ЛАТЫШЫ́ (саманазва латвіешы),

нацыя, асноўнае насельніцтва Латвіі (1390 тыс. чал.; 1992). Жывуць таксама ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі 2658 чал. (перапіс 1989), Зах. Еўропы, у ЗША, Канадзе, Аўстраліі. Агульная колькасць 1,54 млн. чал. (1992). Гавораць на латышскай мове. Вернікі пераважна пратэстанты, часткова — католікі, праваслаўныя.

У этнагенезе Л. удзельнічалі балцкія, фіна-угорскія і часткова слав. плямёны. Кансалідаваліся ў народнасць да пач. 17 ст. У 19 ст. фарміруецца лат. нацыя. Традыц. паселішчы Л. — невял. вёскі і хутары. Асн. заняткі — земляробства і жывёлагадоўля, на ўзбярэжжы — рыбалоўства. Найб. развітыя рамёствы — ткацтва, кавальства, ганчарства, дрэваапрацоўка, піва- і сыраварэнне. Нац. адзенне: у жанчын тунікападобная вышытая кашуля, паласатая або ў клетку спадніца з ліфам, узорысты пояс і інш.; характэрная частка лат. гарнітура — пакрывала-плед, прышпіленае на плячы або на грудзях вял. круглай спражкай-брошкай (сактас); у мужчын — кароткая вышытая кашуля, белыя паласатыя або ў клетку штаны, кафтан, капялюш і інш.

Этнакулы. сувязі бел. і лат. народаў маюць даўнія традыцыі. Яшчэ ў 13 ст. жыхары Полацкай зямлі разам з латгаламі і інш. балцкімі плямёнамі змагаліся супраць ням. рыцараў. У 16—18 ст. у склад ВКЛ, а пасля Рэчы Паспалітай уваходзілі т.зв. Польскія Інфлянты, частка Ліфляндыі, населеная пераважна каталіцкім насельніцтвам. Балцкая яго частка сфарміравала народнасць латгальцаў, якія разглядаюцца як частка лат. народа. Перасяленне Л. на У і ПнУ бел. зямель найб. інтэнсіўна ішло ў 1860—80-я г. У 1897 значныя групы Л. жылі ў Віцебскім (каля 4 тыс.), Аршанскім (да 3,7 тыс.), Полацкім (каля 1,7 тыс.) і Быхаўскім (каля 1 тыс.) паветах. У 1-ю сусв. вайну колькасць Л. на Беларусі павялічылася (больш за 20 тыс. чал.), у 1920—30-я г. зменшылася (14 тыс. чал.; перапіс 1926). У 1910-я г. ў Віцебску існавала Лат. дабрачыннае т-ва, у наваколлі Лёзна — правасл. брацтва. У 1910—20-я г. ў Віцебску дзейнічала культ.-асв. т-ва «Прометэйс». У 1920-я г. было Лат. бюро пры ЦК КП(б)Б і ЛКСМБ, консульства Латв. Рэспублікі ў Віцебску. У 1910—30-я г. сярод вернікаў-латышоў Магілёўшчыны існавала група евангельскіх хрысціян, т.зв. апусталі. Працавала 5 нац. лат. сельсаветаў, калгасы (23 у 1935), у месцах кампактнага пражывання Л. — лат. школы (24 у 1930/31 навуч. г., 12 лат., 2 бел.-лат., 1 лат.-літ. ў 1935/36 навуч. г.). Гісторыю лат. перасяленчага руху, матэрыяльную і духоўную культуру Л. на Беларусі вывучала Лат. камісія Інбелкульта (засн. ў 1927), з 1929 — лат. сектар Бел. АН, з 1933 — лат. секцыя Ін-та нацменшасцей АН Беларусі. У 1929 апублікавана «Праграма даследавання латышскіх калоній», якая прадугледжвала збіранне і вывучэнне этнагр. і фалькл. матэрыялаў. У 1929—30 праведзены экспедыцыі ў раёны кампактнага пражывання Л. на Віцебшчыне і Полаччыне. Былі выдадзены некалькі навук. прац на лат. мове па гісторыі лат. насельніцтва Беларусі. У 1930—40-я г. колькасць Л. на Беларусі значна зменшылася. Пасля Вял. Айч. вайны адбывалася міграцыя часткі Л. Беларусі ў Латвію, на тэр. Беларусі ішло перасяленне пэўнай колькасці Л. з Латвіі. У 1959 на Беларусі было 2631 Л., у 1970—2660, у 1979—2617. Мігранты з Латвіі (пасляваен.) і нашчадкі колішніх перасяленцаў на Беларусі, знаходзячыся ў пастаянных этнакульт. кантактах з мясц. насельніцтвам, захоўваюць некаторыя этнічныя асаблівасці (мову, абрады, рэлігію і інш.). З 1995 дзейнічае Саюз латышоў Віцебскай вобл. «Даўгава».

Літ.:

Шкільтэр К. Латышскія калоніі на Беларусі: Гіст. развіццё латыш. сялянскіх гаспадарак. Мн., 1931.

І.​В.​Карашчанка.

т. 9, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСАБО́Н (Lisboa),

горад, сталіца Партугаліі. Адм. ц. акругі Лісабон. Размешчаны на паўн. беразе эстуарыя р. Тэжу (Таха), за 15 км ад Атлантычнага ак. 678 тыс. ж. (1991), з прыгарадамі ўтварае агламерацыю Вял. Л. з нас. каля 2,3 млн. ж. (1996). Гал. порт Партугаліі. Міжнар. аэрапорт Партэла-дэ-Сакавен. Пачатковы пункт чыгунак, якія звязваюць Л. з Мадрыдам, Парыжам і Пн краіны. Найб. эканам., культ. і гандл. цэнтр. Прам-сць: хім. (вытв-сць фармацэўтычных вырабаў, сінт. каўчуку, мінер. угнаенняў), чорная і каляровая металургія, маш.-буд. (у т. л. вагона- і суднабудаванне, суднарамонт, электратэхнічнае і радыёэлектроннае), нафтаперапрацоўчая, дрэваапр., вытв-сць шкла, фарфору, керамічных вырабаў, перапрацоўка корку; у прыгарадах і гарадах-спадарожніках галіны, звязаных з вытв-сцю прадметаў шырокага ўжытку: харч., тэкст., швейная, гарбарная. Метрапалітэн. Лісабонская АН. 3 ун-ты, у т. л. Лісабонскі універсітэт, НДІ атамнай энергіі. Нац. б-ка. Тэатры. Бат. сад. Бальнеалагічны курорт; на З ад Л. ўздоўж паўн. берага эстуарыя р. Тэжу і Атлантычнага акіяна — зона адпачынку Кошта-ду-Сул (Сонечны бераг) са шматлікімі кліматычнымі курортамі. Міжнар. турызм. Штогадовыя муз. фестывалі.

