СІ́ТНАЎСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16 ст. на паўд.-зах. беразе воз. Сітна каля вытокаў р. Палата (Полацкі р-н Віцебскай вобл.). Пабудаваны ў 1563 з дрэва на штучнай земляной выспе, умацаванай драўлянымі канструкцыямі. Трапецападобную форму замка вызначала канфігурацыя мыса, утворанага берагам возера і лукавінай ракі. Быў умацаваны драўлянымі абарончымі сценамі-гароднямі з 4 вуглавымі чацверыковымі 3-яруснымі вежамі (на паўкруглых у плане асновах), накрытых двухсхільнымі дахамі. Праезд у замак размяшчаўся ў сцяне з боку перашыйка паміж ракой і возерам. 1-павярховая драўляная забудова размяшчалася ў цэнтры замка, свабодная прастора ўздоўж сцен прызначалася для манеўра войск. С.з. разбураны войскамі ВКЛ у 1566, потым адбудаваны і зноў знішчаны пры штурме ў час Лівонскай вайны 1558—83. Вядомы паводле малюнка С.​Пахалавіцкага 1579.

Ю.​А.​Якімовіч.

Сітнаўскі замак. З малюнка С.​Пахалавіцкага. 1579.

т. 14, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ЎЧЫКАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 3.5.1958, г. Жодзіна Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік, перакладчык. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1977), БДУ (1986). Настаўнічаў, працаваў мастаком-афарміцелем. У 1986—90 у час. «Бярозка». З 1994 дырэктар выд-ва «Радыёла-плюс». Друкуецца з 1982. Аўтар кн. апавяданняў і п’ес «Гульня ў тэстамент» (1992), зб. прозы «Лісты да брата» (1998), у якіх філас. роздум над праблемамі сучаснасці. Пераклаў з груз. на бел. мову раман Н.​Думбадзе «Закон вечнасці» (1989), некат. вершы груз. паэтаў. На груз. мову пераклаў зб. версэтаў А.​Разанава «Горад-вандроўнік» (1991). Аўтар п’ес-казак. У яго пераказе ў Віцебскім т-ры «Лялька» паст. (1995) п’еса-казка паводле О.​Уайльда «Хлопчык-зорка». У 1987—89 па сваіх сцэнарыях вёў тэлеперадачы «У сям’і адзінай», «Дыялогі маладых перакладчыкаў».

І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЦЫ́ЛІЙ АБЕ́ДЗВЮХ КАРАЛЕ́ЎСТВА,

дзяржава на тэр. в-ва Сіцылія і Паўд. Італіі ў 1504—1860 (з перапынкамі). Утворана пасля аб’яднання пад уладай Іспаніі Неапалітанскага каралеўства з Сіцыліяй. Пасля вайны за ісп. спадчыну 1701—14 Сіцылія адышла да Савойскага герцагства, кантынентальная частка каралеўства — да Аўстрыйскай імперыі. У 1720 абедзве часткі зноў аб’яднаны пад уладай Габсбургаў. З 1735 у каралеўстве правілі ісп. Бурбоны. У студз. 1799 тут абвешчана Партэнапейская рэспубліка, але ў чэрв. 1799 улада Бурбонаў адноўлена. У 1806 на кантынентальнай ч. ўтворана залежнае ад Францыі Неапалітанскае каралеўства (1806—15). Паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 С.а.К. адноўлена пад уладай Бурбонаў. Неапалітанская рэвалюцыя 1820—21 задушана аўстр. войскамі. У выніку рэвалюцыі 1859—60 у Італіі, якая скінула ўладу Бурбонаў, С.а.К. ліквідавана, яго тэр. далучана да Сардзінскага каралеўства.

