КАМІСА́Р (франц. commissaire ад сярэднелац. commissarius упаўнаважаны),
1) у ВКЛ член камісіі, прызначанай вял. князем, радай або сеймам для разгляду судовай справы або для выканання пэўнага даручэння (гл.Камісарскі суд).
2) Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай 1772 К. — службовая асоба, якая ўзначальвала мясц. адміністрацыю ў Пскоўскай і Магілёўскай губ. Выконваў паліцэйскія функцыі. Пры К. стваралася камісарская ўправа.
3) У СССР і БССР у 1917—46, да ўтварэння мін-ваў, назва члена ўрада (народны К.), які ўзначальваў наркамат (народны камісарыят).
4) 3 1918 у Чырв. Арміі ваенны К. — прадстаўнік кампартыі ў часцях (на караблях), установах, злучэннях. Кантраляваў дзеянні камандзіраў, займаўся паліт. і выхаваўчай дзейнасцю. Інстытут ваенных К. існаваў да 1925—28, потым у 1937—40, у Вял.Айч.вайну з 16.7.1941 да 9.10.1942. У Беларусі ваенныя К. існавалі ў партыз. фарміраваннях. Упершыню яны прызначаны 16.7.1941 Віцебскім і 23.7.1941 Палескім абкомамі КП(б)Б у тыя партыз. атрады, якія фарміраваліся на неакупіраванай тэр. рэспублікі. У тыле ворага прызначаліся падп. органамі КП(б)Б. У кастр. 1942 скасаваны (як і ў Чырв. Арміі), але ў студз. 1943 адноўлены па патрабаванні Цэнтр. штаба партыз. руху і ўказанні ЦКВКП(б).
5) У Рэспубліцы Беларусь і некат. інш. краінах ваенны К. — асоба, што ўзначальвае ваенны камісарыят (ваенкамат), орган мясц.ваен. кіравання.
6) У некат. краінах службовая асоба з адм. або паліцэйскімі функцыямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУЦЫ́НЫ (італьян. cappuccino ад cappuccio капюшон),
каталіцкі манаскі ордэн. Засн. ў Італіі ў 1525 як адна з трох галін ордэна францысканцаў. Заснавальнік Матэо Серафіні з Баскіо імкнуўся надаць ордэну характар аскетызму часоў св. Францыска Асізскага (13 ст.), пашырыць уплыў на ніжэйшыя слаі грамадства. У 1619 папа Павел V зацвердзіў ордэн як самастойны. У апошняй чвэрці 16 ст. К. распаўсюдзіліся ў Францыі, Іспаніі, Швейцарыі, у 17 ст. праніклі ў Бразілію, Цэнтр. Амерыку, Індыю і інш. У адрозненне ад адукаваных езуітаў К. вялі місіянерскую дзейнасць сярод простага люду, іх называлі пралетарыямі сярод манахаў. У ВКЛ яны аселі ў Любяшове (1756, цяпер Валынская вобл. Украіны) і Юравічах (1781, цяпер Калінкавіцкі р-н Гомельскай вобл.). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай з канца 18 ст. дзейнасць К. у Рас. імперыі стала затухаць, у 1888 іх кляштары зачынены. Жаночая галіна ордэна — капуцынкі — засн. ў 1538. Іх кляштары былі ў Германіі, Швейцарыі, Перу. У 2-ю сусв.вайну ордэн моцна пацярпеў, але аднавіўся. У 1965 у свеце былі 93 адм.-тэр. адзінкі К. (правінцыі, віцэ-правінцыі і інш.). З 1940 у Рыме дзейнічае Гістарычны ін-т, які даследуе гісторыю францысканцаў, у т. л. К.; з 1931 выдаецца квартальнік «Collectanea Franciscana» («Францысканскія зборнікі»).
