ПРЫГО́ДНІЦКАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

мастацкая проза пра рэальныя ці выдуманыя падзеі, насычаныя займальнымі калізіямі, нечаканымі паваротамі, матывамі выкраданняў і праследаванняў, раскрыццём таямніц і загадак. Дзеянне адбываецца ў асаблівых умовах; персанажы рэзка падзяляюцца на ліхадзеяў і герояў. П.л. звязана з дэтэктыўнай літаратурай, падарожжам і фантастычнай літаратурай.

Вытокі Пл. ў авантурных творах антычнасці («Метамарфозы» Л.​Апулея) і сярэднявечча («Аповесць пра Трышчана»), Пл. фарміравалася і развівалася ў выніку пераасэнсавання ў эпоху барока рыцарскіх раманаў, з якімі непасрэдна звязана, і пад уплывам рамантызму. У ліку першых узораў П.л. былі «марскія раманы» Дж.​Ф.​Купера (ЗША) і Ф.​Марыета (Вялікабрытанія), гіст.-прыгодніцкія раманы А.​Дзюма-бацькі і сац.-прыгодніцкія Э.​Сю (Францыя). Класічныя ўзоры П.л. — творы Т.​М.​Рыда. Р.​Л.​Стывенсана, Р.​Хагарда (Вялікабрытанія), Ж.​Верна, Л.​А.​Бусенара (Францыя), Дж.​Лондана (ЗША) і інш. У рус. л-ры вядомы прыгодніцкія творы А.​Грына, А.​М.​Талстога, А.​Бяляева, братоў Вайнераў, В.​Каверына, А.​Рыбакова, Ю.​Сямёнава, І.​Яфрэмава, К.​Вільмонт і інш.

На Беларусі элементы П.л. прысутнічаюць у мемуарах С.​Пільштын «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў, падарожжа і жыцця майго авантураў...» (1760; у бел. пер. «Авантуры майго жыцця», апубл. ў 1993), змест якіх нагадвае прыгодніцкі раман. Уласна П.л. склалася ў творчасці Я.​Маўра. Яго аповесці «У краіне райскай птушкі» (1927), «Сын вады» (1928), «Палескія рабінзоны» (1930) і раман «Амок» (1929) развіваюць традыцыі сусв. П.л. Вядомы прыгодніцкія аповесці «Каштанавы «Масквіч» Х.​Жычкі (1959), «Злачынства ля Зялёнай тоні» У.​Краўчанкі (1961), «Пажарніца» («Тайна бункера № 7») У.​Паўлава (1968), «Эрпіды на планеце Зямля» П.​Місько (1987), «Блуканні па іншасвеце» Я.​Сіпакова (1994), «Пастка для пярэваратня» А.​Якімовіча (1997) і інш.

Майстар прыгодніцкай прозы — У.​Караткевіч (аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», 1964; раман «Чорны замак Альшанскі», 1979—80, і інш.). Прыгодніцкі элемент характэрны для асобных твораў Я.​Коласа, З.​Бядулі, М.​Лынькова, Э.​Самуйлёнка, К.​Чорнага, У.​Дубоўкі, С.​Баранавых, Б.​Мікуліча, Р.​Мурашкі, Я.​Нёманскага, І.​Шамякіна, І.​Сяркова. У прыгодніцкім жанры выступаюць А.​Асіпенка, В.​Гігевіч, Л.​Дайнека, Э.​Скобелеў, М.​Чаргінец, У.​Ягоўдзік і інш.

М.​Р.​Міхайлаў.