т. 14, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЦЫЛІ́ЙСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,

дзяржава ў 12—13 ст., якая ўключала тэр. в-ва Сіцылія і Паўд. Італіі, заваяваныя нарманамі ў канцы 11 ст. Аформілася з каранацыяй Ражэра II [1130—54], заснавальніка Нарманскай дынастыі. Яго пераемнікі Вільгельм I [1154—66] і Вільгельм II [1166—89], абапіраючыся на дробнае рыцарства і царкву, стварылі магутную дзяржаву. У 1194 сіцылійская карона перайшла да імператара Генрыха VI Штаўфена (гл. Генрых, ням. каралі). У час праўлення Фрыдрыха II [1197—1250] завяршылася цэнтралізацыя С.к. Паводле законаў 12—13 ст. буйныя феадалы і гарады пазбаўлены вольнасцей, сяляне прымацаваны да зямлі. У 1266—68 апошнія сіцылійскія Штаўфены разбіты Карлам 1 Анжуйскім [1268—82]. У выніку паўстання ў 1282 на в-ве Сіцылія (гл. «Сіцылійская вячэрня») С.к. распалася. Сіцылія трапіла пад уладу ісп. Арагонскай дынастыі. У руках Анжуйскай дынастыі засталася толькі Паўд. Італія (Неапалітанскае каралеўства).

т. 14, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІБІ́НСКІ ((Skibinski) Казімеж Міхал) (6.3.1786, г. Вільня — 1.3.1858),

польскі драм. акцёр, спявак, рэжысёр. Вучыўся ў Вільні, дзе дэбютаваў 5.10.1802 у дзіцячым балеце ў ролі Солтыса («Сельскі натоўп, або Гарэзлівы пан»). Паводле сведчання сучаснікаў, С. найб. вылучаўся ў характарных ролях, па-майстэрску падкрэсліваў адмоўныя рысы персанажаў. Шмат гастраліраваў па гарадах Польшчы, Украіны, Прыбалтыкі, а таксама на Беларусі ў складзе розных тэатр. калектываў: трупа Я.​Шыманскага (1803, Гродна, Зэльва, Свіслач, Слонім), антрэпрыза М.​Кажынскага (1804—10, Асвея (Верхнядзвінскі р-н), Бешанковічы, Віцебск, Мінск, Полацк], антрэпрыза А.​Жукоўскага (1833—34, Мінск), таксама Гродна (1827, 1828, 1830). З 1816 рэжысёр трупы віленскіх акцёраў, з якой наведаў Гродна і Свіслач, Мінск (сезон 1817—18). Перыядычна выступаў у Віленскім тэатры. З 1845 жыў і працаваў на Валыні і Падоллі.

Тв.:

Pamiętnik aktora. Warszawa, 1912.

т. 14, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАШЧО́Ў (Якаў Аляксандравіч) (24.12.1885, С.-Пецярбург — 11.1.1929),

расійскі ваенны дзеяч. Ген.-лейт. (1920). Скончыў Акадэмію Генштаба (1911). Удзельнік 1-й сусв. вайны 1914—18. У грамадз. вайну 1918—20 у добраахвотніцкай арміі А.​І.​Дзянікіна камандаваў брыгадай, Чэчэнскай коннай дывізіяй, дзейнічаў супраць войск Н.​І.​Махно. Са снеж. 1919 камандзір 2-га армейскага корпуса, кіраваў абаронай Крыма (студз.—крас. 1920). У жн. 1920 з-за рознагалоссяў з П.​М.​Урангелем зняты з пасады камандзіра корпуса. Пасля эвакуацыі ў Турцыю белагвардзейскіх войск выступіў у друку супраць Урангеля, паводле загаду якога асуджаны і разжалаваны ў радавыя. Увосень 1921 з дазволу сав. ўрада з групай афіцэраў вярнуўся ў Сав. Расію, амнісціраваны. Служыў у Чырв. Арміі. Правобраз генерала Хлудава ў п’есе М.​Булгакава «Бег».

Тв.:

Белый Крым, 1920: Мемуары и док. М., 1990.