Літ.:
Dydycz A.P. Dzieje zakonu braci mniejszych Kapucynów na Litwie (1756—1993). Rzym, 1994;
Kdscioł katolicki w Polsce 1918—1990: Rocznik statysiyczny. Warszawa, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ БОЙ 1812 Адбыўся 27.7.1812 у г. Кобрын і яго наваколлі паміж рус. дывізіямі К.В.Ламберта і Я.І.Чапліца і атрадам саксонскага корпуса Ж.Л.Рэнье ў вайну 1812. Камандуючы 3-й Зах. арміяй А.П.Тармасаў атрымаў заданне выступіць на Брэст, Кобрын і Пружаны і дзейнічаць у тыле франц. арміі, 17 ліп. ён загадаў Ламберту і А.Р.Шчарбатаву рухацца на Брэст, а потым павярнуць на Кобрын, куды з Ковеля павінны былі падысці асн. сілы арміі. Каб адцягнуць частку саксонскіх войск ад Кобрына, асобы атрад ген. А.П.Мелісіна павінен быў рухацца да Пінска. 25 ліп. атрад Шчарбатава заняў Брэст, злучыўся з дывізіяй Ламберта, і раніцай 27 ліп. яны падышлі да Кобрына. Пасля падыходу перадавога атрада 3-й арміі на чале з Чапліцам пачаўся агульны штурм Кобрына. У выніку 9-гадзіннага бою саксонцы адступілі з горада і здаліся. Было забіта каля 2 тыс. саксонцаў, узяты ў палон 2 генералы, 76 афіцэраў, 2382 чал. ніжніх чыноў; страты рускіх склалі 77 чал. забітымі і 182 параненымі. К.б. быў першай перамогай рус. войск з пачатку вайны. У выніку французы павінны былі трымаць супраць арміі Тармасава значныя сілы, што адмоўна паўплывала на армію Напалеона ў час яе адступлення ад Масквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСЬ,
гарадскі пасёлак у Аршанскім р-не Віцебскай вобл., на левым беразе р. Дняпро. Каля аўтадарогі Орша—Магілёў. Чыг. ст. на лініі Орша—Магілёў. За 30 км на Пд ад Оршы, 110 км ад Віцебска. 1,2 тыс.ж. (1998).
Упершыню згадваецца ў Ніканаўскім летапісе пад 1059. У 11 ст. невял. ўмацаванае паселішча на ўсх. мяжы Полацкага княства. У 1116 К. адышла да Смаленскага княства. З сярэдзіны 14 ст. К. з воласцю — велікакняжацкае ўладанне ў Віцебскім ваяв.ВКЛ. У 14—18 ст. існаваў Копыскі замак. З канца 15 ст. выраблялася копыская кафля, з 16 ст. — копыская кераміка. З 19 ст. дзейнічалі копыскія кафляныя прадпрыемствы. У розны час К. належала кн. Астрожскім, Радзівілам. Паводле некат. звестак, мела магдэбургскае права. З 1772 К. у складзе Рас. імперыі, горад, цэнтр Копыскага павета. 16.8.1781 зацверджаны герб К.: у зялёным полі выява чорнага зайца. З 1796 заштатны горад, з 1802 цэнтр павета, з 1861 заштатны горад Горацкага пав. У 1897 у К. 3384 ж. У 1924—31 цэнтр Копыскага раёна, з 1931 у Аршанскім р-не. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч.вайну дзейнічала Копыскае патрыятычнае падполле. У 1970 у К. 1555 ж.
Кафляны цэх Аршанскага вытв. аб’яднання «Оршабудматэрыялы», цэнтр па вырабе маст. керамікі. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнікі археалогіі — замчышча Пятроўскі вал, селішча Пасадскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РСУНЬ-ШАЎЧЭ́НКАЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальныя дзеянні 1-га (камандуючы ген. арміі М.Ф.Ватуцін) і 2-га (ген. арміі І.С.Конеў) Украінскіх франтоў у раёне г. Корсунь (цяпер г. Корсунь-Шаўчэнкаўскі Чаркаскай вобл., Украіна) 24.1—17.2.1944 у Вял.Айч.вайну. Мела на мэце сустрэчным ударам двух франтоў акружыць і ліквідаваць групоўку ням.-фаш. войск са складу 1-й танк. і 8-й ням. армій групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.Манштэйн), якая ўтрымлівала Корсунь-Шаўчэнкаўскі выступ і пагражала флангам 1-га і 2-га Укр. франтоў. У праціўніка было 170 тыс.