драбналістыя лясы, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду вольха. Пашыраны ва ўмеранай паласе паўн. паўшар’я, асн. масівы ў Паўн. Амерыцы, пераважна вольха чырвоная (A. rubra), Усх. Азіі — вольха пушыстая (A. hirsuta) і інш., гарах Цэнтр. Еўропы. На Беларусі пашыраны чорнаалешнікі, лясы з вольхі чорнай, або клейкай (A. glutinosa), і шэраалешнікі — вольхі шэрай (A. incana); агульная пл. 623,4 тыс.га; з іх чорнаалешнікаў 551,7, шэраалешнікаў 71,7 тыс.га (1994).
Чорнаалешнікі належаць да карэнных занальна абумоўленых лясоў Беларусі. Найб. пашыраны асакова-травяныя чорнаалешнікі — тыповыя фітацэнозы лясных нізінных балот (займаюць пераўвільготненыя экатопы з багатай глебай). Шэраалешнікі належаць да другасных (вытворных) драбналістых лясоў, што ўзнікаюць на месцы высечаных шыракаліста-яловых або на с.-г. землях, якія не выкарыстоўваюцца. Найб. пашыраны кіслічны і сніткавы тыпы шэраалешнікаў (займаюць пераважна ўрадлівыя свежыя і ўвільготненыя дзярнова-падзолістыя сугліністыя і супясчаныя глебы). Паўд. мяжа шэраалешнікаў праходзіць уздоўж паўд. адгор’яў Бел. грады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЭРО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ, анаэробы (ад ан... + аэра...грэч. bios жыццё),
жывёльныя і раслінныя арганізмы, здольныя існаваць і развівацца пры адсутнасці свабоднага кіслароду ў асяроддзі. Пашыраны ўсюды, дзе адбываецца распад арган. рэчываў без доступу паветра (у глебе, вадзе, донных адкладах, кампоставых кучах, у ранах, у кішэчніку чалавека і жывёл і інш.). Тэрмін увёў франц. вучоны Л.Пастэр (1861), які адкрыў бактэрыі маслянакіслага браджэння. Неабходную для жыццядзейнасці энергію анаэробныя арганізмы ў адрозненне ад аэробаў атрымліваюць за кошт акіслення арган., радзей мінер. злучэнняў у бескіслародным асяроддзі. Падзяляюцца на аблігатныя, або строгія (жывуць пры поўнай адсутнасці кіслароду, напр., маслянакіслыя, хваробатворныя бактэрыі: палачкі слупняку, газавай гангрэны, некат. стрэптакокі), і факультатыўныя, або ўмоўныя, Анаэробныя арганізмы (здольныя жыць і развівацца ў прысутнасці кіслароду і без яго, напр., дражджавыя грыбкі, малочнакіслыя бактэрыі, палачкі брушнога тыфу, інфузорыі, плоскія і круглыя чэрві). Некат. анаэробныя арганізмы выкарыстоўваюцца ў прам-сці, сельскай гаспадарцы, побыце (напр., бактэрыі спіртавога, малочнакіслага браджэння, дражджавыя грыбкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІ́С ПАЛАСА́ТЫ, аніс шэры, аніс зялёны,
старадаўні паволжскі сорт яблыні нар. селекцыі. Пашыраны ў Паволжы і сярэдняй паласе ўсх.ч. Еўропы. На Беларусі вырошчваюць пераважна ў Магілёўскай, часткова ў Гомельскай, Мінскай і Віцебскай абл., таксама трапляюцца інш. сарты анісу — пунсовы, ружавата-паласаты (Магілёўская вобл.) і аксамітавы (Віцебская вобл.), якія адрозніваюцца памерамі, афарбоўкай і часам выспявання пладоў.
Дрэвы выш. 5—8 м, даўгавечныя (жывуць да 100—120 гадоў). Плады масай каля 70 г, сярэдняга памеру, плоскай або плоска-акруглай формы, сакавітыя, з кісла-салодкім смакам і характэрным «анісавым» пахам, суцэльнай ярка-кармінавай афарбоўкі або паласатай па светла-зялёна-жоўтым фоне. Мякаць зеленавата-белая, дробназярністая. Непатрабавальны да глебы, мароза- і засухаўстойлівы, высокаўраджайны сорт (на Беларусі сярэдні ўраджай 160 кг з дрэва). Пладаносіць ва ўзросце 6—8 гадоў. Плады збіраюць у канцы верасня (захоўваюцца да лютага, сакавіка і пазней). Спажываюць свежыя і мочаныя, таксама сушаць, кансервуюць, робяць з іх віно, вараць варэнне. Пашкоджваюцца пладовай гніллю і паршою.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУСЛЫ́ (Ciconiidae),
сямейства птушак атр. буслападобных, або галянастых. 11 родаў, 18 відаў, пераважна ў тропіках. У Палеарктыцы 3 віды, з іх 2 на Беларусі: бусел белы (Ciconia ciconia) і бусел чорны (Ciconia nigra), які занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Бусел чорны часцей трапляецца на Палессі, радзей — на поўначы і вельмі рэдка ў зах. і ўсх. раёнах Беларусі. На пач. 1989 колькасць папуляцыі бусла чорнага ў рэспубліцы дасягнула 1007.
