МАГНЕТАХІ́МІЯ,

раздзел фізічнай хіміі, які вывучае залежнасць паміж магн. ўласцівасцямі рэчываў і іх будовай.

Асн. ўласцівасць, якая вымяраецца ў М. — магнітная ўспрыімлівасць. Звычайна яе вызначаюць па змене вагі ўзору рэчыва ў магн. полі, пры гэтым карыстаюцца метадамі, прапанаванымі англ. вучоным М.​Фарадэем і швейц. хімікам Ф.​Гюі. Для дыямагнітных рэчываў, пераважна арган. злучэнняў, элементы будовы малекул выводзяцца, зыходзячы з адытыўнай схемы франц. фізікахіміка П.​Паскаля (1910), згодна з якой малекулярная магн. ўспрыімлівасць роўная суме ўспрыімлівасцей асобных атамаў, што ўваходзяць у састаў малекулы, з папраўкай на характар хім. сувязі паміж імі. Пры даследаванні парамагн. рэчываў (напр., комплексаў пераходных металаў, атамных кластараў) супастаўляюць эксперым. і тэарэт. значэнні магнітных момантаў ці аналізуюць іх залежнасць ад т-ры, што дазваляе меркаваць аб ступені акіслення металу, прыродзе ўзаемадзеянняў унутры комплексу і комплексу з часціцамі, якія яго акружаюць, аб прасторавай структуры і сіметрыі крышт. поля, наяўнасці фера- і антыферамагн. узаемадзеянняў у шмат’ядз. утварэннях. У М. класічныя метады даследаванняў спалучаюцца з магнітарэзананснымі метадамі (гл. Электронны парамагнітны рэзананс, Ядзерны магнітны рэзананс). Новы кірунак у М. — вывучэнне непасрэднага ўплыву магн. поля на хім. раўнавагу, кінетыку і механізм хім, рэакцый. Метады М. выкарыстоўваюцца ў аналіт. практыцы, напр., для выяўлення прымесей ферамагн. рэчываў у колькасцях, недаступных для вызначэння інш. метадамі.

Літ.:

Калинников В.Т. Ракитин Ю.В. Введение в магнетохимию. М., 1980;

Карлин Р.Л. Магнетохимия: Пер. с англ. М., 1989.

В.​Н.​Макатун.

т. 9, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТО́МЕТР (ад магніт + ...метр),

прылада для вымярэння параметраў магн. поля і яго напружанасці, напрамку, градыента і інш. М. наз. таксама вымяральныя блокі ўстановак для вызначэння магн. параметраў матэрыялаў. Паводле прынцыпу дзеяння М. падзяляюцца на магнітастатычныя, электрамагн., індукцыйныя, квантавыя, у т. л. звышправодныя; паводле прызначэння — на палямеры, вымяральнікі магн. індукцыі, градыентаметры, інклінатары, флюксметры.

Магнітастатычныя М. заснаваны на ўзаемадзеянні пастаяннага магніта (магн. стрэлкі) са знешнім магн. полем, якое вымяраецца; эл.-магн. — на параўнанні магн. поля, якое даследуецца, з магн. полем эл. току ў шпулі; індукцыйныя — на з’яве электрамагнітнай індукцыі (на ўзнікненні эрс у вымяральнай шпулі пры зменах магн. патоку, што яе пранізвае); квантавыя — на выкарыстанні фіз. з’яў, што адбываюцца пры ўзаемадзеянні магн. момантаў ансамбляў мікрачасціц рэчыва са знешнім магн. полем, якое вымяраецца; звышправодныя — на Джозефсана эфекце. З дапамогай М. вымяраюць магнітнае пале Зямлі і інш. планет, вывучаюць магн. анамаліі, шукаюць карысныя выкапні, вызначаюць уласцівасці магн. матэрыялаў і г.д.

Літ.:

Средства измерений параметров магнитного поля. Л., 1979;

Бондаренко С.И., Шеремет В.И. Применение сверхпроводимости в магнитных измерениях. Л., 1982.

Схема магнітометра — цесламера з аптычнай напампоўкай: 1 — камера з рабочым рэчывам; 2 — паляроід; 3 — крыніца выпрамянення з зададзеным спектральным саставам; 4 — генератар узбуджэння; 5 — фотадэтэктар; 6 — узмацняльнік; 7 — сінхронны дэтэктар; 8 — мадуляцыйны генератар; 9 — высокачастотны генератар; 10 — частатамер; B — магнітнае поле, што вымяраецца; Rac — рэзістар у ланцугу адваротнай сувязі.

