МЕЗО́НЫ [ад мез(а)... + (электр)он],

нестабільныя элементарныя часціцы, якія адносяцца да класа адронаў, маюць цэлалікавы спін і нулявы барыённы зарад. Да М. адносяць пі-мезоны, К-мезоны і многія рэзанансы. Да М. не адносяць мю-М. (мюоны) таму, што яны маюць спін 1/2 і не ўдзельнічаюць у моцных узаемадзеяннях.

Прадказаны ў 1935 Х.Юкавай для тлумачэння прыроды ядзерных сіл; эксперыментальна адкрыты ў 1947 у касм. прамянях С.Ф.Паўэлам. Назва звязана з тым, што першыя з адкрытых М. (пі- і К-М.) мелі масу, прамежкавую паміж масамі пратона і электрона. У далейшым былі адкрыты М., масы якіх у некалькі разоў перавышаюць масу пратона. Складаюцца з кварка і антыкварка і глюонаў. Утвараюцца пры сутыкненнях пратонаў з пратонамі ці атамнымі ядрамі, а таксама пры анігіляцыі электронаў і пазітронаў. Маюць адмоўны, нулявы або дадатны эл. зарад, роўны эл. элементарнаму зараду, і час жыцця ад 10​−8 да 10​−24 с. Распадаюцца на больш лёгкія М., лёгкія М. і лептоны або лептоны і гама-кванты.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТА́ФАРА (грэч. metaphora перанясенне),

ужыванне слова ці выразу ў пераносным значэнні праз супастаўленне пэўнай з’явы ці прадмета з інш. з’явай ці прадметам на аснове агульных для іх адзнак і ўласцівасцей; від паэт. тропа. М. блізкая да параўнання, аднак адрозніваецца ад яго тым, што ў ёй прысутнічае толькі адзін член супастаўлення — тое, з чым супастаўляецца, і не называецца (а падразумяваецца) тое, што супастаўляецца. М. звычайна перафразуецца ў параўнанне з дапамогай слоў «нібы», «як», «быццам» і г.д. М. істотна паглыбляе ўнутр. змест вобраза, надае яму новыя сэнсавыя адценні. Асн. сфера бытавання М. — літ. мова, паэзія. Вылучаюць простую М., калі яна складаецца з аднаго слова ці выразу («Замоўкнуў жураўліны скрып калысак і калаўротаў гул чмяліны змоўк». П.​Панчанка), і разгорнутую або скразную, калі М. ахоплівае вял. адрэзак або ўвесь твор (бітва—жніво ў «Слове аб палку Ігаравым», жыццё—акіян у паэме А.​Куляшова «Цунамі»). Ужываецца таксама ў бытавой гаворцы («ідзе дождж», «цяжкі характар», «прыйшла зіма»), Блізкія да М. тропы — алегорыя, сімвал.

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКСАСПАРЫ́ДЫІ (Myxozoa),

тып (па інш. класіфікацыях клас, атрад) прасцейшых. 2 класы (атр.): міксаспоравыя (Myxosporea) і актынаміксідыі, або актынаспоравыя (Actinosporea). Паразітуюць у поласцях, тканках або клетках беспазваночных і ніжэйшых пазваночных жывёл (пераважна рыб, радзей земнаводных і паўзуноў).

Памеры ад 15 мкм да 11 мм. У жыццёвым цыкле 2 стадыі: паразітычная вегетатыўная (трафонт) і рассяляльная (спора). Трафонт мае 2 тыпы ядраў і 2 тыпы клетак — вегетатыўныя і генератыўныя; размнажаецца бясполым шляхам. Вегетатыўныя формы — рухомыя шмат’ядзерныя плазмодыі з вегетатыўнымі ядрамі і генератыўнымі клеткамі, што актыўна перамяшчаюцца ўнутры плазмодыя. З генератыўных клетак пасля дзяленняў (апошняе з якіх меёз) утвараюцца шматклетачныя споры (дыяметр да 25 мкм). Калі спора трапляе ў арганізм жывёлы-гаспадара, з яе вызваляецца амёбападобны зародак, які перамяшчаецца да месца паразітавання. У тканкавых М. плазмодыі нерухомыя, часта абкружаныя цыстай (дыяметр да 6 см), утворанай злучальнай тканкай гаспадара.

