бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1995). Вучыўся ў Маск. вучылішчы памяці 1905 г. (1938—39). Працуе ў розных відах выяўл. мастацтва. Яго пейзажы вылучаюцца эмацыянальным успрыманнем прыроды. рамант. прыўзнятасцю: «Плывуць аблокі» (1957), «Дзень» (1965), «Беларуская мелодыя» (1972), «Восеньскія карункі» (1978), «Пачуццё сустрэчы» (1982), «Абуджэнне» (1988), «Дзень, які сыходзіць» (1990), «Палеская ўсмешка» (1996) і інш. Выканаў манум. размалёўкі для палацаў культуры ў Пінску — «Мастацтва акрыляе» (1976) і ў в. Клейнікі (Брэсцкая вобл.) — «Мірная Брэстчына» (1984), для адм. будынка Брэсцкага хім. камбіната — «Палеская песня» (1980). Аўтар памятных медалёў да 20-годдзя абароны Брэсцкай крэпасці (1961), 950-годдзя Брэста (1969) і інш., помніка-бюста дзеяча рэв. руху ў Зах. Беларусі С.Я.Багданчуку (1970) у пас. Мухавец Брэсцкай вобл.Іл.гл. таксама ў арт.Багданчук С.Я.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБРЫДАЛАГІ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,
аналіз характару наследавання асобных уласцівасцей і прыкмет арганізмаў пры палавым размнажэнні з дапамогай сістэмы скрыжаванняў; адзін з асн. метадаў генет. аналізу. Дае магчымасць расшыфраваць генатыпічную структуру асобін, што скрыжоўваюцца, і іх патомкаў.
Класічная схема гібрыдалагічнага аналізу ўключае: вылучэнне зыходных гомазіготных форм, атрыманне ад іх гібрыдаў 1-га пакалення (F1) і скрыжаванне F1 паміж сабой — атрыманне гібрыдаў 2-га пакалення (F2). У гібрыдалагічным аналізе выкарыстоўваюць таксама рэцыпрокныя, зваротныя і аналітычныя скрыжаванні (гл. адпаведныя арт.). Метад гібрыдалагічнага аналізу дазваляе выявіць характар дамінавання і вызначыць колькасць генаў, якія кантралююць адрозненні па дадзенай прыкмеце, лакалізацыю генаў, што вывучаюцца. З яго дапамогай вырашаюць многія праблемы сучаснай генетыкі: атрыманне арганізмаў з зададзенымі генет. ўласцівасцямі, складанне генетычных картаў храмасом для розных відаў, вызначэнне філагенетычнай роднасці паміж групамі арганізмаў і інш. Прыватны выпадак гібрыдалагічнага аналізу — метад радаслоўных (генеалагічны аналіз), аднак у ім, як правіла, адсутнічае этап падбору бацькоўскіх форм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАГО́ЛІЦА,
адна з дзвюх стараж. славянскіх азбук. Назва ад стараслав. «глаголь» — слова, маўленне. Глаголіца амаль супадае з кірыліцай алфавітным складам (40 літар), назвай, размяшчэннем і гукавым значэннем літар; адрознівалася формаю літар і складанасцю іх напісання. На думку некаторых вучоных, глаголіца створана ў 9 ст. асветнікам Кірылам (Канстанцінам) Філосафам. Бытавала на слав. землях паралельна з кірыліцай (у Харватыі, Далмацыі і Ілірыі да 18 ст.), зрэдку ўжывалася ў Кіеўскай Русі. Найстарэйшыя помнікі глагалічнага пісьма: надпіс 893 на надмагільнай пліце, знойдзенай у руінах Сімяонаўскай царквы ў Праславе (Балгарыя), Кіеўскія лісткі (10 ст.), Зографскае, Марыінскае, Асеманава евангеллі (10—11 ст.) і інш. Паступова глаголіца выцеснена на У і Пд кірыліцай, на З — лацінскім пісьмом.