т. 14, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГО́ННАЕ ПРА́ВА,

прымацаванне сялян да зямлі законамі феад. дзяржавы; залежнасць сялян ад феадалаў у асабістых, маёмасных, зямельных, адм.юрыд. адносінах. Вынікала з уласнасці феадалаў на зямлю, на якой жылі сяляне. Уключала забарону сялянам пакідаць свае зямельныя надзелы, спадчыннае падпарадкаванне адм. і суд. уладзе феадала, пазбаўленне сялян права адчужаць свае надзелы і набываць нерухомасць, прымусовую працу сялян у гаспадарцы феадала (паншчыну) і ўплату выплату яму розных грашовых і натуральных павіннасцей (аброку). У Зах. Еўропе П.п. было пашырана з 8—9 ст., з развіццём таварна-грашовых адносін паступова адмянялася (з 12—13 ст.). У шэрагу краін Цэнтр. і Усх. Еўропы (Германія, Чэхія, Польшча і інш.) у 16—18 ст. прыгонная залежнасць узмацнілася (т.зв. другое выданне П.п.). П.п. тут паступова скасоўвалася з сярэдзіны 18 ст. Пытанне аб існаванні П.п. ў Азіі застаецца дыскусійным. Але ў цэлым у большасці краін Усходу адсутнасць развітой паншчыннай гаспадаркі і звязанай з ёй адработачнай рэнты абумовіла адсутнасць такога юрыд. ін-та П.п., які адпавядае пэўнай сістэме памешчыцкай і сял. гаспадаркі. Аднак гэта не азначала існавання поўнай свабоды пераходу.

Элементы П.п. ў Кіеўскай Русі ў адносінах да асобных катэгорый сялян (закупы, смерды), якія эксплуатаваліся на паншчыне, прасочваюцца з 11—12 ст. У Паўн.-Усх. Русі з сярэдзіны 15 ст. рост плошчы ворыва суправаджаўся ўзмацненнем эксплуатацыі феад. залежных сялян у выглядзе паншчыны. аброку і інш. павіннасцей. Асабістая залежнасць сялян ўзмацнялася даўгавой пасткай, у якую сяляне траплялі пасля атрымання ад феадалаў пазык грашыма, насеннем і інш. Сяляне, каб пазбавіцца ад гэтай залежнасці, часта мянялі ўладальнікаў шляхам пераходаў (гл. Выхад сялянскі) Феад. дзяржава імкнулася абмежаваць сял. пераходы праз устанаўленне для сялян некат., асабліва паўночных, зямель акрэсленага тэрміну змены ўладальнікаў: тыдзень да Юр’ева дня (26 ліст.) і тыдзень пасля яго. З утварэннем у канцы 15 ст. Рус. цэнтралізаванай дзяржавы Судзебнік 1497 пашырыў гэтую норму на ўсю яе тэр., чым быў пакладзены пачатак юрыд. запрыгоньванню сялян. Пераход сялян да інш. уладальнікаў быў магчымы пасля выплаты феадалу за т.зв. пажылое. У 1581 Іван IV увёў забарону на сял. пераходы і ў наступныя гады пацвердзіў яе. Сяляне бестэрмінова замацоўваліся за феадаламі. што фіксавалася ў пісцовых кнігах. У 1597 уведзены 5-гадовы тэрмін вышуку збеглых сялян («урочныя» гады). У 1607 гэты тэрмін павялічаны да 15 гадоў і ўзаконена права феадалаў на сялян паводле запісаў у пісцовых кнігах 1591—92. Саборнае ўлажэнне 1649 устанавіла бестэрміновы вышук збеглых сялян. Сяляне пасля 1649 сталі прыгоннымі, фактычнай уласнасцю сваіх феадалаў-землеўладальнікаў. Была ўстаноўлена спадчыннасць прыгоннага стану і права феадала распараджацца маёмасцю селяніна. Указы 1675, 1682, 1688 санкцыянавалі продаж сялян без зямлі, указ 1760 афіцыйна дазваляў раздзяляць пры продажы бацькоў і дзяцей. Дваране-землеўладальнікі атрымалі права ссылаць сваіх прыгонных у Сібір (1760), адпраўляць на катаргу (1765) і ў турму (1775). У 1741 памешчыцкія сяляне адхілены ад прысягі імператару, у 1767 ім пад пагрозай цяжкага пакарання забаронена падаваць скаргі на сваіх уладальнікаў. П.п. ў Рас. імперыі ў 2-й пал. 18 ст. амаль не адрознівалася ад рабства (дваране не мелі толькі права караць смерцю сваіх прыгонных). У 1783 яно пашырана на Левабярэжную Украіну, у 1796 — на Наваросію. Найб. бяспраўныя катэгорыі прыгонных — дваровыя людзі і пазбаўленыя надзелаў месячнікі, якія працавалі ўвесь час на паншчыне і штомесячна атрымлівалі харч. паёк.