У старажытнасці наз. Алісіпа (лац. Olisipo) — гал. паселішча іберыйскага племя лузітан. У 2 ст. да н.э. захоплены рымлянамі (наз. Феліцытас-Юлія), у 6 ст. — вестготамі, у 714 — арабамі (наз. Аль-Ашбуні ці Лішбуна). У 1147 заваяваны партуг. каралём Альфонсам 1 з дапамогай рыцараў (пераважна французскіх), якія накіроўваліся марскім шляхам у 2-і крыжовы паход. З 1260 рэзідэнцыя партуг. каралёў, сталіца. У 1290—1537 месцазнаходжанне ун-та (з перапынкамі). У 15—17 ст. гал. гандл. цэнтр партуг. каланіяльнай імперыі. У 1581 далучаны да Іспаніі. У 1640 тут адбылося паўстанне, якое вызваліла краіну ад ісп. панавання. У 1531, 1551, 1755 разбураўся землетрасеннямі, адбудаваны ў канцы 18 ст. У час напалеонаўскіх войнаў акупіраваны франц. войскамі (1807—08). У 1910 у Л. абвешчана рэспубліка; 25.4.1974 скінута дыктатура М.​Каэтану.

Ва ўсх. частцы Л. захаваліся фрагменты стараж.-рым. сцен, уключаных у араб. крэпасць (9 ст., з 14 ст. замак Сан-Жоржы), раманскі сабор (1160—86, майстры Рабер і Бернар, перабудаваны ў 18 ст.; хор і клуатр 14 ст.), гатычны кляштар кармелітаў (1389—1423, арх. Гоміш Мартынш і інш.; цяпер Археал. музей). У стылі «мануэліна» пабудаваны кляштар Жэранімуш (Белен; 1502—20, арх. Баітак, Ж. ды Каштылью і інш.) з царквой Санта-Марыя ды Белен (16 ст., арх. Баітак і інш.; грабніцы Васка да Гамы, Л.​Камоэнса, Мануэла I) і вежай-маяком Торы ды Белен (1515—20, арх. Ф. ды Аруда); усе яны ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Помнікі архітэктуры: стары каралеўскі палац (перабудаваны ў 16 ст., арх. Д. ды Аруда, Ф.​Тэрцы), базіліка да Эштрэла (пач. 18 ст., арх. М.​Вісенты ды Алівейра, Р.М. душ Сантуш) і інш. цэрквы і палацы ў стылі барока. У цэнтры горада рэгулярная забудова (арх. М. да Мая, планіроўка арх. Э. і Р.М. душ Сантуш) з прамавугольнай пл. Праса ду Камерсіу і палацам Ажуда (з 1802, арх. Ф.​К.​Фабры). У зах. частцы Л. раён Буэнуж-Айрыш (з 1930-х г.) і жылыя кварталы з перыметральнай і свабоднай забудовай. Манументы: Жазэ I (1770—75, Ж.​Машаду ды Каштру), Адкрыццяў (1940, арх. Ж.​А.​Катынелі Тэлму, скульпт. Л. ды Алмейда). Музеі: Нац. музей стараж. мастацтва, сучаснага мастацтва, археалогіі, этнаграфіі, рэліг. мастацтва і інш.

Лісабон.
Гандлёвы цэнтр у Лісабоне.
Да арт. Лісабон. Вежа-маяк Торы ды Белен. 1515—20.

т. 9, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАСТА́ЦКАЯ ЛІТАРАТУ́РА»,

выдавецтва Дзярж. к-та па друку Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1972 у Мінску на базе рэдакцый маст. і дзіцячай л-ры выд-ва «Беларусь». Выпускае арыгінальныя творы пісьменнікаў Беларусі на бел. і рус. мовах, кнігі па літ.-знаўстве і крытыцы, творы замежных пісьменнікаў, зборы твораў і выбр. творы, літ. спадчыну, дакумент., публіцыстычную л-ру. Да стварэння выд-ва «Юнацтва» (1981) выдавала л-ру для дзяцей і юнацтва. У складзе выд-ва рэдакцыі: паэзіі і прозы; збораў твораў, выбр. твораў і перакладной л-ры, гіст.-дакумент. хронік «Памяць». Мае выдавецкія серыі: «Першая кніга паэта» (з 1968), «Першая кніга празаіка» (з 1971), «Паэзія народаў свету» (з 1971), «Бібліятэка замежнай прозы» (з 1983), «Скарбы сусветнай літаратуры» (з 1989), «Бібліятэка беларускай класікі» (з 1990), «Памяць» (з 1996), «Беларуская паэзія XX стагоддзя», «Беларуская проза XX стагоддзя» (абедзве з 1998) і інш.

Выдавала серыі: «Бібліятэка беларускай драматургіі» (1968—75), «Бібліятэка беларускай прозы», «Бібліятэка беларускай паэзіі» (абедзве 1968—93), «Паэзія народаў СССР» (1971—92), «Рэспубліка. Час. Людзі» (1977—93), «Проза народаў СССР» (1983—92), «Кніга перакладчыка» (1986—95) і інш.; штогоднікі: паэзіі — «Дзень паэзіі» (1965—94), замежнай л-ры — «Далягляды» (1975—92), публіцыстыкі — «Сучаснік» (1977—89), л-ры народаў СССР — «Братэрства» (1982—92). Асвоіла выпуск факсімільных («Вянок» М.​Багдановіча, «Жалейка» Я.​Купалы, «Песні-жальбы» Я.​Коласа, «На этапах» М.​Танка і інш.) і мініяцюрных выданняў. Да 100-годдзя з дня нараджэння Я.​Купалы выдала верш Я.​Купалы «А хто там ідзе?» на 83 мовах свету. Выдала зборы твораў К.​Чорнага (т. 1—8, 1972—75), Я.​Коласа (т. 1—14, 1972—78), К.​Крапівы (т. 1—5, 1974—76), А.​Куляшова (т. 1—5, 1974—77), Я.​Маўра (т. 1—4, 1975—76); П.​Броўкі (т. 1—7, 1975—78), І.​Шамякіна (т. 1—6, 1977—79), А.​Якімовіча (т. 1—3, 1978—80), М.​Танка (т. 1—6, 1978—81), Я.​Брыля (т. 1—5), М.​Лужаніна (т. 1—4; абодва 1979—81), І.​Мележа (т. 1—10, 1979—85), В.​Быкава (т. 1—4, 1980—82), П.​Панчанкі (т. 1—4, 1981—83), І.​Навуменкі (т. 1—6, 1981—84), У.​Карпава (т. 1—5, 1983—85), М.​Гарэцкага (т. 1—4), П.​Глебкі (т. 1—4), П.​Пестрака (т. 1—5; усе 1984—86), З.​Бядулі (т. 1—5, 1985—89), А.​Бачылы (т. 1—3, 1986—87), К.​Кірэенкі (т. 1—3, 1986—88), А.​Макаёнка (т. 1—5, 1987—90), У.​Караткевіча (т. 1—8, 1987—91), П.​Броўкі (т. 1—9, 1987—92), К.​Чорнага (т. 1—6, 1988—92), А.​Пысіна (т. 1—2, 1989), А.​Асіпенкі (т. 1—3, 1989—90), М.​Зарэцкага (т. 1—4, 1989—92), І.​Пташнікава (т. 1—4, 1990—92), С.​Гаўрусёва (т. 1—2), Я.​Пушчы (т. 1—2; абодва 1993—94) і інш. Выдае зборы твораў: Я.​Купалы ў 9 т. (т. 1—5, 1995—98), Н.​Гілевіча ў 6 т. (т. 1, 1996), Р.​Барадуліна ў 5 т. (т. 1—2, 1996—98), К.​Крапівы ў 6 т. (т. 1—2, 1997) і інш. У серыі «Памяць» выйшлі кн. «Валожынскі раён» (1996), «Мазыр і Мазырскі раён» (1997). Дырэктары: М.​Ткачоў (1972—79), М.​Дубянецкі (1979—86), А.​Бутэвіч (1986—87), В.​Грышановіч (1987—93), С.​Андраюк (1993—95), Г.​Марчук (з 1996).

