раздзел вылічальнай матэматыкі, які вывучае метады набліжанага вылічэння вызначаных інтэгралаў і набліжанага рашэння (інтэгравання) дыферэнцыяльных ураўненняў. Выкарыстоўваецца, калі дакладнае вылічэнне немагчыма або вельмі складанае.
Набліжанае вылічэнне вызначаных інтэгралаў выконваецца аналітычнымі і графічнымі (гл.Графічныя вылічэнні) метадамі, а таксама з дапамогай спец. прылад (планіметр, інтэгратар). Сярод аналітычных найб. пашыраны метады, заснаваныя на замене падынтэгральнай функцыі адрэзкам яе Тэйлара шэрагу, інтэрпаляцыйным паліномам (гл.квадратурная формула) і інш. Для многіх правіл інтэгравання складзены табліцы вузлоў і каэфіцыентаў квадратурных формул. Нявызначаныя інтэгралы зводзяць да вызначаных з пераменнай верхняй мяжой інтэгравання. Кратныя інтэгралы вылічваюць як паўторныя, з дапамогай кубатурных формул абоспец. метадамі, напр., Монтэ-Карла метадам. Для набліжанага рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў карыстаюцца пераважна лікавымі метадамі (Рунге—Кута, Эйлера, рознаснымі метадамі і інш.), якія дазваляюць даць рашэнне ў выглядзе табліцы. Аналітычнымі метадамі (напр., шэрагаў, Чаплыгіна, варыяцыйнымі) рашэнне выяўляецца ў аналітычным выглядзе; графічнымі метадамі — у выглядзе графіка. Існуюць таксама метады, заснаваныя на выкарыстанні аналагавых вылічальных машын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЎМЯША́ННЯ ПРЫ́НЦЫПу міжнародным праве,
адзін з асноўных прынцыпаў, які абавязвае_ кожную дзяржаву не ўмешвацца ў якой-н. форме ў справы інш. дзяржавы, што ўваходзяць у яе ўнутр. кампетэнцыю. Умяшаннем лічацца любыя меры інш. дзяржавы абоміжнар. арг-цый, з дапамогай якіх яны спрабуюць перашкаджаць суб’екту міжнар. права вырашаць свае ўнутр. справы. Аднак некат. падзеі, што адбываюцца ў межах тэр. дзяржавы, могуць разглядацца як не маючыя адносін да яе выключнай кампетэнцыі (напр., калі падзеі ствараюць пагрозу міжнар. міру і бяспецы, тады дзеянні ААНабоінш. членаў міжнар. супольнасці адносна гэтых падзей не будуць лічыцца парушэннем Н.п.).
Прынцып зафіксаваны ў агульнай форме ў Статуце ААН 1970 (п. 7, арт. 2) і канкрэтызаваны ў міжнар. дакументах, якія закранаюць прыязныя адносіны і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў адпаведнасці са Статутам ААН: Дэкларацыі аб прынцыпах міжнар. права, Заключным акце нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Дэкларацыі ААН аб недапушчэнні ўмяшання ва ўнутр. справы дзяржаў, аб ахове іх незалежнасці і суверэнітэту 1965 і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́МНАЯ ЗДАБЫ́ЧАкарысных выкапняў,
спосаб здабывання цвёрдых карысных выкапняў з нетраў зямлі з дапамогай падземных горных вырабатак (раскрыўных, падрыхтоўчых, ачышчальных). П.з. пластавых пакладаў ажыццяўляюць пераважна суцэльнымі, стаўбавымі, камернымі і камбінаванымі сістэмамі.
