удзельнае княства Полацкай зямлі. Цэнтр — г. Ізяслаў (цяпер г.Заслаўе). У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца як княства пад 1127 у час княжання Брачыслава. У канцы 1150-х г. княства — аб’ект барацьбы за валоданне ім мінскіх князёў і нашчадкаў Брачыслава, якіх падтрымліваў полацкі кн.Рагвалод Барысавіч. З 1160 у складзе Мінскай зямлі, з канца 13 ст. ў складзе ВКЛ: з 1345 належала Яўнуту, потым яго нашчадкам — князям Заслаўскім. У выніку падзелу паміж нашчадкамі і продажу часткі яго тэрыторыі княства значна паменшала. У гіст. л-ры ёсць меркаванне пра існаванне ў 12 ст. Ізяслаўска-Лагожскага княства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЁНЮ́ ((Inönü) Ісмет) (24.9.1884, г. Ізмір, Турцыя — 25.12.1973),
дзяржаўны, паліт. і ваен. дзеяч Турцыі, паплечнік М.К.Атацюрка. Удзельнік Младатурэцкай рэвалюцыі 1908. У 1920—1923 нач. Генштаба. У грэка-турэцкую вайну 1919—22тур. войскі пад камандаваннем І. (тады Мустафа Ісмет-паша) у 1921 двойчы перамаглі грэч. войскі каля населенага пункта Інёню (адсюль прозвішча І. з 1934). З 1922 міністр замежных спраў, ад імя Турцыі падпісаў Лазанскі мірны дагавор 1923. У 1923—37 (з перапынкам) і 1961—65 прэм’ер-міністр. У 1938—50 прэзідэнт Турцыі. Працягваў палітыку рэформ Атацюрка (лібералізацыя друку, увядзенне шматпартыйнай сістэмы і інш.). У час 2-й сусв. вайны захаваў нейтралітэт Турцыі. У 1938—72 старшыня Нар.-рэсп. партыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПСІЛА́НЦІ (Аляксандр Канстанцінавіч) (12.12.1792, г. Стамбул — 19.1.1828),
дзеяч грэч.нац.-вызв. руху. Князь, ген.-маёр рас. арміі (1817). У вайну 1812 удзельнічаў у бітвах каля Клясціц і Полацка, у час замежных паходаў рас. арміі 1813—14 падпалк. Гродзенскага гусарскага палка І. вызначыўся ў бітвах каля Баўтцэна і Дрэздэна. З 1816 ад’ютант цара Аляксандра І. У крас. 1820 узначаліў грэч. тайнае т-ва «Філікі Этэрыя», якое мела на мэце вызваленне Грэцыі ад асманскага прыгнёту. У лют. 1821 з невял. атрадам уступіў у Малдавію, дзе ўзначаліў антытур. паўстанне, якое стала сігналам да пачатку Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. 19.7.1821 войскі І. разбіты туркамі пад Драгашанамі; уцёк у Аўстрыю, дзе арыштаваны ўладамі. Вызвалены ў 1827.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЛА́НДСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,
палітычная арг-цыя ў Ірландыі ў канцы 1846—48. Створана радыкальна настроенай групоўкай т-ва«Маладая Ірландыя» пасля яе разрыву з Асацыяцыяй рыпілераў. Да канца 1847 налічвала каля 11 тыс.чл., да лета 1848 павялічылася (толькі ў Дубліне 40 клубаў аб’ядноўвалі больш за 12 тыс.чал.). Выступала за вызваленне Ірландыі ад англ. панавання, устанаўленне дэмакр. рэспублікі, знішчэнне сістэмы лендлардызму, перадачу зямлі сялянам. У 1848 пад уплывам рэвалюцый у Еўропе і чартызму ў Англіі адкрыта рыхтавала ўзбр. нац.вызв. паўстанне. Спыніла дзейнасць пасля арышту брыт. ўладамі кіраўніцтва арг-цыі (Дж.Мітчэла, Дж.Ф.Лалара і інш.) і разгрому разрозненых паўстанцаў у гарадах Карык, Уэксфілд, Лімерык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБІНЕ́ЦКІЯ ЗЕ́МЛІ,
зямельныя ўладанні рас. імператараў і ўласнасць рас. імператарскай сям’і ў сярэдзіне 18 — пач. 20 ст. Вылучаны ў 1747, заканадаўча аформлены ў 1786. Знаходзіліся пад кіраваннем Кабінета яго імператарскай вялікасці, які ўваходзіў у склад Мін-ва імператарскага двара; не падлягалі продажу. Сканцэнтраваны пераважна ў Сібіры (Алтай, Забайкалле) і ч. Польшчы (маёнткі ў Варшаўскай губ.). У Сібіры К.з. займалі 67,8 млн.га (каля 3,3% усёй зямлі Рас. імперыі). На іх вялася здабыча золата, серабра, свінцу, медзі, дзейнічалі з-ды па выплаўцы жалеза, чыгуну, сталі. Пасля 1861 узмоцнена эксплуатаваліся лясы, зямля здавалася ў арэнду. У 1865—1907 на сібірскія К.з. пераселена каля 1 млн.рас. сялян. У 1917 К.з. нацыяналізаваны сав. уладай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГА́Н (Алег Майсеевіч) (21.11.1946, г. Южна-Сахалінск, Расія — 15.7.1990),
