максімальны аб’ём паветра, які выдыхаецца пасля самага глыбокага ўдыху. Пры макс. выдыху колькасць газаў у лёгкіх памяншаецца да астаткавага аб’ёму (каля 1,5 л), што разам з Ж.ё.л. складае агульную ёмістасць лёгкіх. У норме Ж.ё.л. раўняецца каля 0,75 агульнай ёмістасці і характарызуе макс. аб’ём, у межах якога чалавек можа мяняць глыбіню свайго дыхання. Пры спакойным дыханні здаровы дарослы чалавек удыхае і выдыхае 0,3—0,5 л паветра (т.зв. дыхальны аб’ём). Велічыня Ж.ё.л. у норме залежыць ад полу, узросту, целаскладу, фіз. развіцця чалавека; пры захворваннях істотна памяншаецца. Вызначаюць з дапамогай спіраграфіі, згодна з табліцамі, намаграмамі і формуламі. У мужчын Ж.ё.л. складае 3,5—4,5 л (у добра трэніраваных да 6), у жанчын — 2,5—3,5 л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБАЛО́ТНЫ (Даніла Кірылавіч) (28.12.1866, с. Забалотнае Вінніцкай вобл., Украіна — 15.12.1929),
украінскі мікрабіёлаг. Акад.АН Украіны (1922). Акад.АНСССР (1929). Скончыў Новарасійскі (1891; Адэса) і Кіеўскі (1894) ун-ты. З 1898 у Пецярбургскім жаночым мед. ін-це, у 1919—23 рэктар Адэскага мед. ін-та. У 1928 арганізаваў у Кіеве Укр.ін-т эпідэміялогіі і мікрабіялогіі АН, які носіць яго імя. У 1928—29 прэзідэнт АН Украіны. Кіраўнік Сан.-эпідэміял. камісіі Гал. ваенна-сан. ўпраўлення Чырв. Арміі, арганізатар курсаў ваен. і грамадз. урачоў-эпідэміёлагаў. Стварыў вучэнне пра прыродную ачаговасць чумы (1922); эксперыментальна даказаў ідэнтычнасць бубоннай і лёгачнай чумы. Навук. працы па вакцынапрафілактыцы і эпідэміялогіі асабліва небяспечных і інш.інфекц. хвароб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЕ́ЛЫ,
дзярж. дзеячы, шляхецкі род герба «Тапор» у ВКЛ. Родапачынальнік — баярын Татвойш, які ў 2-й пал. 15 ст. атрымаў ад вял.кн. Казіміра зямлю ў Мядэкшах на Ковеншчыне. Унука Татвойша звалі Забела, ад яго і пайшоў род З. З 17 ст. карысталіся графскім тытулам. Найб. вядомыя: Ян (? — крас. 1761), кашталян мсціслаўскі з 1752. Антоній (? — 18.8.1776), генерал-паручнік войска ВКЛ (1761), маршалак ковенскі ў 1744—61, вял. лоўчы ВКЛ у 1761—75. Юзаф (?—9.5.1794), сын Антонія, вял. лоўчы ВКЛ у 1775—93, гетман польны ВКЛ з 1793. Маршалак Таргавіцкай канфедэрацыі, за што пакараны смерцю ў час паўстання 1794. Шыман (?—1793), кашталян мінскі з 1787.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІЛО́ТЫ,
палітычная групоўка ў г. Фесалонікі (Візантыя) у 1340-я г. Узнікла ў перыяд барацьбы паміж канстанцінопальскім урадам Аляксея Апакаўка (праводзіў цэнтралізатарскую палітыку) і правінцыяльнай знаццю на чале з Іаанам Кантакузінам. У склад З., якія былі на баку ўрада, уваходзілі сталічнае чыноўніцтва, купцы і заможныя рамеснікі, іх падтрымлівалі нар. масы. У 1342 яны паўсталі супраць мясц. знаці і захапілі ўладу ў горадзе. У выніку перавароту і забойства Апакаўка (1345) улада перайшла да феад. знаці, якая вырашыла перадаць горад Кантакузіну. Абураны народ летам 1345 перабіў феад. знаць і горадам зноў авалодалі З. Яны адмовіліся прызнаць уладу Кантакузіна, які ў 1347 пад імем Іаана VI узурпіраваў імператарскі прастол і ў 1349 задушыў рух З. з дапамогаю туркаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭА́ЛЬНЫХ ТЫ́ПАЎ ТЭО́РЫЯ,
сістэма паняццяў, якая ўвасабляе пэўны аспект сац. рэальнасці ў лагічна несупярэчлівай, рацыянальнай, індывідуалізаванай форме. Распрацавана ням. сацыёлагам М.Веберам, які лічыў, што І.т.т. не з’яўляецца адэкватным узнаўленнем рэчаіснасці, але выражае яе істотныя ўзаемасувязі і тэндэнцыі развіцця. Лагічная пабудова тэорыі ажыццяўляецца шляхам мысленнага давядзення пэўных элементаў сац. рэальнасці да іх «поўнага выражэння» пры дапамозе інтэгравання дыскрэтна існуючых з’яў у «адзіным вобразе». Такімі, напр., з’яўляюцца сканструяваныя Веберам ідэальна-тыповыя мадэлі сац. дзеяння: мэтарацыянальнае, каштоўнасна-рацыянальнае, афектыўнае, традыцыйнае, а таксама тры мадэлі ўлады: традыцыйная, легальная (дэмакратычная), харызматычная. І.т.т. стварае логіка-тэарэт. і метадалагічныя перадумовы для навук., перш за ўсё сацыялагічнага пранікнення ў сутнасць сац. працэсаў і з’яў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЖЭ́КТАР (франц. injecteur ад лац. injicio укідваю),
1) струменная помпа для напампоўвання вадкасці або газу ў рэзервуары і пасудзіны, дзе створаны павышаны ціск.
