аматарская творчасць нар. мас у галіне выяўл. і дэкар.-прыкладнога, муз., тэатр., харэагр. і цыркавога мастацтваў, кінамастацтва, фатаграфіі і інш. Асаблівага росквіту дасягнула ў рэчышчы агульнай маст. культуры, адлюстроўваючы рост эстэт. запатрабаванняў працоўных. Вытокі С.м. ў народнай творчасці. Існуе пераважна ў арганізаваных (самадз. калектывы пры палацах і дамах культуры, цэнтрах творчасці, навуч. установах і інш.) і неарганізаваных (асобныя мастакі, скульптары, фота- і кінааматары) формах. Пра развіццё асобных відаў гл.Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, Самадзейнае музычнае мастацтва, Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва, Аматарскае кіно, Фотамастацтва, Народныя інструментальныя ансамблі, Народныя кансерваторыі, Народныя самадзейныя калектывы, Народныя студыі і клубы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, Народныя тэатры, Народныя хары, ансамблі, аркестры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПРАЛЕГНІЯ́ЛЬНЫЯ (Sapralegniales),
парадак грыбоў ааміцэтаў. Больш за 10 родаў і больш за 100 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 17 відаў з 6 родаў. Найб. вядомыя роды афанаміцэс, ахлія, сапралегнія. Трапляюцца пераважна ў прэсных вадаёмах. Прымітыўныя віды — унутрыклетачныя паразіты водарасцей, водных грыбоў, рыб, жаб, ікры, планктонных арганізмаў; больш арганізаваныя — сапратрофы на трупах водных жывёл і субстратах расліннага паходжання.
Вегетатыўнае цела — талом (клетка) або несептаваны аднаклетачны міцэлій, які мае 2 віды гіфаў. Тонкія галінастыя (рызоідныя) гіфы прарастаюць у субстрат, тоўстыя растуць свабодна і нясуць органы бясполага і палавога размнажэння — зааспарангіі, аагоніі і антэрыдыі. Зааспоры двухжгуцікавыя. Вынік палавога працэсу — ааспора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПФІ́Р (грэч. sappheiros ад стараж.-яўр. — сапір, магчыма, ад стараж.-інд. sanipriya літар. — любімы Сатурнам),
мінерал, празрыстая разнавіднасць карунду любога колеру, акрамя чырвонага (гл.Рубін). Сінганія трыганальная. Крышталі выцягнутыя бочкападобныя або дыпірамідальныя. Колер пераважна сіні, а таксама фіялетавы, жоўты, аранжавы (падпараджа), зялёны, ружовы або бясколерны (лейкасапфір). Утвараецца як магматычны мінерал у выглядзе парфіравых украпанікаў у базальтах, лампрафірах, шчолачных пегматытах і пры гідратэрмальна-метасаматычных працэсах. Прамысл. радовішчы — элювіяльныя, элювіяльна-дэлювіяльныя і алювіяльныя россыпы. Прыродны сіні С. — каштоўны камень 1-га парадку, астатнія колерныя разнавіднасці — 2-га парадку. Сінтэзуецца ў прамысл. маштабах. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе, лейкасапфіры — у эл.-тэхн. прам-сці. Радовішчы ў Індыі, Бірме, Танзаніі, Аўстраліі, ЗША і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З СПРАВЯДЛІ́ВЫХ»,
тайная паліт.арг-цыя ў эміграцыі перыяду ранняга ням. рабочага руху. Засн. ў 1836—37 у Парыжы. Ідэалогія — утапічны сацыялізм, пераважна ідэі В.Вейтлінга (гал. тэарэтык саюза). Супрацоўнічаў з франц. тайнымі т-вамі: у 1839 у Парыжы ўдзельнічаў у паўстанні бланкістаў (гл. Л.А.Бланкі). Пасля яго паражэння цэнтр саюза перамясціўся ў Швейцарыю, потым у Лондан, інтэрнацыяналізаваўся, пад уплывам К.Маркса і Ф.Энгельса члены арг-цыі адышлі ад рэв.-змоўніцкіх поглядаў і засвоілі марксісцкае вучэнне. У 1847 Маркс і Энгельс уступілі ў арг-цыю і рэарганізавалі яе ў Саюз камуністаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛІШЧА,
1) тэрмін, які шырока ўжываецца ў стараж. летапісах у сэнсе сяло, вёска.
2) Археал. тэрмін, які выкарыстоўваецца для абазначэння рэшткаў стараж. неўмацаванага паселішча. Як правіла, С. не маюць знешніх прыкмет (равоў, валоў). Найчасцей узнікалі на роўных мясцінах каля рэк і азёр. Жытлы звычайна драўляныя, чатырохвугальныя; дамы размяшчаліся радамі; сустракаецца і кучная забудова без бачнага парадку. Некат. С. былі абгароджаны плятнямі. На Беларусі С. вядомы з эпохі бронзавага веку. У раннім жал. веку насельніцтва пераважна жыло на гарадзішчах (акрамя Пд). Новая хваля пашырэння С. пачалася з першых стагоддзяў н.э., асабліва ў 4—5 ст. Шмат С. захавалася ад раннефеад. часу (9—13 ст.). На тэр. Беларусі зафіксавана некалькі соцень С.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРЭНГЕ́ЦІ (Serengeti),
нацыянальны парк (з 1951) у Танзаніі на аднайм. плато (выш. 1000—2000 м). Засн. ў 1940 як рэзерват. Пл. каля 13 тыс.км². У 1959 вылучаны асобны рэзерват Нгарангора, які ўключае гіганцкі кратэр і плато. Пераважаюць травяністыя саванны з участкамі хмызнякоў і асобнымі дрэвамі; у рачных лагах — галерэйныя лясы. У парку каля 1,5 млн. буйн. млекакормячых, пераважна капытных (антылопа гну, газелі Томсана і Гранта, зебра, насарог, кафрскі буйвал, жырафа і інш.), звычайныя афр. слон, леў, гепард, леапард. Больш за 200 відаў птушак, у т. л. фламінга, венцаносны журавель, бусел-ябіру. Міжнар.НДІ і мемарыяльная лабараторыя імя ням. заолага М.Гржымека.