Выбар сістэмы П.з. вызначаецца відам пакладу (пластавы, адвольнай формы, жыльны, россыпны і інш.), характарам залягання (пакатае, нахіленае, стромкае). Вырабаткі ў тоўшчы моцных парод вядуць буравыбуховым спосабам, у больш мяккіх пародах — праходчымі комплексамі. Непасрэдна здабыча выкапняў ажыццяўляецца ў ачышчальных вырабатках, якія праводзяцца па пласце, целе пакладу, па жыле і бесперапынна або цыклічна прасоўваюцца па пакладзе. Для комплекснай механізацыі П.з. выкарыстоўваюць комплексы, якія ўключаюць вузказахопныя ачышчальныя горныя камбайны, механізаванае горнае мацаванне, забойны канвеер і інш. Для вымання пакладу пры камерных сістэмах выкарыстоўваюць праходча-здабыўныя комплексы ў складзе праходча-здабыўнога камбайна, самаходных цыклічных транспартавальных машын (вагонаў, бункераў, перагружальнікаў і інш.) або неперарыўных (стужачных ці паслядоўных кароткіх канвеераў).
На Беларусі П.з. выкарыстоўваецца пры распрацоўцы Старобінскага радовішча калійных солей, дзе пабудаваны 4 калійныя руднікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАІЗІЕ́ЛА, Паэзіела (Paisiello, Paesiello) Джавані Грэгорыо Катальда (9.5.1740, г. Таранта, Італія —5.6.1816), італьянскі кампазітар; прадстаўнік неапалітанскай опернай школы. Чл. парыжскай Акадэміі прыгожых мастацтваў (1809). Вучыўся ў кансерваторыі «Сант-Анофрыо а Капуана» ў Неапалі (1754—63). З 1776 прыдворны кампазітар у Пецярбургу. З 1784 прыдворны кампазітар і капельмайстар караля Неапалітанскага. У 1802—03 арганізатар і кіраўнік асабістай капэлы Напалеона ў Парыжы. Майстар оперы-буфа, аўтар каля 100 опер-серыя. Стварыў яскравыя ўзоры італьян. камічнай оперы, узбагаціў яе выразныя сродкі, павялічыў ролю аркестра. Сярод твораў: оперы «Балбатун» (паст. 1764), «Ахіл на Скірасе» (паст. 1778), «Служанка-пані» (паст. 1781), «Севільскі цырульнік, або Марная засцярога» (паст. 1782), «Месяцавае святло» (паст. 1783), «Млынарыха» і «Ніна, або Звар’яцелая ад кахання» (паст. абедзве 1789), «Піфагарэйцы» (паст. 1808); 3 духоўныя араторыі, кантаты, 2 рэквіемы; 12 сімфоній; 6 стр. і 12 фп. квартэтаў; п’есы для фп., арфы і інш.
Літ.:
Крунтяева Т. Дж.Паизиелло // Крунтяева Т. Итальянская комическая опера XVIII в Л., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКІ́ДВАННЕ СЦЁКУ,
тэрытарыяльнае пераразмеркаванне водных мас з паверхневых водных крыніц (рэкі, азёры, вадасховішчы) у інш. раёны ці басейны праз каналы ці трубаправоды з мэтай арашэння, водазабеспячэння прам-сці і насельніцтва, рэкрэацыі, паляпшэння ўмоў суднаходства, выпрацоўкі электраэнергіі і інш. Адрозніваюць П.с. ўнутрыбасейнавыя, або лакальныя (у межах бас. адной ракі), міжбасейнавыя (унутрыландшафтныя і міжландшафтныя) і міжрэгіянальныя, або міжзанальныя. На Беларусі першыя П.с. (канец 18—пач. 20 ст.) ажыццяўляліся для жыўлення водна-трансп. злучэнняў (напр., вод з азёр Арэхаўскае і Белае па Арэхаўскім і Белаазерскім каналах у Дняпроўска-Бугскі канал). З мэтай водазабеспячэння Мінска і воднага добраўпарадкавання прыгараднай зоны і горада створаны Вілейска-Мінская водная сістэма, Сляпянская водная сістэма.