чал., 2600 гармат і мінамётаў, 310 танкаў і штурмавых гармат, 1000 баявых самалётаў; сав. камандаванне на гал. напрамках удараў стварыла перавагу па колькасці войск у 1,7, па артылерыі ў 2,4, па танках і самаходных артыл. устаноўках у 2,6 раза. Войскі 2-га Укр. фронту перайшлі ў наступленне 24, 1-га Укр. фронту — 26 студзеня. Прарваўшы абарону праціўніка, яны злучыліся 28 студз. ў раёне Звенігародкі, стварылі знешні і ўнутраны франты акружэння, адбілі варожыя контратакі і контрудары, потым расчлянілі ням. групоўку і 17 лют. ліквідавалі яе. Праціўнік страціў больш за 73 тыс. салдат і афіцэраў, у т. л. 18,2 тыс. палоннымі; пацярпелі паражэнне яшчэ 15 дывізій, якія прарываліся на дапамогу акружаным ням.-фаш. войскам. К.-Ш.а. стварыла спрыяльныя ўмовы для вызвалення Правабярэжнай Украіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБАНО́К (Уладзімір Елісеевіч) (3.7.1907, в. Востраў Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 4.11.1984),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч.вайну, дзярж. і парт. дзеяч. Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў БСГА (1931), ВПШ пры ЦККПСС (1956). З 1941 1-ы сакратар Лепельскага райкома КП(б)Б. Са жн. 1941 да чэрв. 1944 1-ы сакратар Лепельскага падп. райкома КП(б)Б, адначасова з сак. 1942 камандзір партыз. атрада № 68, са жн. 1942 камісар партыз. брыгады Чашніцкай «Дубава», з ліп. 1943 камандзір партыз. брыгады Лепельскай імя Сталіна. У снеж. 1943 узначаліў аператыўную групу ЦККП(б)Б і БШПР па Полацка-Лепельскай партызанскай зоне. З 1944 у апараце ЦККПБ, старшыня Полацкага і Гомельскага аблвыканкомаў, 1-ы сакратар Палескага, Віцебскага абкомаў КПБ. З 1962 1-ы нам. Старшыні СМБССР, міністр вытворчасці і нарыхтовак с.-г. прадуктаў БССР. З 1974 нам. Старшыні Прэзідыума Вярх. Савета БССР. Чл.Цэнтр.рэвіз. камісіі КПСС у 1961—76. Чл.ЦККПБ з 1949, канд. у чл. Бюро ЦККПБ з 1962 і з 1976, чл. Бюро ЦККПБ у 1966—76. Дэп. Вярх. СаветаСССР з 1946, БССР у 1951—55 і з 1963. Нам. Старшыні Савета Нацыянальнасцей Вярх. Савета СССР у 1968—74. Аўтар кніг «У баях за Радзіму» (3-е выд., 1964), «Партызаны прымаюць бой» (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЙСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ.
Створаны ў 1-й пал. 19 ст. ў г. Лагойск Мінскай вобл.Палац узведзены ў 1815 у стылі ампір графам П.Тышкевічам на месцы стараж. замчышча і драўлянага замка Чартарыйскіх (знішчаны татарамі ў 1505), потым — мураванага замка Тышкевічаў (разбураны шведамі ў 1706). Уяўляў сабой 1-павярховы прамавугольны ў плане выцягнуты па фронце аб’ём, вылучаны па цэнтры гал. фасада на выш. 2 паверхаў 12-калонным порцікам са ступеньчатым атыкам. Па баках фланкіраваўся 2-павярховымі 1-восевымі павільёнамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. Па цэнтры тыльнага фасада выступаў 2-павярховы паўкруглы 6-калонны эркер, накрыты сферычным купалам. У 2 залах палаца размяшчаўся музейны археал.-маст. збор братоў К. і Я.Тышкевічаў, асобная зала была адведзена пад б-ку (каля 10 тыс. тамоў). Разбураны ў Вял.Айч.вайну, засталіся руіны. Парк пейзажнага тыпу высаджаны ўздоўж правага берага р. Гайна. Пл. 10 га. Перад палацам быў створаны круглы партэр з кветкавымі клумбамі і рабатамі, пасаджаны пладовы сад. З тыльнай тэрасы палаца адкрываўся від на больш нізкую пейзажную частку парку з сажалкай і «зялёнай» тапалёвай альтанкай каля яе, рэшткі замкавых умацаванняў. Праз парк працякаў ручай з мураваным арачным мастком, каля якога быў дом вартаўніка. Курціны фарміраваліся таполяй белай, ясенем, дубам і інш. дрэвамі мясц. парод.
А.М.Кулагін.