Літ.:
Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;
Сказания о начале славянской письменности. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЛІК (Леў Давыдавіч) (16.2.1929, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 11.4.1996),
бел. скрыпач, педагог. Нар.арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1952, класы А.Амітона, А.Бяссмертнага). З 1945 артыст Дзярж.акад.сімф. аркестра Беларусі, з 1956 канцэртмайстар аркестра Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова з 1952 выкладаў у спец.муз. школе пры кансерваторыі, у 1960—77 у Мінскім муз. вучылішчы, з 1981 у Бел. кансерваторыі (з 1992 Бел. акадэмія музыкі; з 1993 дацэнт). Музыкант яркай індывідуальнасці, вял.тэхн. магчымасцей, здольны да тонкага пранікнення ў стыль і характар музыкі. Выступаў у канцэртах як саліст і ансамбліст. Першы выканаўца большасці твораў бел. скрыпічнай музыкі, у т. л. фантазій для скрыпкі з аркестрам М.Аладава, Г.Вагнера, канцэртаў П.Падкавырава, Р.Суруса, Г.Гарэлавай, канцэрціна Дз.Смольскага, санат А.Багатырова, Падкавырава, Л.Абеліёвіча, Э.Тырманд, прысвечанай яму «Паэмы» для скрыпкі і фп. Вагнера і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛЬМІНТАСПАРЫЁЗЫ,
хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі роду гельмінтаспорый. Часцей пашкоджваюць збожжавыя і тэхн. культуры. На Беларусі пашыраны на пшаніцы, жыце, ячмені, аўсе, радзей на льне, памідорах, злакавых травах. Узбуджальнікі паразітуюць на раслінах у канідыяльнай стадыі, міцэлій развіваецца ў тканках. Распаўсюджваюцца з насеннем і рэшткамі раслін. Развіццю хваробы спрыяюць халоднае і вільготнае надвор’е ў перыяд сяўбы і ўсходаў, павышаная вільготнасць паветра. Гельмінтаспарыёзы праяўляюцца ў выглядзе плямістасці лісця і пладоў, пацямнення зародка, гнілей каранёў і сцёблаў; выклікаюць шчупласць насення, зніжэнне ўраджаю зерня і саломы. Найб. шкодныя гельмінтаспарыёзы: паласатая (узбуджальнік — Helminthosporium gramineum) і сеткавая (H. teres) плямістасці ячменю, цёмна-буры гельмінтаспарыёз пшаніцы, жыта і ячменю (H. sativum), чырвона-бурая плямістасць аўса (H. avenae), гельмінтаспарыёз кукурузы (H. turcicum) і інш.
Да арт.Гельмінтаспарыёзы: 1 — цёмна-буры гельмінтаспарыёз пшаніцы: пашкоджанні ўсходаў, дарослай расліны, зерня і лісця; 2 — паласаты гельмінтаспарыёз ячменю: пашкоджаныя ліст і зерне; 3 — сеткаваты гельмінтаспарыёз ячменю: пашкоджанні лісця і ўсходаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗРО́КУ О́РГАНЫ,
органы чалавека і жывёлы, якія ўспрымаюць светлавыя раздражненні. Асн. іх элемент — святлоадчувальныя клеткі (фотарэцэптары), размешчаныя пераважна ў галаўной ч. цела. Найб. простыя З.о. — ізаляваныя святлоадчувальныя без зрокавых пігментаў клеткі па ўсёй паверхні цела (напр., у дажджавога чарвяка), здольныя адрозніваць святло ад цемры. Канцэнтрацыя фотарэцэптараў са зрокавымі пігментамі (храмафорамі) прыводзіць да ўтварэння вочных плям (медузы, плоскія чэрві). Некат. кішачнаполасцевыя, кольчатыя чэрві маюць З.о. накшталт пухіра і адрозніваюць форму прадмета. У членістаногіх — фасетачныя вочы; яны ўспрымаюць велічыню і форму прадметаў на блізкай адлегласці. Найб. дасканалыя З.о. ў чалавека (гл.Вока), пазваночных і ў некат. беспазваночных (галаваногія малюскі). У чалавека і вышэйшых пазваночных жывёл зрокавы аналізатар складаецца з трох асн. аддзелаў: перыферычнага (вока), праводных (зрокавых і падкоркавых) шляхоў і цэнтр. аддзела (патылічнай долі кары вял. паўшар’я галаўнога мозга). Святлоадчувальная абалонка вока (сятчатка) мае рэцэптарныя клеткі: колбачкі і палачкі. Пра функцыі З.о. гл. ў арт.Зрок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУКЦЫ́ЙНЫ НАГРЭ́Ў,
нагрэў токаправодных цел (пераважна металаў) віхравымі токамі, якія наводзяцца ў іх пераменным эл.-магн. полем.
