ІО́НІЯ (Iónia),

каланізаваная іанійцамі ў 11—9 ст. да н.э. вобласць у цэнтр. ч. зах. ўзбярэжжа М. Азіі (з прылеглымі астравамі) паміж гарадамі Факея і Мілет. Зручныя гавані садзейнічалі развіццю гандлю і рамяства ў гарадах І., якія знаходзіліся на перакрыжаванні шляхоў паміж Усходам і Захадам. Высокая культура гарадоў І. паўплывала на культ. развіццё ўсёй Грэцыі. У 6 ст. да н.э. тэр. І. заваявана Лідыяй, пасля 546 — персамі, у 4 ст. да н.э. пад уладай Македоніі, з 2 ст. да н.э. — Рыма. Радзіма філосафаў Фалеса, Анаксімандра, Анаксімена, паэтаў Гамера, Анакрэонта, гісторыкаў Герадота, Дыянісія Галікарнаскага.

т. 7, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)