М.​А.​Мяльгуй.

т. 9, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВІГАЦЫ́ЙНЫ КО́МПЛЕКС,

сукупнасць бартавых навігацыйных прылад і апаратуры прыёму сігналаў ад навігацыйных сістэм, прызначаных для судна- і самалётаваджэння, эфектыўнага выкарыстання зброі ваен. лятальных апаратаў (ЛА) і караблёў. Аб’яднанне навігацыйных сістэм і прылад рознага прызначэння ў адзіны Н.к. робіцца з дапамогай ЭВМ, што павышае дакладнасць і надзейнасць іх работы, аўтаматызуе рашэнне навігацыйных задач. Н.к. — асн. тэхн. сродак навігацыі паветранай і марской навігацыі.

Выкарыстоўваюцца з канца 1950-х г. у сувязі са з’яўленнем ракетна-ядз. зброі. У 1970-я г. атрымалі пашырэнне аўтаматызаваныя Н.к., у склад якіх уваходзяць: інерцыяльная навігацыйная апаратура, інфармацыйна-вымяральныя прылады, спец. ЭВМ з выліч. і праграмнымі прыстасаваннямі, сродкі карэкцыі работы апаратуры, органы кіравання, прыстасаванні індыкацыі, трансляцыі і кантролю. Інфармацыйна-вымяральныя прылады даюць значэнні курсу, скорасці, пройдзенай адлегласці, вугла зносу (адхілення), вышыні палёту (глыбіні), вуглы крэну і тангажу (бартавой і кілевай гайданкі) і інш.; выліч. прыстасаванне аўтаматычна вызначае каардынаты аб’екта, робіць іх карэкцыю, улічвае уплыў ветру і цячэння, вызначае параметры манеўра і даныя для выкарыстання зброі; праграмнае прыстасаванне захоўвае навігацыйную інфармацыю, напр., каардынаты наземных станцый радыёнавігацыйных сістэм. У якасці сродкаў карэкцыі Н.к. выкарыстоўваюцца радыёнавігацыйныя сістэмы, бартавыя радыёлакацыйныя станцыі, астр., астранавігацыйныя і гідраакустычныя сістэмы. Спалучэнне Н.к. з аўтапілотам (пуцявым аўтаматам, аўтарулявым) забяспечвае паўаўтам. або аўтам. кіраванне ЛА (караблём) па зададзеным шляху, выкананне манеўраў і інш. У ваен. авіяцыі для навігацыі і выкарыстання зброі выкарыстоўваюць прыцэльна-навігацыйныя сістэмы.

В.​В.​Латушкін, П.​М.​Шумскі.

т. 11, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́БЕЛЕЎСКІЯ ПРЭ́МІІ,

прэстыжныя міжнар. ўзнагароды. названыя ў гонар іх заснавальніка А.Б.Нобеля. Прысуджаюцца штогод з 1901 са сродкаў Нобелеўскага фонду за дасягненні ў галіне фізікі, хіміі, медыцыны і фізіялогіі, л-ры, дзейнасць па ўмацаванні міру, з 1969 і па эканоміцы. Паводле завяшчання Нобеля. прысуджэнне прэмій ускладзена на Каралеўскую Швед. АН (па фізіцы і хіміі), Каралінскі медыка-хірург. ін-т у Стакгольме (па фізіялогіі і медыцыне), Швед. акадэмію ў Стакгольме (па л-ры) і спец. к-т з 5 чал. нарв. парламента (прэміі міру). У 1969 у сувязі са сваім 300-годдзем Швед. дзярж. банк заснаваў таксама штогадовую прэмію памяці Нобеля па эканоміцы. Н.п. складаюцца з залатога медаля з выявай А.​Нобеля, дыплома і чэка на вызначаную Нобелеўскім фондам грашовую суму (у 1996 памер прэміі дасягнуў 7,4 млн. швед. крон). Урачыстая цырымонія ўручэння Н.п. адбываецца ў дзень смерці Нобеля (10 снеж.); іх, як правіла, уручаюць нарв. кароль у Осла (прэміі міру) і швед. кароль у Стакгольме (астатнія прэміі). Лаўрэаты абавязаны на працягу 6 месяцаў пасля атрымання прэміі выступіць з т.зв. Нобелеўскай лекцыяй (папулярная лекцыя па тэматыцы сваёй працы) у Стакгольме або Осла. Н.п., як правіла, не прысуджаюцца двойчы і пасмяротна. У 1901—91 іх атрымалі больш за 600 чал.