Даўж. 76—152 см. Дзюба доўгая, прамая або злёгку загнутая ўгару ці ўніз. Крылы доўгія і шырокія, некат. буслы могуць доўга лунаць. Большасць відаў не маюць голасу (адсутнічаюць галасавыя мускулы ніжняй гартані) і выдаюць гукі, калі шчоўкаюць дзюбай (рэзанатар — гарлавы мяшок). Гнёзды на дрэвах, скалах, будынках. Пасля гнездавання часта збіраюцца ў чароды. Кормяцца на вільготных лугах, балотах беспазваночнымі, жабамі, трытонамі, яшчаркамі, мышападобнымі грызунамі. Некат. буслы (марабу) кормяцца адкідамі. Бусел далёкаўсходні занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ГІ,
прылада для вымярэння масы цела па ўздзеянні на яго сілы цяжару; прылада для вымярэння фіз. велічынь, што характарызуюцца сілайабомомантам сілы. Найб. пашыраны рычажныя вагі, прынцып дзеяння якіх засн. на законах раўнавагі рычага; спружынныя — на Гука законе. У электронных вагах мерай вагі цела з’яўляюцца эл. велічыні (сіла току або напружанне). Гідраўлічныя вагі па сваёй будове падобныя на гідраўлічны прэс. Адлік паказанняў праводзяць па манометры, які праградуіраваны ў адзінках масы.
Паводле прызначэння адрозніваюць метралагічныя ўзорныя (для праверкі гіраў), лабараторныя (вагі аналітычныя, мікрааналітычныя, прабірныя і інш.) і агульнага прызначэння, паводле прынцыпу дзеяння — рычажныя (напр., шалі, бязмен), квадрантавыя, спружынныя, электронныя, гідрастатычныя (гл.Гідрастатычнае ўзважванне) і гідраўлічныя (пнеўматычныя); па найб. мяжы ўзважвання вагі агульнага прызначэння падзяляюць на настольныя (да 50 кг), перасоўныя (да 6 т), стацыянарныя (аўтамабільныя, вагонныя, бункерныя і інш.; да 200 т).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНО́Е АЦЯПЛЕ́ННЕ,
найбольш пашыраная сістэма ацяплення ў жылых, грамадскіх і прамысл. Збудаваннях. Цяпло ў памяшканне перадаецца гарачай вадой праз ацяпляльныя прылады. Бывае: цэнтральнае (цеплазабеспячэнне ад ЦЭЦабо кацельні) і мясцовае; з натуральнай і прымусовай цыркуляцыяй; паводле спосабу далучэння ацяпляльных прылад да трубаправодаў з верхнім і ніжнім размеркаваннем вады; двух-, аднатрубнае і праточнае; кальцавое і тупіковае.
Асн. часткі сістэмы: водападагравальнік, дзе вада падаграецца палівам, эл. токам, парай або больш гарачай вадой, ацяпляльныя прылады (радыятары, канвектары і інш.), трубаправоды (магістралі, стаякі) і запорна-рэгулявальная апаратура. У сістэмах вадзянога ацяплення з натуральнай цыркуляцыяй вада рухаецца за кошт рознай шчыльнасці нагрэтай у водападагравальніку (больш лёгкай) вады і больш цяжкай вады, што астыла ў ацяпляльных прыладах і трубаправодах; цыркуляцыя павялічваецца з павелічэннем адлегласці (па вертыкалі) паміж ацяпляльнымі прыладамі і водападагравальнікам (сістэмы выкарыстоўваюцца толькі ў невял. збудаваннях). У сістэмах з прымусовай цыркуляцыяй рух вады забяспечвае цыркуляцыйная помпа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНТЫЛЯ́ТАР (ад лац. ventilare веяць, махаць),
машына для перамяшчэння пад ціскам паветра абоінш. газу. Бываюць цэнтрабежныя, восевыя і дыяметральныя; нізкага (да 1 кПа), сярэдняга (да 3 кПа) і высокага (да 12 кПа) ціску; ад долей вата (бытавыя) да тысяч кілават (прамысловыя). Выкарыстоўваюцца для вентыляцыі аб’ектаў, транспартавання аэрасумесей па трубаправодах, сушкі матэрыялаў, ахалоджвання дэталей машын і электрарухавікоў, падачы паветра ў топачныя агрэгаты і інш.