А.​В.​Спрынчан.

т. 10, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНАЯ НАВУ́КА,

комплекс навуковых ведаў пра метады, спосабы, мерапрыемствы, канструкцыі і прыстасаванні, што забяспечваюць паляпшэнне кампанентаў прыроднага асяроддзя, якія фарміруюць умовы жыццядзейнасці і жыццезабеспячэння чалавека. У залежнасці ад аб’екта вывучэння М.н. мае кірункі, звязаныя: са зменай клімату праз уздзеянне на яго састаўныя элементы (метэаралагічныя, водныя, раслінныя і інш.; гл. Меліярацыя клімату); з паляпшэннем умоў жыцця чалавека шляхам уздзеяння на навакольнае асяроддзе (акультурванне ландшафтаў, рэкрэацыя, барацьба з затапленнямі, эрозіяй глебы і інш.; гл. Ландшафтная архітэктура, Агралесамеліярацыя); з павышэннем урадлівасці глебы для павелічэння вытв-сці харч. прадуктаў і с.-г. сыравіны. Найб. значэнне мае навука пра с.-г. меліярацыю, якая займаецца распрацоўкай і абгрунтаваннем прыёмаў паляпшэння фіз. уласцівасцей, воднага, паветранага, цеплавога і пажыўнага рэжымаў глебы з мэтай фарміравання высокіх і ўстойлівых ураджаяў с.-г. культур.

С.-г. М.н. мае аб’ектам вывучэння: гідратэхн. (водныя) меліярацыі, звязаныя з паляпшэннем умоў водазабеспячэння с.-г. культур; фіз. (структурныя) меліярацыі, якія паляпшаюць водна-фіз. ўласцівасці глеб, цеплаправоднасць, пажарную і эразійную бяспеку, альбеда і інш.; агратэхн. прыёмы, якія забяспечваюць паляпшэнне воднага рэжыму глеб; культуртэхн. мерапрыемствы, накіраваныя на стварэнне найб. прыдатных палёў для выкарыстання с.-г. тэхнікі (гл. Культуртэхнічныя работы); аграхім. метады, што забяспечваюць павышэнне глебавай урадлівасці і ахову раслін (гл. Аграхімія). М.н. выкарыстоўвае вынікі аграметэаралогіі, агратэхнікі, аграфізікі, аграэкалогіі, балотазнаўства, гідралогіі, гідратэхнікі, глебазнаўства, грунтазнаўства, кліматалогіі, ландшафтазнаўства і інш.

Вывучэнне ўздзеяння чалавека на навакольнае асяроддзе пры яго гасп. дзейнасці пачалося з развіццём цывілізацыі, з пачаткам культ. земляробства. Першыя тэхналогіі ірыгацыі з’явіліся ў 4—3-м тыс. да н.э. ў Егіпце, Індыі, Кітаі, Персіі. Развіццё М.н. стымулявалася неабходнасцю абагульнення набытых ведаў і атрымання рэкамендацый для эфектыўнага ўтаймавання прыроднай стыхіі вады, паляпшэння воднага рэжыму глеб, павелічэння плошчы апрацоўваемых зямель. Найб. дасягненні М.н. набыла ў эканамічна моцных дзяржавах, дзе на яе вылучаліся значныя сродкі (Вялікабрытанія, Германія, Ізраіль, Нідэрланды, ЗША і інш.). Высокапрадукцыйная сельская гаспадарка ў рэгіёнах з залішнім увільгатненнем створана дзякуючы даследаванням і мерапрыемствам па асушэнні, а ў засушлівых рэгіёнах — па арашэнні зямель. Напр., у Нідэрландах з іх пераважна нізіннымі тэрыторыямі прыярытэтным кірункам М.н. з’яўляецца развіццё польдэрных асушальных сістэм, у Ізраілі з яго дэфіцытам водных рэсурсаў — удасканаленне кропельнага арашэння. У Расіі аснову М.н. заклалі працы В.В.Дакучаева і А.М.Касцякова.

На Беларусі пачатак развіцця М.н. звязаны з працамі праф. Горы-Горацкага земляробчага ін-та А.​М.​Казлоўскага (1832—90?), які для асушэння глебы заклаў адзін з першых ва Усх. Еўропе дрэнаж (1856—62). Вял. значэнне мела Заходняя экспедыцыя па асушэнні балот пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. Развіццю М.н. паспрыяла стварэнне ў 1911 Мінскай балотнай станцыі, на базе якой у 1930 арганізаваны Усесаюзны НДІ балотнай гаспадаркі (з 1956 Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, з 1992 меліярацыі і лугаводства Беларускі НДІ). У апошнім канцэнтраваліся даследаванні па інж. (гідрамеліярацыйным) і агранамічным (аграмеліярацыйным) кірунках М.н. Н.-д. работы па воднай, агратэхн., хім. меліярацыях вядуцца таксама ў БСГА, Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Брэсцкім політэхн. ін-це, БПА, НДІ глебазнаўства і аграхіміі і інш. Бел. М.н. мае прыярытэт у даследаваннях генезісу балот, вывучэнні водна-фіз. і хім. уласцівасцей тарфяна-балотных глеб, метадаў павышэння іх урадлівасці, засваення і эфектыўнага с.-г. выкарыстання, у распрацоўцы і абгрунтаванні метадаў і спосабаў паляпшэння воднага рэжыму глеб ва ўмовах няўстойлівага ўвільгатнення, у стварэнні перспектыўных канструкцый гідрамеліярацыйных сістэм.

