, PP. Самая марозаўстойлівая культура сярод азімых злакаў, пераносіць кароткатэрміновыя маразы да -20 °C (на глыб. вузла кушчэння). Перыяд актыўнай вегетацыі 140—170 сутак. Раянаваныя сарты бел. селекцыі: тэтраплоідныя — Пухаўчанка, Верасень, Ігуменская; дыплоідныя — Радзіма, Калінка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ МО́ВА,
мова, якая з’яўляецца сродкам вусных і пісьмовых зносін нацыі. Складваецца з мовы народнасці ў перыяд станаўлення нацыі. Функцыянуе ў некалькіх разнавіднасцях: літаратурная мова, прастамоўе, мясц. гаворкі і сац.дыялекты. Вышэйшая форма Н.м. і неабходная ўмова яе існавання — літ. мова, якая лічыцца ўзорнай і прызнаецца ўсімі носьбітамі гэтай Н.м. Адна з найб. істотных прымет нацыі — Н.м. Звычайна адна нацыя атаясамліваецца з адной Н.м. (напр., рускія — з рускай, французы — з франц. мовай). Аднак у сучасным свеце дастаткова распаўсюджаны сітуацыі, калі адна нацыя карыстаецца некалькімі мовамі (напр., у Швейцарыі функцыянуюць 4 дзярж. мовы) або адна мова можа абслугоўваць моўныя патрэбы некалькіх нацый (напр., англ. мова ў Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. краінах). У апошнім выпадку фарміруюцца нац. варыянты адной мовы: англ. брытанская, англ. амерыканская, англ. аўстралійская і г.д.
Сучасная літ.беларуская мова як найвышэйшая форма Н.м. пачала складвацца ў 19 ст. Асаблівасцю яе фарміравання было тое, што новая бел.літ. мова амаль не мела традыцый пераемнасці з пісьмовай старабеларускай мовай — мовай бел. народнасці — і складвалася на нар.-гутарковай аснове. Толькі ў 1920-я г.бел. мова набыла ўсе правы і функцыі Н.м. і пасля некалькіх стагоддзяў перапынку пачала абслугоўваць усе сферы моўнага жыцця бел. нацыі. Значнае пашырэнне грамадскіх функцый спрыяла і развіццю самой бел. Н.м., найперш яе літ. формы. На сучасным этапе бел. Н.м. паспяхова выконвае свае функцыі ў розных сферах зносін паміж людзьмі, на ёй ствараецца разнастайная маст.л-ра, выдаюцца газеты і часопісы, друкуюцца навук. працы, яна гучыць па радыё і на тэлебачанні, што з’яўляецца сведчаннем высокага ўзроўню яе развіцця. Сучасная бел. Н.м. — сродак зносін бел. нацыі — функцыянуе ў 2 асн. разнавіднасцях: літ. мова і мясц. народныя гаворкі. Літ.бел. мова абслугоўвае сферы вусных і пісьмовых зносін, мясц. гаворкі з’яўляюцца сродкам вусных зносін пераважна жыхароў сельскай мясцовасці. Хоць сфера функцыянавання нар. гаворак істотна звузілася і значна зменшылася кола іх носьбітаў, яны працягваюць адыгрываць важную ролю ва ўзбагачэнні лексічных сродкаў літ. мовы. Асаблівасцю існавання сучаснай бел. Н.м. з’яўляецца яе функцыянаванне і развіццё ва ўмовах двухмоўя, г.зн., што моўныя патрэбы адной бел. нацыі абслугоўваюць 2 Н.м. — бел. і руская.
Літ.:
Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;
Взаимоотношение развития национальных языков и национальных культур. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІКА́РП (ад архі... + грэч. karpos плод),
жаночы палавы орган у многіх сумчатых грыбоў (аскаміцэтаў). Складаецца з 2 частак: ніжняй, акругла-ўспушанай (аскагон), у якой адна ці некалькі буйных, часта мнагаядзерных клетак, і верхняй больш-менш выцягнутай цыліндрычнай (трыхагіна), праз якую мужчынскія палавыя клеткі пранікаюць у аскагон. Пасля гэтага з архікарпа вырастаюць гіфы, на канцах якіх утвараюцца сумкі (аскі) са спорамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́РА (Brera),
Пінакатэка Брэра, карцінная галерэя ў Мілане, адна з буйнейшых у Італіі. Засн. ў 1809. Уключае зборы твораў італьян. жывапісу 14-—19 ст., у т. л. карціны А.Ларэнцэці, А.Мантэньі, П’ера дэла Франчэскі, Джэнтыле і Джавані Беліні, Рафаэля, Я.Тынтарэта, М.Караваджа, майстроў школы Леанарда да Вінчы, галерэю ламбардскіх фрэсак 15—16 ст., а таксама калекцыю еўрап. жывапісу 15—17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАТА́З,
мінерал падкласа простых вокіслаў, адна з трох паліморфных мадыфікацый рутылу (TiO2); прымесі жалеза, цынку, ніобію. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, прызматычныя і інш. Колер зеленавата-жоўты, буры, чорны. Бляск алмазны. Цв. 5—6. Шчыльн. 3,9 г/см³. Пры награванні да 620—650 °C пераходзіць у рутыл. Другасны акцэсорны мінерал: адзінкавыя зерні ў пегматытах, сланцах, у россыпах, баксітах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАСРО́ДКАВАННЕ,
вызначэнне рэчы (паняцця) праз яе адносіны да інш. рэчы (паняцця); адна з асн. катэгорый у філасофіі Гегеля. Уласцівасці рэчаў раскрываюцца ў іх узаемадзеяннях з інш. рэчамі; толькі праз гэтыя рэальныя ўзаемадзеянні рэч можа быць вызначана як дадзеная канкрэтная рэч. Катэгорыя апасродкавання ў адзінстве з катэгорыяй непасрэднага адлюстроўвае факт усеагульнай узаемасувязі з’яў, універсальнасці развіцця розных рэчаў і паняццяў, што іх адлюстроўваюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗАЎСКАЯ ДРЭС,
першая і адна з самых буйных цеплавых электрастанцый блочнага тыпу на Беларусі. Пабудавана ў 1958—67 у г.Белаазерск Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. Першы прамысл. ток дала ў 1961. 6 энергаблокаў, дзеючая магутнасць 940 тыс.кВт. На паліва выкарыстоўваецца мазут і прыродны газ. Праз Беларускую энергетычную сістэму злучана з энергасістэмамі суседніх з Беларуссю дзяржаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭНІ́Н, 6-амінапурын,
C5H5N5, арганічнае злучэнне, адна з пурынавых асноў. Белы дробнакрышталічны парашок без паху, вострасалёнага смаку. Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра — у к-тах і шчолачах; здольны да моцнага паглынання ў ультрафіялетавай вобласці спектра. Ёсць ва ўсіх жывых раслінных і жывёльных клетках у складзе адэназіну, адэназінфосфарных кіслот, нуклеінавых кіслот, а таксама некаторых ферментаў. У арганізме акісляецца ў мачавую к-ту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАНІ́Н,
монаамінамонакарбонавая к-та; адна з замяшчальных амінакіслот. Існуе ў 2 формах: α-аланін уваходзіць у склад многіх бялкоў жывёл і раслін, у свабодным стане прысутнічае ў крыві, β-аланін — прадукт прамежкавага абмену амінакіслот, уваходзіць у склад некаторых біял. актыўных злучэнняў, напр., азоцістых экстрактыўных рэчываў шкілетнай мускулатуры — карназіну і анзерыну, каэнзіму аланіну, пантатэнавай к-ты, у складзе бялкоў не трапляецца.