На Беларусі пачатак юрыд. афармленню П.п. паклаў Прывілей 1447 вял. князя ВКЛ Казіміра IV, якім забаронены пераход прыватнаўласніцкіх сялян (чэлядзь нявольная, людзі «непахожыя») у велікакняжацкія маёнткі. Гэтыя катэгорыі сялян абкладаліся павіннасцямі толькі на карысць сваіх землеўласнікаў, якія атрымалі над імі неабмежаваную, у т. л. судовую, уладу. «Устава на валокі» 1557, Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 завяршылі працэс запрыгоньвання сялян. Статут 1529 устанавіў 10-гадовы тэрмін пражывання вольных сялян (людзей «пахожых») на землях феадалаў, пасля заканчэння якога яны рабіліся прыгоннымі. Гэтую норму пацвердзіў і Статут 1588, які павялічыў устаноўлены Статутам 1566 10-гадовы тэрмін вышуку збеглых сялян да 20 гадоў. Паводле асн. павіннасцей прыгонныя сяляне ўмоўна падзяляліся на цяглых сялян і асадных сялян. Да канца 16 ст. б. катэгорыі сялян — чэлядзь нявольная і людзі «непахожыя» ўтварылі адзіны клас-саслоўе прыгонных сялян. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (у 1772—95) рас. прыгонніцкае заканадаўства пашырылася і на яе тэрыторыю.

Эканам. неэфектыўнасць прыгоннага ладу, грамадскае асуджэнне яго антыгуманных праяў, сял. хваляванні абумовілі ў канцы 18 — сярэдзіне 19 ст. шэраг урадавых захадаў па абмежаванні П.п. і з’яўленне афіц. праектаў яго паступовай адмены. У 1808 забаронена прадаваць прыгонных на кірмашах, у 1833 — раз’ядноўваць пры продажы сем’і. Частковае распрыгоньванне невял. часткі сялян адбылося паводле законаў аб вольных хлебаробах (1803) і часоваабавязаных сялянах (1842). Паводле рэформы 1838—42 на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне адменена арэндна-паншчынная (фактычна прыгонніцкая) эксплуатацыя дзярж. сялян. П.п. скасавана паводле Сялянскай рэформы 1861, але яго перажыткі захоўваліся ў выглядзе адпрацовак да Кастр. рэвалюцыі 1917.

Літ.:

Фридман М.Б. Отмена крепостного права в Белоруссии. Мн., 1958;

Корецкий В.И. Формирование крепостного права и первая крестьянская война в России. М., 1975;

Спиридонов М.Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV—XVI вв.). Мн., 1993.

Ж.​Б.​Чэпа.

т. 13, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКАЯ БІ́ТВА 1514,

адбылася пад Оршай (Віцебская вобл.) паміж войскамі ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы.

