МАРКАМА́НСКАЯ ВАЙНА́ 166—180, вайна старажытнагерманскіх (пераважна маркаманаў) і сармацкіх плямён, што жылі на Пн ад Дуная, супраць Рым. імперыі. Выкарыстаўшы цяжкае становішча Рым. імперыі ў сувязі з Парфянскай вайной (162—166), чумой і неўраджаем, герм. плямёны разам з саюзнікамі ў 166 уварваліся на яе тэрыторыю і пасля шэрагу перамог у 169 занялі Паўн. Італію і выйшлі да Адрыятыкі. Да 174 рымлянам пад кіраўніцтвам імператара Марка Аўрэлія ўдалося прыпыніць нашэсце германцаў, а ў 180 імператар Камод нанёс ім паражэнне. Паводле мірнага дагавора (180) граніцы Рым. імперыі зноў прайшлі па Дунаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕДАТЫКА́ЛЬНАСЦЬ АСО́БЫ,
адно з фундаментальных і неадчужальных асабістых правоў чалавека. Мае на ўвазе недапушчальнасць адвольнасці пры выкарыстанні рэпрэсіўных мер. Канстытуцыйныя гарантыі Н.а. заключаюцца ў тым, што: склад злачынства павінен быць устаноўлены раней выдадзеным законам; затрыманне можа быць абскарджана ў судзе і ўстанаўліваецца максімальны тэрмін затрымання без рашэння суда; арышт павінен рабіцца толькі на падставе суд. прыгавору або з санкцыі пракурора; пазбаўленне волі павінна быць пакараннем, якое накладаецца на чалавека пасля ўстанаўлення яго віны ў працэсе следства і суда. Права на Н.а. гарантуецца арт. 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРАФА́ГІ (ад грэч. nekros мёртвы + phagos пажыральнік),
1) клеткі з групы фагацытаў, якія паглынаюць у арганізме рэшткі пастаянна адміраючых і самааднаўляльных тканак.
2) Н., трупаеды, жывёлы, што кормяцца рэшткамі мёртвых арганізмаў, напр., насякомыя — шэраг відаў мух і жукоў, птушкі — грыфы, марабу і інш., млекакормячыя — гіена, шакал і інш. У фауне Беларусі да Н. належаць: насякомыя — жукі магільшчыкі, мерцвяеды, лічынкі мух і інш.; некат. птушкі — варона шэрая, каршун чорны, крумкач; млекакормячыя — буры мядзведзь, воўк, часткова ліс звычайны, дробныя куніцавыя. Н. — важнае звяно харч. сувязей у біяцэнозах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ПЕР,
адзінка лагарыфмічнай адноснай велічыні, што служыць для вымярэння рознасці ўзроўняў аднайменных фіз. велічынь. Наз. ў гонар Дж.Непера. Абазначаецца Нп.
Для сілавых велічынь F (эл. напружанне, сіла току, ціск і інш.) 1 Нп = ln(F2/F1) пры F2/F1 = e, для энергет. велічынь P (магутнасць, энергія і інш.) 1 Нп ≈ 0,5ln(P2/P1) пры P2/P1 = e, дзе e — аснова натуральных лагарыфмаў (Непераў лік). Н. звязаны з белам суадносінамі: 1 Нп ≈ 0,8686 Б = 8,686 дБ (для сілавых велічынь) і 1 Нп ≈ 0,4343 Б = 4,343 дБ (для энергет. велічынь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРАЗРЫ́ЎНАСЦІ ЎРАЎНЕ́ННЕ,
адно з ураўненняў гідрадынамікі, якое выражае закон захавання масы для любога аб’ёму рухомай вадкасці (газу). Мае выгляд:
, дзе ρ — шчыльнасць вадкасці,
, — дывергенцыя вектара скорасці часцінак вадкасці ў зададзеным пункце. Для несціскальнай вадкасці (ρ = const) Н.ў. прымае форму:
, а для аднамернага цячэння, якое ўстанавілася ў канале, трубе ці інш. з плошчай папярочнага сячэння
, што дае закон пастаянства расходу вадкасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЎРЫ (грэч. Nevroi),
