КУДА́Ш Сайфі (сапр. Кудашаў Сайфетдзін Фатахетдзінавіч; 3.10.1894, в. Кляшава Чышмінскага р-на, Башкортастан —26.6.1993),

башкірскі паэт. Нар. паэт Башкортастана (1964). Засл. работнік культ. РСФСР (1984). У 1904—13 вучыўся ў вясковым медрэсэ. Друкаваўся з 1914. У зб-ках вершаў «Песні свабоды» (1917), «Герой барацьбы» (1928), «Закон шчасця» (1937), «Ад усяго сэрца» (1944), «Лістапад» (1960), «Вяршыні» (1978), вершаваным рамане «Кушкаін» (1936) і інш. апаэтызаваў асн. гіст. этапы жыцця башк. народа, героіку Вял. Айч. вайны і мірнай стваральнай працы. Аўтар мемуараў «Незабыўныя мінуты» (1957), «Па слядах маладосці» (1964). Пераклаў на башк. мову асобныя творы Я.​Купалы. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Э.​Валасевіч. Рэсп. прэмія імя Салавата Юлаева 1985.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—2. Уфа, 1970;

Восхождение. М. 1977;

Стихи и поэмы. Уфа, 1984.

С.​Г.​Сафуанаў.

т. 8, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗЬМІ́Ч Іона Савіч (25.4.1897, г.п. Капаткевічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 26.5.1972),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў час яе акупацыі герм. войскамі ў першую сусв. вайну. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). У 1-ю сусв. вайну (з 1916) на Зах. фронце вёў рэв. работу сярод салдат. У час Кастр. рэвалюцыі 1917 камісар тэлеграфа ў Стаўцы Вярх. Галоўнакамандуючага (Магілёў). У 1918 адзін з арганізатараў партыз. барацьбы з герм. акупантамі на Палессі, кіраўнік партыз. атрада. З 1919 у Чырв. Арміі, камісар палка, удзельнік вызвалення Беларусі ў 1920 ад польскіх інтэрвентаў, пазней камісар дывізіі. З 1927 на ваен.-гасп. рабоце. У Вял. Айч. вайну на буд-ве ваен. аб’ектаў. У 1947—52 нач. буд-ва Мінскага трактарнага з-да, кіраўнік трэста «Белтрактарабуд». Чл. ЦК КП(б)Б у 1949—52.

т. 8, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РБАС Лесь (Аляксандр Сцяпанавіч; 25.2.1887, г. Самбар Львоўскай вобл., Украіна — 15.10.1942),

украінскі рэжысёр, акцёр; адзін з заснавальнікаў укр. сав. т-ра. Нар. арт. Украіны (1925). Вучыўся ў Венскім і Львоўскім ун-тах. З 1916 арганізатар і кіраўнік тэатр. труп, у т. л. «Беразіль» (1922, з 1934 Укр. т-р імя Т.​Р.​Шаўчэнкі ў Харкаве). Лепшыя акцёрскія работы: Гнат («Абяздоленая» І.​Карпенкі-Карага), Астраў («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Макбет («Макбет» У.​Шэкспіра). Паставіў спектаклі «У пушчы» Лесі Украінкі, «Цар Эдып» Сафокла (абодва 1918), «Гайдамакі», «Іван Гус» паводле Т.​Шаўчэнкі, «Нявольнік» М.​Крапіўніцкага (усе 1920), «Джымі Хігінс» паводле Э.​Сінклера (1923), «Дыктатура» І.​Мікітэнкі (1930), «Маклена Граса» М.​Куліша (1933) і інш. Рэжысёр-пастаноўшчык фільмаў «Вендэта», «Макдональд» (абодва 1924), «Арсенальцы» (1925).

т. 9, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРКО́Ў Аляксандр Валер’евіч (н. 21.4.1958, Баку),

бел. і расійскі артыст балета. Засл. арт. Расіі (1995). Скончыў Бакінскае харэаграфічнае вучылішча (1976). З 1976 саліст Азерб. т-ра оперы і балета імя М.​Ф.​Ахундава, у 1980—87 Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1989 — Марыінскага т-ра. Творчасці ўласцівы дасканалая тэхніка танца, выразнасць і чысціня пластычнага малюнка, лірычная пранікнёнасць. Сярод партый на бел. сцэне: Зігфрыд і Прынц («Лебядзінае возера» і «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Крас («Спартак» А.​Хачатурана), Тарэра («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына), Юнак («Балеро» М.​Равеля) і інш. Лаўрэат V Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета ў Маскве (1984). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 140—144.

Т.​М.​Мушынская.

т. 9, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБА́НАЎ Андрэй Міхайлавіч (10.8.1900, Масква — 18.2.1959),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1947). Скончыў школу 2-й студыі МХАТ (1922). У т-ры з 1924. У 1930—40-я г. рэжысёр Тэатра-студыі пад кіраўніцтвам Р.​Сіманава, у інш. т-рах. У 1945—56 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя М.​М.​Ярмолавай. Выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (з 1948 праф.). Пастаноўкі класічных твораў («Вішнёвы сад» А.​Чэхава, 1934; «Шалёныя грошы» А.​Астроўскага, 1945; «Дачнікі», 1949, «Дасцігаеў і іншыя», 1952, М.​Горкага) адметныя нечаканасцю, сучаснай трактоўкай канфлікту, сатыр. вастрынёй, яркай камедыйнасцю. Рэжысура сучасных п’ес вылучалася стрыманасцю, прастатой агульнага тону «Таня» А.​Арбузава (1939), «Старыя сябры» Л.​Малюгіна (1946) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1946.

Літ.:

Блок В. Репетиции Лобанова. М., 1962.