Неўзабаве пасля капітуляцыі Смаленска перад рус. войскамі (жн. 1514) вял. кн. маскоўскі Васіль III паслаў 80-тысячнае войска з коннікаў, дваран і «дзяцей баярскіх» на чале з кн. М.​І.​Булгакавым-Голіцам і І.​А.​Чалядніным у напрамку Оршы і Друцка. Паводле польскіх гісторыкаў, кароль польскі і вял. князь ВКЛ Жыгімонт I Стары сабраў апалчэнне ВКЛ пад камандаваннем вял. гетмана ВКЛ кн. К.​І.​Астрожскага (16 тыс. коннікаў), 14 тыс. польскіх коннікаў, 3 тыс. наёмнай пяхоты, атрады паноў з Малой Польшчы і шляхціцаў-добраахвотнікаў з Вял. Польшчы (2500 коннікаў). Паводле звестак рускага гісторыка М.​К.​Любаўскага, польскіх коннікаў было 4 тыс., а частка польскіх салдатаў засталася ў Бярэсці і Барысаве. Жыгімонт застаўся ў Барысаве з 4-тысячным войскам, а асн. сілы (больш за 30 тыс. чал.) на чале з Астрожскім пайшлі пад Оршу. Атрадамі войска камандавалі Ю.​Радзівіл, Я.​Свярчоўскі і інш. Папярэднія баі адбыліся 27.8.1514 на р. Бярэзіна, пазней на р. Друць. Перад бітвай рус. войска пераправілася на левы бераг Дняпра і стала паміж Оршай і Дуброўнам на р. Крапіўна. Частка конніцы князя Астрожскага без страт пераправілася цераз Дняпро. Вышэй па цячэнні па наплаўным мосце раку перайшлі пяхота, конніца і артылерыя. Астрожскі павёў войска ў атаку на палкі Булгакава-Голіцы. Чаляднін у бой не ўступіў, а калі ўдар абрынуўся на яго палкі, то ад бою ўхіліўся Булгакаў-Голіца. Пад выглядам адступлення Астрожскі ўцягнуў праціўніка ў пагоню і вывеў яго пад агонь сваіх замаскіраваных гармат. Пасля гэтага ён зноў нанёс удар па палках Булгакава-Голіцы, якія былі разбіты і часткова трапілі ў палон. Былі разгромлены і палкі Чалядніна. У рус. войску пачалася паніка. Многія з уцекачоў загінулі ў Дняпры і Крапіўне. Паводле летапісаў і звестак рускіх гісторыкаў, рус. войска страціла 40 тыс. чал. У палон трапілі Булгакаў-Голіца, Чаляднін і яшчэ 8 ваявод, 17 інш. военачальнікаў, 2 тыс. «дзяцей баярскіх» і больш за 2 тыс. воінаў. Пераможцам раздалі 20 тыс. трафейных коней і палавіну абозу. Аршанская бітва — адна з буйнейшых бітваў на тэр. Еўропы ў пач. 16 ст. Перамога ў ёй дала магчымасць вярнуць Дуброўну, Мсціслаў і Крычаў. Смаленск узяць не ўдалося, аднак пасля бітвы да 1518 не адбывалася ўварванняў маск. войскаў на Беларусь. Пра бітву была складзена бел. песня, якая праслаўляла кн. Астрожскага, на тэму Аршанскай бітвы ў 1520—30-я г. напісана батальная карціна (аўтар невядомы, зберагаецца ў Нац. музеі ў Варшаве) — першая ва Усх. Еўропе.

Літ.:

Грыцкевіч А., Трусаў А. Бітва пад Оршай // Мастацтва Беларусі. 1990. № 8;

Военная энциклопедия. Пг., 1914. Т. 17. С. 186—187;

Грыцкевіч А. Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г. // Спадчына. 1992. № 6;

Зимин А.А. Россия на пороге нового времени. М., 1972. С. 166—167;

Zarys dziejów wojskowosci polskiej do roku 1864. Warszawa, 1965 Т. 1. S. 333—336. Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi. Warszawa, 1846. Т. 2. S. 378—384.

А.​П.​Грыцкевіч.

Аршанская бітва 1514. Гравюра 16 ст.

т. 1, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБРАЛТА́Р (Gibraltar),

уладанне Вялікабрытаніі на Пд Пірэнейскага п-ва, каля Гібралтарскага праліва. Нейтральнай зонай аддзелены ад ісп. г. Ла-Лінеа. Важны стратэг. пункт на Міжземным м. Пл. 6,5 км². Нас. 32 тыс. чал. (1993). Большасць насельніцтва гібралтарцы — нашчадкі іспанцаў, англічан, мальтыйцаў і інш. Афіц. мова — англійская, пашырана таксама іспанская. Паводле веравызнання 77% католікаў, па 7% мусульман і англікан. Каля паловы насельніцтва занята ў гандлі і абслуговых галінах. Гібралтар складаецца са скалы (выш. да 425 м) і пясчанага перашыйка, які злучае іх з паўвостравам. Прырода і клімат міжземнаморскія. Гаспадарка звязана пераважна з абслугоўваннем ваенна-марской і ваенна-паветр. баз Вялікабрытаніі, транзітнага порта (заходзіць каля 3 тыс. суднаў за год). Рээкспартны гандаль, увоз нафтапрадуктаў, харч. тавараў, прэснай вады. Замежны турызм (штогод 4,2—5 млн. чал.). Суднарамонтныя верфі. Швейныя ф-кі, з-ды па вытв-сці піва і мінер. вады, каваапрацоўчыя, тытунёвыя, рыбакансервавыя, алейныя прадпрыемствы. Асн. гандл. партнёры Вялікабрытанія, Іспанія, Данія, Японія. Грашовая адзінка — гібралтарскі фунт стэрлінгаў.

Гісторыя. Пасяленні чалавека на тэр. Гібралтара існавалі са стараж. часоў. Гібралтар быў вядомы стараж. грэкам і рымлянам пад назвай Кальпе, адзін з Геркулесавых слупоў. У пач. 8 ст. араб. палкаводзец Тарык ібн Сеід пабудаваў тут крэпасць Джэбель-ат-Тарык (гара Тарыка). Пазней крэпасць сталі называць Гібралтар, у 1160 побач з ёю ўзнік араба-маўрытанскі горад. У 1309—33 крэпасцю валодалі іспанцы, потым мараканцы, якія пабудавалі яшчэ больш магутныя ўмацаванні (частка іх захавалася да нашага часу). У 1462 Гібралтар зноў захоплены іспанцамі. У час вайны за ісп. спадчыну ў 1704 аб’яднаная англа-галандская эскадра пад камандаваннем англ. адмірала Дж.​Рока захапіла Гібралтар. Паводле Утрэхцкага міру 1713 Гібралтар замацаваны за Вялікабрытаніяй і стаў яе ваен.-марской базай. У 18 ст. Іспанія неаднойчы спрабавала рознымі спосабамі вярнуць Гібралтар. Самая працяглая 4-гадовая яго аблога (1779—83) скончылася няўдачай. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 зноў прызнаны ўладаннем Вялікабрытаніі, у 1830 абвешчаны брыт. калоніяй. Значэнне Гібралтара вырасла пасля адкрыцця ў 1869 Суэцкага канала. У 1907 Вялікабрытанія, Францыя, Іспанія заключылі пагадненне аб захаванні ў Гібралтарскім праліве статус-кво. У 2-ю сусв. вайну ўсё грамадз. насельніцтва Гібралтара эвакуіравана ў Вялікабрытанію (пасля вайны вярнулася). Іспанія зноў заявіла аб сваім праве на Гібралтар, у 1966 яна аб’явіла блакаду Гібралтара, спыніла ўсе яго зносіны з мацерыком.

У маі 1969 прынята новая канстытуцыя Гібралтара, якая ўвяла мясц. самакіраванне, 30.7.1969 адбыліся першыя выбары ў мясц. Асамблею, сфарміраваны ўрад. Заканад. ўлада ў Гібралтары належаць губернатару, якога прызначае брыт. манарх, і палаце сходу. У 1975 (пасля смерці дыктатара Ф.Франка) Іспанія змякчыла свае пазіцыі — адмяніла абмежаванні на ўезд і выезд з Гібралтара, аднавіла тэлеф. сувязь і інш. У 1980 падпісана Лісабонскае пагадненне аб статусе Гібралтара. Аднак паміж Вялікабрытаніяй і Іспаніяй працягваецца саперніцтва за Гібралтар. У 1984 падпісана ісп.-брыт. дэкларацыя аб пачатку перагавораў па ўрэгуляванні праблемы Гібралтара. Адкрыццё ў 1985 сухапутнай граніцы аслабіла напружанне ў адносінах паміж гэтымі краінамі. У 1991 Гібралтар пакінулі апошнія часці брыт. сухапутных войск, засталіся толькі падраздзяленні ВМС і ВПС. На парламенцкіх выбарах у 1992 перамагла кіруючая Сацыяліст. партыя працы.

В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

т. 5, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ДРА́МЫ І КАМЕ́ДЫІ імя В.​І.​Дуніна-Марцінкевіча.