Літ.:

Лалаянц И.Э., Милованова Л.С. Нобелевские премии по медицине и физиологии. М., 1991;

Сульман Р. Завещание Альфреда Нобеля: История Нобелевских премий: Пер. с англ. М., 1993.

т. 11, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯГНЕ́ВІЧЫ,

вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад г. Навагрудак, 182 км ад Гродна, 43 км ад чыг. ст. Наваельня. 1140 ж., 419 двароў (2000).

Упершыню згадваецца ў 1401. У 1428 сяло Навагрудскай зямлі, уласнасць вял. кн. ВКЛ Вітаўта, якое ён падараваў у пажыццёвае ўладанне сваёй жонцы Ульяне Гальшанскай. З сярэдзіны 15 ст. да пач. 19 ст. належалі Радзівілам. У 1706 у Паўн. вайну 1700—21 спалены шведамі. У 1757 дамоў хрысціянскіх 67, яўрэйскіх 29, карчма. З 1795 у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. У 1809 Н. купіў граф А.​Храптовіч. З 1861 цэнтр воласці. У 1897 мястэчка, 575 ж., 90 двароў, 98 дамоў, нар. вучылішча, 2 царк.-прыходскія школы, 2 царквы, сінагога, яўр. малітоўны дом, хлебазапасны магазін, мяшчанская ўправа, 8 крам, сыраварня, карчма. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага пав., 406 ж., 53 жылыя будынкі. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Любчанскім раёне. У Вял. Айч. вайну 27.7.1942 ням.-фаш. захопнікі расстралялі 49 жыхароў вёскі. З 17.12.1956 у Навагрудскім р-не.

Агр. прадпрыемства імя А.​Міцкевіча. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. 2 брацкія магілы рас. салдат, якія загінулі ў 1-ю сусв. вайну. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (1853).

М.​Ф.​Спірыдонаў.

т. 11, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЯ́ЦЦЕ,

адна з асн. адзінак мысліцельнай дзейнасці, найвышэйшы ўзровень абагульнення; лагічная форма, з дапамогай якой будуюцца інш. формы мыслення (суджэнне, вывад). Бывае канкрэтным і абстрактным. Як прадукт і вынік пазнавальнай дзейнасці чалавека фарміруецца праз абстрагаванне, ідэалізацыю, параўнанне, абагульненне і вызначэнне; фіксуе паасобныя фрагменты быцця і цэласны свет. Паводле зместу П. аб’ектыўнае (у ім акумуляваны шматвяковы практычны вопыт чалавецтва); гібкае, рэлятыўнае, што вынікае з універсальнасці руху, прынцыпу ўсеагульнай сувязі і ўзаемаабумоўленасці з’яў; устойлівае (аб’ект дыялектычнай логікі); выступае ў якасці лагічных форм (аб’ект фармальнай логікі). У канчатковым выніку паняційная форма прыводзіць да тэорыі.

Тэрмін «П.» ўведзены стоікамі (3—2 ст. да н.э.). Паводле Зянона з Кітыёна, П. — спасцігнутае ўяўленне. Разгорнутая канцэпцыя П. змешчана ў творах Платона. Дэмакрыт звязваў П. з пачуццёвымі рэчамі, Платон лакалізаваў яго ў сферы мыслення і свеце ідэй, Арыстоцель развіў яго і прадставіў у выглядзе сістэмы П. У сярэднявеччы дыскусіі вакол прыроды П. праявіліся ў барацьбе наміналізму і рэалізму. У канцы 17 — пач. 18 ст. развівалася эмпірычная тэорыя П. (Дж.​Лок і інш.). Прадстаўнікі класічнай ням. філасофіі (І.​Кант. І.​Фіхтэ, Ф.​Шэлінг, асабліва Г.​Гегель) раскрылі супярэчлівы характар мыслення, паказалі абстрактнасць і канкрэтнасць П., яго арганічную цэльнасць і працэсуальнасць.