т. 13, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОЛАСАЗНА́ЎСТВА,

адна з галін бел. літ. навукі, якая займаецца вывучэннем жыцця і творчасці Я.Коласа. У сваім развіцці К. прайшло некалькі этапаў, кожны з якіх вызначаецца пэўнымі асаблівасцямі, што выяўляюць ступень разумення і асэнсавання ролі і месца пісьменніка ў нац. л-ры. Першы крытычны водгук на літ. дэбют Я.​Коласа — верш «Наш родны край» (газ. «Наша доля», 1.9.1906) быў змешчаны ў мінскай газ. «Голос провинции» (5.9.1906), аўтар якога Д.​Бохан адзначаў, што твор «вызначаецца выдатным гучаннем і прыгажосцю». Арыгінальнасць таленту маладога пісьменніка падкрэсліваў Н.​Чарноцкі («Минский курьер», 1908). Глыбінёй і трапнасцю вызначаліся ацэнкі-выказванні пра яго творчасць рус., укр. і бел. вучоных, грамадскіх і культ. дзеячаў: А.​Пагодзіна, С.​Русава, І.​Свянціцкага, М.​Янчука. Крытычныя заўвагі адносна пэўнай тэматычнай аднастайнасці зб-ка паэзіі Я.​Коласа «Песні-жальбы» выказаны ў арт. М.​Багдановіча «Глыбы і слаі. Агляд беларускай краснай пісьменнасці, 1910 г.» (1911). Гэта часткова тлумачылася тым, што зборнік быў падрыхтаваны без удзелу аўтара, які ў той час знаходзіўся ў турме, а многія вершы вострай паліт. накіраванасці не трапілі ў зборнік па цэнзурных меркаваннях. Пазней у арт. «За тры гады. Агляд беларускай краснай пісьменнасці, 1911—1913 гг.» (1913) Багдановіч даў больш разгорнутую характарыстыку паэзіі Я.​Коласа, падкрэсліваў яе маст. вартасць, актуальнасць тэматыкі, сувязь з лёсам народа. Метадалагічнае значэнне для К. мелі выказванні М.​Горкага пра Я.​Купалу, Я.​Коласа ў лістах да М.​Кацюбінскага і А.​Чарамнова ў 1910. Сістэматычнае вывучэнне творчасці Я.​Коласа пачалося ў 1920-я г. У сувязі са святкаваннем 20-годдзя яго літ. дзейнасці і прысваеннем яму звання нар. паэта Беларусі (1926) з’явілася багата крытычных і літ.-знаўчых артыкулаў. Артыкул І.​Замоціна «Пуціны беларускай літаратуры: (Якуб Колас «Новая зямля»)» («Полымя», 1924) і сёння адзін з лепшых сярод даследаванняў творчасці паэта. У ім паэма «Новая зямля» ацэньвалася як твор рэалістычны, глыбока народны, які прадвызначыў магістральны кірунак усяго бел. мастацтва. Грунтоўнасцю вызначаюцца назіранні даследчыка і над жанравай формай паэмы як эпічнага твора. Вядучым прадстаўніком рэаліст. кірунку, класікам бел. л-ры, адным з заснавальнікаў нац. маст. прозы назваў Я.​Коласа М.​Гарэцкі («Гісторыя беларускае літаратуры», 1920). У гэты час мелі месца і беспадстаўныя выпады супраць Я.​Коласа, творы якога проціпастаўляліся творчасці маладых паэтаў. Найб. нігілістычныя адносіны да яго выявіліся ў арт. Н.​Чарнушэвіча «Алесь Гурло як паэт і грамадзянін» («Маладняк», 1925). У канцы 1920—30-х г. нігілістычныя ацэнкі паглыбіліся. Вульгарна-сацыялагічныя крытыкі (Л.​Бэндэ, А.​Кучар і інш.) выказвалі ў адрас паэта нямала грубых паліт. абвінавачванняў. Вульгарызатарская крытыка беспадстаўнымі нападкамі дэзарыентавала пісьменніка, навязвала яму тэмы, далёкія ад яго творчых схільнасцей. Новую старонку ў К., асабліва ў ацэнцы паэм «Новая зямля» і «Сымон-музыка», зганьбаваных вульгарызатарамі, адкрываў рэдакцыйны арт. «Народны паэт БССР» (газ. «Літаратура і мастацтва», 5.2.1939), у якім творчасць пісьменніка разглядалася аб’ектыўна, падкрэслівалася эпічная прырода твораў, паўната і ўсебаковасць адлюстравання рэчаіснасці. Перагляд вульгарызатарскіх схем і пазіцый пачаўся ў 2-й пал. 1940-х г. (артыкулы У.​Агіевіча, Ю.​Пшыркова, В.​Барысенкі, П.​Глебкі, К.​Крапівы, М.​Лынькова, Н.​Перкіна, Я.​Усікава, В.​Таўлая і інш.). Бел. К., асновы якога былі закладзены ў працах Багдановіча, Гарэцкага, Замоціна, складалася менавіта ў пасляваенны час. У 1950-я г. з’явіліся новыя кнігі, скіраваныя на абвяржэнне вульгарна-дагматычных ацэнак і выкрыццё беспадстаўных паліт. абвінавачванняў пісьменніка: «Якуб Колас. Жыццё і творчасць» (1951) і «Трылогія Якуба Коласа «На ростанях» (1956) Пшыркова, «Вобраз станоўчага героя ў творчасці Якуба Коласа» М.​Барсток (1951), «Якуб Колас. Крытыка-біяграфічны нарыс» Я.​Мазалькова (1952), «Творчасць Якуба Коласа» Л.​Фіглоўскай (1959). Высокім грамадзянскім і сац. пафасам вызначаліся лепшыя працы таго часу, хоць у многіх з іх адсутнічаў эстэт. аналіз, спрошчана разглядаліся мова і стыль твораў. У 1961—64 выдадзена першае навукова-каменціраванае выданне спадчыны пісьменніка — Збор твораў у 12 тамах, што прыкметна актывізавала К. У 1960-я г. выйшлі даследаванні А.​Адамовіча «Беларускі раман: Станаўленне жанра» (1961), дзе шматгранна раскрыта ідэйна-маст. і эстэт. значнасць паэмы «Новая зямля» і трылогіі «На ростанях»; А.