т. 9, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБО́ВІЧ Арсень Аляксандравіч (н. 28.9.1923, в. Студзянкі Падляскага ваяв., Польшча),

бел. тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1965). Скончыў Бел. тэатр. ін-т (1949). Працаваў у культасветустановах Гродна, Стоўбцаў, Навагрудка. З 1959 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1971 у Гал. рэдакцыі БелСЭ, з 1979 у Рэсп. ін-це павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры, з 1988 у Мінскім ін-це культуры, з 1991 у Музеі гісторыі тэатр. і муз. культуры Беларусі. Даследуе бел.-польскія тэатр. сувязі, тэатр. жыццё Зах. Беларусі, творчасць нар. т-раў, праблемы ўвасаблення твораў А.​Астроўскага і М.​Горкага на бел. сцэне, выступае ў друку па пытаннях сучаснага тэатр. жыцця.

Тв.:

Героі Горкага на сцэне тэатра імя Янкі Купалы // Максім Горкі і Беларусь. Мн., 1968;

Тэатр змагання. Мн., 1969;

Пьесы А.​Н.​Островского на белорусской сцене. Мн.,1971.

т. 9, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАДНО́Ў Яўген Міхайлавіч (?, Віцебская губ. — ?),

бел. грамадска-паліт. дзеяч. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. У 1-ю сусв. вайну на фронце. Пасля Лют. рэв. 1917 нам. старшыні Харкаўскага губ. Савета сял. дэпутатаў, удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. З 1918 чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Бел. нац. к-та ў Адэсе. У 1918 міністр ваен. спраў, са снеж. 1919 — замежных спраў ва ўрадзе БНР. З сак. 1921 у Варшаве, нам. старшыні Бел. к-та. 8.5.1921 выключаны са складу ўрада за правакацыйныя дзеянні супраць БНР. Пазней жыў у Берліне. Сабраў вял. колькасць матэрыялаў аб масонстве, частка з якіх адлюстроўвала паліт. дзейнасць рас. масонства ў перыяд Лют. і Кастр. рэвалюцый. У 1932 падрыхтаваў на імя прэзідэнта Германіі П.​Гіндэнбурга шэраг дакументаў пра падрыўную дзейнасць масонскіх лож у Еўропе.

У.​М.​Міхнюк.

т. 9, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКШТА́НАВА Ільза Канстанцінаўна (н. 31.1.1923, г. Камышын Валгаградскай вобл., Расія),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя Луначарскага ў Маскве (1944). Працавала ў Таганрогскім т-ры. У 1952—90 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. З 1991 жыве ў Ізраілі. Выканаўца лірыка-драматычных і характарных роляў. Творчасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў псіхалогію характару, тонкі лірызм. Сярод лепшых роляў у рус. драм. т-ры Беларусі: Зорына («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Вера Малахава («Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага), Зубрыч («Трывога» А.​Петрашкевіча), Кардэлія («Кароль Лір» У.​Шэкспіра), каралева Лізавета («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), Феніса («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі), Алена, Ліза, Ганна («Мяшчане», «Дзеці сонца», «Варвары» М.​Горкага), Катрын («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта) і інш.

Г.​Г.​Коваль.

т. 9, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НГБАРД Іосіф Рыгоравіч (18.1.1882, г. Бельск-Падляскі, Польшча — 3.1.1951),

архітэктар, адзін з заснавальнікаў сав. архітэктуры Беларусі. Засл. дз. маст. Беларусі (1934). Д-р архітэктуры (1939). Скончыў Пецярбургскую АМ (1914). У 1935—50 у Ленінградзе, выкладаў у АМ (з 1939 праф.); у Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры. Асн. работы: у Мінску — Дом урада Рэспублікі Беларусь, Дом афіцэраў, будынак Дзярж. акад. Вял. т-ра оперы і балета Беларусі (1936—37), гал. корпус АН Беларусі (1939); Магілёўскі Дом Саветаў. Адзін з аўтараў «Эскіза планіроўкі Мінска» і схемы генплана Гомеля (абодва 1944). Сярод інш. работ: жылыя дамы і стадыён імя Леніна ў С.-Пецярбургу (1934), помнік Т.Р. Шаўчэнку ў Харкаве (1935, з М. Манізерам) і інш.

Літ.:

Воинов А.А. И.Г. Лангбард. Мн., 1976.

А.​А.​Воінаў.

І.Р.Лангбард.

т. 9, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАПА́РДЗІ (Léopardi) Джакома (29.6. 1798, г. Рэканаці, Італія — 14.6.1837),

італьянскі пісьменнік. З маленства пакутаваў ад невылечнай хваробы, што паўплывала на рамант. настраёвасць лірыкі. Песімізм яго паэзіі сугучны матывам «сусветнага жалю» Дж.Байрана. Асн. матывы — трагізм жыцця, ілюзорнасць шчасця і славы, палкая абарона свабоды. Лепшы твор — зб. філас., паліт. і інтымнай лірыкі «Песні» (1831). У патрыят. канцонах («Да Італіі», «На помнік Дантэ», абедзве 1818), філас. ідыліях («Бясконцасць», 1819) услаўляў мінулае Італіі, самаахвярнасць у імя радзімы. Аўтар сатыр. паэмы «Параліпамены Вайны мышэй і жаб» (выд. 1842), філас.-эстэт. і філал. прац («Творы на тэмы маралі», 1827; «Думкі», 1845). Перакладаў Гамера, Сіманіда, Вергілія і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Л.​Баршчэўскі.

Тв.:

Рус. пер. — Этика и эстетика. М., 1978;

Избр. произв. М., 1989.

Літ.:

Творчество Д.​Леопарди. М., 1983.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 9, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)