Літ.:

Ильенков Э.В. Философия и культура. М., 1991;

Гегель Г.В.Ф. Система наук. Ч. 1. Феноменология духа. СПб., 1994;

Риккерт Г. Границы естественнонаучного образования понятий: Логич. введение в ист. науки. СПб., 1997.

Т.​І.​Адула.

т. 12, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЎНА́ЛЬНАЯ МАРФАЛО́ГІЯ ЖЫВЁЛ,

комплекс навук, якія шляхам параўнання розных сістэматычных груп жывёл вывучаюць форму і будову іх цела і органаў у індывід. (антагенез) і гіст. (філагенез) развіцці з мэтай пабудовы натуральнай сістэмы жывёльнага свету. Выяўляе эвалюц. заканамернасці формаўтварэння (асабліва гомалагічных органаў), кірункі эвалюц. развіцця арганізмаў. Раскрывае прычыны і шляхі пераўтварэння органаў і арганізмаў у сувязі са зменай умоў існавання, растлумачвае наяўнасць анамалій развіцця і рудыментарных органаў, тэарэт. абгрунтоўвае біял. асновы клінічнай медыцыны, заатэхніі і інш. Уключае параўнальную анатомію жывёл, параўнальныя гісталогію, цыталогію, эмбрыялогію, паталаг. анатомію, функцыян. і экалагічную марфалогію. Цесна звязана з заалогіяй, сістэматыкай жывёл і інш. навукамі.

Асновы П.м. закладзены Арыстоцелем. Працы К.​Галена, А.​Везалія, У.​Гарвея, Леанарда да Вінчы сталі асновай сістэматыкі К.Лінея. У 18 ст. развіццё П.м. у працах Ж.Кюўе, Ж.Сент-Ілера, Ж.Б.Ламарка назапасіла матэрыял для стварэння эвалюц. тэорыі Ч.Дарвіна. У 19 ст. ням. біёлаг К.​Гегенбаўр увёў асн. паняцці П.м. — аналогію і гамалогію. У Расіі працы В.​А.​Догеля, М.А.Мензбіра, А.М.Северцава, І.І.Шмальгаўзена садзейнічалі стварэнню эвалюц. марфалогіі; А.А.Заварзіна, М.Р.Хлопіна — параўнальнай гісталогіі; К.М.Бэра, К.Ф.Вольфа, А.В.Іванова, А.А.Кавалеўскага, І.І.Мечнікава — параўнальнай эмбрыялогіі.

На Беларусі н.-д. работа па праблемах П.м. вядзецца ў ін-тах фізіялогіі і заалогіі Нац. АН Беларусі, БДУ, Мінскім мед. ін-це, Віцебскім мед. ун-це і інш. Значны ўклад зрабілі Д.​М.​Голуб, П.Я.Герке, С.І.Лябёдкін, П.А.Маўрадыядзі, М.Е.Макушок, М.П.Нікіценка, І.М.Сяржанін і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫ́ЙНЫЯ ШКО́ЛЫ ў СССР,

вышэйшыя навучальныя ўстановы Камуністычнай партыі Савецкага Саюза па падрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кіруючых парт. і сав. работнікаў. Бяруць пачатак ад парт. школы ў Ланжумо (каля Парыжа), што дзейнічала ў 1911. Пасля Кастр. рэвалюцыі 19.17 у Расіі і інш. сав. рэспубліках ствараліся розныя школы парт.-сав. вучобы. У 1918 — пач. 1930-х г. асн. формай парт. ВНУ былі камуніст. ун-ты (45 у 1931, у т. л. Камуніст. ун-т Беларусі), сярод якіх вядучае становішча займаў Камуніст. ун-т імя Я.​М.​Свярдлова ў Маскве (1919—32), пазней — вышэйшыя парт. школы (ВПШ) пры ЦК КПСС, ЦК кампартый саюзных рэспублік, крайкомах і абкомах партыі. З 1978 гал. парт. ВНУ і навук.-метадалагічным цэнтрам усёй сістэмы парт. адукацыі была Акадэмія грамадскіх навук пры ЦК КПСС, створаная на базе аднайм. акадэміі (1946—78) і Вышэйшай парт. школы (1939—78) пры ЦК КПСС. У 1980-я г. ў СССР дзейнічалі 15 рэсп. і міжабл. ВПШ (у т. л. Мінская вышэйшая партыйная школа) з тэрмінам навучання 2 гады для асоб з вышэйшай адукацыяй і 3 гады для асоб з сярэдняй адукацыяй (адпаведна 3 і 5 гадоў пры завочным навучанні). У 1991 адбываўся працэс трансфармацыі рэсп. ВПШ у парт. ін-ты паліталогіі і сац. кіравання, якія ў тым жа годзе спынілі існаванне ў сувязі з распадам СССР і роспускам КПСС.