старажытнае племя, якое, паводле звестак Герадота, жыло ў 6—5 ст. да н.э. ў басейнах р. Гарынь і Паўд. Буг. Аб Н. і іх краіне Неўрыдзе згадвалі таксама Эфор, Дыянісій Перыегет, Пліній Старэйшы, Аміян Марцэлін і інш. антычныя аўтары. Інфармацыя Герадота пра тое, што кожны неўр штогод на некалькі дзён ператвараецца ў ваўка, дала падставу шматлікім аўтарам (П.Шафарык, П.Шпілеўскі і інш.) змяшчаць Н. на тэр. Беларусі, дзе ўяўленне аб ваўках-пярэваратнях было найб. пашырана. Археал. даследаванні дазваляюць атаясамліваць з герадотавымі Н. частку насельніцтва мілаградскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЖНЕКАЛІФАРНІ́ЙСКАЯ ДАЛІ́НА У ЗША і Мексіцы. Займае міжгорную тэктанічную ўпадзіну — паўн.ч. былога, больш буйнога Каліфарнійскага зал., запоўненую магутнай тоўшчай адкладаў, прынесеных р. Каларада. Парэзана яе ніжнім цячэннем. У мінулым неаднаразова затаплялася водамі р. Каларада, што прывяло да ўтварэння салёных азёр. На Пн салёнае воз. Солтан-Сі, узровень якога на 72 м, а дно на 81 м ніжэй узр. м. Клімат субтрапічны, сухі. Ападкаў каля 100 мм за год. Ксерафітныя хмызнякі, кактусы, юкі. Частка зямель паміж р. Каларада і воз. Солтан-Сі арашаецца. Вырошчваюць пераважна бавоўнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІРВА́НА (санскр., літар. знікненне, згасанне),
у будызме і джайнізме канчатковае духоўнае выратаванне, якое дасягаецца асабістымі намаганнямі веруючага. Азначае найвышэйшы стан свядомасці, процілеглае сансары, калі адсутнічаюць перараджэнні і пераходы ад адной сферы сансарнага існавання да другой. Псіхалагічна стан Н. негатыўна апісваецца як адсутнасць жадання, прагі да жыцця ўвогуле, а пазітыўна — як стан дасканаласці, задаволенасці, самадастатковасці. Паводле тэорыі будызму, Н. — стан свабоды, незалежнасці, спакою, толькі чалавек можа дасягнуць Н. і стаць будай. Лічыцца, што поўнасцю дасягнуць Н. можна толькі пасля смерці, т.зв. парынірвана. У міфалогіі махаяны адрозніваюць некалькі ўзроўняў Н.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́БЕЛЕЎСКІ ФОНД, Фонд Нобеля,
прыватная і незалежная адм.-фін. ўстанова, якая распараджаецца спадчынай А.Б.Нобеля. Засн. ў 1900 у Стакгольме паводле тастамента Нобеля, які завяшчаў перавесці яго маёмасць у наяўныя грошы (атрымалася 33 млн.швед. крон, ці 9,2 млн.дол. ЗША) і ўкласці іх у каштоўныя паперы, штогадовыя працэнты ад якіх прысуджаць як Нобелеўскія прэміі. З 1953 дзейнічае як звычайная фін. кампанія, у т. л. пазычае грошы. Кіруючы орган — Савет фонду (уваходзяць прадстаўнікі ўсіх устаноў, што выносяць рашэнні аб прысуджэнні Нобелеўскіх прэмій), які вызначае памер грашовых прэмій для нобелеўскіх лаўрэатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РЫШ ((Norrish) Рональд Джордж Рэйфард) (9.11.1897, г. Кембрыдж, Вялікабрытанія — 7.6.1978),
англійскі фізікахімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1936). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1925), дзе і працаваў (з 1937 праф.). Навук. працы па кінетыцы хім. працэсаў у газавай фазе (фотахім., дэтанацыя). Распрацаваў метад даследавання быстрых хім. рэакцый і іх кароткажывучых прадуктаў (метад імпульснага фатолізу), стварыў устаноўку імпульснага фатолізу (разам з Дж. Портэрам; 1950), што дазволіла атрымаць спектры паглынання многіх простых свабодных радыкалаў, даследаваць механізм іх ператварэнняў, даказаць існаванне быстрых рэкамбінацыйных працэсаў. Нобелеўская прэмія 1967 (разам з Портэрам, М.Эйгенам).