Літ.:

Костяков А.Н. Основы мелиорации. 6 изд. М., 1960;

Орошение и осушение в странах мира. М., 1974;

Сельскохозяйственные гидротехнические мелиорации. М., 1981;

Использование мелиорированных земель: Справ. пособие. Мн., 1986.

А.​П.​Ліхацэвіч.

т. 10, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-ДЖЭ́РСІ (New Jersey),

штат на У ЗША. Пл. 20,3 тыс. км². Нас. 8053 тыс. чал. (1997). Адм. ц. — г. Трэнтан. Найб. горад Ньюарк. Паўд. ч. штата ў межах забалочанай Прыатлантычнай нізіны, на Пн адгор’і Апалачаў. Клімат умераны, марскі. Т-ра паветра ад 1 °C у студз. да 23—25 °C у ліп. Ападкаў каля 1000 мм за год. Пераважае культ. расліннасць, у гарах захаваліся шыракалістыя лясы. Адзін з найб. урбанізаваных, густанаселеных і эканам. развітых штатаў ЗША. Тэр. штата ўваходзіць у агламерацыю Вял. Нью-Йорка (Пн) і Філадэльфіі (ПдЗ). Маш.-буд., у т. л. авія- і суднабудаванне, вытв-сць прамысл. абсталявання, зборка аўтамабіляў, электратэхн., электронная; паліграф., сілікатна-керамічная, хім., нафтаперапр., фармацэўтычная, тэкст., швейная прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў, каляровая металургія (выплаўка медзі і цынку), металаапрацоўка. Вытв-сць тэлекамунікацыйнага і біятэхнал. абсталявання. Вылучаецца разнастайная харч. прам-сць, у т. л. кандытарская. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Вырошчваюць памідоры, ягады, перац, сою. Малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля. Парнікова-цяплічныя гаспадаркі, аранжарэі, гадавальнікі. Садоўніцтва (персікі, вішня). Прамысл. кветкаводства. На Пд на асвоеных балотах вял. плантацыі буйнаплодных журавін. Марское рыбалоўства. Узбярэжжа — раён курортаў, шмат атэляў і казіно. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі.

Першымі еўрапейцамі, якія ў 1524 з’явіліся на тэр. штат, былі італьянцы і партугальцы. У 1617 галандцы заснавалі тут сваю калонію. Тэр. ўздоўж р. Дэлавэр засялілі шведы. У 1655 Н.-Дж. далучаны да галандскіх Новых Нідэрландаў. У 1664 акупіраваны англічанамі, сюды пачалі перасяляцца англ. квакеры. З 1676 частка Н.-Дж. (з 1682 поўнасцю) стала ўладаннем У.Пена. З 1702 каронная зямля. У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 тэр. штата — месца ваен. дзеянняў: бітвы каля Трэнтана (1776), Прынстана (1777), Монмута (1778). З 1787 штат ЗША. У 19—20 ст. пачалася новая хваля еўрап. іміграцыі, у т. л. беларусаў.

Беларусы ў Нью-Джэрсі. Масавая эміграцыя сялян з Беларусі ў Н.-Дж. пачалася ў канцы 19 ст. У 1910-я г. некалькі бел. сем’яў далучыліся да слав. калоніі ў Хантэрдоне. У 1912 беларусы заснавалі ў Вайнлендзе птушкафабрыку, а пазней на гэтых землях рассяліліся больш за 300 сялян-беларусаў. У 1920—30-я г. яны ўваходзілі ў рас. арг-цыі: Рускае нар. т-ва ўзаемадапамогі ў Амерыцы, Амерыкана-рус. т-ва ўзаемадапамогі і інш. Вял. колькасць беларусаў пасялілася ў Н.-Дж. пасля 2-й сусв. вайны, найб. кампактна — у акругах Мідлсекс, Юніён, Самерсет, Гудзон, Пасейік; стварылі свае асяродкі ў г. Саўт-Рывер, Пасейік, Нью-Брансуік. У штате існуе больш за 20 бел. грамадскіх арг-цый, у т. л. аддзелы Беларуска-амерыканскага задзіночання ў Нью-Брансуіку, Бел. каардынацыйнага к-та Амерыкі, Бел. жаночага згуртавання ў Амерыцы, Бел.-амер. студэнцкага аб’яднання (усе ў Саўт-Рыверы), Саюза бел,амер. моладзі ў Пасейіку, Саўт-Рыверы, Нью-Брансуіку, Арганізацыі беларуска-амерыканскай моладзі, Згуртавання беларуска-амерыканскіх ветэранаў і інш. Штат быў месцам правядзення 6-й (1964), 12-й (1976), 15-й (1982) і 20-й (1992) Сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (усе ў Нью-Брансуіку); I і II кангрэсаў беларусаў Амерыкі (Саўт-Рывер), Бел. фестываляў (1976, 1977, 1979). Рэліг. жыццё беларусаў штата сканцэнтравана вакол парафій Бел. аўтакефальнай правасл. царквы (Жыровіцкай Божай Маці ў Нью-Брансуіку, св. Троіцы ў Дораце, св. Ефрасінні Полацкай ў Саўт-Рыверы). З 1974 у Саўт-Рыверы праводзяцца штогадовыя выстаўкі твораў мастакоў і нар. умельцаў. У штаце жывуць мастакі Т.Стагановіч, В.​Шудзейка, Н.Кудасава, Н.Русак, І.​Рагалевіч, Л.Махнюк і А.Махнюк. Створаны маст. калектывы: жаночы хор «Каліна», ветэранскі хор, некалькі аркестраў. Выходзілі газеты і часопісы «Беларуская трыбуна», «Шыпшына», «Беларус у Амерыцы», «Царкоўны сьветач», «Беларуская думка» і інш. З 1960 дзейнічае Бел. выдавецкае т-ва.

Літ.:

Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993.

А.​С.​Ляднёва (беларусы ў Нью-Джэрсі).

т. 11, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСКОЎ,

горад, цэнтр Пскоўскай вобл. ў Расіі. Размешчаны на р. Вялікая (упадае ў Пскоўскае воз.). 208,5 тыс. ж. (1998). Вузел чыг. і аўтадарог. Аэрапорт.

