сямейства няжвачных парнакапытных кл. млекакормячых. Вядомы з алігацэну (каля 35 млн.г. назад). 2 роды, 3 віды: пекары ашыйнікавы (Tayassu tajacu), белабароды (T. pecari) і чакскі (Catagonus wagneri), які занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Пашыраны ў Амерыцы. Жывуць у разнастайных ландшафтах, ад засушлівых месцаў да вільготных трапічных лясоў. Трымаюцца групамі да 100 галоў і больш.
Даўж. да 115 см, выш. ў карку да 57 см. маса да 50 кг. Афарбоўка шэра-карычневая і Па знешнім выглядзе падобны да дзікоў, але больш лёгкага целаскладу. Ногі тонкія, ва пярэдніх 4, на задніх 3 пальцы. На крыжы ёсць залоза тыпу мускуснай. Усёедныя. Палігамы. Нараджаюць 1—2 (зрэдку да 4) дзіцяняці. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НКІНА (Трыпалітава) Зінаіда Міхайлаўна
(1861, г. Калуга, Расія — 10.1.1888),
рускі бібліёграф. Скончыла Бястужаўскія курсы (1885, Пецярбург). Аўтар бібліягр. паказальнікаў «Руская бібліяграфія марской справы за 1701—1882 год уключна» (1885), «Бібліяграфічныя матэрыялы па чыгуначнай справе... 1876—1883 г.» (1888), краязнаўчага паказальніка «Палессе. Бібліяграфічныя матэрыялы па гісторыі, геаграфіі, статыстыцы, этнаграфіі і эканамічным стане Палесся» (1883), які ахоплівае л-ру за 1855—80 пра Мінскую, Гродзенскую, Магілёўскую, Валынскую і Кіеўскую губ. Асаблівую цікавасць у ім маюць рубрыкі «Апісанне побыту народаў Паўночна-Заходняга краю», «Помнікі народнай творчасці» і раздзел «Звесткі пра Палессе, што заключаюцца ў творах пра губерні, якія ўваходзяць у склад Палесся».
Літ.:
Назаревский Н.А. З.М.Пенкина — первая русская женщина-библиограф // Сов. библиогр. 1961. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАНАСЕ́ЛЕНАСЦЬэкалагічная,
часовы стан экасістэмы, пры якім колькасць асобін пэўнага віду перавышае ёмістасць асяроддзя для гэтага віду і з’яўляецца для яго лімітуючым фактарам.
У прыродных экасістэмах П. узнікае пры асабліва спрыяльных умовах размнажэння ці выжывання асобных відаў раслін ці жывёл. Непазбежна выклікае дэпрэсію колькасці інш. звязаных з імі відаў, а потым (праз самарэгуляванне колькасці папуляцыі) і дэпрэсію колькасці саміх перанаселеных відаў. У выніку П. ўзмацняецца біяцэнатычны адбор, які завяршаецца адноснай стабілізацыяй колькасці. У антрапагенных экасістэмах можа стварацца і падтрымлівацца мэтанакіравана пад кантролем чалавека (напр., на запаведных тэр. часам падтрымліваецца празмерна высокая шчыльнасць капытных з мэтай іх захавання і ўзнаўлення). Пры гэтым можа наносіцца свядомая шкода інш. кампанентам экасістэм (натуральнаму самааднаўленню лесу, пасевам с.-г. культур і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЫДАКСІ́Н, вітамін B6, адэрмін C8H11NO3,
група водарастваральных злучэнняў, вытворных 2-метылпірыдзіну. Вылучаны з паліраванага рысу ў 1932. У прыродзе пашыраны 3 яго формы: П., пірыдаксаль, пірыдаксамін, якія лёгка пераўтвараюцца ў арганізме адна ў адну.
Бясколернае крышт. рэчыва, добра раствараецца ў вадзе і спірце. Сінтэзуецца мікраарганізмамі, зялёнымі раслінамі, у жвачных жывёл і чалавека — кішэчнай мікрафлорай. Біял. функцыі П. ажыццяўляе ў форме 5-пірыдаксальфасфату, які выконвае ролю каферменту ў рэакцыях абмену амінакіслот (напр.пераамінаванне). Удзельнічае ў азоцістым, тлушчавым абмене, у сінтэзе сератаніну. Недахоп П. ў арганізме выклікае анемію, сутаргі, дэрматыт і інш. Сутачная патрэбнасць дарослага чалавека ў П 1,5—2,8 мг, дзяцей — 0,5—2 мг. Найб. П. маюць рысавае і пшанічнае вотруб’е, боб, дрожджы, печань млекакормячых. Выкарыстоўваюць у медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІЯЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА) (ад грэч. pleion большы + kainos новы),
пліяцэн, верхні аддзел неагенавай сістэмы (перыяду), заключная эпоха неагенавага перыяду геал. гісторыі Зямлі. Вылучаны англ. геолагам Ч.Лаелем у 1833. Доўжыўся ад 5,3 да 1,77 млн.г. назад. Паводле міжнар. стратыграфічнай шкалы падзяляецца на 3 ярусы: занклій, п’ячэнца і гелазій. На Беларусі вылучаюць адклады ніжняга і верхняга пададдзелаў. Паводле новых даных адклады пліяцэну вылучаны ў калочынскі надгарызонт, які падзяляецца на холмецкі (адпавядае ніжняму і ніжняй ч. верхняга пліяцэну) і дварэцкі (верхняя ч. верхняга пліяцэну) гарызонты. Адклады П.а. (э.) магутнасцю да 25 м трапляюцца на невялікіх участках, пераважна на Пд ад лініі Смаргонь—Лагойск—Рэчыца. Прадстаўлены рачнымі і азёрнымі пяскамі, алеўрытамі, глінамі. Гліны прыдатныя для керамічнай вытворчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ДКІНА (Марыяна Барысаўна) (н. 10.2.1931, г. Краснадар, Расія),