Да арт. Міксаспарыдыі: А — плазмодыі са спорамі (1 — цэратамікса апендыкулята; 2 — лептатэка агіліс; 3 — хлараміксум лейдыгі); Б — спора (1 — зародак; 2 — ядры зародка; 3 — трубка; 4 — спіральная нітка).

т. 10, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РНЫ ДАГАВО́Р,

від дагавора міжнароднага, якім юрыдычна замацоўваецца спыненне становішча вайны і аднаўленне мірных адносін паміж ваюючымі дзяржавамі. Як правіла, уключае пастанову аб спыненні ваен. дзеянняў і становішча вайны, урэгуляванні тэр. пытанняў, пакрыцці страт, нанесеных вайной, вяртанні ваеннапалонных, адказнасці ваен. злачынцаў, лёсу заключаных да вайны дагавораў і пагадненняў і г.д. Можа быць прэлімінарны (папярэдні) або канчатковы, агульны (яго ўдзельнікі — усе ваяваўшыя дзяржавы) або сепаратны (дагавор заключаны толькі паміж некаторымі з дзяржаў, якія ўдзельнічалі ў вайне). Змест М.д. вызначаецца характарам вайны, якая папярэднічала яму. Напр., Парыжскія М.д. 1947 паміж дзяржавамі — пераможцамі ў 2-й сусв. вайне і былымі саюзнікамі фаш. Германіі ў Еўропе — з Італіяй, Румыніяй, Балгарыяй, Венгрыяй і Фінляндыяй — пабудаваны на дэмакр. і справядлівых прынцыпах, якія з’явіліся выяўленнем вызв. характару 2-й сусв. вайны. М.д. 1947 аднолькавыя па сваёй структуры і складаюцца з 8 асн. раздзелаў: прэамбулы, тэр., паліт., ваен., эканам. пастаноў, раздзелаў адносна вываду войск, рэпарацый і рэстытуцый. Адсутнасць М.д. паміж дзяржавамі не азначае наяўнасці становішча вайны.

т. 10, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫШЫ́НЫЯ, мышападобныя,

мышы (Muridae),

сямейства млекакормячых атр. грызуноў. 5 (6) падсям., 100—120 родаў, больш за 480 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у разнастайных прыродных і антрапагенных ландшафтах, у памяшканнях, стагах сена, саломы і інш. Актыўныя на змярканні і ноччу. Шкодзяць збожжавым, лясным і садовым культурам. Удзельнікі цыркуляцыі інфекц. хвароб. 8 відаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 4 роды, 7 відаў (пацукі чорны і шэры; мыш дамавая — Mus musculus; мыш жаўтагорлая — Apodemus flavicollis; мыш лясная — A. silvaticus; мыш-малышка — Micromys minutus; мыш палявая, або жытнік — A. agrarius).

Даўж. цела 5—50 см, хваста да 45 см. Морда выцягнутая, завостраная, вочы і вушы вялікія. Поўсць бурая або шэрая з рыжым ці чорным адценнем. Хвост голы. Кормяцца пераважна насеннем, некат. ўсёедныя. Нараджаюць да 22 дзіцянят, да 10 разоў за год. М. — корм для многіх звяроў, птушак, паўзуноў. Многія віды — аб’ект генетыка-папуляцыйных, фізіял. і эталагічных даследаванняў.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 11, с. 54

Да арт. Мышыныя. Мышы: 1 — дамавая; 2 — палявая; 3 — жаўтагорлая; 4 — лясная.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБЛІ́ЖАНАЕ ІНТЭГРАВА́ННЕ,

раздзел вылічальнай матэматыкі, які вывучае метады набліжанага вылічэння вызначаных інтэгралаў і набліжанага рашэння (інтэгравання) дыферэнцыяльных ураўненняў. Выкарыстоўваецца, калі дакладнае вылічэнне немагчыма або вельмі складанае.

