КО́СІЧ (Марыя Мікалаеўна) (1850, с. Расуха Унецкага р-на Бранскай вобл., Расія — ?),

бел. фалькларыстка, этнограф і пісьменніца. Адукацыю атрымала ў Пецярбургу. Аўтар фалькл. працы «Ліцвіны-беларусы Чарнігаўскай губерні, іх побыт і песні» (1901), прысвечанай вуснай нар. паэзіі і духоўнай культуры беларусаў. У прадмове да зборніка характарызуюцца жыццё і побыт сялян, іх вераванні, паданні, песні, асаблівасці гаворкі і спеваў. Пісала пра матэрыяльную культуру беларусаў (арт. «Аб пабудовах беларускага селяніна Чарнігаўскай губерні...», 1906). Сярод інш. твораў паэма «На перасяленне. Расказ цёткі Домны з Палесся» (1903), байкі, вершы. На бел. мову пераклала байкі І.Крылова («Пералажэнне некаторых баек Крылова на беларускую мову», 1903).

Тв.:

У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1971.

Г.А.Пятроўская.

т. 8, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)