ГРОЎ ((Grove) Джорж) (13.8.1820, Лондан — 28.5.1900),
англійскі муз. дзеяч, крытык. Па прафесіі інжынер. З 1850 сакратар Т-ва мастацтваў, з 1852 сакратар, з 1873 чл. дырэкцыі Хрустальнага палаца ў Лондане (пісаў анатацыі да канцэртаў у 1856—96). У 1882—94 першы дырэктар Каралеўскага муз. каледжа. Вядомы як складальнік вял. энцыклапедычнага «Слоўніка музыкі і музыкантаў» (т. 1—4, з дадатковым, 1879—89, шмат разоў перавыдаваўся). Аўтар кн. «Бетховен і яго дзевяць сімфоній» (1896).
І.Дз.Назіна.
т. 5, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПАРА́ЛЬНІК,
гідралагічная прылада ці ўстаноўка для вымярэння выпарэння з розных натуральных паверхняў. Дзейнічае на прынцыпах вызначэння выпарэння па вазе або аб’ёме выпаранай з сасуда вады, змяненні канцэнтрацыі солі ў сасудзе, змяненні вагі маналіту глебы і інш. З паверхні вады выпарэнне вымяраецца воднымі выпаральнікамі (плывучыя выпаральнікі, выпаральныя басейны і інш.), з паверхні сушы — глебавымі выпаральнікамі (вагавыя, гідраўлічныя і інш.) і іх разнавіднасцю балотнымі выпаральнікамі. Для вызначэння колькасці ападкаў да выпаральнікаў звычайна дадаецца дажджамер.
т. 4, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАНДО́ЛЬ ((de Candolle) Агюстэн Пірам) (4.2.1778, г. Жэнева, Швейцарыя — 9.9.1841),
швейцарскі батанік; заснавальнік параўнальнай марфалогіі раслін. Замежны ганаровы чл. (1835) Пецярб. АН. Бацька А.Дэкандоля. Вучань Ж.Кюўе і Ж.Б.Ламарка. Праф. ун-таў у Парыжы (з 1802), Манпелье (з 1808), Жэневе (з 1816), дзе заснаваў бат. сад і «Гербарый Д.». Распрацаваў адну з першых натуральных сістэм раслін (1835); аўтар працы «Увядзенне ў натуральную сістэму царства раслін» (т. 1—17, 1824—39), якую завяршыў яго сын.
т. 6, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНІТРЫФІКА́ЦЫЯ (ад дэ... + нітрыфікацыя),
працэс аднаўлення нітратаў у глебе, вадзе і інш. субстратах да малекулярнага азоту. Адрозніваюць Д. прамую, якая ажыццяўляецца факультатыўна-анаэробнымі мікраарганізмамі — дэнітрыфікатарамі, і ўскосную, пры якой адбываецца хім. ўзаемадзеянне нітратаў з амінійнай соллю, амінамі ці амідамі, што суправаджаецца выдзяленнем газападобнага азоту. Найб. інтэнсіўна Д. ідзе ў глебах з высокай вільготнасцю і дрэннай аэрацыяй, што з’яўляецца адной з асн. прычын страты з глебы мінер. азоту і зніжэння каэфіцыента выкарыстання раслінамі азотных угнаенняў.
т. 6, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАРЫ́НЬ»,
завод абліцовачнай фасаднай керамікі ў р.п. Рэчыца Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Дзейнічае з 1939 як сезоннае прадпрыемства. У час Вял. Айч. вайны часткова разбураны, у 1946 адноўлены як з-д і рэканструяваны, устаноўлена кальцавая печ для абпальвання вырабаў. З 1968 працуюць тунэльныя печы (3, на вадкім паліве). Сучасная назва з 1973. У якасці сыравіны выкарыстоўвае тугаплаўкія гліны радовішча Столінскія хутары. Асн. прадукцыя (1996): камяні керамічныя абліцовачныя і сценавыя, цэгла, пліты подавыя, жывёлагадоўчыя.
т. 5, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖУМАХМА́ТАЎ (Асанхан Джумахматавіч) (н. 16.7.1923, г. Арашан, Кыргызстан),
кіргізскі дырыжор. Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1958, клас Б.Хайкіна). З 1948 дырыжор (з перапынкам), у 1973—83 гал. дырыжор Кіргізскага т-ра оперы і балета. У 1962—76 адначасова гал. дырыжор Аркестра нар. інструментаў імя К.Арозава, з 1969 Сімф. аркестра радыё і тэлебачання Кыргызстана. Муз. кіраўнік многіх оперных і балетных спектакляў. Старшыня Кірг. муз. т-ва (з 1987). Дзярж. прэмія Кыргызстана 1972.
т. 6, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛЕ́ЙКА (Васіль Рыгоравіч) (23.4.1893, в. Быстрыца Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 8.7.1973),
генерал-лейтэнант артылерыі (1944). У арміі з 1915, у Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны, ліквідацыі кранштацкага мяцяжу (1921). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941: нач. штаба артылерыі арміі, нач. упраўлення артылерыі Карэльскага фронту. У 1943 — 46 нам. нач. штаба Гал. ўпраўлення камандуючага артылерыяй Сав. Арміі. Удзельнік вызвалення Мінска. Да 1951 у Сав. Арміі.
т. 5, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІ́НА,
старажытная форма падатку. Першапачаткова натуральныя ці грашовыя паборы, што спаганяліся пераможцамі з заваяваных плямён ці дзяржаў. На Русі вядома з 9 ст., у 11—16 ст. дзярж. падатак і феад. рэнта. У 13—15 ст. Д. ясак збіралася з рус. княстваў на карысць Залатой Арды. На Беларусі да канца 15 ст. Д. — асн. форма рэнты. Збіралася натуральнай прадукцыяй (мёд, воск, футра, пазней с.-г. прадукцыя), якая часткова спалучалася з адработачнай і грашовай формамі рэнты.
т. 6, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРШО́НСКІ ЦАГЕ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў з 1867 (паводле інш. звестак з 1839) у в. Гершоны Брэсцкага пав. (цяпер у Брэсцкім р-не). У 1890 наз. Брэст-Літоўскі крапасны з-д. З мясц. гліны вырабляў цэглу, якая ішла пераважна на буд-ва Брэсцкай крэпасці. Меў 2 гофманскія печы, 20 аднаконных глінамялак, 9 паветак для цэглы, кузню (1873—86). Вырабляў да 1800 тыс. шт. цэглы (1895). Працавалі ад 20 да 40 майстроў і 100—440 рабочых (1873).
т. 5, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕЦКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1858 у Каіры франц. егіптолагам А.Марыетам. Да 1891 наз. Булакскі музей, у 1891—1900 Гізехскі, з 1900 сучасная назва. Адзін з гал. цэнтраў вывучэння стараж.-егіп. мастацтва. Найбуйнейшы збор помнікаў мастацтва і культуры Егіпта Старажытнага; сярод іх знаходкі з руін г. Ахетатон і грабніцы фараона Тутанхамона, статуі фараонаў Хефрэна, Аменемхета III, царэвіча Каапера і інш. Арганізуе археал. раскопкі. З канца 19 ст. выдае серыю каталогаў розных раздзелаў калекцыі.
т. 6, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)