Лагойскі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Н.Орды. Сярэдзіна 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРАНЁЎ (Барыс Андрэевіч) (17.7. 1891, г. Херсон, Украіна — 7.1.1959),
расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1915). Дэбютаваў у 1911 вершамі, у якіх адчуваўся ўплыў эгафутурызму. Раннія апавяданні і аповесці «Вецер», «Сорак першы» (абедзве 1924; паводле апошняй аднайм. кінафільмы 1927 і 1956), «Апавяданне пра простую рэч» (1925) прысвечаны падзеям Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны, якія пададзены ў лірыка-паэтычным стылі, рамантызавана. Тэма рус. інтэлігенцыі ў аповесцях «Сёмы спадарожнік» (1927), «Гравюра на дрэве» (1928). Адзін з пачынальнікаў сав.гіст.-рэв. драмы («Разлом», нап. 1927; паст. т-рам імя Я.Коласа 1928, Дзярж.рус.драм. т-рам Беларусі 1951). П’есы «Песня аб чарнаморцах» (1943), «За тых, хто ў моры!» (1945; паст. т-рам імя Я.Купалы 1947) пра гераізм народа ў Вял.Айч.вайну. Аўтар раманаў «Крушэнне рэспублікі Ітль» (1925), «Буйное жыццё» (1927), «Сіняе і белае» (1933), аповесцей «Свет у шклечку» (1928), «Стратэгічная памылка» (1934), «Чарцёж Архімеда» (1937), зб. апавяданняў «Людзі простага сэрца» (1943), паліт. драмы «Голас Амерыкі» (1949; паст. т-рам імя Я.Купалы 1950), навел, памфлетаў, фельетонаў і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.Каваль, Г.Шаранговіч, Т.Гарэлікава. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1950.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1995;
Бессменная вахта: Неизданная публицистика. М., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ХВА,
вёска ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Смердзь, на аўтадарозе Лунінец—Мікашэвічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на У ад г. Лунінец, 265 км ад Брэста, 2 км ад чыг. ст. Лахва. 1620 ж., 724 двары (199 8).
У 16 ст. ў Навагрудскім пав.ВКЛ. Належала вял. князям, потым Кішкам, Радзівілам, Вітгенштэйнам. З 17 ст. мястэчка, непадалёку існаваў сядзібны комплекс. У пач. 18 ст. ў Л. пабудаваны палац, у 1746 — мураваны Троіцкі касцёл (не збярогся). З 1793 у Рас. імперыі. У пач. 19 ст. працавалі ф-кі па вырабе плеценай мэблі. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Мазырскага пав. Мінскай губ., 892 ж., 112 двароў, школа, 2 царквы, капліца, 2 сінагогі, 2 крамы. З 1921 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Лунінецкага р-на. У Вял.Айч.вайнуням.-фаш. захопнікі загубілі 437 ж., спалілі 168 двароў. Вясной 1942 фашысты стварылі ў Л. гета, куды было сагнана больш за 2500 яўрэяў з Л., навакольных мястэчак і вёсак. 3.9.1942 у час знішчэння гета адбылося паўстанне, у выніку якога каля 600 чал. выратавалася. У 1972—2374 ж., 675 двароў.
Нафтабаза, рыбгас. Дзіцячы санаторый. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магілы ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Прачысценская царква (1880-я г.). За 2 км на Пд ад вёскі селішча жал. веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІНА,
вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл., каля р. Морач, на аўтадарозе Слуцк—Капыль. Да 1921 наз. Раманава. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 26 км на З ад г. Слуцк, 131 км ад Мінска, 4 км ад чыг. ст. Морач. 505 ж., 213 двароў (1999).
Вядома з сярэдзіны 16 ст., уласнасць князёў Слуцкіх, у 1612—18 ст. — Радзівілаў. З 1638 мястэчка, 247 двароў, царква, 2 шпіталі, карчма. Моцна разбурана ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1718 атрымала прывілей на штогадовы кірмаш. З 1793 у Рас. імперыі. 14.7.1812 каля мястэчка адбыўся бой казацкага корпуса ген. М.І.Платава з напалеонаўскімі войскамі Жэрома Банапарта і кн. Ю.Панятоўскага. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Слуцкага пав. Мінскай губ. У 1897 у Л. 1552 ж., 239 двароў, 2-класнае вучылішча, жаночая школа, 2 царквы, 2 капліцы, 2 яўр малітоўныя дамы, 9 крам, карчма. З 1924 цэнтр сельсавета Слуцкага р-на. У 1926 сяло, 1136 ж., 257 двароў, у 1972—676 ж., 230 двароў Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч.вайну. Помнік на месцы бою 1812. На паўн. ускраіне вёскі гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі і перыяду Кіеўскай Русі. За 2 км на З ад вёскі магіла ахвяр фашызму. Радзіма кампазітара У.В.Тэраўскага.