Цэнтрабежны вентылятар мае спіральны кажух, у сярэдзіне якога знаходзіцца рабочае кола з лопасцямі. Паветра або газ уцягваецца праз уваходную адтуліну, праходзіць у каналах паміж лапаткамі рухомага кола і праз кажух выкідваецца. У восевых вентылятарах паветра перамяшчаецца паміж уваходнай і выхадной адтулінамі ў восевым напрамку, у дыяметральных — двойчы праходзіць паміж лапаткамі колаў у дыяметральным напрамку і выходзіць праз дыфузар. Вентылятары звычайна злучаюцца з вентыляцыйнымі каналамі будынкаў (прытокавыя напампоўваюць паветра, выцяжныя ўсмоктваюць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДЭАМАГНІТАФО́Н,
апарат для запісу на магн. стужку і далейшага ўзнаўлення аналагавых і лічбавых відэафанаграм. Адрозніваюць відэамагнітафоны бытавыя, прафесійныя і спец. прызначэння; стацыянарныя і пераносныя; з узнаўленнем каляровага і чорна-белага відарысаў. Прынцып дзеяння такі ж, як у звычайнага магнітафона: сігналы відарыса і гукавога суправаджэння ад тэлевізійнага прыёмніка абоінш. крыніцы запісваюцца на магн. стужку. Пры ўзнаўленні гэтыя сігналы накіроўваюцца ў тэлевізійны прыёмнік. Відэамагнітафон выкарыстоўваецца ў тэлебачанні, навук. даследаваннях, медыцыне і інш.
Шырокая паласа прапускання відэамагнітафона (да 7—8 МГц у стандартным тэлебачанні; да 30 МГц у тэлебачанні высокай выразнасці) у працэсе запісу дасягаецца адначасовым перамяшчэннем стужкі і вярчэннем блока з 1, 2 або 4 магн. галоўкамі, што забяспечвае скорасць магн. галоўкі адносна стужкі да 10 м/с і больш. Гукавое суправаджэнне і сігналы сінхранізацыі запісваюцца нерухомымі галоўкамі па краях стужкі.
А.П.Ткачэнка.
Кінематычная схема відэамагнітафона: 1 — касета; 2 — галоўкі запісу гукавых і сінхранізавальных сігналаў; 3 — галоўкі запісу відарыса; 4 — магнітная стужка; 5 — накіроўны ролік; 6 — рухавік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНА-МАТО́РНЫ СПОРТ,
спаборніцтвы на скорасць перамяшчэння па вадзе на гоначных і спарт. суднах з падвешанымі маторамі або стацыянарнымі рухавікамі; адзін з тэхнічных відаў спорту. Уключае таксама турызм на маторных суднах. Судны (адрозніваюць спарт., гоначныя, надзіманыя і інш.) класіфікуюцца ў залежнасці ад рабочага аб’ёму (літражу) рухавікоў або гранічна дапушчальнай сумарнай масы корпуса і сілавой устаноўкі. Усе тыпы і класы гоначных суднаў маюць міжнар. індэксы. Рэгіструюцца рэкорды скорасці, гонкі праводзяцца па замкнутых (кальцавых) трасах, якія пазначаны буямі; старт і фініш звычайна ў адным месцы.
Водна-маторны спорт узнік на пач. 20 ст. З 1922 дзейнічае Міжнар. саюз водна-маторнага спорту (УІМ), у 1908 спаборніцтвы па водна-маторным спорце былі ў праграме Алімпійскіх гульняў. З 1920-х г. праводзяцца чэмпіянаты свету і Еўропы ў розных класах. З 1967 па суме лепшых вынікаў у 8—10 гонках (праводзяцца ў розных краінах) вызначаюць чэмпіёна свету па акіянскіх гонках. На Беларусі водна-маторны спорт развіваецца з 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ЛЕЙ,
штучна створаныя гнёзды для пчаліных сем’яў. Папярэднікамі вулляў былі борці (вуллі ў выглядзе выдзеўбанай калоды або дупла ў дрэве, дзе жылі пчолы). Робяць вуллі з драўніны хвойных (елка, піхта, нясмольная хвоя) і мяккіх лісцевых парод (ліпа, таполя, вярба). Пашыраны разборны рамачны вулей, які сканструяваў рус. пчаляр П.І.Пракаповіч (1814).
Удасканалены рамачны вулей складаецца з аднаго або некалькіх карпусоў, у кожным з якіх размяшчаецца ад 10 да 24 гнездавых рамак (дзе пчолы гадуюць лічынак, складваюць мёд і пяргу). Корпус мае ляткі для праходу пчол, прылётную дошку, надстаўку, якая дазваляе пашырыць аб’ём пчалінага гнязда, дно, паддашнік (для верхняга ўцяплення), столь, дах, рамкі і паўрамкі. Вуллі бываюць вертыкальныя (стаякі) і гарызантальныя (лежакі). У вертыкальным рамкі размяшчаюцца ў некалькі ярусаў, у гарызантальным — у 1 ярус.
На Беларусі найб. пашыраны вулей 16-рамачны з магазіннай надстаўкай, вулей-ляжак на 20 рамак і шматкорпусны.