РУ́БА,

гарадскі пасёлак у Віцебскім р-не, на р. Зах. Дзвіна, на аўтадарозе Віцебск—Сураж. За 15 км ад Віцебска. 7,7 тыс. ж. (2000).

Вядома з пач. 19 ст. як цэнтр фальварка, у які ў 1834 уваходзілі 4 вёскі Вярхоўскай вол. Віцебскага пав. 144 ж. У 1909 вёска (31 ж., 4 двары) і фальварак (уласнасць Піскунова). З 20.8.1924 вёска ў Бабінавіцкім с/с Віцебскага р-на. У 1926—57 ж., 10 двароў. У 1932 у Р. заснаваны вапнавы з-д, вакол якога вырас заводскі пасёлак. У Вял. Айч. вайну 13.6.1942 ням.-фаш. карны атрад расстраляў у Р. 75 жыхароў. З 31.7.1970 Р. — гар. пасёлак.

Працуюць акц. т-ва «Даламіт» (распрацоўвае радовішча даламітаў Руба), аўтатрансп. прадпрыемства, 2 сярэднія школы, 2 дашкольныя ўстановы, Палац культуры, б-ка, паліклініка, аддз. сувязі, дом быту, царква. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі: невядомаму салдату, у гонар партыз. брыгад 1-й Віцебскай і імя ВЛКСМ.

В.​В.​Віталёва.

т. 13, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫДЛЕ́ЎСКІ Лявон (14.10.1903, в. Ульянавічы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 24.10.1953),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1923), Вышэйшы політэхн. ін-т у Подзебрадзі (1929, Чэхаславакія). У 1917—20 навучэнец Слуцкай бел. гімназіі, сябра культ.-асв. т-ва «Папараць-кветка». Удзельнік Слуцкага паўстання 1920 і антысав. партыз. руху на Палессі да 1921. У час навучання ў Чэхаславакіі ўваходзіў у Аб’яднанне бел. студэнцкіх арг-цый (АБСА) замежжа і Зах. Беларусі. З 1929 у Францыі; ініцыятар стварэння і адзін з кіраўнікоў «Хаўрусу беларускай працоўнай эміграцыі ў Францыі» ў Парыжы (1930—31). У 1939 уступіў у франц. замежны легіён; удзельнік франц. Супраціўлення ў гады 2-й сусв. вайны. У 1947 абраны сакратаром прэзідыума, пазней — віцэ-прэзідэнтам Рады БНР. У ліст. 1948 на 1-м сусв. з’ездзе бел. эміграцыі абраны старшынёй «Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі». Падтрымліваў цесныя сувязі з Бел. домам ордэна марыянаў і інш. рэліг. арг-цыямі.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 13, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЬВЕ́Р (англ. revolver ад revolve вярцецца),

індывідуальная многазарадная наразная агнястрэльная зброя з вярчальным барабанам (патроннікам-магазінам). Прызначаны для паражэння жывых цэляў на адлегласці да 100 м. Ёмістасць барабана 6—7 патронаў, калібр 7,62—11,56 мм, скарастрэльнасць 6—7 выстралаў за 15—20 с.

З’явіўся ў 16 ст., пашырыўся як наразны з 1830-х г. У рас. арміі на ўзбраенні былі Р. сістэмы Сміта—Весана, з канца 19 ст. — сістэмы Нагана ўзору 1895 (гл. Наган), якія былі на ўзбраенні і ў Сав. Арміі. У 1-й пал. 20 ст. паступова заменены самазараднымі пісталетамі.

Рэвальверы: 1 — чатырохзарадны Колера з ударнакрамянёвым замком (пач. 19 ст., Вялікабрытанія); 2 — капсульны Марыета з вярчальнай звязкай з 4 ствалоў (1830-я г., Бельгія); 3 — шпілечны 12-зарадны Лефашэ (2-я пал. 19 ст., Бельгія); 4 — Бамонта—Адамса падвойнага дзеяння (1856, Вялікабрытанія); 5 — грамадзянскі «Бульдог» 5—6-зарадны (канец 19 — пач. 20 ст., у розных краінах); 6 — сямізарадны «Стралец» (пач. 20 ст., Расія); 7 — шасцізарадны (1960, Чэхаславакія).

т. 13, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗЕРВО́ВЫЯ ВО́ЙСКІ,

1) войскі, якія ў мірны час утрымліваюцца ў скарочаным складзе і прызначаны для хуткага мабілізацыйнага разгортвання ўзбр. сіл у час вайны (частковага разгортвання пры выкананні баявых і інш. задач у лакальных войнах).

Ва ўзбр. сілах Вялікабрытаніі, ЗША і інш. у склад Р.в. уваходзяць: нац. гвардыя, рэзервы відаў узбр. сіл. войскі берагавой і пагран. аховы, а ў шэрагу армій — і сілы бяспекі, жандармерыя і некат. паўваен. фарміраванні. Камплектуюцца з асабовага складу, які прайшоў тэрміновую ваен. службу або атрымаў адпаведнае ваен. навучанне.

2) Катэгорыя вайск. фарміраванняў у Расіі, Аўстра-Венгрыі (ландвер і гонвед), Францыі і інш. у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (былі ў колькасна меншым складзе ў параўнанні з т.зв. палявымі войскамі). Прызначаліся для папаўнення дзеючай арміі, аховы камунікацый, нясення гарнізоннай службы ў крэпасцях. Шэраг палкоў і батальёнаў Р.в. рас. арміі мелі (да 1917) бел. найменні, напр., Мінскі, Брэсцкі, Віцебскі пях. рэзервовыя палкі.

С.​М.​Абрамаў.

т. 13, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́МІЗАЎ Аляксей Міхайлавіч (6.7.1877, Масква — 26.11.1957),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1902. Пошукі архаічнага стылю, арыентаванага на л-ру і вуснае слова «дапятроўскай» Русі ў кн. «Ліманар, сірэч: Луг духоўны» (1907), «Міколавы прытчы» (1917). У раманах «Сажалка» (1905), «Плачужная канава» (1923—25), аповесці «Пятая язва» (1912), у «летапіснай» аповесці «Узвіхраная Русь» (1927) — вобраз рас. правінцыі і С.-Пецярбурга, тэмы недарэчнасці жыцця, душэўнай дысгармоніі, чалавечых пакут. «Слова пра пагібель Рускай зямлі» (1918) — ліраэпічная «гістарыясофія» Расіі, асэнсаванне падзей 1-й сусв. вайны і Лют. рэвалюцыі 1917. Аўтар драм. твораў у духу сярэдневяковых містэрый («Трагедыя пра Іуду, прынца Іскарыёцкага», 1909; «Цар Максімілян», 1919), біягр. кн. «Падстрыжанымі вачыма» (1951), кн. «Агонь рэчаў. Сны і перадсонне. Гогаль. Пушкін. Лермантаў. Тургенеў. Дастаеўскі» (1954), апрацовак казак, паданняў, апокрыфаў і інш. З 1921 у эміграцыі.

Тв.:

Соч. Кн. 1—2. М., 1993;

Избранное. М., 1978;

Избранное. Повести. Лит. силуэты. Воспоминания. М., 1992;

В розовом блеске: Автобиогр. повествование. Роман. М., 1990.

Літ.:

Алексей Ремизов: Исслед. и материалы. СПб., 1994.

т. 14, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т АБАРО́НЫ ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУСІ́ Створаны ў Вільні 19.4.1919 урадам Літ.-Бел. ССР у сувязі з нападам на рэспубліку польскіх войск і цяжкім ваен. становішчам. З 28.4.1919 знаходзіўся ў Мінску. Старшыня В.С.Міцкявічус-Капсукас, чл. І.​С.​Уншліхт, М.​І.​Калмановіч, Я.​Б.​Бош, В.​Г.​Кнорын, К.​Г.​Цыхоўскі. Сканцэнтраваў усю дзярж. і ваен. ўладу і дзейнічаў у кантакце з РВС Літ.-Бел. арміі (з чэрв. 1919—16-й арміі). 2.5.1919 аб’явіў усеагульную мабілізацыю ў армію, 22 мая прыняў пастанову аб тэрміновых мерах па абароне Мінска, 31 мая падтрымаў прапанову ЦК РКП(б) аб стварэнні ваен. і паліт. саюза паміж усімі сав. рэспублікамі (1.6.1919 ЦВК Літ.-Бел. ССР ухваліў гэты дагавор). 17.7.1919 Савет скасаваны паводле рашэння ЦК КП(б)Б ЛіБ ад 14.7.1919 у сувязі з акупацыяй большай ч. тэр. рэспублікі польскімі войскамі і перабудовай вышэйшых сав. і парт. органаў Літ.-Бел. ССР. На неакупіраванай тэр. Беларусі ўлада перададзена Мінскаму губ. ваен.-рэв. к-ту і РВС Зах. фронту.

П.​А.​Селіванаў.

т. 14, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКРАТА́Р (ад позналац. secretarius першапачаткова — давераная асоба),

1) службовая асоба, якая вядзе справаводства ўстановы або асобы.

2) Складальнік пратакола сходу, пасяджэння.

3) Выбарны кіраўнік грамадскай, партыйнай або міжнар. арг-цыі.

4) Службовая асоба ў канцылярыі ВКЛ, якая непасрэдна займалася справаводствам вял. князя (караля) і прызначалася ім. Упершыню ўпамінаецца ў 1407. Часам так называліся і велікакняжацкія пісары. З 2-й пал. 16 ст. С. — асобная пасада, дзейнасць якой не абавязкова звязана са справаводствам (выконвалі абавязкі мернікаў, рэвізораў, паборцаў, памежных камісараў і інш.). Некат. С. вялі дакументацыю Рады Вялікага княства Літоўскага, што пазней рабілі рэгенты. С. вялікі духоўны — міністэрская пасада, асобная ад апарата канцлера і падканцлера ВКЛ. Утворана на сойме 1670. Прызначаўся каралём з духоўных асоб, вёў спецыяльна даручаныя справы. С. вялікі свецкі — міністэрская пасада. У пач. 16 ст. з тытулам «найвышэйшага сакратара ВКЛ» выступаў пісар І.​С.​Сапега, як мяркуецца, на ўзор адпаведнай пасады ў Польшчы. Сталая пасада С. вялікага свецкага ўстаноўлена ў ВКЛ на каранацыйным сойме 1764.