расійская і бел. артыстка балета, педагог. Нар.арт. Расіі (1967). Скончыла Пермскае харэагр. вуч. (1950), у 1951—89 выкладала ў ім (з перапынкамі). У 1950—91 працавала ў рас. і замежных т-рах. З 1994 на Беларусі: рэпетытар-педагог у Дзярж. т-ры муз. камедыі, з 1998 у Нац.акад. т-ры балета Беларусі. Да 1974 выступала на сцэне. Яе выканальніцкай манеры ўласцівы яркі, вобразны стыль танца, які вызначаўся віртуознай тэхнікай, тэмпераментам. Першая выканаўца партый: Грушанька («Грушанька» Б.Машкова), Маці («Бераг надзеі» А.Пятрова), Марутка («Выбух» М.Крукава і Г.Церпілоўскага). Сярод інш. партый: Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Гаспадыня Меднай гары («Каменная кветка» С.Пракоф’ева) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЗАІ́ЗМ,
слова або выраз з гутарковай мовы, афіцыйна-дзелавога, навуковага і інш. стыляў мовы, што ўведзены ў тэкст паэтычнага твора і рэзка выдзяляюцца ў ім. Напр., у А.Пушкіна: «...я снова счастлив, молод, Я снова жизни полн — такой мой организм (Извольте мне простить ненужный прозаизм)». У бел. паэзіі выкарыстоўваецца як маст. прыём, які ўносіць у тэкст твора нечаканае, адрознае ад агульнай танальнасці, часцей камічнае (іранічнае, гумарыстычнае) адценне:
Чужой любві я не зайздрошчу:
Тут са сваёю нелады:
Я ў сэрцы ёй даю жылплошчу,
ды ў ім утульна не заўжды.
(А.Куляшоў. «Чужой любві я не зайздрошчу...»)
Эх, правадніца, правадніца,
Люблю я твой вандроўны дом.
Хачу з табою парадніцца,
Зрабіцца паўправадніком.
(П.Панчанка. «Паўвека... Гэта шмат — паўвека...»)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКУРО́Р (франц. procureur ад лац. procurare клапаціцца),
службовая асоба органаў пракуратуры, надзеленая паўнамоцтвамі па ажыццяўленні пракурорскага нагляду. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закона «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» ад 29.1.1993 П. у межах сваёй кампетэнцыі прымае ўдзел у суд. разглядзе цывільных і крымін. спраў, спраў аб адм. правапарушэннях у выпадках, калі гэта прадугледжана законам або прызнана неабходным самім П., апратэстоўвае супярэчныя закону або неабгрунтаваныя рашэнні, прыгаворы, вызначэнні і пастановы судоў. Аб’ём і межы паўнамоцтваў П., які ўдзельнічае ў суд. разглядзе спраў, вызначаюцца працэсуальным правам. П. незалежны ў ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў і кіруецца заканадаўствам; аднак ён не можа займацца паліт. дзейнасцю і ў сваёй службовай дзейнасці не павінен быць звязаны рашэннямі паліт. партый і грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца паліт. мэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЕ́ТЫЙ (лац. Prometium),
Pm, штучны радыеактыўны хім. элемент III гр.перыяд. сістэмы, ат. н. 61, ат. м. 144, 9128, адносіцца да лантаноідаў. Вядома 14 ізатопаў з масавымі лікамі 141—154; найб. устойлівы 145Pm (перыяд паўраспаду T1/2 каля 18 гадоў). У зямной кары знойдзены ў вельмі нязначнай колькасці 147Pm (T1/2 2,64 гады, мяккі β-выпрамяняльнік), які ўтвараецца пры дзяленні урану-235. Адкрыты ў 1945, назва ад імя Праметэя.
Метал светла-шэрага колеру, t 1170 °C, шчыльн. 7260 кг/м³. Вылучаюць 147Pm з сумесі радыеактыўных ізатопаў розных элементаў, што ўтвараюцца ў рэактарах пры дзяленні ядз. паліва. Выкарыстоўваюць пераважна як кампанент люмінафораў (свецяцца бесперапынна на працягу некалькіх гадоў), а таксама як крыніцу радыеактыўнага выпрамянення ў мініяцюрных ядз. батарэйках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАМО́ВА РУСІ́НА»
(«Concio Ruthena»),
бел. ананімны сатырычны твор 1-й пал. 18 ст.антырэліг. накіраванасці. Уваходзіла ў рукапісны зборнік твораў на бел., лац. і польскай мовах (нап. 1711—41). Напісана лацінкай на бел. гутарковай мове. У аснове твора апавяданне пра будову Сусвету, які ўяўляецца аўтару ў выглядзе жорнаў, дзе бог «перамолвае» людзей. У «Прамове» крытыкуюцца тагачасная рэчаіснасць, несправядлівы падзел матэрыяльных даброт, выкрываюцца рэліг. догмы і вера ў боскую справядлівасць. У творы адчуваецца рэліг. вальнадумства, выкарыстана барочная алегорыя. Належыць, відаць, аўтару «Другой прамовы Русіна аб нараджэнні Хрыста».
Публ.: Прамова Русіна... // Полымя. 1965. №9.
Літ.:
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн.,1968;
Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.