Набліжанае вылічэнне вызначаных інтэгралаў выконваецца аналітычнымі і графічнымі (гл. Графічныя вылічэнні) метадамі, а таксама з дапамогай спец. прылад (планіметр, інтэгратар). Сярод аналітычных найб. пашыраны метады, заснаваныя на замене падынтэгральнай функцыі адрэзкам яе Тэйлара шэрагу, інтэрпаляцыйным паліномам (гл. квадратурная формула) і інш. Для многіх правіл інтэгравання складзены табліцы вузлоў і каэфіцыентаў квадратурных формул. Нявызначаныя інтэгралы зводзяць да вызначаных з пераменнай верхняй мяжой інтэгравання. Кратныя інтэгралы вылічваюць як паўторныя, з дапамогай кубатурных формул або спец. метадамі, напр., Монтэ-Карла метадам. Для набліжанага рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў карыстаюцца пераважна лікавымі метадамі (Рунге—Кута, Эйлера, рознаснымі метадамі і інш.), якія дазваляюць даць рашэнне ў выглядзе табліцы. Аналітычнымі метадамі (напр., шэрагаў, Чаплыгіна, варыяцыйнымі) рашэнне выяўляецца ў аналітычным выглядзе; графічнымі метадамі — у выглядзе графіка. Існуюць таксама метады, заснаваныя на выкарыстанні аналагавых вылічальных машын.

Л.​А.​Янавіч.

т. 11, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЎМЯША́ННЯ ПРЫ́НЦЫП у міжнародным праве,

адзін з асноўных прынцыпаў, які абавязвае_ кожную дзяржаву не ўмешвацца ў якой-н. форме ў справы інш. дзяржавы, што ўваходзяць у яе ўнутр. кампетэнцыю. Умяшаннем лічацца любыя меры інш. дзяржавы або міжнар. арг-цый, з дапамогай якіх яны спрабуюць перашкаджаць суб’екту міжнар. права вырашаць свае ўнутр. справы. Аднак некат. падзеі, што адбываюцца ў межах тэр. дзяржавы, могуць разглядацца як не маючыя адносін да яе выключнай кампетэнцыі (напр., калі падзеі ствараюць пагрозу міжнар. міру і бяспецы, тады дзеянні ААН або інш. членаў міжнар. супольнасці адносна гэтых падзей не будуць лічыцца парушэннем Н.п.).

Прынцып зафіксаваны ў агульнай форме ў Статуце ААН 1970 (п. 7, арт. 2) і канкрэтызаваны ў міжнар. дакументах, якія закранаюць прыязныя адносіны і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў адпаведнасці са Статутам ААН: Дэкларацыі аб прынцыпах міжнар. права, Заключным акце нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Дэкларацыі ААН аб недапушчэнні ўмяшання ва ўнутр. справы дзяржаў, аб ахове іх незалежнасці і суверэнітэту 1965 і інш.

І.​М.​Таніева.

т. 11, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЕ́МНАЯ ЗДАБЫ́ЧА карысных выкапняў,

спосаб здабывання цвёрдых карысных выкапняў з нетраў зямлі з дапамогай падземных горных вырабатак (раскрыўных, падрыхтоўчых, ачышчальных). П.з. пластавых пакладаў ажыццяўляюць пераважна суцэльнымі, стаўбавымі, камернымі і камбінаванымі сістэмамі.

Выбар сістэмы П.з. вызначаецца відам пакладу (пластавы, адвольнай формы, жыльны, россыпны і інш.), характарам залягання (пакатае, нахіленае, стромкае). Вырабаткі ў тоўшчы моцных парод вядуць буравыбуховым спосабам, у больш мяккіх пародах — праходчымі комплексамі. Непасрэдна здабыча выкапняў ажыццяўляецца ў ачышчальных вырабатках, якія праводзяцца па пласце, целе пакладу, па жыле і бесперапынна або цыклічна прасоўваюцца па пакладзе. Для комплекснай механізацыі П.з. выкарыстоўваюць комплексы, якія ўключаюць вузказахопныя ачышчальныя горныя камбайны, механізаванае горнае мацаванне, забойны канвеер і інш. Для вымання пакладу пры камерных сістэмах выкарыстоўваюць праходча-здабыўныя комплексы ў складзе праходча-здабыўнога камбайна, самаходных цыклічных транспартавальных машын (вагонаў, бункераў, перагружальнікаў і інш.) або неперарыўных (стужачных ці паслядоўных кароткіх канвеераў).