Створаны ў 1970 у Бабруйску з выпускнікоў Бел. тэатр.-маст. ін-та (курс Б.​Платонава і В.​Рэдліх) і акцёраў інш. т-раў (часткова Магілёўскага абл. т-ра муз. камедыі), у 1975 трупа значна абноўлена. У 1977 прысвоена імя В.​Дуніна-Марцінкевіча. У першыя гады т-р арыентаваўся на распрацоўку героіка-патрыят. праблематыкі: «Хлопец з нашага горада» К.​Сіманава, «Трыбунал» А.​Макаёнка, «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева і інш. Паступова асн. месца ў рэпертуары занялі пастаноўкі п’ес на сучасную тэматыку: «Адны без анёлаў» Л.​Жухавіцкага, «Птушкі нашай маладосці» І.​Друцэ, «Палын» М.​Варфаламеева, «Энергічныя людзі» В.​Шукшына і інш. Значнага поспеху т-р дасягнуў пры пастаноўцы інсцэніровак празаічных твораў: «Бераг» Ю.​Бондарава, «Апошні тэрмін» В.​Распуціна, «Лесвіца ў неба» М.​Слуцкіса. Традыцыйнымі для яго сталі пастаноўкі рус. і замежнай класікі: «Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага, «Даходнае месца», «Свае людзі — паладзім» А.​Астроўскага, «Ветрык, вей!» Я.​Райніса, «Дзікун» Вальтэра, «Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра, а таксама сучаснай замежнай драматургіі: «Сола для гадзінніка з боем» А.​Заградніка, «Каханне пад вязамі» Ю.​О’Ніла, «Эмігранты» С.​Мрожака, «Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.​Патрыка, «Вязень 2-й авеню» Н.​Саймана. Асаблівая ўвага аддаецца падзеям, звязаным з гісторыяй горада і творчасцю Дуніна-Марцінкевіча: «Правілы гонару» В.​Бабровіча, «Камедыянт, альбо Узнёсласць сумнае надзеі» А.​Асташонка, «Пінская шляхта» і «Залёты» Дуніна-Марцінкевіча, «Вечар у Люцынцы» паводле твораў Дуніна-Марцінкевіча. У 1990-я г. ў рэпертуары: «Прымакі» Я.​Купалы, «Мікітаў лапаць» М.​Чарота, «Беларускія вадэвілі» («Два жаніхі» М.​Гарэцкага, «Збянтэжаны Саўка» Л.​Родзевіча), «Калізей» М.​Матукоўскага, «Чорная панна» А.​Дударава, «Паўночны аўкцыён» і «Султан Брунея» А.​Дзялендзіка, «Чорт у рабрыну» М.​Манохіна, «Русалка» А.​Пушкіна і інш. Найб. плённыя перыяды ў творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў В.​Каралько, Ф.​Пуховіча, М.​Кавальчыка, Г.​Несцера. У розны час у т-ры працавалі: засл. артысты Беларусі Б.​Баеў, Н.​Калаптур, П.​Масцераў, В.​Філатаў, Л.​Федчанка. Гал. рэжысёр С.​Паляшчанаў (з 1999), гал. мастак В.​Навакоўскі (з 1989).

Будынак т-ра ў Бабруйску ўзведзены ў 1978 (арх. В.​Крамарэнка) на аснове рэканструкцыі Дома культуры (1927—30, арх. А.​Оль). Гал. фасад вырашаны ў выглядзе своеасаблівага порціка з вертыкальнымі рэбрамі і вял. паверхняй зашклення. На глухіх сценах бакавых фасадаў рэльефныя кампазіцыі на тэмы мастацтва Па восі будынка размешчаны вестыбюль, фае, глядзельная зала на 700 месцаў з балконам і развітая сцэнічная група памяшканняў, у бакавых аб’ёмах — гардэробы, кулуары, буфеты. Памяшканні для абслугоўвання гледачоў ссунуты на паўпаверха адзін адносна аднаго і злучаны адкрытымі лесвіцамі. У дэкоры фасадаў выкарыстаны вапняк і паліраванае шкло, інтэр’ераў — туф, розныя пароды дрэва, маст. шкло; у афармленні інтэр’ераў удзельнічалі Б.​Папоў, М.​Пірагоў, маст. В.​Ананьеў, М.​Макашвілі.

А.​В.​Спрынчан, А.​А.​Воінаў (архітэктура).

Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.​І.​Дуніна-Марцінкевіча. Сцэна са спектакля «Султан Брунея».
Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.​І.​Дуніна-Марцінкевіча. Сцэна са спектакля «Пінская шляхта».

т. 9, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)