т. 12, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕШЧАНІ́ЦЫ,

гарадскі пасёлак у Лагойскім р-не Мінскай вобл., на беразе Плешчаніцкага вадасховішча, на перасячэнні аўтамагістралей Барысаў—Вілейка і Мінск—Віцебск. За 27 км ад Лагойска, 67 км ад Мінска, 8,1 тыс. ж. (2000).

Вядомы з 16 ст. як вёска ў Мінскім пав. ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, 50 двароў, цэнтр воласці ў Барысаўскім пав. Мінскай губ. У Айч. вайну 1812 рус. атрад ген. Я.​І.​Чапліца разбіў тут авангард 9-га франц. корпуса маршала К.​Віктора. У 1817 іх уладальнікі Тышкевічы пабудавалі царкву, у 1825—35 працаваў прыгонны тэатр. У 19 ст. ў П. школа, царква, сінагога, бровар, 5 крам, 2 карчмы, 2 разы на год кірмашы. У 1897—1086 ж., нар. вучылішча, паштова-тэлегр. аддзяленне. З 17.7.1924 да 25.12.1962 цэнтр Плешчаніцкага раёна, потым у Лагойскім р-не Мінскай вобл. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія разбурылі пасёлак, у П. і раёне загубілі 2063 чал.; дзейнічала Плешчаніцкае маладзёжнае падполле, партызаны правялі Плешчаніцкую аперацыю 1943. У 1977 6,9 тыс. жыхароў.

Працуюць хлебазавод, птушкафабрыка, гандлёвае і швейнае прадпрыемствы; Плешчаніцкая геафізічная абсерваторыя. 2 сярэднія, муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, ПТВ, 3 дашкольныя ўстановы, Дом дзіцячай творчасці, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. паслуг, Дом культуры, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму, брацкая магіла сав. воінаў і партызан, што загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ ВЕ́РХНІ ЗА́МАК.

На правым беразе р. Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Палата. Умацаваны цэнтр Полацка 11—17 ст. Займаў узвышша пл. 9,44 га. Быў абкружаны валам з У, па краі пляцоўкі стаялі драўляныя сцены — гародні з вежамі. Схілы пляцоўкі неаднаразова ўмацоўваліся — «тамаваліся» (паводле археал. звестак, упершыню каля 1363). Паводле «Полацкай рэвізіі 1552 г.», на замку было 9 вежаў, у сярэдзіне 17 ст. — 10. Першае паселішча на тэр. замка ўзнікла ў канцы 9 — пач. 10 ст. У сярэдзіне 11 ст. з мыса на левым беразе Палаты сюды перанесены ўмацаваны дзядзінец горада, пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор. У 12 ст. каля Сафійскага сабора збудаваны храм Архангела Міхаіла, у паўн. частцы замка — княжацкія палаты. Замак як адм. цэнтр горада існаваў да 17 ст. У сувязі з развіццём ваен. справы ён страціў фартыфікацыйныя, а потым і паліт. функцыі. Археал. даследаванні П.В.з. праводзілі А.​М.​Ляўданскі (1928), М.​К.​Каргер (1957), А.​Ф.​Мітрафанаў (1959—60), В.​Р.​Тарасенка (1961—62), Г.​В.​Штыхаў (1967, 1980), В.​А.​Булкін (1975—79), С.​В.​Тарасаў (1989). Даследавана каля 2 тыс. м² плошчы.

Літ.:

Штыхов Г.В. Древний Полоцк IX—XIII вв. Мн., 1975;

Тарасаў С.В. Полацк IX—XVII стст.: Гісторыя і тапаграфія. Мн., 1998.

С.​В.​Тарасаў.

Да арт. Полацкі Верхні замак. Полацкія замкі. Фрагмент малюнка С.​Пахалавіцкага «Аблога Полацка 29.8.1579».

т. 12, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)