На Беларусі П.з. выкарыстоўваецца пры распрацоўцы Старобінскага радовішча калійных солей, дзе пабудаваны 4 калійныя руднікі.

П.​Я.​Антонаў.

т. 11, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАІЗІЕ́ЛА, Паэзіела (Paisiello, Paesiello) Джавані Грэгорыо Катальда (9.5.1740, г. Таранта, Італія —5.6.1816), італьянскі кампазітар; прадстаўнік неапалітанскай опернай школы. Чл. парыжскай Акадэміі прыгожых мастацтваў (1809). Вучыўся ў кансерваторыі «Сант-Анофрыо а Капуана» ў Неапалі (1754—63). З 1776 прыдворны кампазітар у Пецярбургу. З 1784 прыдворны кампазітар і капельмайстар караля Неапалітанскага. У 1802—03 арганізатар і кіраўнік асабістай капэлы Напалеона ў Парыжы. Майстар оперы-буфа, аўтар каля 100 опер-серыя. Стварыў яскравыя ўзоры італьян. камічнай оперы, узбагаціў яе выразныя сродкі, павялічыў ролю аркестра. Сярод твораў: оперы «Балбатун» (паст. 1764), «Ахіл на Скірасе» (паст. 1778), «Служанка-пані» (паст. 1781), «Севільскі цырульнік, або Марная засцярога» (паст. 1782), «Месяцавае святло» (паст. 1783), «Млынарыха» і «Ніна, або Звар’яцелая ад кахання» (паст. абедзве 1789), «Піфагарэйцы» (паст. 1808); 3 духоўныя араторыі, кантаты, 2 рэквіемы; 12 сімфоній; 6 стр. і 12 фп. квартэтаў; п’есы для фп., арфы і інш.

Літ.:

Крунтяева Т. Дж.​Паизиелло // Крунтяева Т. Итальянская комическая опера XVIII в Л., 1981.

Дж.Паізіела. Мастак Г.​Галіна.

т. 11, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКІ́ДВАННЕ СЦЁКУ,

тэрытарыяльнае пераразмеркаванне водных мас з паверхневых водных крыніц (рэкі, азёры, вадасховішчы) у інш. раёны ці басейны праз каналы ці трубаправоды з мэтай арашэння, водазабеспячэння прам-сці і насельніцтва, рэкрэацыі, паляпшэння ўмоў суднаходства, выпрацоўкі электраэнергіі і інш. Адрозніваюць П.с. ўнутрыбасейнавыя, або лакальныя (у межах бас. адной ракі), міжбасейнавыя (унутрыландшафтныя і міжландшафтныя) і міжрэгіянальныя, або міжзанальныя. На Беларусі першыя П.с. (канец 18—пач. 20 ст.) ажыццяўляліся для жыўлення водна-трансп. злучэнняў (напр., вод з азёр Арэхаўскае і Белае па Арэхаўскім і Белаазерскім каналах у Дняпроўска-Бугскі канал). З мэтай водазабеспячэння Мінска і воднага добраўпарадкавання прыгараднай зоны і горада створаны Вілейска-Мінская водная сістэма, Сляпянская водная сістэма.

П.с. можа аказваць адмоўны ўплыў на бас. рэк-донараў пераасушэнне поймы, дэградацыя поймавых лугоў і лясоў, знішчэнне ці памяншэнне плошчы нерасцілішчаў і нагульных угоддзяў, пагаршэнне ўмоў гнездавання вадаплаўных птушак і інш. Для прадухілення негатыўных з’яў. звязаных з П.с., рэкамендуецца пакідаць у вадаёмах-донарах пэўную колькасць прыродаахоўнага сцёку.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)