П.с. можа аказваць адмоўны ўплыў на бас. рэк-донараў пераасушэнне поймы, дэградацыя поймавых лугоў і лясоў, знішчэнне ці памяншэнне плошчы нерасцілішчаў і нагульных угоддзяў, пагаршэнне ўмоў гнездавання вадаплаўных птушак і інш. Для прадухілення негатыўных з’яў. звязаных з П.с., рэкамендуецца пакідаць у вадаёмах-донарах пэўную колькасць прыродаахоўнага сцёку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,
прыстасаванні, прылады, агрэгаты, машыны для пераўтварэння (змены параметраў) электрычнага току (па напружанні, частаце, фазе і інш.). Выкарыстоўваецца ў электраэнергетыцы, на электрыфікаваным чыг. транспарце, у электрапрыводах станкоў, электрахіміі, электратэрміі і інш.
Устройствы П.т. пераўтвараюць: пераменны ток у пастаянны або ў пульсоўны аднанакіраваны (выпрамнікі току з асн. прыладай — вентылемэл.); пастаянны ці пульсоўны аднанакіраваны ток у пераменны (інвертары); частату, напружанне і інш. параметры пераменнага току (пераўтваральнікі электрычныя, напружання рэгулятары), пераменны аднафазны ток у трохфазны (асінхронныя або сінхронныя электрамашынныя расшчапляльнікі фаз). Часта выкарыстоўваюцца камбінацыі пераўтваральнікаў розных тыпаў. Да П.т. адносяцца таксама бескантактавая камутацыйная апаратура, кіравальныя і некіравальныя пераўтваральныя агрэгаты пераменнага току ў пастаянны і наадварот (статычныя на аснове тырыстараў і дыёдаў, вярчальныя тыпу рухавік-генератар). Асн. характарыстыкі пераўтваральнікаў: ккдз, каэф. магутнасці, рэгуліровачныя характарыстыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІЗАЧА́ТКАВЫЯ СРО́ДКІ, кантрацэптывы,
сродкі, якія засцерагаюць ад цяжарнасці. Адрозніваюць мех. і хім. П.с., якія выконваюць бар’ерную функцыю і перашкаджаюць злучэнню сперматазоіда і яйцаклеткі, гарманальныя П.с., якія парушаюць фізіял. механізмы ўзнаўлення патомства. Да мех. П.с. адносяць прыстасаванні, якія прадухіляюць пранікненне сперматазоідаў у матку або перашкаджаюць развіццю ў матцы аплодненай яйцаклеткі (прэзерватывы, гумавыя дыяфрагмы, каўпачкі, унутрыматачныя сродкі). Мужчынскі прэзерватыў — адзін з найб. эфектыўных сродкаў прафілактыкі венерычных захворванняў і СНІДу. Унутрыматачныя П.с. ўводзяць у поласць маткі (могуць мець і лек. сродкі). Да хім. П.с. мясц. дзеяння адносяць рэчывы, якія выклікаюць гібель сперматазоідаў, што трапілі ў похву (напр., слабыя арган. к-ты, экстракты некат. раслін). Хім. П.с. часта камбінуюць паміж сабой і выкарыстоўваюць у выглядзе спец. паст, парашкоў і інш. Пашыраны гарманальныя лек. П.с., якія прадухіляюць цяжарнасць шляхам прыгнечвання авуляцыі і сперматагенезу, зменай уласцівасцей слізі шыйкі маткі і інш. У якасці пераральных гарманальных П.с. выкарыстоўваюць сінт. аналагі жан. палавых гармонаў або іх камбінацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́І (лац. privilegium ад privus асаблівы + lex закон),
заканадаўчыя акты ў ВКЛ, Рэчы Паспалітай і інш.феад. дзяржавах, якімі вял. князі ці каралі давалі або пацвярджалі асаблівыя правы пануючага класа, саслоўя, пэўных сац.або этнічна-рэліг. груп, асоб. У гісторыка-прававой л-ры вылучаюць П. льготныя, даравальныя і ахоўныя. У ВКЛ былі таксама агульназемскія прывілеі (пашыраліся на ўсіх феадалаў), абласныя прывілеі, гарадскія, валасныя (на насельніцтва асобных тэрыторый). Першы агульназемскі П. — Прывілей 1387. Важнае канстытуцыйнае значэнне мелі Прывілей 1447, Прывілей 1492. Самыя стараж. абласныя П. — Полацкі і Віцебскі (прыкладна 1392—99, гл.Полацкія прывілеі, Віцебскія прывілеі). З ростам і ўмацаваннем гарадоў пачалі выдавацца П. асобным гарадам (гл.Магдэбургскае права). Вядомы П. канфесіям, яўрэям, татарам. Да выдання Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588 — асн. крыніца пісанага права на тэр. Беларусі, многія П. мелі юрыд. значэнне на працягу некалькіх стагоддзяў. Пра найб. значныя П. гл. асобныя артыкулы.