т. 14, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯНЦЯ́НСКІ ПРАРЫЎ 1915,

наступальная аперацыя германскіх войск супраць рас. войск Зах. фронту 9.9—2.10.1915 у 1-ю сусв. вайну 1914—18. Пасля няўдалай спробы акружыць 10-ю рус. армію і ўзяць Вільню (жн. 1915) герм. войскі 9 вер. пачалі новае наступленне на г. Свянцяны і 10 вер. прарвалі фронт. Кав. група (6 дывізій) пранікла ў тылы рас. войск, захапіла Вілейку (14 вер.) і падышла да Маладзечна. Асобныя часці групы дайшлі да Барысава, а атрад конных егераў пашкодзіў чыгунку каля Смалявіч. Рас. войскі пакінулі Вільню, але немцы замацаваць поспехі не змаглі. Наступленне варожай кавалерыі 16—17 вер. было спынена 2-й рус. арміяй і ў ваколіцах Маладзечна, Вілейкі і Смаргоні яна была разбіта. Пасля 10-дзённых баёў (да 2 кастр.) герм. войскі адступілі ў раён азёр Нарач—Свір. С.п. — апошняя аперацыя манеўровага перыяду вайны на рас.-герм. фронце, пасля якой абодва бакі перайшлі да пазіцыйнай вайны.

М.​І.​Камінскі.

т. 14, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СГС СІСТЭ́МА АДЗІ́НАК,

сістэма адзінак фіз. велічынь з асн. адзінкамі: даўжыні — сантыметр, масы — грам, часу — секунда. Абрэвіятура СГС утворана ад першых літар найменняў асн. адзінак.

Прыняга 1-м Кангрэсам электрыкаў (Парыж, 1881) у якасці сістэмы адзінак для механікі і электрадынамікі. Для эл.-магн. велічынь былі прыняты 2 сістэмы: эл. статычная СГСЭ (электрычная пастаянная E0 = 1, магнітная пастаянная μ0 = 1/с​2, с — скорасць святла ў вакууме) і эл.-магн. СГСМ (μ0 = 1, E0 = 1/с​2), заснаваныя на Кулона законе для ўзаемадзеяння эл. зарадаў і магн. полюсаў. У 2-й пал. 20 ст. найб. пашырэнне атрымала сіметрычная (змешаная) СГСЭ с.а., у якой магн. адзінкі роўныя адзінкам СГСМ, а эл. — адзінкам СГС (E0 = 1, μ0 = 1). Пасля шырокага ўкаранення Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ) СГС с.а. выкарыстоўваецца толькі ў тэарэт. фізіцы і астраноміі.

Літ.:

Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1988;

Деньгуб В.М., Смирнов В.Г. Единицы величин: Словарь-справ. М., 1990.

А.​І.​Балсун.

т. 14, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕБАСЦЬЯ́НА ДЭЛЬ П’ЁМБА [Sebastiano del Piombo; сапр. Лучані (Luciani); каля 1485, г. Венецыя, Італія — 21.6.1547],

італьянскі жывапісец эпохі Адраджэння. Вучыўся ў Дж.​Беліні. Раннім творам, створаным пад уплывам Джарджоне і Тыцыяна, уласцівы прасветлена-лірычны лад (створкі аргана з выявамі 4 святых для царквы Сан-Барталамеа аль Рыяльта, карціна для гал. алтара царквы Сан-Джавані Крызастома ў Венецыі). З 1511 працаваў у Рыме, дзе зблізіўся з Рафаэлем; работы адметныя больш строгім і ўраўнаважаным характарам пры захаванні гучнасці каларыту, уласцівага венецыянскай школе жывапісу. фрэскі на віле Фарнезіна (1511), партрэт рымлянкі (т.зв. «Даратэя», каля 1515) і інш. З 2-й пал. 1510-х г. пад уплывам Мікеланджэла яго творы набылі падкрэслена драм. афарбоўку («Уваскрашэнне Лазара», 1519). Работы, створаныя ў перыяд контррэфармацыі, вызначаюцца змрочнай жорсткасцю вобразнага ладу, які выявіў крызіс маст. прынцыпаў Высокага Адраджэння («Нясенне крыжа», 1537). У 1540-я г. для сабора Санта-Марыя дэла Пачэ ў Рыме выканаў буйную манум. кампазіцыю «Сустрэча Марыі і Елізаветы».

Я.​Ф.​Шунейка.

Себасцьяна дэль П’ёмба. Нясенне крыжа. 1537.

т. 14, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)