​Лойкі «Новая зямля» Якуба Коласа» (1961); М.​Лужаніна «Колас расказвае пра сябе» (1964); М.​Мушынскага «Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі» (1965); І.​Навуменкі «Якуб Колас. Духоўны воблік героя» (1968) і інш. Даследаванню творчасці Я.​Коласа адведзена значнае месца ў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1965—66), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), у абагульняльных працах і манаграфіях Пшыркова, Перкіна, В.​Івашына, С.​Александровіча, В.​Каваленкі, М.​Грынчыка, Ф.​Куляшова, Лойкі, М.​Лазарука, Э.​Гурэвіч, А.​Семяновіча, В.​Бечыка, К.​Хромчанкі, М.​Яроша, У.​Казберука, Мазалькова, С.​Пятровіча, В.​Жураўлёва, В.​Аграшкевіча, Я.​Клімуця і інш., якія вызначалі месца Я.​Коласа ў бел. прозе, паэзіі, драматургіі, у л-ры для дзяцей і юнацтва і інш. З’явіліся працы, прысвечаныя эстэт. поглядам Я.​Коласа (А.​Майхровіч), яго этнагр. спадчыне (Э.​Сабаленка), мове (А.​Каўрус), перакладчыцкай (В.​Рагойша) і пед. (У.​Радзіёнаў) дзейнасці. Асобныя праблемы творчасці Я.​Коласа асветлены ў літ.-крытычных артыкулах і ўспамінах С.​Андраюка, П.​Ахрыменкі, В.​Барысенкі. П.​Броўкі, Я.​Брыля, В.​Бурносава, Б.​Бур’яна, П.​Глебкі, Я.​Казекі, В.​Казловай, У.​Калесніка, У.​Карпава, К.​Крапівы, А.​Куляшова, М.​Ларчанкі, П.​Панчанкі, М.​Стральцова, І.​Шамякіна, Р.​Шкрабы і інш. У 1972—78 выдадзены Збор твораў Я.​Коласа ў 14 тамах, дзе апрача маст. твораў, што адсутнічалі ў 12-томным выданні, змешчана значна больш лістоў, літ.-крытычных артыкулаў, удакладнены тэкст і датаванне многіх твораў, больш поўна пададзены варыянты і розначытанні, пашыраны каментарыі. Вопыт падрыхтоўкі і выдання маст. спадчыны Я.​Коласа стаў прадметам тэарэт. абагульнення ў зб. «Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры» (1980). Далейшаму развіццю К. садзейнічалі даследаванні, што з’явіліся ў сувязі са 100-годдзем з дня нараджэння паэта. У кн. Пшыркова «Летапісец свайго народа» (1982) гал. ўвага скіравана на этапныя творы, канкрэтны разгляд у ёй спалучаецца з пастаноўкай гісторыка-тэарэт. праблем. Эвалюцыя светапогляду Я.​Коласа даследавалася ў кн. Майхровіча «Янка Купала і Якуб Колас: Пытанні светапогляду» і зб. «З жыццяпісу Якуба Коласа» (абодва 1982), што значна ўзбагаціла ранейшыя ўяўленні пра пісьменніка. Пытанням творчых сувязяў Я.​Коласа з рус. паэтамі прысвечана праца Я.​Клімуця «Жыццёвасць традыцый» (1985). Разнастайныя формы плённага творчага ўзаемадзеяння Я.​Коласа з рус. л-рай разглядаюцца ў «Нарысах па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязяў» (кн. 1—4, 1993—95). У 1990-я г. з’явіліся даследаванні пра станаўленне таленту Коласа-эпіка (кн. І.​Чыгрына «Рэальнае і магчымае»), пра яго ролю ва ўзбагачэнні жанрава-стылявых магчымасцей бел. прозы (манаграфія Жураўлёва «Я.​Колас і паэтыка беларускага рамана», абедзве 1991). Дзейнасць Я.​Коласа ў гады эвакуацыі і яго літ.-творчае акружэнне асвятляюцца ў кн. М.​Жыгоцкага «У цяжкі час вайны суровай» (1995) і «Побач з Коласам» (1996). Актывізуецца вывучэнне ролі Я.​Коласа ў развіцці бел. літ. мовы («Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа», 1990; «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.​Коласа», 1993). Маленству, юнацтву, творчай дзейнасці Я.​Коласа прысвечаны дакумент.-маст. аповесці С.​Александровіча «Ад роднае зямлі» (1962), «На шырокі прастор» (1972), «Крыжавыя дарогі» (1982), «Сейбіт песні і мудрасці» (1985). Дзейнасць па ўшанаванні памяці пісьменніка, прапагандзе яго творчай спадчыны, падрыхтоўцы бібліягр. дапаможнікаў, зборнікаў успамінаў, фотадакументальных альбомаў вядзе Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей. Супрацоўнікі музея — ініцыятары і арганізатары правядзення (з 1985) шматгадовых навуковых чытанняў, прысвечаных пісьменніку, паводле матэрыялаў якіх выдаецца зб. «Каласавіны» (з 1986), які сведчыць пра спробу вучоных перагледзець многія ацэнкі асобных твораў Я.​Коласа («Новая зямля», «Сымон-музыка», «Адшчапенец»), у больш шырокім плане асвятляе яго ролю ў нац.-культурным адраджэнні, развіцці нац. л-ры, мастацтва, навукі, адукацыі, літ. крытыкі, публіцыстыкі, узнімае новыя аспекты вывучэння спадчыны і грамадска-паліт. дзейнасці. Намаганнямі навукоўцаў, архівістаў у шырокі ўжытак уведзены новыя гіст.літ., біягр. матэрыялы. У Ін-це л-ры імя Я.​Купалы Нац. АН Беларусі распачата падрыхтоўка першага поўнага збору твораў Я.​Коласа ў 18-ці тамах. Найбольш поўная бібліяграфія ў біябібліягрф. слоўніку «Беларускія пісьменнікі» (т. 3, 1994).

