прадпрыемства са спецыяльна абсталяванай печчу для смалакурэння, гонкі дзёгцю, выпальвання драўніннага вугалю, вытв-сці попелу паташу. Былі пашыраны ў 15 — сярэдзіне 19 ст., у асн. у лясістых усх. і паўд. частках Беларусі (Падняпроўе і Палессе). Належалі пераважна буйным землеўладальнікам і лесапрамыслоўцам. Асн. катэгорыямі рабочых на будзе былі буднікі; абслуговы персанал — конюхі, кавалі, бондары, цагельнікі і інш.; адм. апарат — атаман, пісар, казначэй (шафар) і наглядчык (дазорца). На тэр. буды размяшчаліся вытв. ўчастак, склады для сыравіны і гатовай прадукцыі, памяшканні для адміністрацыі і абслуговага персаналу. З сярэдзіны 19 ст. ў сувязі са скарачэннем сыравіннай базы і паніжэннем попыту на прадукцыю буды паступова пачалі знікаць. У 19 ст. лепш абсталяваныя буды часцей называліся смалярнямі ці смалакурнямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬВА́Р (франц. boulevard),
паласа дрэвавых або кустовых насаджэнняў уздоўж гар. вуліц, праспектаў і набярэжных. Як форма зялёных насаджэнняў бульвары з’явіліся ў гарадах Зах. Еўропы ў 17—18 ст. Прызначаюцца для дэкар. ўпрыгожвання вуліц і паляпшэння іх сан.-гігіенічнага стану, аховы будынкаў ад пылу, газу і шуму, рэгулявання руху транспарту і пешаходаў. Ствараюцца бульвары пераважна ў буйных гарадах і прамысл. цэнтрах.
Бываюць бульвары закрытыя (для трансп. патокаў) і адкрытыя (для пешаходаў), размяшчаюцца абапал ці на адным (пры недастатковай шырыні) баку вуліцы. Для стварэння бульвараў выкарыстоўваюцца алейныя і групавыя пасадкі дрэў, жывыя агароджы, кусты і кветнікі. Найб. прыдатныя для бульвараў. газаўстойлівыя, са шчыльнай кронай дрэвавыя і кустовыя расліны (каштан, ліпа, бяроза бародаўчатая, вяз шурпаты, акацыя жоўтая і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАЧО́К (Alyssum),
алісум, каменнік, род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 150 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Сярэдняй Еўропе і Сярэдняй Азіі. На Беларусі 3 дзікарослыя віды: бурачок Гмеліна (A. gmelinii), рэдкі від, трапляецца ў зах. раёнах на ўзлесках хваёвых лясоў і адкрытых пясчаных мясцінах; пустэльны (A. desertorum) і чашачны (A. alyssoides) — занесеныя віды, растуць каля чыгунак і дарог; 3 інтрадукаваныя: бурачок марскі (A. maritimum), серабрысты (A. argenteum) і скальны (A. saxatile) выкарыстоўваецца ў кветкаводстве.
Шэрыя або шэра-зялёныя адна-, двух- ці шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты з узыходнымі або распасцёртымі сцёбламі, апушаныя зоркавымі валаскамі. Лісце чаргаванае, падоўжанае адваротнаяйцападобнае, суцэльнае. Кветкі дробныя, жоўтыя, жоўта-белыя, белыя або фіялетавыя, сабраны ў канцавыя гронкі. Плод — авальны, эліпсоідны або круглаваты стручок. Меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЛЮ́К (Давід Давідавіч) (21.7.1882, хутар Семіратоўшчына Лебядзінскага пав. Харкаўскай губ. — 15.1.1967),
рускі паэт і мастак. Адзін з першых рус. футурыстаў (гл.Футурызм), арганізатар групы кубафутурыстаў. У 1902—03 вучыўся ў Мюнхенскай каралеўскай акадэміі (мастацтваў), у 1910—14 — у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. У 1913—14 разам з У.У.Маякоўскім і В.В.Каменскім удзельнічаў у турнэ футурыстаў па Расіі. З 1920 жыў у Японіі, з 1922 — у ЗША, дзе займаўся пераважна мастацтвам. Пачаў друкавацца ў 1899. Аўтар зб-каў вершаў «Хвост, які лысее» (1919), «Вершы і біяграфія. Да 25-годдзя маст.-літ. дзейнасці (1898—1923)» (1924), «1/2 стагоддзя» (1932), «Талстой. Горкі. Паэмы» (1929) і інш., кн. прозы «Па Ціхім акіяне» (1927) і ўспамінаў «Маякоўскі і яго сучаснікі» (1932).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ФЕРНАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,
уласцівасць глебы перашкаджаць змяненню сваёй актыўнай кіслотнасці (pH) пры ўздзеянні кіслот або шчолачаў.
Абумоўлена наяўнасцю ў ёй калоідаў, якія маюць здольныя да абмену іоны: іоны вадароду вызначаюць буфернасць у адносінах да шчолачаў, а іоны асновы — да кіслот. Глебавы раствор валодае буфернай уласцівасцю, калі ў ім ёсць солі моцнай асновы (натрыю, калію, кальцыю) і слабых, пераважнаарган. кіслот (гумінавай, вугальнай і інш.), у сумесі са слабай кіслатой, у якой ёсць агульны з соллю аніён. Буфернасць глебы залежыць звычайна ад калоіднай і глеістай фракцый глебы. Найб. буферныя багатыя гумусам глебы цяжкага грануламетрычнага складу: чарназёмныя, тарфяністыя і інш. Расліны адмоўна рэагуюць на рэзкія ваганні pH глебы, таму буфернасць глебы адыгрывае вял. ролю ў іх росце і развіцці; яе можна павысіць унясеннем арган. ўгнаенняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫЧКІ́ (Jobiidae),
сямейства рыб атр. акунепадобных. Больш за 200 родаў, каля 600 відаў пераважна ў трапічных і субтрапічных водах усіх акіянаў. Донныя, прыбярэжна-марскія, саленаватаводныя і прэснаводныя рыбы. Найб. вядомыя бычкі: каліфарнійскі сінепалосы, кругляк, бланкет, каспійская пугалаўка, мартавік, японскі дзявочы, травянік і інш. На Беларусі 1 від — бычок-пясочнік.