расійскі скрыпач. Засл. арт. Расіі (1986). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1969, клас Д.Ойстраха). З 1971 саліст Маскоўскай філармоніі. Выступаў у ансамблі з С.Рыхтэрам, Э.Вірсаладзе, з жонкай Н.Гутман, з аркестрамі пад кіраўніцтвам Я.Святланава, Г.Раждзественскага і інш. Першы выканаўца многіх твораў айч. кампазітараў, у т. л. прысвечаных яму і Гутман (3-і скрыпічны канцэрт А.Шнітке, канцэрты для скрыпкі і віяланчэлі з арк. Т.Мансурана і А.Віеру і інш.). 1-я прэмія на Міжнар. конкурсах імя Я.Сібеліуса (Хельсінкі, 1965), імя І.С.Баха (Лейпцыг, 1968), 2-я прэмія на Міжнар. конкурсе імя П.Чайкоўскага (Масква, 1966) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДЭ́Ш, Кінза,
старажытны горад, які існаваў на р. Аронт (каля сучаснага г. Хомс, Сірыя). Вядомы з 16 ст. да н.э. паводле іерагліфічных (егіп.) і клінапісных крыніц; быў цэнтрам аднайм. дзяржавы Кадэш, населенай семітамі. У 15 ст. да н.э. заваяваны егіпцянамі. З пач. 14 ст. да 1200 да н.э.пад уладай Хецкага царства. У канцы 14 — пач. 13 ст. да н.э. каля сцен К. адбылася бітва паміж егіпцянамі на чале з царом Рамсесам II і хетамі на чале з царом Муваталу. З пач. 12 ст. да н.э. зруйнаваны т.зв. «народамі мора» (плямёны, якія прыйшлі з Балканскага п-ва або з М. Азіі). Зноў згадваецца ў дакументах 565 да н.э. як цэнтр аднайм. акругі Новававілонскага царства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́НСКАЕ ХА́НСТВА,
феадальная дзяржава ў Сярэднім Паволжы ў 1438—1552. Вылучылася з Залатой Арды. Гал. горад — Казань. Дзярж. рэлігія — іслам. Насельніцтва — казанскія татары (асн. нашчадкі волжскіх балгар), мары, чувашы, удмурты, мардва, башкіры. Ядро К.х. складала тэрыторыя вакол Казані, населеная татарамі; інш. народы захоўвалі сваіх князёў і традыц. вераванні. Асн. занятак насельніцтва — земляробства, у гарадах існавала развітое рамяство; значную ролю адыгрываў гандаль. У 1487—1521 К.х. — васал Масквы. З 1521 трапіла пад уплыў Крымскага і Астраханскага ханстваў і Нагайскай Арды, з 1524 — васал Турцыі. Войскі ханства з 1520-х г. узмацнілі рабаўнічыя набегі на рус. землі. Пасля Казанскіх паходаў 1545—52 К.х. спыніла існаванне, яго тэрыторыя далучана да Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ЎШЧЫНСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 19 ст. Закладзены ў в. Казлоўшчына Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.Пл. 15 га. Займае раўнінны прамавугольны ўчастак. Цэнтр кампазіцыі — сядзібны дом (разбураны ў 1914). Перад гал. фасадам быў парадны двор з манументам у цэнтры (захаваўся пастамент) і гасп. пабудовамі па баках.
Садова-паркавая тэрыторыя падзелена на 2 амаль роўныя часткі, злучаныя алеяй па восі сіметрыі кампазіцыі. Паўн.ч. абмежавана з трох бакоў алеямі граба звычайнага і падзелена рэгулярнай сеткай дарожак на 8 прамавугольных участкаў з пасадкамі пладовых дрэў. Паўд.ч.пад пладовым садам і ахоўнымі пасадкамі. У парку пераважна мясц. пароды дрэў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫ́ЎНАЕ САДО́ЎНІЦТВА,
від калектыўнага землекарыстання, пры якім грамадзяне аб’ядноўваюцца ў садоўніцкія т-вы (кааператывы). Садзейнічае ўвядзенню ў гасп. карыстанне зямельных няўдобіц, з’яўляецца сродкам больш рацыянальнага выкарыстання зямельных рэсурсаў. Асн. задача — стварэнне садоў і агародаў для задавальнення патрэб членаў т-ва і іх сем’яў у садавіне і агародніне, а таксама для адпачынку, прац. выхавання дзяцей і інш. На Беларусі садоўніцкія т-вы дзейнічаюць у адпаведнасці з тыпавым статутам. Зямельны ўчастак пад К.с. даецца ў бестэрміновае карыстанне арг-цыі, пры якой створана т-ва, або непасрэдна т-ву. Усе работы ў калектыўным садзе выконваюць члены т-ва і іх сем’і, за выключэннем тых, што павінны рабіць спецыялісты. У 1998 на Беларусі больш за 672 тыс. т-ваў.