Літ.:

Мушынскі М. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1982;

Яго ж. Якуб Колас у літаратурнай крытыцы // Полымя. 1972. № 11;

Яго ж. Беларускае коласазнаўства // Там жа. 1982. № 11;

Якуб Колас: Бібліягр. паказ. Мн., 1983.

М.​І.​Мушынскі.

т. 8, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫКАЗНА́ЎСТВА,

навука пра музыку; галіна мастацтвазнаўства. Падзяляецца на некалькі асобных узаемазвязаных дысцыплін адпаведна разнастайнасці форм музыкі і жыццёвых функцый, якія яны выконваюць, або выбранаму аспекту разгляду муз. з’яў. Аснова класіфікацыі М. — падзел на гіст. і тэарэт. галіны адпаведна выкарыстанню гіст. і лагічнага метадаў даследавання, аднак вывучэнне рэальных працэсаў маст. творчасці часта патрабуе сінтэзу названых метадаў. Гістарычнае М. вывучае гісторыю музыкі як маст. працэс, развіццё нац. муз. культур, жанры музыкі, дзейнасць кампазітараў; уключае муз. крыніцазнаўства, палеаграфію і тэксталогію. Тэарэт. М. даследуе гармонію, поліфанію, мелодыку, рытміку, метрыку, інструментоўку, форму музычную. Асобныя галіны М. — этнамузыкалогія, тэорыя і гісторыя выканальніцкага мастацтва, муз. сацыялогія, псіхалогія, крытыка.

Тэарэт. асэнсаванне пытанняў музыкі пачалося ў краінах стараж. цывілізацый — Асірыі, Вавілоне, Егіпце, Кітаі, Індыі. У Стараж. Грэцыі зарадзілася вучэнне аб этасе, муз. ладах і гукарадах, рытме, інтэрвалах. У эпоху Адраджэння асэнсаваны асновы танальнай гармоніі, перагледжана вучэнне аб ладах, падкрэслена асаблівае значэнне іанійскага (мажор) і эалійскага (мінор) ладоў. Дж.Царліна вызначыў 2 віды трохгуччаў у залежнасці ад становішча ў іх вял. тэрцыі і стварыў перадумовы для ўстанаўлення паняццяў меладычнага і гарманічнага мажору і мінору. даў практычныя ўказанні па тэхніцы поліфанічнага пісьма, суадносін тэксту і музыкі. У 17 ст. паявіліся працы энцыклапедычнага характару па муз.-тэарэт., акустычных і эстэт. праблемах. Важны этап у фарміраванні М. як навукі — эпоха Асветніцтва. Канчаткова як самаст. навука, што вырашае асаблівыя задачы і валодае ўласнымі метадамі даследавання, М. склалася ў 20 ст. У Расіі М. развівалася з канца 17 ст. ў працах І.​Коранева («Мусікія», 1660-я г.) і М.​Дылецкага («Граматыка мусікійская», 1670-я г.), дзе зроблена спроба стварыць рацыяналістычна стройнае вучэнне, і інш. У 18 ст. пачалася распрацоўка пытанняў, звязаных са станаўленнем і развіццём свецкай нац. муз. культуры. У 19 ст. ў артыкулах У.​Адоеўскага і інш. закрануты пытанні пра народнасць музыкі, адметныя рысы рус. муз. школы і яе адносіны да інш. нац. школ. Росквіт рус. класічнага М. звязаны з дзейнасцю А.Сярова (увёў тэрмін «М.»), У.Стасава, Г.Лароша. Шмат прац прысвяцілі М. кампазітары М.​Глінка, П.​Чайкоўскі, М.​Рымскі-Корсакаў, С.​Танееў і інш. У 1920-я г. створаны спец. навук. ўстановы для распрацоўкі фундаментальных праблем тэорыі і гісторыі музыкі.

