ЗАБО́РСКІ (Георгій Уладзіміравіч) (н. 11.11.1909, Мінск),

бел. архітэктар. Засл. будаўнік Беларусі (1961), нар. архітэктар СССР (1981). Акад. Рас. акадэміі архітэктуры і буд. навук (1995). Скончыў Ленінградскую АМ (1939). У 1952—64 выкладчык БПІ (дацэнт з 1954). Працаваў у ін-тах «Белдзяржпраект», «Мінскпраект», з 1964 у БелНДІдзіпрасельбудзе (у 1966—79 кіраўнік майстэрні). Асн. работы ў Мінску: корпус Лечсанупраўлення (1948), ансамбль жылых дамоў на вул. Леніна (1949—56), карпусы пед. ун-та (1951—59), гасцініца Бел. саюза мастакоў, Літ. музей Я.Коласа (абедзве 1952), рэканструкцыя будынка сувораўскага вучылішча (1953), аэравакзал «Мінск-1» (1957), музей гісторыі Вял. Айч. вайны (1967), кінатэатр «Піянер», т-р лялек (абедзве 1964). Сааўтар генплана Полацка (1949). Сярод работ у сельскім буд-ве: сааўтар планіроўкі і забудовы вёсак Верцялішкі (Дзярж. прэмія СССР 1971), Сарачы і Рэдкавічы Любанскага р-на (1969), аўтар Палаца культуры, гандл. цэнтра з гасцініцай, жылых дамоў у в. Сноў (1970-я г.) і інш. Творы манум. мастацтва: Манумент Перамогі, помнік Я.Коласу (1972) у Мінску, мемар. комплекс Зыслаў.

Г.У.Заборскі.

т. 6, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХЛЕ́ЎНЫ (Леанід Канстанцінавіч) (н. 16.1.1947, г. Гродна),

бел. кампазітар. Нар. арт. Беларусі (1998), засл. дз. маст. Беларусі (1985). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972, клас А.Багатырова). З 1976 выкладчык Мінскага муз. вучылішча, у 1978—89 муз. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм», з 1990 маст. кіраўнік ансамбля нар. музыкі «Бяседа» Белтэлерадыёкампаніі. Яго творчасці ўласцівы дэмакратычнасць муз. мовы, яркі меладызм, спалучэнне нац. характэрнасці і сучасных сродкаў муз. выразнасці. Сярод твораў: кантаты «Вянок» (1972), «Муха-цакатуха» паводле К.Чукоўскага (1976); 2 сімфоніі (1971, 1975), сімф. варыяцыі «З беларускага эпасу» (1970); камерна-інстр. творы; рамансы і вак. цыклы на вершы М.Багдановіча, У.Карызны, К.Буйло (1972—77); песенны цыкл «Памяць» (1980), зб. песень для дзяцей «Вераснёвы вальс» (1994); хар. цыклы «Дзесяць апрацовак беларускіх народных песень» (1977), «Песні дзявочага кахання» (1979, сл. Карызны), «Песні беларускага Паазер’я» (1988, сл. народныя); песні; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980. Сярэбраны медаль імя А.Аляксандрава 1986. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

т. 7, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІ́ЛЬБЕРТ (Фёдар Фёдаравіч) (7.9.1917, г. Тарту, Эстонія — 19.2.1986),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў вучылішча прыгожых мастацтваў у г. Ліепая (1934), вучыўся на арх. ф-це Латвійскага ун-та (1936—39). На Беларусі з 1946. Адзін з арганізатараў эксперым. керамічнай лабараторыі ў Мінску (1959) і вытв-сці керамікі ў Барысаве (1963). Выкладаў у Бел. тэатр.маст. ін-це (1965—71). Сярод твораў: скульпт. кампазіцыі «Ураджай» (1947), «Гусляр», «Памром, але крэпасць не пакінем!» (абедзве 1956); партрэты Г.Цітовіча (1948), А.Міцкевіча (1955), барэльефы М.Сеўрука (1978), Я.Коласа (1981), «Сустрэча паэтаў Я.Райніса і Я.Купалы» (1982); падлогавыя вазы «Зубр» (1977), «Папараць» (1979); дэкар. пласты «Нацюрморт» (1977), «Макі» (1978), «Восень у садзе» (1979). Аўтар дыярамы «Абарона Брэсцкай крэпасці» (1957, з П.Дурчыным), дэкар. керамікі для інтэр’ера Музея нар. славы ў в. Іканы Барысаўскага р-на і інш. Іл. гл. таксама да арт. Брэсцкай крэпасці абарона 1941.

Літ.:

Яніцкая М.М. Ф.Ф.Зільберт. Мн., 1981.

І.М.Каранеўская, М.М.Яніцкая.

Ф.Зільберт. Дэкаратыўны пласт «Нацюрморт» 1977.

т. 7, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗМАГА́ННЕ», Беларуская дэпутацкая фракцыя «Змаганне» за інтарэсы сялян і рабочых,

легальная рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цыя працоўных Зах. Беларусі ў снеж. 1927—30. Створана як выбарчы рабоча-сялянскі к-т «З.» па падрыхтоўцы да выбараў у сейм. У выніку выбараў (4.3.1928) ад працоўных Зах. Беларусі ў сейм прайшлі 5 бел. дэпутатаў: І.Дварчанін, Я.Гаўрылік, Ф.Валынец, І.Грэцкі, А.Стагановіч (з лют. 1929 П.Крынчык). Яны стварылі ў сейме бел. рабоча-сялянскі пасольскі клуб «З.». Аб’яднаўшы шматлікі актыў, што вырас у Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе, і стварыўшы вясной 1929 амаль ва ўсіх паветах мясц. сакратарыяты, «З.» стала ўплывовай паліт. арг-цыяй працоўных Зах. Беларусі, змагалася за тыя ж патрабаванні, што і яе папярэдніца — Грамада. 30.8.1930 польскія ўлады арыштавалі дэпутатаў сейма і кіраўнікоў «З.» і неўзабаве ліквідавалі ўсе 50 мясц. сакратарыятаў. Суд, які адбыўся над кіраўнікамі і актывістамі «З.» (1931 у Вільні), прыгаварыў Дварчаніна, Гаўрыліка, Валынца і Крынчыка да 8 гадоў турмы кожнага.

І.П.Хаўратовіч.

т. 7, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЮВА́НАЎ (Міхаіл Акімавіч) (24.2.1906, г. Грозны, Чэчня — 29.4.1977),

бел. спявак (бас). Нар. арт. Беларусі (1954). Скончыў Бел. кансерваторыю (1951, клас Я.Віцінга), з 1962 выкладаў у ёй. З 1938 працаваў у т-рах оперы і балета ў Баку, Ташкенце, Фрунзе, Маскве (Вял. т-р, 1944), Пермі. У 1949—61 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодаў моцным голасам прыгожага цёплага тэмбру. Аднолькава пераканаўча выконваў партыі лірычныя, драм. і камедыйныя. Сярод партый нац. рэпертуару: Даніла і Анішчук («Дзяўчына з Палесся» і «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Якуб («Марынка» Р.Пукста), Дураў («Надзея Дурава» А.Багатырова); з лепшых партый класікі — Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Барыс («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), Грэмін, кароль Рэнэ, Качубей («Яўген Анегін», «Іаланта», «Мазепа» П.Чайкоўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні).

Літ.:

Жураўлёў Дз.М. Шлях акцёра // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Б.С.Смольскі.

М.А.Зюванаў.
М.Зюванаў у ролях Карася (злева) і караля Рэнэ.

т. 7, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НАЎ (Усевалад Вячаслававіч) (24.2.1895, пас. Лябяжае Паўладарскай вобл., Казахстан — 15.8.1963),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1915, належаў да літ. групы «Серапіёнавы браты». Аповесці «Партызаны» (1921), «Браняпоезд 14-69» (аднайм. п’еса паст. МХАТ, 1927) і «Каляровыя вятры» (абедзве 1922) пра падзеі грамадз. вайны. Аўтар аўтабіягр. рамана «Прыгоды факіра» (1934—35; 2-я рэд. «Мы ідзём у Індыю», 1960), рамана «Пархоменка»(1939, фільм «Аляксандр Пархоменка», 1942), зб. апавяданняў «Хмель: Сібірскія апавяданні 1917—1962 гг.» (1963; бел. пер. А.Кудраўца, 1975), сац.-філас., гратэскавых раманаў «Ужгінскі крэмль» (выд. 1981), «У» (выд. 1988). На бел. мову перакладзены аповесць «Браняпоезд 14-69» (пер. М.Стагановіча, 1933), раман «Пархоменка» (пер. В.Макоўскай, 1941), п’еса «Блакада» (пер. А.Макаёнка, 1989). П’еса «Браняпоезд 14-69» паст. БДТ-1 (Нац. акад. т-р імя Я.Купалы) у 1928 і Дзярж. рус. драм. т-рам у 1936, п’еса «Блакада» — т-рам імя Я.Купалы ў 1967.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1973—78.

С.Ф.Кузьміна.

У.В.Іванаў.

т. 7, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́ШЫН (Васіль Уладзіміравіч) (н. 9.5.1913, в. Ляхавічы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. літаратуразнавец, педагог. Акад. АПН СССР (1967), д-р філал. н. (1965), праф. (1973). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1938). З 1946 у Ін-це л-ры АН Беларусі, у 1967—78 дырэктар НДІ педагогікі Мін-ва адукацыі Беларусі. Навук. працы па пытаннях тэорыі і гісторыі бел. л-ры, літ. сувязей, метадалогіі і методыкі выкладання л-ры ў школе. Адзін з гал. кірункаў даследаванняў — Купалаўская спадчына. Аўтар манаграфій «М.Горкі і беларуская літаратура пачатку XX ст.» (1956), «Ля вытокаў сацыялістычнага рэалізму» (1963), «Да вышынь рэалізму» (1983), «Выверанае жыццём» (1988), падручнікаў «Беларуская літаратура» для 8-га кл. (19-е выд. 1978, з В.В.Барысенкам; 7-е выд. 1988, з М.А.Лазаруком), для 9-га кл. (9-е выд. 1994, з Лазаруком).

Тв.:

Янка Купала: Творчасць перыяду рэвалюцыі 1905—1907 гг. Мн., 1953;

Рэвалюцыя 1905—1907 гг. і развіццё беларукай літаратуры. Мн., 1955.

т. 7, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ІЛІЯ́ДА»,

старажытнагрэчаская эпічная паэма, аўтарства якой (разам з «Адысеяй») прыпісваюць Гамеру. Узнікла, відаць, у 9—8 ст. да н.э. ў Іоніі на аснове паданняў пра Траянскую вайну (13 ст. да н.э.). Напісана гекзаметрам (каля 15700 вершаў). У 3—4 ст. ант. філолагі падзялілі яе на 24 песні. Як і «Адысея», верагодна, доўгі час бытавала ў вуснай форме. «І.» апавядае пра асаду грэкамі-ахейцамі г. Іліён (Троя). Яе кампазіцыя і сюжэты падпарадкаваны паэтыцы гераічнага эпасу: паход выкліканы выкраданнем траянцам Парысам Алены, жонкі ахейскага цара Менелая. Цэнтр. сюжэт паэмы — гнеў гал. героя Ахіла, абдзеленага прадвадзіцелем паходу Агамемнанам (Ахіл адмаўляецца ўдзельнічаць у бітве, пакуль ад рукі траянца Гектара не гіне яго сябар Патрокл). Ахіл забівае Гектара ў паядынку, а паэма заканчваецца апісаннем трызны па Патроклу і Гектару. На бел. мову ўрывак з «І.» пераклаў Ю.Дрэйзін, цалкам — Б.Тарашкевіч (захаваліся ўрыўкі).

Публ.: Бел. пер. — у кн.: Тарашкевіч Б. Выбранае. Мн., 1991.; Рус. пер. — Илиада; Одиссея. М., 1967.

т. 7, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́КЛАШЫЧ (Miklošič, Miklosich) Франьё (Франц; 20.11.1813, Радамершчак, каля г. Лютамер, Славенія — 7.3.1891), славенскі і аўстрыйскі мовазнавец. Заснавальнік слав. параўнальна-гіст. мовазнаўства. Акад. Венскай (з 1851), чл.кар. Пецярбургскай (з 1856) АН. Скончыў ун-т у Грацы (Аўстрыя). У 1850—86 праф. Венскага ун-та. Даследаваў лексіку і граматыку слав. моў, узаемадзеянне слав. моў з алб., венг., рум. і інш., вывучаў слав. анамастыку і тапаніміку, л-ру і эпас. Аўтар прац «Параўнальная граматыка славянскіх моў» (т. 1—4, 1852—75), «Утварэнне славянскіх імён» (1860), «Цюркскія элементы ў паўднёва-ўсходніх і ўсходнееўрапейскіх мовах» (1884—90). Склаў «Слоўнік стараславянскай мовы», 1850; 2-е выд. 1862—65), «Этымалагічны слоўнік славянскіх моў» (1886). Выдаў стараж.-слав. пісьмовыя помнікі, у т.л. «Супраслъскі рукапіс», «Шышатаўскі апостал» (1853), «Хроніку Нестара» (1860), крыніцы па гісторыі славян («Monumenta serbica», 1858). У працах паслядоўна ўключаў бел. моўны матэрыял, хоць памылкова аб’ядноўваў бел. і ўкр. мовы як дыялекты адной мовы.

т. 10, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКЛАШЭ́ЎСКІ (Яўген Васілевіч) (н. 9.8.1936, в. Лыскі Падляскага ваяв., Польшча),

бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Пінскае пед. вучылішча (1957). Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це замежных моў (1962—66). Настаўнічаў. З 1972 у час. «Родная прырода», «Маладосць», з 1981 літкансультант СП Беларусі, у 1991—98 у час. «Тэатральная Беларусь». Друкуецца з 1959 (да 1981 пад псеўд. Яўген Верабей). У лірыцы ўслаўляе прыгажосць роднага краю, каханне, адлюстроўвае духоўны свет чалавека, роздум над сэнсам жыцця (зб-кі «Свежасць», 1968; «Світальны водбліск», 1981; «У спрадвечным руху», 1985; «Зара-заранка, зара-вячэрніца», 1989). Прыхільнік паэт. прозы, вострасюжэтных псіхал. твораў. Маральна-этычныя праблемы, жыццё школы ў аповесці «Чатыры Дарогі» (1979). Аўтар аповесці пра лёс настаўніцы «Мёртвая Крыніца» (1988), рамана-даследавання «Каханне і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча» (1991, Літ. прэмія імя І.Мележа, 1996), п’ес «Чарга» (1992), «Натуршчыца, або Пр’эзентацыя відэатэатра» (1996). Кн. сатыры і гумару «Ганна з Пухавіч» (1976). На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Пушкіна, М.Лермантава, С.Ясеніна, М.Забалоцкага, А.Міцкевіча, Р.Кіплінга, Э.Хемінгуэя і інш.

І.У.Саламевіч.

Я.В.Міклашэўскі.

т. 10, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)