Развіты маш.-буд. (эл.-тэхн. абсталяванне, радыёдэталі, тэлеф. апаратура), лёгкая (ільняная, гарбарная, швейная), харч. прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў. Пед. ін-т, філіял С.-Пецярбургскага ун-та. Драм. і лялечны тэатры.

Упершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 903. З 10 ст. горад, уваходзіў у Кіеўскую Русь, у 12—13 ст. — у Наўгародскую феадальную рэспубліку. У 1240 захоплены Лівонскім ордэнам. У 1242 вызвалены войскам кн. Аляксандра Неўскага. У 1266—99 тут княжыў кн. Даўмонт. У 14—15 ст. цэнтр Пскоўскай феадальнай рэспублікі. Жыхары горада ўдзельнічалі ў Кулікоўскай бітве 1380. У 14—17 ст. П. — буйны гандл., рамесніцкі і культ. цэнтр. З 1510 у складзе Рус. дзяржавы. У час Лівонскай вайны 1558—83 вытрымаў паўгадавую аблогу войск караля Рэчы Паспалітай Стафана Баторыя (гл. Пскова абарона 1581—82). У Паўн. вайну 1700—21 у П. знаходзілася штаб-кватэра Б.Л.Шарамецева. З пач. 18 ст. страціў б. значэнне. У 1708 увайшоў у склад Інгерманландскай, у 1717 — Пецярбургскай, у 1727 — Наўгародскай губ. З 1777 цэнтр Пскоўскага намесніцтва (потым губ.). У 1-ю сусв. вайну ў П. размяшчаўся штаб Паўн. фронту. Тут вясной 1917 адрокся ад прастола апошні рас. імператар Мікалай II. У Вял. Айч. вайну акупіраваны (1941—44) ням. фашыстамі. З 1944 цэнтр Пскоўскай вобл.

П. падзелены рэкамі Вялікая і Пскава на 3 часткі: цэнтр (на правым беразе Вялікай), Завялічча (левабярэжжа Вялікай) і Запскоўе (правабярэжжа Пскавы). З 13 ст. пачала складвацца Пскоўская школа дойлідства. Узведзены Пскоўскі крэмль. Крапасныя сцены ахоўвалі раёны горада: з Пд невял. тэрыторыя т.зв. Даўмонтава горада (паводле археалагічных дадзеных, існаваў з 12 ст., умацаваны ў 1266; княжацкая рэзідэнцыя і адм. цэнтр горада), у міжрэччы Псковы і Вялікай — прылеглы да Крома з ПдУ Сярэдні горад (склаўся ў 10 ст., умацаваны ў 1309—75), на яго ўскраінах — Вакольны горад (пачаў фарміравацца ў 11 ст.), за р. Пскова — Запскоўе. Плошча Даўмонтава горада ў 14 ст. шчыльна забудавана палатамі і цэрквамі (у выніку археалагічных раскопак адкрыты фундаменты 18 каменных пабудоў), з паўд. боку абмежавана манум. будынкам 2-павярховых Прыказных палат (1693—95). У 16 ст. сцены даўж. 9 км умацаваны і расшыраны, пабудаваны манум. вежы, у т. л. Грамячая (1524). Найб. стараж. пабудовы П. блізкія да Наўгародскай школы дойлідства: саборы Міражскага манастыра, Іванаўскага (да 1243), Снетагорскага (1310, фрэскі 1313) манастыроў. У 14—16 ст. будавалі невял. прыходскія цэрквы з вапняку: Васіля на Горцы (1413), Успення на Пароменні (1444, перабудавана ў 1521), Касьмы і Даміяна на Прымосці (1463), Георгія на Узвозе (1494), Міколы на Усосе (1536). Сярод каменных жылых дамоў 16—17 ст. — 3-павярховыя палаты Паганкіных (да 1645), дамы Лапіна («Саладзёжня»), Трубінскага (1670—80-я г.), палаты Ямскога (1680-я г). Паводле рэгулярнага плана 1778 у П. пабудаваны на гал. вуліцах каменныя і драўляныя 2-павярховыя дамы паводле «ўзорных» праектаў у стылі класіцызму. Горад моцна пашкоджаны ў Вял. Айч. вайну, адноўлены. Непадалёк ад П. размяшчаюцца комплексы манастыроў Спаса-Елізараўскага (засн. ў 15 ст.) з 1-купальным 3-апсідным саборам 16 ст., Крыпяцкога (засн. ў 15 ст.) на беразе Святога воз. (захаваўся 1-купальны сабор, 1557). Музеі: мастака-рэстаўратара Ю.П. Спягальскага, гіст.-маст. і арх. музей-запаведнік.

Літ.:

Древний Псков: История, искусство, археология: Новые исслед. М., 1988;

Псков: Очерки истории. 2 изд. Л., 1990;

Спегальский Ю.П. Каменное зодчество Пскова Л., 1976;

Псков через века: Памятники Пскова сегодня. СПб.;

Псков, 1994.

І.​Л.​Чэбан (архітэктура).

Пскоў. Фрагмент Вакольнага горада.
Пскоў. Іаана-Прадцечанскі сабор Іванаўскага манастыра. Да 1243.

т. 13, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́Ў,

горад, цэнтр Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. За 121 км ад Гомеля, чыг. ст. на лініі Магілёў—Жлобін, вузел аўтадарог на Бабруйск, Магілёў, Слаўгарад, Жлобін, прыстань на р. Дняпро. 35,7 тыс. ж. (2000).

Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1142, уваходзіў, верагодна, у Тураўскае княства. Умацаваны цэнтр стараж. Р. — Замкавая гара — размешчаны на месцы гарадзішча мілаградскай і штрыхаванай керамікі культур. З канца 13 ст. ў ВКЛ, уладанне кн. Доўманта. У 14—18 ст. цэнтр Рагачоўскай воласці, кіраваўся старостам. З 1509 належаў вял. князю. У 16 ст. пабудаваны Рагачоўскі замак з Рагачоўскім палацам. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—57 горад пераходзіў з рук у рукі, пацярпеў ад ваен. дзеянняў. У канцы 16 ст. ў ваколіцах Р. дзейнічалі казацка-сял. атрады Налівайкі і Дубіны (гл. Налівайкі паўстанне 1594—96). З 1772 у Рас. імперыі, цэнтр Рагачоўскага павета і Рагачоўскай правінцыі. У 1777—96 і з 1802 у Магілёўскай, у 1796—1802 у Беларускай губ. 16.8.1781 атрымаў герб (у залатым полі чорны барановы рог). У 1880 — каля 4,5 тыс. ж., 560 дамоў, 2 цагельні, канатны, піваварны, мылаварны і 2 гарбарныя з-ды. У 1897—9038 ж. У 1900 працавала 36, у 1913—50 прадпрыемстваў. У 1902 праз Р. пракладзена чыгунка Магілёў—Жлобін. У 1906 адкрыта Рагачоўскае рэальнае вучылішча, пазней Рагачоўская настаўніцкая семінарыя. З мая 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з 1924 у БССР, цэнтр Рагачоўскага раёна Бабруйскай акр. (да 1930), з 1938 — Гомельскай вобл. У 1939 у Р. 15,2 тыс. ж. У 1936—41 і з 1944 дзейнічаў настаўніцкі ін-т. 2.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, 13.7.1941 вызвалены Чырв. Арміяй у ходзе Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі 1941. З 14.8.1941 да 24.2.1944 зноў акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Р. і раёне 6,3 тыс. чал. Дзейнічала Рагачоўскае патрыятычнае падполле. Вызвалены ў ходзе Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі 1944 войскамі 1-га Бел. фронту. 13 вайск. часцям і злучэнням нададзены ганаровыя найменні «Рагачоўскіх». У 1959 у Р. 10,2 тыс. ж., у 1970—16 тыс. ж. У 1971 знойдзены Рагачоўскі манетны скарб. З 27.2.1978 горад абл. падпарадкавання.