На Беларусі муз. жыццё гарадоў у 19 — пач. 20 ст. давала шмат матэрыялаў для развіцця муз. крытыкі. Артыкулы і нататкі пра муз. жыццё ў газ. «Минские губернские ведомости», «Витебские губернские ведомости», «Минский листок», «Северо-Западный край», «Наша ніва» і інш. мелі пераважна інфарм. характар і найчасцей былі звязаны з пытаннямі выканальніцтва, хоць у некат. матэрыялах выявіўся зварот да нац. музыкі, прапанавана праграма стварэння бел. кірунку ў муз. культуры. У пач. 20 ст. спробы творчага асэнсавання пытанняў муз. мастацтва разглядаліся ў арт. М.​Багдановіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Гарэцкага, Ц.​Гартнага, З.​Бядулі. У 1920-я г. фарміраваліся прапагандысцка-асв. тэндэнцыі ў М. У арт. Ю.​Дрэйзіна і інш. абагульнены некат. новыя з’явы, што ўзніклі ў грамадскім жыцці. У 1926 выдадзены слоўнік Дрэйзіна «Музычныя тэрміны». У канцы 1920 — пач. 1930-х г. у друку шырока асвятляліся пытанні музычнай адукацыі, выдаваліся падручнікі і навуч. дапаможнікі, у т. л. «Музычная пісьменнасць» В.​Яфімава, «Пачатковая тэорыя музыкі» М.​Мацісона, уступныя арт. да бел. опер і балетаў з нотнымі фрагментамі; працягвалася вывучэнне нар. муз. творчасці. Актывізавалася і даследчая дзейнасць. У 1930-я г. ўзбагацілася жанравая палітра музыказнаўчых прац, паявіліся артыкулы аналітычнага характару. Станаўленню М. садзейнічалі шырокая дыскусія пра развіццё бел. прафес. музыкі (1925), арганізацыя сімф. аркестра (1928) і опернага т-ра (1933). Характэрнымі жанрамі муз. публіцыстыкі 1930-х г. былі творчы партрэт і нарыс. У канцы 1940-х—50-я г. даследаваліся пытанні прафес. муз. творчасці і нац. выканальніцкай культуры. Апублікаваны брашуры і нарысы пра бел. музыку (І.​Нісневіч, Б.​Смольскі, Г.​Цітовіч), яе вядучыя жанры (С.​Нісневіч, В.​Сізко), муз. калектывы (Л.​Мухарынская, Б.​Смольскі, І.​Жыновіч). Распрацоўваліся эстэт. праблематыка нац. музыкі, актуальныя пытанні бел. муз. творчасці, опернай драматургіі, лібрэта, муз. мовы, узаемаадносін прафес. і нар. музыкі. Да 1960-х г. вызначыліся кірункі, звязаныя з распрацоўкай тэарэт. асноў нац. мастацтва. У працах абагульняльнага характару бел. музыка разглядалася ў некалькіх аспектах: нац. нар. музыка, муз. культура Беларусі ад сярэднявечча да 20 ст., сучасная бел. муз. творчасць і выканальніцтва, эстэт. праблемы нац. муз. мастацтва і інш. Цэнтрамі н.-д. думкі сталі кафедры гісторыі і тэорыі музыкі Бел. дзярж. кансерваторыі (цяпер Бел. акадэмія музыкі) і створанага ў 1957 аддзела музыкі Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, грамадска-публіцыстычнай — Саюз кампазітараў Беларусі. Даследаванні ў галіне музыкі праводзяцца таксама на муз.-пед. ф-це Бел. дзярж. пед. ун-та імя М.​Танка і Бел. ун-це культуры. У 1960—90-я г. апублікаваны манаграфіі, выдадзены зборнікі навук. прац па гісторыі нац. муз. культуры, у т. л. «Гісторыя беларускай савецкай музыкі» (1971), «Гісторыя беларускай музыкі» (1976). Раздзелы пра бел. прафес. музыку ўвайшлі ў грунтоўнае выданне Ін-та гісторыі мастацтваў Мін-ва культуры СССР «Гісторыя музыкі народаў СССР» (т. 1—7, 1970—97). Фундаментальны характар мае праца Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі «Музычны тэатр Беларусі» (кн. 1—4, 1990—97; Дзярж. прэмія Беларусі 1998 за кн. 2—4). У вывучэнні творчых працэсаў сучаснай бел. муз. культуры важнае значэнне мела выданне зборнікаў праблемных артыкулаў «Музычная культура Беларускай ССР» (М., 1977), «Пытанні тэорыі і гісторыі музыкі», «Зборнік артыкулаў па музычнаму мастацтву» (абодва 1976), «Пытанні музыказнаўства» (1981), «Беларуская савецкая музыка на сучасным этапе: Тэарэтычныя нарысы» (1990), «Пытанні культуры і мастацтва Беларусі» (вып. 1—13, 1982—94), а таксама зб. «Музыка нашых дзён» (з 1969; з 1975 наз. «Беларуская музыка»). Істотны ўклад у даследаванне творчых працэсаў бел. музыкі (асобных жанраў, пытанняў муз. стылю, форм, тэматызму, выкарыстання фальклору ў творчасці кампазітараў, прынцыпу праграмнасці, праблемы нац. і інтэрнацыянальнага і інш.) зрабілі музыказнаўцы С.​Нісневіч, Н.​Юдзеніч, Сізко, Г.​Куляшова, Т.​Дубкова, Г.​Глушчанка, К.​Сцепанцэвіч, Т.​Шчарбакова, І.​Назіна, Р.​Аладава, Л.​Сцяпура, В.​Савіцкая, А.​Друкт, Р.​Сергіенка, Т.​Ляшчэня, Т.​Шчэрба, В.​Антаневіч, А.​Смагін, Н.​Юўчанка, Т.​Дзядзюля, Э.​Алейнікава, А.​Карпілава і інш. Выдадзены працы пра творчасць бел. кампазітараў, выканаўцаў і муз. калектываў (І. і С.​Нісневічы, Л.​Мухарынская, Куляшова, Дубкова, І.​Зубрыч, А.​Ракава, Дз.​Жураўлёў, Н.​Калеснікава, Л.​Аўэрбах), біябібліягр. даведнікі «Кампазітары Савецкай Беларусі» (1966) і «Саюз кампазітараў БССР» (1978) Жураўлёва, «Кампазітары Беларусі» Т.​Мдывані і Сергіенка (1997). З 1970 выходзіць шматтомнае навук. выданне бел. фальклору «Беларуская народная творчасць». З 1980-х г. распрацоўваецца праблематыка муз. культуры Беларусі ад старажытнасці да 19 ст., даследуецца царк. музыка Беларусі [Л.​Касцюкавец, В.​Дадзіёмава, В.​Пракапцова (Масленікава), А.​Капілаў, А.​Ахвердава, Т.​Ліхач, У.​Неўдах]. Узбагацілася тэарэт. л-ра па праблемах нар. музыкі (Г.​Цітовіч, В.​Ялатаў, Мухарынская, З.​Мажэйка, Т.​Якіменка, Т.​Варфаламеева), ствараецца вучэбная л-ра па бел. музыцы і бел. нар. творчасці для муз. навуч. устаноў розных узроўняў. Развіваецца эстэт. праблематыка (А.​Ладыгіна), даследуюцца пытанні тэорыі опернага (Куляшова) і сімф. (Дубкова) жанраў, гукавышыннай арганізацыі сучаснай музыкі (Сергіенка). Распрацоўваюцца гісторыка-тэарэт. праблемы рас., сав., зарубежнай музыкі (Глушчанка, Шчарбакова, Друкт, М.​Шыманскі, Мдывані, Б.​Златавярхоўнікаў, Н.​Сцяпанская, А.​Гарахавік, К.​Дулава і інш.), муз. сацыялогіі, адукацыі, псіхалогіі, методыкі выкладання, выканальніцкага майстэрства. Бел. музыказнаўцы ўдзельнічаюць у муз. жыцці Беларусі, вядуць муз.-асв. працу, займаюцца крытычнай дзейнасцю, выступаюць у перыяд. друку, на тэлебачанні і радыё, з 1990-х г. удзельнічаюць у міжнар. канферэнцыях і сімпозіумах, супрацоўнічаюць у замежных энцыклапедычных выданнях і інш.