Даўж. 7,5 мм — 90 см. Брушныя плаўнікі зрослыя, утвараюць круглы прысосак, што дазваляе рыбам утрымлівацца пры моцных рухах вады. Нерастуюць вясной, ікру адкладваюць у гнёзды, якія падрыхтоўваюць самцы. Большасць бычкоў кормяцца доннымі беспазваночнымі, ёсць драпежныя і планктонаедныя віды. Некат. бычкі (кругляк, пясочнік, шырман і інш.) маюць прамысл. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭЗ (Syringa),
род кветкавых раслін сям. маслінавых. Вядома 28 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. На Беларусі інтрадукцыйную праверку прайшлі 19 відаў, з іх 4 рэкамендаваны для зялёнага буд-ва. Найб. шырока выкарыстоўваюцца ў дэкар. садоўніцтве бэз звычайны (S. vulgaris), які мае шмат садовых формаў і сартоў (у т. л.бел. селекцыі) і бэз венгерскі (S. josikaea).
Пераважна лістападныя галінастыя кусты або невял. дрэвы. Лісце звычайна цэласнае, супраціўнае, на кароткіх чаранках Кветкі дробныя, p трубчастым вяночкам, духмяныя, рознага колеру, у густых гронкападобных суквеццях. Плод — сухая двухгнездавая каробачка. Дэкар. і тэхн. расліны, выкарыстоўваюцца ў адзіночных, групавых і лесаахоўных пасадках, на зразанне і выганку; у парфумерыі для атрымання экстракту з кветак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́НКІ (Pieridae),
сямейства насякомых атр. матылёў. Больш за 500 відаў. На Беларусі 12. Пашыраны на ўсіх мацерыках, найб. вядомыя бялянкі капусная, або капусніца (Pieris brassicae), рэпніца (P. rapae), бручніца (P. napi).
Дзённыя матылі, крылы ў размаху да 8 см. Афарбоўка часцей белая, жоўтая або аранжавая, з чорным малюнкам. Вусені зялёныя або стракатыя, звычайна ўкрытыя кароткімі валаскамі. Кукалкі жаўтаватыя або шаравата-белыя з чорнымі кропкамі і плямамі прымацоўваюцца да субстрату паяском з шаўкавістай павуцінкі галавой уверх. Развіваюцца пераважна на крыжакветных і бабовых раслінах, некат. жывуць на крушынавых, ружавых і інш. Шэраг бялянак шкоднікі с.-г. культур, вусені аб’ядаюць лісце. Жаўтушкі, зоркі, лімонніцы — дэкар. матылі лугоў, палёў, лясоў. Некат. віды ахоўваюцца, жаўтушка тарфянікавая (Colias palaeno) занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ДЗІН (сапр.Ліфшыц) Аляксандр Майсеевіч
(н. 10.2.1919, Мінск),
рускі драматург. Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1949). Дэбют — зб. «Апавяданні» (1954). Аўтар п’ес «Фабрычная дзяўчынка» (паст. 1956), «Пяць вечароў» (1959), «У гасцях і дома» (1960), «Старэйшая сястра» (1961; аднайм. фільм 1967), «Прызначэнне» (1963), «З любімымі не расставайцеся» (1969), «Дульсінея Табоская» (паст. 1971), «Дзве стралы» (паст. 1980), «Бландзінка», «Графаман» (абедзве 1984), кінасцэнарыяў фільмаў «Звоняць, адчыніце дзверы» (1965), «Дочкі-маці» (1974), «Асенні марафон» (1979) і інш. У яго творах — маральна-філас. праблемы, будзённасць характараў і ўчынкаў людзей «непрыкметных» прафесій, права чалавека на сцвярджэнне свайго прызначэння ў жыцці і інш. П’есы Валодзіна, пераважна з элементамі камічнага, накіраваны супраць руціны, дагматызму, абывацельска-мяшчанскай псіхалогіі. Дзярж. прэмія СССР 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕВЫ,
рускія акцёры, браты.
Сяргей Васілевіч (19.9.1827, Масква — 17.6.1862). Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча (1844), працаваў у трупе Малога т-ра. Да 1853 выступаў пераважна ў вадэвілях. Новы этап у творчасці пачаўся са з’яўленнем п’ес А.Астроўскага: Бародкін («Не ў свае сані не садзіся»), Разлюляеў («Беднасць не загана»), Ціхан («Навальніца») і інш.Павел Васілевіч (1832, Масква — 10.4.1879). Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча (1850). Працаваў у Маскоўскай балетнай трупе імператарскіх тэатраў, у правінцыі. З 1860 у Александрынскім т-ры (Пецярбург). Асабліва ўдаваліся яму ролі ў п’есах Астроўскага: Любім Тарцоў («Беднасць не загана»), Падхалюзін («Свае людзі — паладзім») і інш., выступаў таксама ў камедыях А.Грыбаедава, М.Гогаля, А.Сухаво-Кабыліна, вадэвілях.
Васільевы — яркія прадстаўнікі рус. акцёрскай школы, вызначаліся прастатой і натуральнасцю выканання.