Найб. пашыраны І. для падачы сілкавальнай вады ў паравыя катлы (невял. кацельных установак і інш.), парагенератары. У такіх І. струмень пары, які набывае ў паравым конусе вял скорасць, засмоктвае ваду і нагнятае яе ў рэзервуар. Помпы, якія адсмоктваюць газ, пару або вадкасць, наз. эжэктарамі.
2) Дапаможны (звычайна лінейны) паскаральнік зараджаных часціц для ўводу іх у больш магутны (асноўны) паскаральнік. Энергія, якая надаецца часціцам y І., павінна перавышаць мінімальную, неабходную для пачатку работы.асн. паскаральніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТРЫ́ГА (франц. intrigue ад лац. intrico заблытваю) у літаратуры, складаны вузел падзей, які дапамагае драматызаваць сюжэт твора. Выкарыстоўваецца ў драме і эпасе як сродак непасрэднага і напружанага выяўлення канфлікту. Ствараецца намаганнямі аднаго з бакоў, што сутыкаюцца ў вострай барацьбе, або ўзнікае ў выніку выпадковага збегу абставін. Дае штуршок мэтанакіраваным дзеянням герояў, узмацняе іх ролю ў сюжэце, знешнюю займальнасць твора. Завяршаецца звычайна ў развязцы. Эстэтычна вельмі дзейсная ў творах авантурнага і рамантычнага кірунку («Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі» У.Караткевіча). Выкарыстоўваецца і ў рэаліст.псіхал.-аналіт. рамане («Злачынства і кара», «Браты Карамазавы» Ф.Дастаеўскага, «Трэцяе пакаленне» К.Чорнага). У шырокім сэнсе І. — скрытыя, звычайна непрыстойныя, дзеянні для дасягнення сваіх мэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБІНЕ́ЦКІЯ ЗЕ́МЛІ,
зямельныя ўладанні рас. імператараў і ўласнасць рас. імператарскай сям’і ў сярэдзіне 18 — пач. 20 ст. Вылучаны ў 1747, заканадаўча аформлены ў 1786. Знаходзіліся пад кіраваннем Кабінета яго імператарскай вялікасці, які ўваходзіў у склад Мін-ва імператарскага двара; не падлягалі продажу. Сканцэнтраваны пераважна ў Сібіры (Алтай, Забайкалле) і ч. Польшчы (маёнткі ў Варшаўскай губ.). У Сібіры К.з. займалі 67,8 млн.га (каля 3,3% усёй зямлі Рас. імперыі). На іх вялася здабыча золата, серабра, свінцу, медзі, дзейнічалі з-ды па выплаўцы жалеза, чыгуну, сталі. Пасля 1861 узмоцнена эксплуатаваліся лясы, зямля здавалася ў арэнду. У 1865—1907 на сібірскія К.з. пераселена каля 1 млн.рас. сялян. У 1917 К.з. нацыяналізаваны сав. уладай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДЭ́Ш, Кінза,
старажытны горад, які існаваў на р. Аронт (каля сучаснага г. Хомс, Сірыя). Вядомы з 16 ст. да н.э. паводле іерагліфічных (егіп.) і клінапісных крыніц; быў цэнтрам аднайм. дзяржавы Кадэш, населенай семітамі. У 15 ст. да н.э. заваяваны егіпцянамі. З пач. 14 ст. да 1200 да н.э. пад уладай Хецкага царства. У канцы 14 — пач. 13 ст. да н.э. каля сцен К. адбылася бітва паміж егіпцянамі на чале з царом Рамсесам II і хетамі на чале з царом Муваталу. З пач. 12 ст. да н.э. зруйнаваны т.зв. «народамі мора» (плямёны, якія прыйшлі з Балканскага п-ва або з М. Азіі). Зноў згадваецца ў дакументах 565 да н.э. як цэнтр аднайм. акругі Новававілонскага царства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЬЯ́НСКІЯ БАІ́ 1942,
баі паміж партыз. атрадам «Спартак» (пазней партыз. брыгада) і ням.-фаш. захопнікамі ў в. Казьяны Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. ў вер. і ліст. 1942 у Вял.Айч. вайну. Партызаны, папярэджаныя мясц. жыхарамі пра карны атрад (600 чал.), які накіроўваўся ў гарнізон Казьяны для знішчэння іх атрада, падрыхтаваліся да бою. 15 вер. ў выніку раптоўнага нападу каля в. Баравыя партызаны прымусілі ворага адступіць, захапілі 30 веласіпедаў, шмат абмундзіравання; праследуючы карнікаў у гарнізоне Казьяны спалілі будынак паліцыі, раздалі насельніцтву 30 т нарабаванага акупантамі збожжа. У ноч на 4 ліст. ў выніку 8-гадзіннага бою партызаны знішчылі шмат гітлераўцаў, накіраваных сюды для аднаўлення казьянскага гарнізона, захапілі зброю і боепрыпасы.