Першы рэгулярны план (1778) вызначыў дакладную прамавугольную сетку вуліц, якую захавалі генпланы 1947, 1959 і 1971 (Гомельскі філіял ін-та «Белдзяржпраект», арх. Я.​Казлоў, А.​Лебедзеў, інж. М.​Найшулер; карэкціроўка 1984, БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. В.​Кашырын, Т.​Спірына, інж. Л.​Пірожнік, В.​Пузік). Асн. гар. тэрыторыя размешчана ў міжрэччы Дняпра і Друці (Цэнтр. і Залінейны планіровачныя раёны), часткова на правым беразе Друці (Задруцкі планіровачны раён). Гал. кампазіц. восі — вуліцы Леніна і Кастрычніцкая. Адм.-грамадскі і культ. цэнтр — пл. імя 60-годдзя Кастрычніка. Пераважае 1-павярховая індывід. забудова сядзібнага тыпу, у цэнтр. ч. будуюць 5-павярховыя дамы. Горад развіваецца паводле генплана 1999 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) пераважна на З (на правым беразе Друці), часткова на ПнУ і Пн. Паводле генплана шматкватэрная забудова размяшчаецца ў планіровачных раёнах №1, 2, 4 (жылы раён «Ляснянка»). Сістэма азелянення горада фарміруецца ўздоўж Дняпра і Друці, ствараецца паркавая зона ў планіровачным раёне №5. Сфарміраваліся паўн. і паўд.-зах. прамысл. зоны.

Працуюць прадпрыемствы харч. (найб. Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат), буд. матэрыялаў (з-д жалезабетонных вырабаў, камбінат буд. матэрыялаў), камбікормавай прам-сці; з-д «Дыяпраектар» і інш. Дзейнічаюць Рагачоўскае педагагічнае вучылішча, Рагачоўскі музей народнай славы. Брацкія магілы чырвонагвардзейцаў, сав. воінаў, магілы ахвяр фашызму, вайсковыя могілкі. Курган Славы. Помнік Вызвалення. Помнікі архітэктуры 19—20 ст.: капліца ў неарус. стылі, будынкі дваранскага вучылішча (1903—05), земскай управы (1909), касцёл (у 1912 асвячоны; неаготыка) і інш. Помнік археалогіі — гарадзішча і селішча стараж. Р.

Г.​С.​Ларкін, М.​А.​Найшулер (архітэктура).

Рагачоў. Будынак тэатра. Фота пач 20 ст.
Рагачоў. Будынак земскай управы.

т. 13, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСІФІКА́ЦЫЯ,

гістарычны тэрмін, які вызначае сутнасць палітыкі дзярж. органаў, правасл. царквы, партый і арг-цый у нац. рэгіёнах Расіі па меры пашырэння яе межаў. Паводле тлумачальнага слоўніка У.​Даля, дзеяслоў «русіфікаваць» азначае «русіць», «абрушаць», «зрабіць рускім»; «русіфікатар» — «абрусіцель». Р. была выклікана цэнтралізацыяй кіравання, уніфікацыяй заканадаўства, адм.-тэр. падзелу, адукацыі і інш. сфер сац.-эканам., паліт. і культ. жыцця. Прадугледжвала распаўсюджанне рус. мовы як дзяржаўнай з улікам мясц. моўных асаблівасцей (Казахстан, Сярэдняя Азія, Фінляндыя, Каўказ і інш.). З цягам часу палітыка Р. набыла розныя формы і змест у залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі ў нац. рэгіёнах і пэўных унутры- і знешнепаліт. фактараў. Р. як палітыка тытульнай нацыі была прадвызначана ўключэннем Беларусі ў склад шматнац. Рас. імперыі. Але на працягу ўсяго перыяду змест, формы і кірункі Р. не заставаліся нязменнымі. З канца 18 ст. да 1830—31, калі рас. ўлады шукалі падтрымкі ў спаланізаванай шляхты, інтэграцыя ў рас. дзярж. сістэму новадалучаных бел. тэрыторый адбывалася ў мяккіх формах і суправаджалася працягам паланізацыі. У 2-й чвэрці 19 ст. ва ўмовах росту апазіцыйных грамадска-паліт. настрояў і рухаў урад Расіі пачаў ажыццяўляць мерапрыемствы, скіраваныя супраць паланізацыі бел. краю, на пашырэнне рус. ўплыву на асвету і культуру. У больш акрэсленых формах Р. пачалася пасля паўстання 1830—31, якое прывяло да кансалідацыі вакол цара рас. дваранства, у т. л. ліберальнай яго часткі. З гэтага часу Р. выступала як сродак барацьбы супраць паланізацыі і наогул польскага ўплыву. Паўстанне 1863—64 дало новы штуршок Р., рэпрэсіі закранулі найперш яго ўдзельнікаў. Быў закрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут, які меў агульнарас. значэнне. На Беларусі ўстаноўлены рэжым выключных законаў, скіраваны на памяншэнне польскага і пашырэнне рас. ўплыву. Бальшавікі выкарыстоўвалі тэрмін «Р.» для выяўлення сутнасці нацыянальнай палітыкі Сав. дзяржавы, супрацьпастаўляючы яе імперскай палітыцы дарэв. Расіі. У 1920-я г. распачата палітыка беларусізацыі, у рамках якой разгарнулася шырокае нац.-культ. будаўніцтва ўсіх народаў, што насялялі тэр. БССР. Размах гэтага будаўніцтва, выкліканыя ім супярэчнасці, праявы нацыяналізму былі ацэнены як пагроза існаванню адзінай дзяржавы. Вяртанне да адм.-камандных метадаў, працэсы цэнтралізацыі ўлады, імкненне да уніфікацыі сац.-эканам., паліт. і культ. працэсаў з канца 1920 — пач. 1930-х г. садзейнічалі вызначэнню тэндэнцыі збліжэння і зліцця нац. культур. Прыпыненая з 1939, Р. аднавілася з сярэдзіны 1940-х г., калі разгарнулася новая хваля барацьбы супраць «нацыяналізму», з аднаго боку, і «касмапалітызму», з другога. Выкліканае ўнутрыпарт. барацьбой у сярэдзіне 1950-х г. аднаўленне цікавасці да бел. мовы і культуры не было развіта ў мэтанакіраваную палітыку. Прадугледжвалася, што сацыялістычная (камуністычная) ідэалогія стане духоўнай асновай для развіцця ўсіх нац. культур у межах СССР, а на грунце рус. мовы адбудзецца сінтэз культур, фарміраванне адзінай культуры і «новай гістарычнай супольнасці — савецкага народа». Адсутнасць належнай дзярж. падтрымкі бел. мовы і культуры, нізкі ўзровень нац. свядомасці часткі беларусаў, урбанізацыя вызначылі скарачэнне сац. арэала ўжывання бел. мовы, традыцыйнай этнічнай культуры, павелічэнне колькасці тых людзей, якія адмаўляліся ад вывучэння бел. мовы. Пры ўсіх супярэчнасцях і недахопах сав. нац.-культ. палітыкі яна, асабліва ў 1950—70-я г., актыўна ўплывала на развіццё бел. мовы і культуры (заснаванне ў 1967 выд-ва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», у 1972 — «Мастацкая літаратура», у 1975 — Мінскага ін-та культуры і інш.).