Матэрыялы (загатоўкі, вырабы), якія трэба нагрэць, змяшчаюць у эл.-магн. поле, што ствараецца спец.індуктарам (падключаецца да крыніцы сілкавання непасрэдна або праз трансфарматар). Выкарыстоўваецца пераменны ток прамысл. (50 Гц), сярэдняй (да 10 кГц) і высокай (больш як 10 кГц) частаты. Для І.н. характэрна вылучэнне цяпла ў паверхневым слоі, адсутнасць эл. кантакту з крыніцай току, лёгкасць аўтаматызацыі і ўключэння ў паточныя лініі. Выкарыстоўваецца для плаўкі металаў і сплаваў (гл.Індукцыйная печ), зоннай плаўкі, тэрмічнай апрацоўкі (для загартоўкі, коўкі, штампоўкі), зваркі і інш. Пра награванне эл.-магн. полем дыэлектрыкаў гл. ў арт.Дыэлектрычны нагрэў.
Схемы індукцыйнага нагрэву: а — для загартоўкі (1 — індуктар, 2 — выраб, 3 — трансфарматар, 4 — кандэнсатар, 5 — генератар); б — для плаўлення металу (1 — крыніца току, 2 — блок кандэнсатараў, 3 — індуктар, 4 — тыгель, 5 — метал, які плавіцца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГАДЗЕ́ЕЎ (Аляксей Пятровіч) (7.4.1926, г.п. Альхаватка Данецкай вобл., Украіна — 23.7.1997),
бел. харавы дырыжор, педагог. Нар.арт. Беларусі (1971). Скончыў Бел. кансерваторыю (1956, клас Г.Зелянковай). З 1959 хормайстар, у 1960—93 гал. хормайстар Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Адначасова з 1958 выкладаў у Бел. акадэміі музыкі. Спектаклі, пастаўленыя з яго ўдзелам, вызначаліся высокай якасцю хар. гучання: оперы «Арэстэя» С.Танеева і «Атэла» Дж.Вердзі (1963), «Багема» Дж.Пучыні (1968), «Хаваншчына» (1970) і «Барыс Гадуноў» (1974) М.Мусаргскага, «Міндыя» А.Тактакішвілі (1973), «Лаэнгрын» Р.Вагнера і «Джардана Бруна» С.Картэса (1977), «Новая зямля» Ю.Семянякі (1982), «Іван Сусанін» М.Глінкі (1984), «Вайна і мір» С.Пракоф’ева (1985), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (1989), «Кармэн» Ж.Бізэ (1990), «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі (1992), сцэн. кантата «Карміна Бурана» К.Орфа (1983) і інш. Аўтар метадычных прац, кн. «Тэхніка харавога дырыжыравання» (1968).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́НЦАЎ (Барыс Дзмітрыевіч) (30.1.1926, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл., Расія — 15.3.1995),
бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Муз. вучылішча імя Рымскага-Корсакава пры Ленінградскай кансерваторыі (1956). З 1956 у Вял. т-ры ў Маскве. З 1958 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1962 саліст Новасібірскага і Пермскага т-раў оперы і балета. У 1966—95 (з перапынкам) саліст Бел. філармоніі, у 1976—83 — Бел. радыё. Валодаў голасам вял. дыяпазону, прыгожага тэмбру. Яго індывідуальнасці найб. адпавядалі партыі драм. плана. Упершыню выканаў ролю Сцяпана ў оперы А.Туранкова «Яснае світанне». З інш. партый на бел. сцэне: Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Рыгалета, Рэната, Аманасра («Рыгалета», «Баль-маскарад», «Аіда» Дж.Вердзі), Сільвіо («Паяцы» Р.Леанкавала), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), Томскі, Ялецкі («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Ведзянецкі госць («Садко» М.Рымскага-Корсакава), Князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна).