ПЕ́РЭС ЭСКІВЕ́ЛЬ ((Pérez Esquivel) Адольфа Марыя) (н. 26.11.1931, Буэнас-Айрэс),

аргенцінскі скульптар, праваабаронец. Скончыў Нац. школу выяўл. мастацтваў у Буэнас-Айрэсе (1956), у 1956—71 выкладаў у ёй і ў Нац. ун-це г. Ла-Плата. Адзін са стваральнікаў (1971) праваабарончай хрысц. арг-цыі «Служба ў імя міру і справядлівасці ў Лац. Амерыцы», з 1974 яе ген. сакратар. Адзін з заснавальнікаў арг-цыі «Пастаянная асамблея ў абарону правоў чалавека». За праваабарончую дзейнасць праследаваўся ў час кіравання ў Аргенціне ваенных (1976—83), у 1977—78 зняволены. Са снеж. 1987 старшыня Міжнар. лігі барацьбы за правы і вызваленне народаў. Каардынатар Экуменічнага руху за правы чалавека. Для яго скульптурных твораў характэрна ўвасабленне матываў дакалумбавай Амерыкі. Нобелеўская прэмія міру 1980.

А.Перэс Эсківель.

т. 12, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЗІТАЦЭНО́З (ад паразіты + цэноз),

гістарычна складзеная сукупнасць паразітычных арганізмаў (паразітаў) і інш. сімбіёнтаў, якія насяляюць расліны, жывёлы і чалавека. Відавы склад П. і колькасныя суадносіны яго мікрапапуляцый могуць вар’іраваць нават у аднаго віду гаспадара. У П. могуць уваходзіць вірусы, бактэрыі, грыбы, прасцейшыя, гельмінты і некат. членістаногія. Паняцце «П.» увёў Я.Н.Паўлоўскі (1937). На Беларусі даследаванні па П. вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі, Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны і інш. н.-д. установах.

Усе сучлены П. ўздзейнічаюць адзін на аднаго і на гаспадара. Узаемадзеянне паміж кампанентамі П. бывае непасрэднае (напр., прадуктамі выдзялення) і праз арганізм гаспадара (змена ўнутр. асяроддзя гаспадара або яго асобных органаў і інш.). Уздзеянне паразітычных арганізмаў — сучленаў П. — на гаспадара бывае сумарнае, калі яны не аказваюць значнага ўздзеяння адзін на аднаго (напр., аскарыды і паразітычныя нематоды на арганізм птушкі), сінергічнае, калі яны ўзаемна ўзмацняюць ўздзеянне на арганізм гаспадара, і антаганістычнае, калі ўздзеянне паразітаў адзін на аднаго зніжае іх шкоднасць для гаспадара. Даследаванні складаных узаемаадносін П. ці асобных яго кампанентаў з арганізмам гаспадара і інш. даюць магчымасць устанавіць сутнасць паразітарных і інфекц. хвароб, выбіраць метады іх лячэння і прафілактыкі. Вывучае П. паразітацэналогія. Гл. таксама Паразіталогія, Паразітызм.

Літ.:

Паразитоценология: Теоретич. и прикладные пробл. Киев, 1985.

І.​В.​Чыкілеўская.

т. 12, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРУ́РА (Oruro),

горад у Балівіі, у Андах. Адм. ц. дэпартамента Арура. Засн. ў пач. 17 ст. 184 тыс. ж. (1986). Трансп. вузел. Адзін з цэнтраў горназдабыўной (волава, вальфрам, медзь, сурма) прам-сці. Каляровая металургія. Харч., тэкст., абутковая прам-сці. Ун-т.

т. 1, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫЛАГІ́ЗМ (ад анты.... + грэч. logos розум),

формула логікі, якая адлюстроўвае несумяшчальнасць пасылак катэгарычнага сілагізму з адмаўленнем яго заключэння. У аснове антылагізму ляжаць законы лагічнага вываду, паводле якіх вынік не можа быць памылковым, калі пасылкі праўдзівыя. Тэорыя антылагізму — адзін з варыянтаў сілагістыкі.

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУТ (Дэцым Юній Альбін) (Decimus Junius Albinus Brutus; каля 84—43 да н.э.),

рымскі паліт. і ваен. дзеяч, адзін з военачальнікаў Цэзара. У часы грамадз. вайны 48—47 намеснік Трансальпінскай Галіі. Удзельнічаў у змове супраць Цэзара ў 44 да н.э.

т. 3, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЁРСТКА,

1) адзін з працэсаў вырабу друкарскай формы — састаўленне старонак (палос) кніг, часопісаў, газет з гранак тэксту, табліц, ілюстрацый, элементаў унутр. афармлення ў адпаведнасці з разметкай або спецыяльна вырабленым макетам. 2). Адбітак (карэктура) са звярстанага набору, прызначаны для выпраўлення памылак.

т. 4, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДЭАТЭЛЕФО́Н, відэафон,

абаненцкая відэаакустычная прылада, з дапамогай якой абаненты бачаць адзін аднаго ў час тэлеф. размовы. Аб’ядноўвае звычайную тэлеф. сувязь і перадачу відарысаў (кожнага абанента па асобным канале, як у тэлебачанні). Выкарыстоўвае тэлевізійныя каналы міжгародняй сувязі. Устанаўліваюць пераважна на перагаворных пунктах.

т. 4, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛЬКА́НА (Vulcano),

востраў у Тырэнскім м., у архіпелагу Ліпарскія астравы, у складзе Італіі. Пл. 21,2 км². Вяршыня падводнага дзеючага вулкана (выш. 499 м). Складзены з базальтаў, андэзітаў, трахітаў. Па Вулькана названы адзін з тыпаў вулканічных вывяржэнняў (гл. ў арт. Вулкан).

т. 4, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНА́СТЫЯ (ад грэч. dynasteia улада, панаванне),

1) шэраг манархаў з аднаго роду, якія паслядоўна змяняюць адзін аднаго паводле права роднасці і атрымання спадчыны.

2) Пераносна — некалькі пакаленняў адной сям’і, якія атрымалі вядомасць у пэўнай галіне дзейнасці (напр., акцёрская Д. і інш.).

т. 6, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЗЫРЫ́»,

бел. сцэнічны танец. Створаны ў 1962 балетмайстрам В.​Гаўрылавым, у 1967 паст. балетмайстрам І.​Цюрыным у Дзярж. ансамблі танца Беларусі. Выконваецца мужчынамі, якія «выхваляюцца» адзін перад адным сваімі зухаватасцю і спрытам. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы.

Л.​К.​Мексютовіч.

т. 7, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)