Літ.:

Серов А.Н. Музыка, музыкальная наука, музыкальная педагогика // Серов А.Н. Избр. статьи. М., 1957. Т. 2;

Глебов Игорь [Асафьев Б.В.]. Теория музыкально-исторического процесса, как основа музыкально-исторического знания // Задачи и методы изучения искусств. Пг., 1924;

Рыжкин И., Мазель Л. Очерки по истории теоретического музыкознания. Вып 1—2. М.; Л., 1934—39;

Цуккерман В. О теоретическом музыкознании // Цуккерман В. Музыкально-теоретические очерки и этюды. М., 1970;

Музыказнаўства // Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Дубкова Т.А. Некаторыя пытанні развіцця беларускай эстэтыкі і музычнай крытыкі // Музыка нашых дзён. Мн., 1974;

Методологические проблемы музыкознания. М., 1987;

Белорусская музыка 1960—1980 гг. Гл. 4. Мн., 1997;

Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997;

Гл. таксама літ. пры арт. Этнамузыкалогія.

Р.​М.​Аладава, Г.​С.​Глушчанка.

т. 11, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЛЬ (Янка) (Іван Антонавіч; н. 4.8.1917, Адэса),

бел. пісьменнік. Нар. пісьменнік Беларусі (1981). У 1922 пераехаў з бацькамі на іх радзіму (в. Загор’е Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.). Скончыў польск. сямігадовую школу (1931), працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. З сак. 1939 служыў у польск. марской пяхоце. Удзельнік баёў на Вэстэрплятэ. У вер. 1939 трапіў у ням. палон, адкуль уцёк увосень 1941. З кастр. 1942 сувязны партыз. брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, у сак.—ліпені 1944 партызан-разведчык брыгады «Камсамолец», рэдактар газеты «Сцяг свабоды» і сатыр. антыфаш. лістка «Партызанскае жыгала». З кастр. 1944 у Мінску. Працаваў у рэдакцыях газ.-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», часопісаў «Вожык», «Маладосць», «Полымя», у Дзярж. выд-ве Беларусі. У 1966—71 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1938. Першыя зб-кі «Апавяданні» (1946), «Нёманскія казакі» (1947) вылучылі яго як арыгінальнага майстра лірыка-псіхал. прозы, добрага знаўцу жывой нар. мовы. Жыццё даваеннай і пасляваен. зах.-бел. вёскі, усенар. барацьба супраць ням.-фаш. акупантаў — асн. тэматыка творчасці Брыля (зб. апавяданняў «Вераснёвая рунь», 1949; аповесць «У Забалоцці днее», 1950, Дзярж. прэмія СССР 1952; зб-каў «На Быстранцы», 1955; «Надпіс на зрубе», 1958; «Мой родны кут», 1959; «Працяг размовы», 1962, Літ. прэмія імя Я.​Коласа 1963, і інш.). Апавяданні «Галя», «Надпіс на зрубе», «Маці» і інш. сталі хрэстаматыйныя. Яны кранаюць задушэўнасцю тону, сагрэты любоўю да людзей, славяць высокую гуманнасць, патрыятызм. Стылю празаіка ўласціва паэтычнасць бачання свету, сплаўленая з тонкім псіхалагізмам і пластычнасцю малюнка. Чалавек у яго творах даследуецца ў складаных сац.-псіхал. абставінах, лірызм і эмацыянальнасць арганічна спалучаны з цвярозай аналітычнасцю і псіхал. дакладнасцю. Героі Брыля — людзі тонкай душы і дасціпнага розуму, схільныя да аналізу і самааналізу (Лёня Жывень з аповесці «Апошняя сустрэча», 1959; Алесь Руневіч з рамана «Птушкі і гнёзды», 1963, і інш.). У аснове рамана «Птушкі і гнёзды» — роздум пра чалавека, народ, Радзіму, паказ пакутлівых пошукаў зах.-бел. юнаком Руневічам — чалавекам уражлівай душы і высокіх духоўных парыванняў — шляхоў да свядомай барацьбы з фашызмам. Паказваючы «біяграфію адной душы», пісьменнік здолеў разгарнуць шырокую панараму жыцця, выкрыць знутры «філасофію» таталітарызму і фашызму, паказаць нараджэнне супраціўлення яму ў душах людзей. Людзі актыўнага дзеяння, наіўныя рамантыкі зах.-бел. падполля П.​Жалезняковіч і Р.​Сяржант — героі вядомых нарысаў Брыля «Сэрца камуніста» і «Партрэт старэйшага таварыша». З калабруньёнскім гумарам і журботаю, з псіхал. глыбінёй паказана жыццё зах.-бел. вёскі 1920—30-х г. у яго аповесцях «Ніжнія Байдуны» (1975) і «Золак, убачаны здалёк» (1978, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1982). Аповесць «Муштук і папка» (1990) пра брата, закатаванага ў 1938 у Белай Царкве на Украіне. Шырокае прызнанне атрымалі лірыка-філас. мініяцюры, псіхал. абразкі (зб-кі «Жменя сонечных промняў», 1965, «Вітраж», 1972, «Вячэрняе», 1994 і інш.). Піша таксама для дзяцей, вобразы якіх малюе шчыра, светла, замілавана (зб-кі «Ліпка і клёнік», 1949; «Зялёная школа», 1951; «Светлае ранне», 1954; «Пачатак сталасці», 1957; «Жыў-быў вожык», 1976). Адзін з аўтараў кнігі «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з А.​Адамовічам і У.​Калеснікам), у якой сабраны і сродкамі маст. публіцыстыкі пракаменціраваны расказы нешматлікіх людзей, што перажылі жахі соцень спаленых разам з жыхарамі бел. вёсак. Кніга гэтая — напамінак свету пра зверствы гітлераўцаў, выключнай сілы прысуд фашызму, гімн мужнасці няскоранага народа. Выступае з публіцыст. і літ.-крытычнымі артыкуламі. Эстэт. погляды пісьменніка, яго аналіз сучаснага літ. працэсу — у зб-ках «Роздум і слова» (1963), «Трохі пра вечнае» (1978). На бел. мову пераклаў асобныя творы Л.​Талстога, А.​Чэхава, І.​Крылова, М.​Горкага, П.​Бажова, Г.​Траяпольскага, А.​Вішні, А.​Даўжэнкі, І.​Друцэ, Э.​Ажэшкі, М.​Канапніцкай, Б.​Пруса, Л.​Кручкоўскага, Я.​Івашкевіча, Я.​Бранеўскай і інш.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—2. Мн., 1960;

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1967—68;

Зб. тв. Т. 1—5. Мн., 1979—81;

Выбр. тв. Т. 1—3. Мн., 1992—93;

Пішу як жыву. Мн., 1994.

Літ.:

Канэ Ю. Янка Брыль: Критико-биогр. очерк. М., 1964;

Гусева Л. Янка Брыль — мастак. Мн., 1968;

Аляхновіч Р.В. Янка Брыль у школе. Мн., 1979;

Калеснік У. Янка Брыль: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1990;

Шупенька Г. Паэзія прозы // Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977;

Адамович А. Янка Брыль // Собр. соч. Мн., 1982. Т. 2;

Вітка В. Даследуецца чалавек // Вітка В. Урокі. Мн., 1982.

Г.​С.​Шупенька.

Я.Брыль.

т. 3, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЫЦЫ́НА (лац. medicina ад medeor лячу),

сістэма навуковых ведаў і практычных прыёмаў, накіраваных на зберажэнне і ўмацаванне здароўя людзей, папярэджанне, распазнаванне і лячэнне хвароб, падтрыманне актыўнага даўгалецця; састаўная ч. аховы здароўя. Вывучае будову, працэсы жыццядзейнасці арганізма ў норме і паталогіі, уплыў фактараў прыроднага і сац. асяроддзя на здароўе і хваробы чалавека; выкарыстоўвае біял., мех., хім., фіз., псіхал. фактары для зберажэння і ўмацавання здароўя. На стан і ўзровень развіцця М., змест і метады мед. дзейнасці ўплываюць матэрыяльныя ўмовы жыцця грамадства, узровень развіцця эканомікі, агульны ўзровень культуры, дасягненні навукі і тэхнікі. Праблемы здароўя звязаны са згубнымі прывычкамі людзей (алкагалізм, курэнне, ужыванне наркотыкаў, таксічных рэчываў і інш.). Найважнейшы кірунак дзейнасці М. — фарміраванне здаровага ладу жыцця. М. падзяляецца на 3 групы дысцыплін: медыка-біялагічныя (анатомія, біяфізіка, біяхімія, вірусалогія, генетыка медыцынская, гісталогія, паразіталогія, паталагічная анатомія, паталагічная фізіялогія, таксікалогія, фармакалогія, фізіялогія), клінічныя (акушэрства, анкалогія, артапедыя, афтальмалогія, венералогія, гастраэнтэралогія, гематалогія, герыятрыя, дэрматалогія, інфекцыйныя хваробы чалавека, курарталогія, лячэбная фізічная культура, неўрапаталогія, нейрахірургія, нефралогія, педыятрыя, псіхіятрыя, радыялогія медыцынская, рэаніматалогія, стаматалогія, траўматалогія, уралогія, эндакрыналогія і інш.) і гігіенічныя (гігіена, мікрабіялогія, эпідэміялогія і інш.). Асобна вылучаюць навукова-практычныя комплексы мэтавага прызначэння: ваенная медыцына, касмічная медыцына, спартыўная медыцына і інш.