Літ.:

Турук Ф.Ф. Белорусский государственный университет // Советская Белоруссия. Мн., 1922;

Пушкаревич К.А. Преобразование духа народности: (Эпизод из истории русификации Белоруссии) // Изв. АН СССР. Л., 1932. №1. Отд. обществ. наук;

Цьвікевіч А. «Западно-руссизм»;

Нарысы з гісторыі і грамадзскай мысьлі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. 2 выд. Мн., 1993;

Лыч Л.М. Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996. С. 101—376;

Луговцова С.Л. Политика Российского самодержавия по отношению к дворянству Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX вв. Мн., 1997.

В.​В.​Сяргеенкава, С.​М.​Ходзін.

т. 13, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСЬ,

назва этнапаліт. супольнасці ва Усх. Еўропе ў сярэдневякоўі. Вядома з 839, калі група варагаў (шведаў) назвала сябе пры двары герм. імператара пасламі «кагана Русі». Звесткі «Баварскага этнографа» сярэдзіны 9 ст. дазваляюць лакалізаваць Р. у Падняпроўі. Большасць звестак 9—10 ст. атаясамлівае Р. з нарманамі, меншая — са славянамі. У 10 ст. Р. заключыла шэраг дагавораў з Візантыяй (911, 944, 971). У 1-м з іх сярод «рускіх» гарадоў названы Полацк. Растоў і інш., імёны амаль усіх «рускіх» паслоў у дагаворах германскія. У 11 ст. з’яўляюцца ўласныя пісьмовыя крыніцы Р. — стараж.-рус. летапісы. «Аповесць мінулых гадоў» паведамляе, што «Руская зямля» называецца так з часоў візант. імператара Міхаіла Ісаўра (з 942), назва паходзіць ад запрошаных княжыць у Ноўгарад варагаў (гл. Рурыкавічы, Рурык-Сінявус-Трувор). Там жа пералічаны слав. плямёны ў складзе Р., што акрэслівае межы Кіеўскай Русі 10—11 ст. Са шматлікіх версій паходжання назвы Р. найб. верагоднай лічыцца гіпотэза пра запазычанне славянамі фін. слова «ruotsi» («весляры»), якім жыхары Усх. Прыбалтыкі называлі швед. гандл.-рабаўнічыя атрады. Гэтым словам пазней названа змешаная слав.-сканд. праслойка, якая кантралявала гандаль рабамі і інш. таварамі з Хазарыяй, Араб. халіфатам і Візантыяй, а потым падпарадкавала плем. княствы і ўзначаліла ўтварэнне Кіеўскай дзяржавы. Вял. ролю ў культ. кансалідацыі Р. адыграла прыняцце ў 988 хрысціянства з Візантыі. Да пач. 11 ст. сканд. кампанент Р. славянізаваўся, Р. набыла характар правасл. слав. дзяржавы (Кіеўская Русь), у межах якой пачаўся працэс зліцця стараж. плямён у агульны ўсх.-слав. («рускі» ў тагачасным сэнсе) этнас. Аднак да 13 ст. гэты працэс не быў скончаны, захоўваліся выразныя мясц. асаблівасці, што дало магчымасць у далейшым утварыцца на тэр. Р. некалькім этнасам. У царк. крыніцах і летапісах 12—13 ст. шмат прыкладаў выкарыстання назвы Р., у т. л. адносна тэр. Беларусі. Напр., Кірыла Тураўскі адзначаў, што ён «рожден и воспитан града та Турова в Руской стране», а ў полацкай грамаце 1264 падкрэсліваецца, што «Руськая земля слывет Полочьская». Такі ж сэнс тэрміна пераважае ў замежных крыніцах. Разам з тым у летапісах з сярэдзіны 12 ст. сустракаецца паняцце «Р.» у вузкім сэнсе, якое тычылася толькі рэгіёна Кіева-Чарнігава-Пераяслава (у 10 — пач. 11 ст. асабістае ўладанне кіеўскага князя). Тэрмін «Р.» захаваў значэнне ў дачыненні да б. зямель Кіеўскай Русі і пасля таго, як яны ў 13—14 ст. увайшлі ў склад розных дзяржаў (ВКЛ, Польшчы, Венгрыі, Маскоўскага вял. княства і інш.), усх.-слав. насельніцтва якіх працягвала называцца Р., рускімі або русінамі, але набыў характар метаэтноніма — агульнай назвы некалькіх этнасаў, якія пачалі фарміравацца (продкі сучасных украінцаў, беларусаў, рускіх). У складзе ВКЛ пад Р. у шырокім сэнсе разумелі ўсю тэр. ўсх.-слав. насельніцтва, за выключэннем Верхняга Панямоння (з 13 ст. наз. Літва). Разам з тым у 16 ст. фіксуецца і больш вузкае значэнне назвы Р., якое тычылася толькі ўсх. ч. сучаснай Беларусі (з 17 ст. назва Белая Русь). Жыхары ВКЛ у межах пасля 1569, называючы сябе «рускімі», «русінамі», часам ужо выразна адрознівалі сябе ад жыхароў Расіі («маскоўцаў») і казацкай Украіны («чаркасаў»). Вял. княства Маскоўскае з 2-й пал. 16 ст. атрымала афіц. назву «Рускае царства». З таго часу паліт. і культ. эліта гэтай дзяржавы пачала атаясамліваць паняцце «Р.» і «Расія», што стварыла пэўныя цяжкасці ў завяршэнні этнагенезу інш. нашчадкаў стараж. Р. — беларусаў і ўкраінцаў, бо правіцелі Расіі, карыстаючыся стараж. саманазвай гэтых народаў («рускія») адмаўлялі ім у праве на нац. самавызначэнне і прэтэндавалі на іх землі, г. зн. на ўсю былую Р.