Да арт.Серэнгеці. Антылопы гну ў рэзерваце Нгарангора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНГАРМАНІ́ЗМ (ад грэч. syn разам + гармонія) у мовазнаўстве, марфаналагічная з’ява, якая заключаецца ў прыпадабненні галосных гукаў (прагрэсіўная асіміляцыя), што ўваходзяць у склад афіксаў, да галосных кораня па прыкмеце месца ўтварэння, лабіялізацыі і інш. На С. уплывае і характар апошняга зычнага кораня (пярэдне- ці заднеязычны). Напр., турэцкі суфікс мн. л. набывае розную фанетычную будову ў залежнасці ад фанетычнай структуры кораня (параўн.: ev дом — evler дамы, але ok стрэл — oklar стрэлы). С. уласцівы пераважнааглюцінатыўным мовам, у якіх ён забяспечвае функцыянальна (як націск у індаеўрап. мовах) цэласнасць і адасобленасць словаформы.
Літ.:
Черкасский М.А. Тюркский вокализм и сингармонизм. М., 1965;
Виноградов В.А. Типология сингармонических тенденций в языках Африки и Евразии // Проблемы африканского языкознания. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЕГАЛО́ВІК (Eryngium),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 230 відаў. Пашыраны ва ўмераных, трапічных і субтрапічных паясах. На Беларусі 1 від — С. пласкалісты (E. planum). Трапляецца на сухіх грывах у поймах рэк, пясчаных узлесках, уздоўж дарог. Інтрадукаваны С.: альпійскі (E. alpinum), аметыставы (E. amethystinum), гіганцкі (E. giganteum), палявы (E. campestre).
Шматгадовыя, радзей адна- і двухгадовыя травы з прамастойнымі галінастымі сцёбламі. Лісце чаргаванае, разнастайнай формы, часта скурыстае і калючазубчастае. Кветкі двухполыя, дробныя ў шчыльных галоўчатых суквеццях пераважна сіне-блакітнага колеру. Суквецці абкружаныя цвёрдымі лісцікамі абгорткі. Плод — сямянка. Калючы, моцна разгалінаваны С. палявы ўтварае перакаці-поле. Дэкар. (для зімовых букетаў і фларыстыкі), лек., харч., меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́ФСКАЯ ПЛІТА́,
маладая платформа паўн. зоны Міжземнаморскага геасінклінальнага пояса. Займае Раўнінны Крым, Азоўскае м. і Перадкаўказзе. Мяжуе на Пн з Усх.-Еўрапейскай платформай, на Пд з Горным Крымам і краявымі прагінамі Вял. Каўказа. Складзена з фундамента (слабаметамарфізаваныя тэрыгенна-карбанатныя адклады сярэдняга палеазою; у паўд.ч. эпібайкальскія масівы метамарфічных парод), пераходнага познапермска-ранняюрскага комплексу і чахла (сярэдняюрскія — антрапагенавыя адклады, магутнасць 0,1—8 км). На С.п. вылучаюць Прычарнаморскую ўпадзіну, Сімферопальскае і Стаўрапольскае падняцці і інш. структуры. С.п. фарміравалася пераважна ў байкальскі, герцынскі і раннекімерыйскі тэктанічныя цыклы. На асадканамнажэнне ўплывала сумежная (на Пд) альпійская геасінкліналь. Радовішчы нафты (Перадкаўказзе), газу (Раўнінны Крым, Зах. Перадкаўказзе), буйныя рэсурсы артэзіянскіх вод, здабыча солей брому і лячэбных гразей (Зах. Крым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫПНЁВЫЯ, асліннікавыя (Onagraceae),
сямейства двухдольных кветкавых раслін парадку міртавых. Больш за 20 родаў, каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды, найб. ва ўмераных і субтрапічных паясах. На Беларусі каля 25 відаў з родаў асліннік, двухпялёснік, скрыпень, іван-чай (капорскі чай). Шэраг відаў з родаў кларкія і фуксія культывуюць у садах, парках, аранжарэях і пакоях.
Пераважна шматгадовыя травы, радзей кусты, паўкусты ці невял. дрэвы. Лісце чаргаванае або супраціўнае, суцэльнае, звычайна ланцэтнае, суцэльнакрайняе ці зубчастае. Кветкі двухполыя, адзінкавыя або сабраныя ў суквецце ў пазухах лісця. Плод — каробачка, радзей арэхападобны ці ягадападобны. Лек., харч., дэкар., меданосныя і кармавыя расліны, некат. — пустазелле.