Літ.:
Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЗІДЭ́НТ [ад лац. praesidens (presidentis) які сядзіць наперадзе, на чале)],
1) кіраўнік дзяржавы і ўрада або толькі дзяржавы ў краінах з рэсп. формай праўлення. Пасада ўзнікла ў ЗША у 1787. З краін, якія ўваходзяць у ААН, больш як 130 маюць пост П., у т. л. Рэспубліка Беларусь (2000). Канстытуцыйны статус і паўнамоцтвы П. адрозніваюцца ў залежнасці ад тыпу рэспублікі. У прэзідэнцкай рэспубліцы, класічнай формай якой з’яўляюцца ЗША, П. — кіраўнік дзяржавы і кіраўнік выканаўчай улады; выбіраецца на ўсеагульных выбарах. У парламентарнай рэспубліцы (напр., ФРГ, Італія) П. толькі кіраўнік дзяржавы, а ўрад узначальвае прэм’ер-міністр, П. выбіраецца, як правіла, парламентам або пры яго ўдзеле. У рэспубліках змешанага тыпу П. выбіраецца на ўсеагульных выбарах, з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і валодае рэальнымі ўладнымі паўнамоцтвамі, што дазваляе яму фактычна кіраваць урадам, адказным перад парламентам (Францыя, Польшча, Беларусь).
2) У шэрагу грамадскіх і навук. устаноў, т-ваў, арг-цый (у т. л.міжнар.) П. — выбарны старшыня выканаўчага органа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСАМАФІ́ЛЫ [ад грэч. psammos пясок + ...філ(ы)],
псамабіёнты, экалагічная група жывёл, прыстасаваных да жыцця пераважна ў сыпучых рухомых пясках. Да П. адносяць таксама арганізмы, якія жывуць у паверхневым слоі вільготнага пяску па берагах вадаёмаў вышэй узроўню вады (інфузорыі, калаўроткі, чэрві, лічынкі камароў, крабы і інш.). П. называюць экалагічную групу рыб, якія адкладваюць ікру на пясчанае дно, у вадаёмах трымаюцца месц з пясчаным грунтам.
Асаблівасці П.: здольнасць хутка перамяшчацца (бег, скачкі, палёт) як прыстасаванне да здабычы корму, абароны ад ворагаў і інш.; здольнасць хутка паглыбляцца ў пясок (круглагалоўка, удаўчык пясчаны і інш.); наяўнасць прыстасаванняў для перамяшчэння па рыхлым грунце (рагавыя грабяні на пальцах у круглагалоўкі, аваласенне і рагавыя вырасты на пальцах у танкапальцага сусліка і грэбеняпальцага тушканчыка) або ў яго тоўшчы (членікавыя лапкі тараканаў пясчаных). Сухапутныя П. — ксерафілы з надзвычай эканомным водным абменам і невысокім узроўнем метабалізму. Многія П. зімой і летам упадаюць у спячку або назапашваюць кармы ці робяць сезонныя міграцыі; многія вядуць начны спосаб жыцця.