Звесткі пра М. вядомы з глыбокай старажытнасці. Ужо ў першабытным грамадстве людзі ўжывалі лекі расл., жывёльнага, мінер. паходжання, умелі памагаць пры родах, раненнях, рабілі некат. аперацыі (нават трэпанацыю чэрапа). У часы язычніцтва лекарамі пераважна былі вешчуны, знахары, жрацы. Асновы народнай медыцыны мелі эмпірычны і стыхійна-матэрыяліст. характар. Багатая мед. спадчына Стараж. Кітая і Індыі. Дасягненні М. ў Стараж. Грэцыі абагульніў Гіпакрат (5 ст. да н.э.). У сярэдневяковай Еўропе М. падпарадкоўвалася царкве, знаходзілася пад уплывам схаластыкі, што тармазіла яе развіццё. У эпоху Адраджэння ў М. ўмацаваліся клінічны і эксперым. метады, развівалася анатомія (А.Везалій) і інш. У 17 ст. У.Гарвей распрацаваў вучэнне аб кровазвароце, М.Мальпігі — аб кровазвароце ў капілярах. З 18 ст. развіваўся даследчы кірунак у М. У 19 ст. распрацаваны метады фіз. дыягностыкі, заснаваны тэорыя клетачнай паталогіі (Р.Вірхаў) асновы бактэрыялогіі і імуналогіі (Л.Пастэр, І.І.Мечнікаў), ваенна-палявой хірургіі (М.І.Пірагоў), удасканалены хірург. аперацыі (М.В.Скліфасоўскі, М.​А.​Вельямінаў), вучэнне пра ролю нерв. сістэмы пры хваробах (С.​Ч.​Боткін) і інш. У 20 ст. распрацаваны вучэнне пра вышэйшую нерв. дзейнасць (І.П.Паўлаў), фізіял., гігіенічныя і біял. асновы тэрапіі, сувязь арганізма з навакольным асяроддзем (Боткін, Р.​А.​Захар’ін, А.​А.​Астравумаў), пра вітаміны, хіміятэрапеўтычныя сродкі. Укаранёны ў практыку гіпатэрмія, пераліванне крыві, трансплантацыя і інш.

На Беларусі ў 15—16 ст. ствараліся шпіталі ў Брэсце (у 1495 і 1508), Мінску (1513), Мазыры (1516), аптэкі. Працы Ф.Скарыны, С.Буднага, Сімяона Полацкага фарміравалі навук. мед.-біял. думку (гл. Медыцынская адукацыя). У склад навук. устаноў Беларусі, якія займаюцца пытаннямі М. (1999), уваходзяць 14 НДІ і 2 навук.-практычныя цэнтры, у т. л. Анкалогіі і медыцынскай радыялогіі НДІ, Аховы мацярынства і дзяцінства Беларускі НДІ, Кардыялогіі Беларускі НДІ і інш., дзе працуюць больш за 3 тыс. навук. супрацоўнікаў, у т. л. 339 д-роў мед. навук, 1356 канд. мед. навук. Бел. вучоныя зрабілі значны ўклад у развіццё М.: І.​А.​Бірыла распрацаваў методыку ажыўлення хворых унутрыартэрыяльным уліваннем крыві, І.С.Лягенчанка, Л.С.Персіянінаў — метады ажыўлення нованароджаных пры асфіксіі, А.Я.Пракапчук — лячэнне чырв. ваўчанкі, І.М.Стальмашонак — аперацыі пластыкі стрававода, Т.В.Бірыч — лячэнне хвароб вачэй кіслародам, М.Я.Саўчанка — аперацыйнае аднаўленне інервацыі ўнутр. органаў, А.​У.​Шот — пратэзаванне клапанаў сэрца, Ц.Е.Гніларыбаў — трансплантацыю эндакрынных залоз і тканак і інш. У канцы 1990-х г. навук. даследаванні па М. выконваліся па 9 дзярж. навук.-тэхн. праграмах: анкалогія, кардыялогія, інфекц. хваробы, стаматалогія і хірургія сківіц і твару, рэабілітацыя, дыягнастычныя і лячэбныя тэхналогіі, дзеці Беларусі, навакольнае асяроддзе, а таксама па 19 асобных навук.-тэхн. праектах. У Мінскім мед. ін-це распрацаваны уніфікаваныя схемы медыкаментознай тэрапіі вострага інфаркту міякарда, прафілактыкі і лячэння плацэнтарнай недастатковасці антыаксідантным комплексам вітамінаў, хірург. лячэння язвенай язвавай хваробы страўніка і інш., у Віцебскім — доследныя ўзоры магн. сепаратараў крыві і інш.; у Гродзенскім — метады кансервацыі біяпластычных тканак для трансплантацыі, у Гомельскім — вывучаны ўплыў злучанага ўздзеяння на арганізм радыенуклідаў і хім. злучэнняў у дародавы і пасляродавы перыяды. У Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў створаны паўаўтааналізатар электралітаў крыві і інш. біял. вадкасцей, фізіятэрапеўт. апаратура, вывучаны ўплыў цяжкіх металаў і мікраэлементаў на здароўе дзяцей.

Літ.:

Крючок Г.Р. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976;

История медицины. М., 1981;

Грицкевич В.П. С факелом Гиппократа. Мн., 1987.

Э.​А.​Вальчук.

т. 10, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛКАГО́НАЎ (Дзмітрый Антонавіч) (21.3.1928, станіца Мангут Кырынскага р-на Чыцінскай вобл., Расія — 6.12.1995),

гісторык, філосаф, паліт. і дзярж. дзеяч Расіі. Чл.-кар. Рас. АН (1991), д-р філас. (1972) і гіст. (1990) н., праф. (1973). Ген.-палк. (1982). Скончыў Арлоўскае танк. вучылішча (1952) і Ваен.-паліт. акадэмію (1963). З 1949 служыў у Сав. Арміі. З 1963 на розных пасадах у Ваен.-паліт. акадэміі, з 1971 у Гал. паліт. упраўленні Сав. Арміі і ВМФ, у т. л. нам. нач. Галоўнага паліт. ўпраўлення (з 1984); нач. Ін-та ваен. гісторыі Мін-ва абароны СССР (1988—91). Саветнік прэзідэнта Расіі па абароне і бяспецы (з 1991), кіраўнік Камісіі пры прэзідэнце Рас. Федэрацыі па ваеннапалонных, інтэрніраваных і прапаўшых без вестак (з 1992) і інш. Дэп. Вярх. Савета РСФСР у 1990—91. Аўтар каля 30 гіст.-паліт. кніг і манаграфій, у т. л. трылогіі «Правадыры» (1989—94) пра Сталіна, Троцкага і Леніна.

т. 3, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЬТЭР ФОН ДЭР ФО́ГЕЛЬВАЙДЭ (Walther von der Vogelweide; каля 1170 — каля 1230),

нямецкі і аўстрыйскі паэт-мінезінгер. Паводле розных версій, нарадзіўся або ў Ціролі (Аўстрыя), або ў Швейцарыі, або ў Сярэдняй Германіі. Вёў жыццё вандроўнага паэта, жыў пры дварах Філіпа Швабскага, Германа Цюрынгскага, Фрыдрыха II. Пісаў лірычныя песні (у асн. пра каханне, часта з маральна-дыдактычным адценнем) і шпрухі — песні-павучанні. Насуперак традыцыі меланхалічнага мінезангу, што панавала пры Венскім двары, апяваў радасці жыцця і кахання, сцвярджаў права чалавека на зямное шчасце. Пераадольваючы схематызм мінезангу, узбагаціў яго каларытнымі жывапіснымі дэталямі і новымі матывамі (гал. гераіня верша «Каханая, хай Бог...» не высакародная дама, а простая дзяўчына са шчырым сэрцам). Упершыню ўвёў у куртуазную паэзію нар. песенныя структуры («У гаі, пад ліпкай...» — славутая песня з вясёлым нар. рэфрэнам «тандарадай» і інш.). Яго песні адметныя прастадушнасцю, дэмакратычнасцю, шчырасцю інтанацыі і вытанчанасцю.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения М., 1985.

Г.​В.​Сініла.

т. 3, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАБЕ́Й (Анатоль Леанідавіч) (н. 10.8.1950, в. Вайнілавічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1979). Скончыў БДУ (1972). У 1977—90 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1990 у БДУ. Друкуецца з 1976. Даследуе сучасную бел. л-ру, пытанні маст. перакладу і літ. сувязей. Аўтар манаграфій «Максім Танк і польская літаратура» (1984), «Жывая повязь часоў: Нарыс творчасці Уладзіміра Караткевіча» (1985), «Беларуска-рускі паэтычны ўзаемапераклад 20—30-х гадоў» (1990), «Абуджаная памяць: Нарыс жыцця і творчасці У.​Караткевіча» (1996), брашуры «Паэзія Максіма Танка» (1983). Падрыхтаваў да выдання «Збор твораў» П.​Пестрака (т. 3, 1985), зб. «На ўзвеях дзён» У.​Хадыкі (1986), «Збор твораў» У.​Караткевіча (т. 1—8, 1987—91), кн. яго перакладаў «Галасы маіх сяброў» (1993) і «Творы» (1996). Аўтар сцэнарыя дакумент. фільма пра Караткевіча «Рыцар і слуга Беларусі» (1991).

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХЛО́ПКАЎ (Мікалай Пятровіч) (15.5.1900, г. Іркуцк — 8.1.1967),

рускі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1948). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1918. З 1923 акцёр Т-ра імя У.​Меерхольда. З 1930 узначальваў Рэалістычны т-р, з 1938 рэж. і акцёр т-ра імя Я.​Вахтангава. У 1943—66 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра драмы (з 1954 т-р імя У.​Маякоўскага). Яго спектаклі вызначаліся яскравай тэатральнасцю, публіцыстычнасцю, манументальнасцю, шырокім выкарыстаннем умоўнасці і сінт. сродкаў выразнасці, пошукамі новых тэатр. формаў. Сярод пастановак: «Арыстакраты» М.​Пагодзіна (1935), «Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева (1947), «Гамлет» У.​Шэкспіра (1954), «Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава (1960), «Медэя» Эўрыпіда (1961). Акцёрскае мастацтва Ахлопкава адметнае спалучэннем арганічнасці пачуццяў з экспрэсіўнай выразнасцю вобраза. Здымаўся ў кіно: Васіль Буслаеў («Аляксандр Неўскі»), камісар Вараб’ёў («Аповесць пра сапраўднага чалавека»), Батманаў («Далёка ад Масквы») і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1947, 1949 (двойчы), 1951 (двойчы).

М.П.Ахлопкаў.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛІЦКІ (Антон Васілевіч) (17.9.1891, в. Балічы Гродзенскага р-на — 31.10.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1910), Віцебскі настаўніцкі ін-т (1916). З 1916 у арміі. У 1917—20 удзельнічаў у гуртаванні беларусаў-вайскоўцаў на Румынскім фронце, арганізоўваў бел. школы ў Адэсе. У 1920 уступіў у Камуніст. партыю. З кастр. 1921 нам. наркома, з 1926 нарком асветы БССР. З 1924 правадз. чл. Ін-та бел. культуры. Адзін з творцаў і праваднікоў дзярж. палітыкі беларусізацыі. Аўтар артыкулаў па пытаннях тэорыі і практыкі нац.-культ. будаўніцтва. Канд. у чл. ЦК КП(б)Б у 1929—30, чл. ЦВК БССР. У 1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», засуджаны на 10 гадоў лагераў. 30.9.1937 прыгавораны да пакарання смерцю. Рэабілітаваны ў 1988.

Літ.:

Васілеўская Н.У. Абвінавачваецца ў нацыянал-дэмакратызме (пра наркома асветы Беларусі А.​В.​Баліцкага). Мн., 1995.

А.​С.​Кароль.

А.В.Баліцкі.

т. 2, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)