Літ.:

Насонов А.Н. «Русская земля» и образование территории древнерусского государства. М., 1951;

Насевіч В, Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў: Наш край. Мн., 1996. Вып. 1.

В.​Л.​Насевіч.

т. 13, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́РЫХ (сапр. Рорых) Мікалай Канстанцінавіч

(9.10.1874, С.-Пецярбург — 13.12.1947),

расійскі жывапісец, мысліцель, пісьменнік, археолаг, вандроўнік, грамадскі дзеяч. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1909). Правадз. чл. шматлікіх замежных акадэмій. Скончыў Пецярбургскую АМ (1897), юрыд. ф-т Пецярбургскага ун-та (1898), вучыўся ў А.​Куінджы, у студыі Ф.​Кармона ў Парыжы (1900—01). Зазнаў уплывы мадэрна, сімвалізму, візант. і стараж.-рус. мастацтва. Чл. аб’яднання «Свет мастацтва» (у 1910—19 старшыня). Сакратар імператарскага Т-ва заахвочвання мастакоў (з 1901) і дырэктар Рысавальнай школы пры ім (1906—18). Ініцыятар і арганізатар першага ў гісторыі міжнар. дагавору ў абарону культ. помнікаў (Сцяг Міру і Пакт Рэрыха, 1935). З 1918 жыў і працаваў у Фінляндыі, з 1919 у Лондане, з 1920 у Нью-Йорку, з 1924 у Індыі. З А.Рэрых сцвярджаў Вучэнне Жывой Этыкі. У творчасці імкнуўся да раскрыцця новага разумення культуры, якую ён разглядаў як служэнне Адзінаму Святлу. У 1924—28 і 1934—35 ажыццявіў Цэнтральнаазіяцкую экспедыцыю і экспедыцыю ў Кітай і Манголію. На аснове сабраных матэрыялаў заснаваў (з жонкай) Ін-т гімалайскіх даследаванняў («Урусваці», 1928—42). З канца 1890-х г. пад уплывам заняткаў археалогіяй і цікавасці да слав. і скандынаўскай гісторыі пісаў гіст. сюжэтна-дакладныя кампазіцыі: «Ганец» (1897), «Заморскія госці» (1901), «Горад будуюць» (1902), «Дазор» (1905), «Бой» (1906); цыкл «Архітэктурная серыя» (1903—04) і інш. З 1910-х г. у яго творчасці пераважалі пейзажныя матывы, творы вызначаліся напружанай эмацыянальнасцю вобразаў, лапідарнасцю выяўл. сродкаў, плоскаснай арнаментальнасцю і дэкар. стылізацыяй кампазіцыі, дакладнасцю і контурнасцю малюнка, павышанай увагай да перадачы светлавых эфектаў, кантрастнасцю лакальных колеравых плям. Пазней імкнуўся да пераасэнсавання гіст. падзей у іх сімвалічнай сугучнасці з сучаснасцю, выяўлення іх як ланцуга сусв. катаклізмаў, эпізодаў адзінай касм. эвалюцыі: серыі «Прарочая» (1912—14), «Санкта» (1922); творы «Тры радасці» (1916), «Чырвоныя коні» (1925) і інш. З 2-й пал. 1920-х г. ствараў пераважна серыі пейзажаў Гімалаяў, Тыбета, Манголіі, сімвалічныя кампазіцыі. Творы адметныя эпічнасцю, велічнасцю і рамант. прыўзнятасцю вобразаў, абвостранай яснасцю форм. Каларыт карцін вылучаецца чысцінёй, празрыстасцю і багаццем колеравых суадносін у спалучэнні з сілай і глыбінёй тонаў. Лічыў, што менавіта гарманічнае супастаўленне колеру і тону ў спалучэнні з прыгажосцю і веліччу думкі найб. уздзейнічае на гледача: серыі «Гімалайская», «Настаўнікі Усходу», «Святыя горы», «Ашрамы», «Сікім», «Майтрэя»; кампазіцыі «Гуга Чохан» (1931), «Мадонна Арыфлама» (1932), «Знакі Гэсера» (1940), «Гімалаі. Нанда-Дэві» (1941), «Тыбет. Манастыр» (1942), «Памятай» (1945) і інш. Аформіў спектакль «Пер Гюнт» (1912) Г.​Ібсена ў Маскоўскім маст. т-ры, балет «Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага (1913), оперу «Князь Ігар» А.​Барадзіна (1914) для «Рускіх сезонаў» С.​Дзягілева. Працаваў таксама ў манум.-дэкар. мастацтве: эскізы царк. размалёвак (у т. л. царквы Св. Духа ў Талашкіне пад Смаленскам 1914) і мазаік, жывапісных пано і маёлікавых фрызаў у прыватных асабняках.

Тв.:

Врата в будущее. Рига, 1991;

Нерушимое. Рига, 1991;

Твердыня Пламенная. Рига, 1991;

Держава Света. Священный дозор Рига. 1992;

Цветы Мории. Пути Благословения Сердце Азии. Рига, 1992;

Знамя Мира. М., 1995;

Листы дневника. Т. 1—3. М. 1995—96;

Цветы Мории. Мн., 1997;

Письма в Америку, 1923—1947. М., 1998;

Алтай — Гималаи. М., 1999;

Шамбала. Мн. и др., 2000.

Літ.:

Беликов П., Князева В. Рерих. М., 1972;

Н.​К.​Рерих: Жизнь и творчество: Сб. ст. М., 1978;

Держава Рериха. М., 1994;

Шапошникова Л.В. Великое путешествие: В 3 кн. Кн 1. М., 1998;

Н.​К.​Рерих: Биобиблиогр. указ. М., 1999.

М.Рэрых. Мадонна Арыфлама. 1932.

т. 14, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)