АМДУРМА́Н,

горад у Судане, пры зліцці рэк Белы Ніл і Блакітны Ніл. 527 тыс. ж. (1988). Разам з горадам Хартум і Паўн. Хартум утварае адзіны «трайны горад», у якім больш за 1,3 млн. ж. (1988). Гандл.-трансп. цэнтр (гандаль жывёлай, скурамі, тканінамі, гуміарабікам). Тэкст., гарбарная, харч. прам-сць. Ісламскі ун-т. Нац. тэатр. Маўзалей Махдзі Мухамеда Ахмеда.

т. 1, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНО́СНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП,

пастулат спецыяльнай адноснасці тэорыі, паводле якога ў адвольных інерцыяльных сістэмах адліку ўсе фіз. (мех., электрамагн. і інш.) з’явы пры адных і тых жа ўмовах працякаюць аднолькава. Справядлівасць адноснасці прынцыпу вызначае, што станы спакою і раўнамернага прамалінейнага руху не адрозніваюцца паміж сабой. Сфармуляваны ў 1905 А.Эйнштэйнам як абагульненне мех. прынцыпу адноснасці на ўсе фіз. з’явы (за выключэннем гравітацыйных).

т. 1, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙРА́ЦКАЕ ХА́НСТВА, Джунгарскае ханства,

феадальная дзяржава айратаў (група зах.-манг. народаў) у Джунгарыі (ч. тэр. сучаснага Паўн.-Зах. Кітая) у 17—18 ст. Склалася ў 1630-я г. ў выніку аб’яднання айрацкіх княстваў. Узмацнілася пры Батуры-хунтайджы [1635 — каля 1660]. З 1670-х г. вяло войны з маньчжурскімі феадаламі. У 1757—58, аслабленае працяглай феад. усобіцай, заваявана кітайскай дынастыяй Цын.

т. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСЕЛЕРА́ТАР у эканоміцы,

эканамічны паказчык, які характарызуе сувязь паміж аб’ёмам капіталаўкладанняў і велічынёй спажывецкіх выдаткаў у эканоміцы. Істотны рост спажывецкіх выдаткаў стымулюе інвестыцыйную актыўнасць і наадварот. Акселератар разам з мультыплікатарам выкарыстоўваецца для выяўлення сутнасці і фактараў макраэканам. нестабільнасці пры дзярж. рэгуляванні рыначнай эканомікі. Прынцып акселератара прапанаваны ў 1913 А.Афтальёнам і ўключаны ў неакейнсіянскія мадэлі эканам. росту.

т. 1, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСІЎРО́З,

інвазійная хвароба коней, аслоў, мулаў, зебраў, якая выклікае парушэнне дзейнасці стрававальнага тракту, пашкоджанне скуры каля кораня хваста (зачос хваста). Узбуджальнік — вастрыца конская, што паразітуе пераважна ў абадочнай кішцы тоўстага кішэчніка. Яйцы развіваюцца ў вонкавым асяроддзі. Заражэнне адбываецца праз кармы, ваду, пры аблізванні навакольных прадметаў, забруджаных яйцамі вастрыц. Хварэюць часцей маладыя і старыя коні ў стойлавы перыяд.

т. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУЛІ́Я (ад а... + грэч. bulē воля),

паталагічнае парушэнне псіхічнай рэгуляцыі дзеянняў, слабаволле, нерашучасць. Выяўляецца ў адсутнасці імкнення да дзейнасці, у няздольнасці прыняць рашэнне і ажыццявіць дзеянне, хоць неабходнасць яго ўсведамляецца. Назіраецца пры меланхоліі, іпахондрыі, неўрастэніі, можа быць выклікана таксама барацьбой уяўленняў і пачуццяў, перакананнем у марнасці ўсякага дзеяння. Абулію трэба адрозніваць ад слабаволля як рысы характару (гл. Воля).

т. 1, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕ́РС (франц. avers ад лац. adversus павернуты тварам),

правы (галоўны) бок манеты, медаля, банкноты. Аверсам манет, як правіла, лічыцца бок з партрэтам манарха, яго манаграмай або імем ці выявай інш. асобы (пры іх адсутнасці — з гербам або абазначэннем наміналу); на аверсе мемарыяльных манет змешчана сюжэтная выява; медалёў — паведамленне аб нагодзе выпуску; банкнот — герб і подпіс адказных асоб. Параўн. Рэверс.

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕ́РЧАНКА (Мікалай Іванавіч) (18.12.1922, в. Майсеенкі Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 4.7.1960),

Герой Сав. Саюза (1946). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах., Закаўказскім, Паўн.-Каўказскім, 3-м і 4-м Укр., 1-м Бел. франтах. Камандзір гарматы ст. сяржант Аверчанка вызначыўся пры фарсіраванні рэк Одэр і Шпрэе ў баях за Берлін 14—27.4.1945.

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЯР’Я́НАЎ (Мікалай Піліпавіч) (1912, в. Негаўка Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 5.10.1942),

герой Вял. Айч. вайны. З чэрв. 1941 на Зах., Данскім франтах. 5.10.1942 у баі каля хутара Хаванскі Серафімовіцкага р-на Сталінградскай вобл. першы падабраўся да дзота праціўніка і закідаў яго гранатамі. Пры блакіраванні другога дзота ў рашаючы момант бою закрыў амбразуру сваім целам.

т. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРШЫ́ЦА,

рака ў Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці, правы прыток Дняпра. Даўжыня 33 км. Выцякае з возера Арэхаўскае. Асноўныя прытокі: Пачаліца, Міронаўка (справа), Выдрыца (злева). Плошча вадазбору ў межах Аршанскага ўзвышша 519 км². Даліна добра выражана, у верхнім цячэнні трапецападобная, у ніжнім — карытападобная. На беразе дом адпачынку «Орша». Пры ўпадзенні Аршыцы ў Дняпро горад Орша.

т. 2, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)